За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Павел Пруднікаў
Аповесці
МІНСК «Мастацкая літаратура» 1993
ББК 84Бел7 П85
УДК 882.6-31
Пазаштатны рэдактар
УЛАДЗІМІР ДАМАШЭВІЧ
Пруднікаў П.
П 85 За калючым дротам: Аповесці.— Мн.: Маст. літ., 1993,— 272 с.
ISBN 5-340-01242-5.
У аповесцях «Яжоўскія рукавіцы» і «Паўночнае пекла», якія складаюць гэтую кніжку, Павел Пруднікаў імкнецца расказаць сённяшняму чытачу суровую праўду пра яжоўска-берыеўскія турмы і лагеры. Аўтар кіруецца адным жаданнем, каб тое, пра што ён апавядае на старонках кнігі, ніколі больш не паўтарылася.
4702120201—039
П 23—93
М 302(03) — 93
ISBN 5-340-01242-5
ББК 84 Бел7
© П. I. Пруднікаў, 1993
© Афармленне. A. М.
Малышава, 1993.
Памяці ахвяр сталінскага тэрору
яжкія
Я к тебе, дружок, не сяду — Завезешь вдруг по крнвой. Хорошо, коль в сорок пятый, Ну а вдруг в трндцать седьмой.
Пётр Вегін
ХАПУН
Ішоў апошні месяц лета 1937 года, але днём тэмпература паветра не апускалася ніжэй за 25 градусаў. Наадварот, яна час ад часу падымалася да плюс 28—30, што вельмі рэдка здараецца на берагах Нявы — у Ленінградзе. Нават познім вечарам і амаль ужо ноччу яшчэ адчувалася дзённая гарачыня. Старажылы горада гаварылі, што такога цёплага лета, асабліва ў жніўні, яны не памятаюць.
Вось у такі надзвычай цёплы, цудоўны вечар — 10 жніўня 1937 года — гулялі па Марсавым полі дзве закаханыя душы — ён і яна. Ён — выпускнік педінстытута, яна, яго жонка,— студэнтка таго ж самага інстытута. Яго звалі Міхасём, яе — Таісай. Яны нетаропка адмервалі крокі па чыстых
сцяжынках гэтага вялізнага пляца. Любаваліся наваколлем і абмяркоўвалі свае жыццёвыя пытанні. Яна з дня на дзень чакала дзіцяці — іхняга першынца. А яму, згодна з размеркаваннем, трэба было ехаць у горад Манчагорск, што на Кольскім паўвостраве. Да ад’езду заставалася ўсяго толькі трое сутак. Там, у адной з сярэдніх школ гэтага зусім яшчэ маладога горада, ён павінен быў пачынаць сваю педагагічную дзейнасць, і, трэба сказаць, ён сам пажадаў такой далёкай «камандзіроўкі». Спачатку і ён сам, і яго жонка хацелі, каб яго пакінулі ў Ленінградзе хоць гады на два-тры, пакуль Таіса закончыць курс сваёй вучобы, але дзе там! Камісія па размеркаванні была няўмольная: бліжэй, як на раёны Ленінградской вобласці, не згаджалася. Міхась прасіўся накіраваць яго ў распараджэнне Наркамата асветы БССР, пра што ён даўно марыў, але камісія не пайшла і на такую ўступку.
— Мы вучылі вас чатыры гады не для таго, каб пасылаць потым у іншыя рэспублікі,— сказаў старшыня камісіі.-Плаціце 16 000 рублёў і можаце адпраўляцца на ўсе чатыры бакі.
— Я ж не сын капіталіста, што магу раскідацца такімі сумамі. У мяне на сённяшні дзень не толькі шаснаццаці тысяч, але і шаснаццаці рублёў за душой няма,— адказаў Міхаць аўтарытэтнай камісіі.
— А калі няма, то задавальняйцеся тым, што вам прапануюць,— адрэзаў грозны старшыня камісіі.
— Тады пасылайце мяне на Крайнюю Поўнач — на Кольскі паўвостраў. Бо Мурманская акруга таксама Ленінградскай вобласці,— нечакана для камісіі выпаліў Міхась.
— Ну, што, таварышы,— звярнуўся да членаў камісіі старшыня,— задаволім просьбу Асцёрскага?
— Трэба задаволіць,— падаў свой голас прадстаўнік Ленінградскага аблана. Яго падтрымалі і ўсе іншыя члены камісіі.
Так Міхась атрымаў «пуцёўку ў жыццё», якая потым аказалася нерэалізаванаю. Але пра гэта ніжэй...
Вось яны ідуць міма Зімняй канаўкі і, не заўважаючы сустрэчных, мірна гутараць між сабою.
— А можа, Таіска, мне адкласці свой ад’езд, пакуль народзіцца дзіця,— заглядваючы ў вочы жонцы, разважліва гаварыў Міхась.— He пакараюць жа мяне за тое, што я па ўважлівай прычыне затрымаўся на колькі дзён. Тым больш што заняткі ў школе пачнуцца праз тры тыдні. Як ты думаеш?
— He, Міхась, трэба ехаць і быць на месцы ў прызначаны тэрмін. Ты лепш прышлеш мне потым грошай, калі
атрымаеш рэшту пад’ёмных і зарплату за другую палову жніўня. А я тут і адна як-небудзь уладкую свае справы. У мяне ж побач жыве бабуля, брат, і суседзі неблагія. А там, можа, і маці пад’едзе. He хвалюйся, усё будзе добра,— пераконвала Міхася жонка.
— Значыць, я павінен буду ехаць трынаццатага, каб на месцы быць пятнаццатага жніўня?
— He, Міхаська, трынаццаць — нешчаслівы лік, чортавы тузін. Едзь лепш дванаццатага. Мы сабяром цябе, купім білет, і адпраўляйся.
— Чаго ты палохаешся ліку трынаццаць? Вось жывем жа мы з табой у доме пад нумарам трынаццаць — і нічога, жывем так, што нам яшчэ і зайздросцяць сябры і знаёмыя нашы.
— Няхай сабе хто хоча зайздросціць, але на трынаццатае ты білет не бяры.
— Што ж, няхай будзе па-твойму, толькі паеду чатырнаццатага. Таму што за суткі мы не падрыхтуемся да майго ад’езду, ды і білета не набудзем,— згаджаўся Міхась з настойлівай жонкай, а сам сабе думаў: «А можа, якраз у гэтыя дні і з’явіцца на свет наша тварэнне. I тады я са спакойнай душой паеду зарабляць на пражыццё сваёй сям’і».
— Я згодна. Чатырнаццатага дык чатырнаццатага. Праўда, ты спознішся на цэлыя суткі, але за гэта цябе не павесяць,— пагаджалася Таіса.— Толькі давай наперад вырашым адно пытанне: як мы назавём наша дзіця?
— Калі будзе дзяўчынка — бяры на сябе гэты абавязак. А народзіцца хлопчык — дай гэтае права мне.
— Ну, і як жа ты мяркуеш назваць свайго нашчадка? Пэўна, ужо думаў пра гэта?
— Думаў не думаў, а вось зараз, калі ты загаварыла пра імя, мне прыйшлі ў галаву радкі з любімага верша Пушкіна: «Как ныне сбнрается вегцнй Олег отмстнть неразумным хозарам...» Назавём Алегам. Ты не супраць?
— А ты ведаеш, Міхаська, добрае імя. Я згодна. Дай я цябе пацалую за гэта. Алег, Алёша, Алік... Цудоўнае імя! — яна абняла і моцна пацалавала мужа.
He застаўся ў даўгу і Міхась. Ён пяшчотна прыгарнуў да сябе Таісу і тройчы пацалаваў.
Так яны блукалі па Марсавым полі, а потым і па Летнім садзе аж да ночы, як быццам адчувалі, што гэта была іх апошняя сумесная прагулка. Дамоў вярталіся ў дванаццаць гадзін ночы. Жылі яны на Ліцейным праспекце, які ў той час чамусьці называўся Валадарскім. Словам, побач з любімымі мясцінамі для прагулак — Летнім садам і Марсавым полем.
— Нешта есці захацелася,— сказаў жонцы Міхась.— Можа б, ты хоць чаю скіпяціла і да чаю чаго-небудзь сабрала?
— Чайнік ты і сам можаш падагрэць на прымусе ці на газоўцы, а ўсё астатняе я бяру на сябе. Дамовіліся?
— Разумная парада. Я згодзен. Калі дружна возьмемся ўдваіх, хутчэй павячэраем.
— Ну, тады ідзі распальвай прымус, а я займуся сваім. Ды глядзі, будзь асцярожны, не запэцкай свой парадны касцюм,— папярэдзіла мужа Таіса.
— He турбуйся, усё будзе добра,— запэўніў Міхась жонку і хуценька пайшоў на кухню, якой карысталіся пяць гаспадынь камуналкі. Але ўсе яны, акрамя Асцёрскіх, ужо адпачывалі.
He паспеў Міхась распаліць прымус, як прагучаў званок. «Каго ж гэта нясе ў такі позні час?» — падумаў Міхась. А калі адчыніў дзверы, то ўбачыў свайго домакіраўніка і двух чалавек у міліцэйскай форме.
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч тут жыве? — спытаўся адзін з міліцыянераў.
— He, тут такі не пражывае,— жартам адказаў Міхась.— Можа, вышэй...
Домакіраўнік і малодшы па чыне міліцыянер павярнуліся былі ісці, але старэйшы стаяў нярухома і разважліва гаварыў:
— He можа быць, ён павінен знаходзіцца іменна ў гэтай кватэры.
Тады Міхась засмяяўся і сказаў:
— Асцёрскі Міхась Раманавіч — гэта я. Чым магу служыць?
— Мы вось з домакіраўніком прыйшлі праверыць вашу прапіску,— сказаў той жа старэйшы па чыну міліцыянер.—Пашпарт у вас пры сабе?
— Пашпарт у мяне ёсць, але ён у пакоі. Я зараз прынясу,— наіўна адказаў Міхась.
— He, лепш давайце туды зойдзем разам. Вы не супраць?
— He, калі ласка. Я толькі папярэджу жонку, a то яна там пераапранаецца, збіраеода на кухню.
— Добра, папярэдзьце.
Калі зайшлі ў пакой, Міхась падаў свой пашпарт і спытаў:
— Жончын таксама трэба?
— He, не трэба, хопіць аднаго,— іранічна вымавіў міліцыянер. Ён уважліва выверыў усе даныя і паклаў дакумент
сабе ў кішэню, з якой дастаў паперку і гучна сказаў: — Вось ордэр на вобыск і на ваш арышт. Прачытайце і распішыцеся.
— Вы спачатку растлумачце, у чым справа? — абурыўся Міхась.— Гэта нейкае напаразуменне.
— За што? Што ён каму дрэннага зрабіў? — не стрымалася і Таіса.— Я буду скардзіцца на недазволеныя начныя налёты! Гэта самавольства!
— У чым справа і за што, вы даведаецеся пасля. I скардзіцца — гэта ваша права. Калі памыліліся, папросім прабачэння. А пакуль суд ды справа, мы будзем рабіць вобыск. Можна пачынаць?
— А калі мы скажам — няможна, не адважыцеся? — падкалоў Міхась.
— Чаму не адважымся — адважымся.
— Дык навошта ж разыгрываць такую камедыю, паважаныя стражы парадку?
— Такая ўжо ў нас завядзёнка. Мы — людзі ветлівыя і тактоўныя,— адказаў старэйшы.
— He давядзі божа знацца з такой тактоўнасцю, а яіпчэ больш — ветлівасцю! — абураўся Міхась.— Пачынайце рабіць тое, што вы даўно вырашылі і чаго сюды прыйшлі,— закончыў Міхась.
I закруцілася даўно заведзеная машына.
Спачатку «стражы» абмацалі кішэні — і ў той вопратцы Міхася, у якой ён стаяў перад імі, і ў той, якая вісела ў шафе і на вешалцы. Потым перабралі кожную рэч у скрынях шафы і чамаданах. Дарэчы, як гаспадарчых, так і асабістых рэчаў у Асцёрскіх было не так ужо і багата, каб прымусіць няпрошаных гасцей доўга ў іх поркацца. Адкуль у студэнтаў будзе тое багацце? Ёсць на змену што-небудзь адзець і абуць — і добра. Ды і час такі быў, што і за грошы, калі яны меліся б, цяжка было знайсці патрэбную рэч. Напрыклад, касцюм, у які быў апрануты Міхась і які Таіса называла «парадным», набыць было не так проста. Для таго каб яго пашыць, Асцёрскія адстаялі ў чарзе ля швейнай майстэрні, што знаходзілася ў Апраксіным двары, роўна трое сутак. Затое пашылі «тройку». Гатовых жа нідзе не было. Матэрыял касцюмны таксама нельга было набыць ні ў якім магазіне.
Затое, калі чарга дайшла да кніг і рукапісаў, тут ужо ў начных візіцёраў хапіла работы, бо Міхась Асцёрскі быў не толькі студэнтам педінстытута і будучым настаўнікам, але яшчэ і маладым беларускім паэтам, яго імя ў Беларусі было ўжо даволі вядома па тых творах, якія публікаваліся
на старонках перыядычнага друку, і па вершаваным зборніку «Мазалёвыя рукі». Яго вершы неаднойчы гучалі па беларускім радыё, іх чыталі са сцэны прафесійныя і самадзейныя артысты. Ды і сам ён неаднойчы выступаў перад чытачамі сваёй рэспублікі, а таксама ў глядзельных залах Ленінграда, у тым ліку і ў Доме пісьменніка імя Маякоўскага. А таму яго невялікі пакой быў завалены рознымі кнігамі і рукапісамі. Асабліва багата было паэтычных кніг на беларускай, рускай і замежнай мовах, як сучаснай, так і класічнай паэзіі. Побач з выданнямі Белдзяржвыдавецтва, ГІЗа, «Акадэміі» і іншымі ляжалі кнігі, выдадзеныя выдавецтвам Сыціна, Маркса, Бракгаўза і Эфрона ў раскошных вокладках.