За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
забралі лепшага токара-шыечніка, кім яно раней ганарылася і пра якога добра ведае начальнік дарогі. Той спачатку нічога канкрэтнага не сказаў, паабяцаў толькі разабрацца. А пасля таго, як навёў даведкі, звярнуўся ў адпаведныя органы Нарыльска з просьбай накіраваць у яго распараджэнне спецыяліста-чыгуначніка па вагонна-таварнай частцы, Асцёрскага Міхаіла Раманавіча, і там просьбу ўважылі. Вось так Міхась вярнуўся зноў туды, адкуль узялі яго тры месяцы таму назад. Перш чым легчы на нары, ён сам папрасіў, каб спачатку адвялі ў санпрапускнік і памянялі бялізну. А ўвечары ён ужо пайшоў у дэпо ў начную змену — да свайго дапатопнага станка.
Майстра свайго ўбачыў толькі раніцай. Ён узрадаваўся сустрэчы і адначасова паведаміў Міхасю горкую вестку: атрымаў пахаванку на свайго адзінага сына Шурку, месца якога на такарным станку пасля заняў Мікола Ступнікаў, юны сябар Міхася. Ён гаварыў і плакаў. Міхась расказаў аб сваіх стратах і таксама плакаў. I тут у яго ўзнікла думка: напісаць яшчэ адну заяву з просьбай адправіць на фронт — помсціць за брата, бацьку, дваюрадных братоў, за сястру, зяцёў і за Шурку, з якім ён калісьці тут, у гэтым дэпо,быў у добрых, сяброўскіх адносінах. Калі ён прызнаўся ў гэтым майстру, той падумаў і сказаў:
— Рашэнне тваё высакароднае, але пасля гібелі сына я баюся яшчэ страціць і сябра, а таксама добрага работніка. Спачатку добра падумай, а потым ужо рашай,— раіў ён Міхасю.
— А я ўжо, Рыгор Сцяпанавіч, рашыў: заўтра пішу і пасылаю заяву на імя самога Вярхоўнага. Баюся толькі аднаго, што не задаволяць просьбу. Гэта будзе ўжо трэцяя мая заява. Як кажуць, бог тройцу любіць. А можа, і клюне.
— Што ж, вольнаму — воля. Калі рашыў, падавай,— згадзіўся той.
I зноў закруцілася жыццёвае кола, падобнае на тое, якое круцілася на станку. Міхась, як і раней, старанна працаваў на сваім прывычным месцы, як быццам ён ніколі і не адлучаўся з гэтага дэпо і ад гэтага дапатопнага станка.
Усё было добра: яго гасцінна сустрэлі знаёмыя людзі, з якімі ён працаваў ужо больш за тры гады. Адно засмучала: пакуль ён знаходзіўся ў той трохмесячнай «камандзіроўцы», нядбайныя работнікі папсавалі ўсе разцы і графчыкі, расхісталі станіну самога станка, абарвалі ланцуг, з дапамогай якога ён устанаўліваў колавую пару на станок. Ён прыйшоў да гэтага станка, як быццам у дом пасля пажару. Колькі часу прайшло толькі на тое, каб пачысціць і змазаць як след
станок. Адным словам, усё было дабіта да ручкі. «Вось чаму так занепакоілася начальства і прыняло ўсе захады, каб мяне вярнуць сюды,— думаў Міхась.— Іх, начальнікаў, непакоіў не столькі мой лёс, колькі свой спакой і дабрабыт».
А працавалі на гэтым станку ў адсутнасць Міхася яго ж былыя вучні, якіх ён рыхтаваў самым старанным чынам. Праўда, ён і тады не мог за іх паручыцца, хоць начальства і лічыла іх «надзейнымі бытавікамі». Адным словам, яны ўсе былі з кампаніі блатных, каго цікавіла не работа на станку, а нешта іншае — што бліжэй ляжыць пад рукамі. Яны не вылазілі з лагера. He паспявалі адбыць адзін тэрмін, як тут жа зараблялі другі. Некаторыя з іх не мелі ніякага ўяўлення аб сапраўднай свабодзе. Яны з дзіцячых гадоў жылі ў такіх месцах, а таму турму і лагер лічылі сваім родным домам. Вось такіх «экспанатаў» і падсоўвалі ўвесь час Міхасю ў вучні на токара-шыечніка.
Праўда, былі выпадкі, калі прыводзілі вучыцца і былых фабзавучнікаў, але і з іх было мала карысці. Яны мала чым адрозніваліся ад зэкаў-«бытавікоў». Тых жа, каго хацеў і рэкамендаваў Міхась, начальства адмаўлялася браць: не дазваляў артыкул крымінальнага кодэкса і «тэрмін пакарання».
Штодзень прыходзілі добрыя весткі з франтоў. Часці Чырвонай Арміі даўно перасеклі дзяржаўную мяжу і ўжо ваявалі на тэрыторыі іншых дзяржаў — Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Балгарыі — вызвалялі іх народы ад карычневай чумы фашызму. Сям-там воіны нашай арміі перасеклі мяжу і самой Германіі, як, напрыклад, Усходняй Прусіі, якую яны амаль усю ўжо занялі, Сілезіі і Памераніі. Адчуваўся ўжо блізкі канец усёй гэтай чалавечай бойні. Адначасова блізіўся канец і фашызму.
Усё ішло, як трэба. Шкада, што побач з Міхасём не было юнага сябра: ён працаваў ужо ў тундры разам з партыяй тапографаў пасля тых курсаў, да якіх рыхтаваў яго сам жа Міхась. He было з кім параіцца, пагаварыць пра розныя жыццёвыя праблемы. А тут яшчэ Таіса засыпала пісьмамі. I чым хутчэй набліжаўся дзень вызвалення, тым яна часцей і часцей турбавала яго сваёй пісанінай. Яна, нават не чакаючы адказу на папярэдняе сваё пісьмо, пісала новае. Разам з пісьмамі ў канверты клала фатаграфіі, свае і сынавы. Амаль у кожным пісьме пісала: «Хлопчыку трэба бацька, ён чакае і ніяк не дачакаецца цябе». Адным словам, цяпер яны памяняліся ролямі: чатыры гады Міхась пісаў ёй рэгулярна, але адказаў не атрымліваў, а цяпер, наадварот, пісала яна. Розніца заключалася ў тым, што Міхась, хоць не на ўсе яе
пісьмы, але зрэдку адказваў. Пры гэтым адказваў так, як думаў — адказваў груба, па яе заслугах. Толькі яе і гэта не вельмі кранала. «Так, душа яе, відаць, счарсцвела,— думаў Міхась.— 3 кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Пажыла з бяздушным чалавекам — і сваю душу загубіла».
А канец вайны і канец Міхасёвага рабства набліжаўся.
Неяк раз аператыўны работнік лагера паклікаў Міхася і спытаў:
— Вы падавалі заяву аб пасылцы вас на фронт?
— Пасылаў, пісаў на імя самога Вярхоўнага.
— Дык вось заўтра вас і іншых такіх, як вы, сфатаграфуюць, і вы будзеце чакаць адпраўкі.
I сапраўды, назаўтра іх усіх 8 чалавек сфатаграфавалі і сказалі, каб яны чакалі выкліку і далей працавалі на сваіх месцах. Але выкліку такога Міхась не дачакаўся. Прайшоў дзень, тыдзень, месяц, а іх нікога не выклікаюць. Калі яны спрабавалі звяртацца па гэтым пытанні ў аператыўную частку лагера, ім адказвалі, што яны пакуль застаюцца да «особого распоряження».
Здарылася акурат так, як у 1940 годзе з вызваленнем. Другі раз у лагерным жыцці Міхасю не пашанцавала.
Пакуль суд ды справа, дык Міхась дачакаўся не выкліку на фронт, а вестак аб хуткай перамозе, а потым і самой Перамогі. Толькі тады ён здагадаўся, чаму яго не выклікалі: там, на фронце, ён ужо быў не патрэбны. Без яго справіліся.
А з якой жа радасцю стрэлі гэты Дзень літаральна ўсе: і вольнанаёмныя і «ворагі народа» — зняволеныя! Вольнанаёмныя спадзяваліся на жыццёвыя палягчэнні і паляпшэнні, а таксама і на тое, што цяпер ні іх саміх, ні іх родных не пашлюць туды, адкуль не кожны вяртаўся, а калі і вяртаўся, дык увесь знявечаны. А зэкі думалі, што цяпер пачнуць разбірацца і невінаватых будуць вызваляць — пасылаць да сваіх сем’яў. Але памыляліся як першыя, так і другія. Калі першыя не дачакаліся свайго жыццёвага палягчэння, то зняволеныя — вызвалення.
Пасля Перамогі яшчэ больш былі закручаны гайкі, асабліва ў такіх месцах. Усе аказаліся напалову зняволенымі: забараняліся ўсякія пераезды з аднаго месца на другое і таксама пераходы з аднаго месца работы на другое. Краіна апынулася ў суцэльным лагеры і цалкам падпарадкоўвалася волі любімца Сталіна — Берыі і іншых яго памагатых. А што датычыць зняволеных, дык нават тых, хто адбыў свой «тэрмін пакарання», затрымлівалі ў лагеры «до особого распоряження». А калі яно прыйдзе, тое «особое распоряженне», ніхто не ведаў і ведаць не мог, бо ўсё трымалася
ў строгай тайне. Напрыклад, афіцэры былых прыбалтыйскіх дзяржаў пакутавалі без суда і «тэрміну пакарання» ўжо пяты год і ўсё «до особого распоряження». Ад тых саманадзейных, занослівых афіцэраў, якіх Міхась бачыў у пачатку вайны ў Краснаярску, засталіся толькі прозвішчы ды імёны, а дакладней — іх цені. Хадзілі каля дэпо і прасілі ў такіх жа зняволеных кавалачак хлеба. Аднойчы Міхась не стрымаўся і сказаў, звяртаючыся да іх:
— А памятаеце, як вы пагардліва, з усмешкай глядзелі на нас — абарванцаў, у Краснаярску ў 1941 годзе?
— He памятаем. Можа, гэта праўда, а можа, і не,— адказвалі яны стрымана.
Вось і яшчэ раз Міхась дачакаўся лета — апошняга лета ў нябачных путах і наручніках. Прыйшоў яшчэ адзін чэрвень са сваім кругласутачным днём. Да яго часцей пачаў прыходзіць з тундры Мікола. А жыў ён у бацькоўскай хатцыбалкў побач з дэпо. I калі Міхась працаваў у начную змену, яны падоўгу сядзелі на адкрытым паветры, на тых дошках, якія чакалі рук яго бацькі. Грэліся на сонцы і дзяліліся думкамі па розных жыццёвых пытаннях. Нават і не верылася, што прыйшло лета. Ці даўно, тыдні два таму назад, ляжаў снег, і раптам ужо зазелянела трава. Гэта характэрная рыса Поўначы — там усё спяшаецца жыць. Вялікія гурбы снегу, ростам з сялянскі дом, растаюць за тры дні. А яшчэ цераз тры дні і трава ўжо заяўляе аб сабе — пачынае зелянець. Сонца таксама адорвае сваімі шчадротамі ўсё жывое і нават мёртвае. Глянеш вакол — прыгажосць, пяшчота. Як быццам сама прырода гаворыць нам: «Глядзіце, якая я прыгажуня!» Раптам усё зацвіце, забушуе! У такі час і сама тундра робіцца куды прыгажэйшай і больш ветлівай. Адкуль толькі і птушкі бяруцца! Сваімі песнямі яны абуджаюць «белую маўклівасць».
У чэрвені зелень і кветкі — своеасаблівыя, не падобныя на кветкі іншага часу. А вось у ліпені пачынаюць спакушаць чалавека і ягады, асабліва марошка — царыца паўночных ягад. Яе чырвоны колер не можа не радаваць вока. Пазней прыцягваюць да сябе чарніцы, дурніцы і журавіны, а вось у ліпені, асабліва ў канцы яго — марошка. Колькі прысвечана вершаў і песень гэтай спакусніцы! Яна для людзей Поўначы тое, што для еўрапейцаў маліна ці суніцы.
МАРОШКА
Ішлі апошнія дні ліпеня — самага цёплага і, як яго называюць там, гарачага месяца на Таймыры. Калі ёсць жаданне і час, можна было загараць. Тэрмометр паказваў 20—25 градусаў вышэй нуля. Усё вакол зелянела і цвіло, нягледзячы на тое, што сям-там чырванелі і нават пачыналі чарнець ягады. I птушкі яшчэ не спынілі свае канцэрты.
Пасля аднаго з такіх гарачых дзён уночы ні з таго ні з сяго паднялася бура, якая прынесла з сабою чорную хмару. 3 гэтай хмары пайшоў ліўневы дождж, вада размывала ўсё, што траплялася на яе шляху. Лівень гэты прынёс шмат непрыемнасцей нарыльчанам, у тым ліку і чыгуначнікам. У прыватнасці, на перагоне Нарыльск — Валёк ён размыў слабазамацаваныя адхоны адной з выемак і цалкам забуціў яе ўсю. Ад зямлі, якая спаўзла ў выемку, не бачна было ні кюветаў, ні шпал, ні рэек. I гэта на адлегласці каля 200 метраў. Спыніўся рух цягнікоў. Трэба было тэрмінова вызваляць чыгуначныя рэйкі ад гэтага завалу. А здарылася ж гэта якраз з суботы на нядзелю — напярэдадні адзінага выхаднога дня за цэлы месяц і трэцяга за ўсе чатыры ваенныя гады. А калі сказаць іпчыра, дык і да вайны зняволеных не песцілі выхаднымі. У некаторых месцах іх наогул не было.