• Газеты, часопісы і г.д.
  • За калючым дротам  Павел Пруднікаў

    За калючым дротам

    Павел Пруднікаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1993
    54.23 МБ
    А з Таісай усё адбывалася так. Пасля таго як Міхася пад канвоем павялі невядома куды, яна страціла прытомнасць і ўпала на падлогу проста ў калідоры камунальнай кватэры, супраць дзвярэй свайго пакоя. Суседзі выклікалі «хуткую дапамогу», якая тут жа адвезла яе ў бальніцу. Толькі праз дзень яе перавялі з тэрапеўтычнага ў радзільнае аддзяленне. У сваю кватэру яна вярнулася ажно ў канцы жніўня 1937 года — і не адна, а на руках з малым дзіцем.
    У першыя дні, пакуль яна звыкалася са сваім становішчам, жанчыны-суседкі дапамагалі ёй у гаспадарчых і мацярынскіх клопатах. Ды і пасля яны не забывалі пра яе. I так вось, дзякуючы добрым людзям, яна паступова ўваходзіла ў нармальную жыццёвую каляіну. He давала ёй супакою толькі адно: дзе Міхась, што з ім і ці хутка ён вернецца дамоў? Яна верыла ў невінаватасць, чалавечую чысціню і добрасумленнасць свайго мужа. «Няўжо з ім будзе тое, што з тымі, пра якіх у апошні час так часта пачалі пісаць у газетах і гаварыць па радыё? Няўжо і яму наклеяць гэты страшны ярлык, які боязна называць услых? Няўжо сапсуюць, апаганяць яго добрае імя і разаб’юць наша шчасце? He, не можа гэтага быць! Я добра ведаю свайто мужа, яго чалавечую чысціню і шчырасць. Гэта зайздроснікі, нягоднікі, тупіцы сталі папярок яго дарогі. Камусьці гэта выгадна. Гэта ж подласць, падробка! He, так гэтага я не пакіну! Вось толькі аддыхаюся як след, адразу ж напішу і Жданаву, і самому Сталіну. Эх, каб Сталін ведаў, што робяць гэтыя паўзучыя гады! Ён бы скруціў іх усіх у бараноў рог! А пакуль што я паспрабую трапіць на прыём да пракурора вобласці Пазэрна ці нават да начальніка Ленінградскага аддзялення энкавэдэ Закоўскага. Я схадзіла б да старшыні Ленсавета Кадацкага ці старшыні аблвыканкома Струпэ, але, кажуць, і іх саміх узялі туды, куды і Міхася. Аб’явілі «ворагам народа» і яшчэ аднаго добрага і надзейнага чалавека, які заўсёды дапамагаў людзям,— другога сакратара абкома таварыша Чудава. Дык што ж гэта такое робіцца? — разважала самнасам са сваім сумленнем Таіса.— Эх, каб як-небудзь паведаміць пра ўсё гэта Іосіфу Вісарыёнавічу, ён бы паказаў гэтым нашым энкавэдыстам, дзе ракі зімуюць! Нічога, Сталін усё роўна даведаецца пра іх самавольствы. Так ім гэта не пройдзе. Адальюцца ваўку авечыя слёзы!» — суцяшала сябе Таіса...
    Бедная Таіса, наіўная маладая жанчына, яна яшчэ не ведала, як і тысячы такіх жа, як і яна, а можа, нават і мільёны, што той,на каго спадзявалася, з’яўляўся галоўным дырыжорам усіх гэтых свавольстваў і злачынстваў. Яна не
    ведала, што ён, гэты «вялікі з найвялікшых» быў адначасова і аўтарам і рэжысёрам гэтага злачыннага спектакля. Аўтарам сцэнарыяў і фільмаў яшчэ не вядомых свету жахаў і пакут.
    КАЧАГАР
    На сёмы дзень зняволення Міхасю падсялілі новага чалавека — качагара. Ён увайшоў у камеру неяк нясмела, як быццам нешта ўкраў і баіцца расплаты.
    — Добры дзень вам, мілы чалавек,— вымавіў напаўголасу, нібы працадзіў словы праз зубы.
    — Добры дзень, добры дзень, дзядуля! — весела азваўся Міхась.— Будзем знаёміцца: Міхась Асцёрскі, выпускнік педінстытута, а зараз — арыштант. Жыву тут роўна тыдзень. Увесь час быў адзін, цяпер жа будзем удвух. А вы хто будзеце?
    — Я — качагар з піўзавода «Сценька Разін». Прозвішча маё Карчоў, а зваць Іванам Пятровічам. А як вас па бацьку зваць?
    — Мяне па бацьку велічаць яшчэ рана, бо жыву на свеце ўсяго дваццаць шэсць гадоў.
    — А мне пайшоў пяцьдзесят першы,— пасмялеўшы, сказаў новы жыхар.
    — Што ж вы стаіцё, сядайце на маю «канапу», якая з гэтага часу будзе і ваша.
    — Дзякую, але дайце мне трошкі апамятацца.
    Іван Пятровіч Карчоў быў вышэй сярэдняга росту, з чорнымі валасамі, зачэсанымі назад, і з чорнай бародкай, якую малююць у Ісуса Хрыста. Вочы карыя, выразныя, постаць трошкі сутулая, пэўна, ад цяжкай фізічнай працы. Гаварыў ён не спяшаючыся, даверліва, хоць і баязліва.
    Яны неяк хутка пазнаёміліся і, як здавалася, пачалі давяраць адзін аднаму. Міхась распытваў у яго пра навіны на свабодзе, з якой развітаўся тыдзень таму назад, а Карчоў у Міхася — пра турэмныя справы.
    — Іван Пятровіч, што там здарылася новага за гэтыя сем дзён? Горад стаіць на месцы?
    — Горад-то на месцы, а вось людзі не ўсе на сваіх месцах і ў сваіх сем’ях.
    — Як гэта разумець?
    — А так, што шмат каго напаткаў вось такі ж самы лёс, як і нас з вамі. Кажуць, што ў нашым горадзе існуе нейкая варожая арганізацыя, накшталт трацкісцкай ці буха-
    рынскай, і што ў яе былі ўцягнуты такія знакамітыя людзі, як Чудаў, Струпэ, Кадацкі і іншыя. Яны ўсе ўжо сядзяць. Атрымалі па заслугах. Вы выпадкова не з гэтай арганізацыі?
    — 3 гэтай, а як жа! I вы ж таксама з яе. Праўду я кажу?
    — Што вы! Што вы! Я нічога не ведаю.
    — Адкуль жа вам вядома, што Чудаў, Струпэ, Кадацкі і я, грэшны, вінаватыя і атрымліваюць па заслугах?
    — Так кажуць людзі, і я кажу.
    — Тыя ж самыя людзі і пра вас так сёння гавораць і могуць даць вам страшную кару. Ці дайшло хоць трошкі да вас?
    Замест адказу качагар Карчоў горка заплакаў.
    — Іван Пятровіч, што гэта вы распускаеце нюні, як малое дзіця? Вы ж, пэўна, ужо дзед, а што бацька, дык у гэтым я ніколькі не сумняваюся. Перастаньце!
    — Вам што, вы ведаеце, за што сюды трапілі... А мяне за што мучаюць?
    — Я за тое, за што і вы,— адказаў Міхась і чакаў: што скажа гэты чалавек?
    — Вы мяне да сябе не далучайце! Я ні ў чым не вінаваты! Я савецкі чалавек! — загарачыўся Карчоў.
    — А я — нямецкі? — спытаў Міхась.
    — Пра вас не ведаю, а я чысты! — пратэставаў Карчоў.
    — Прыйдзе час — даведаецеся і пра мяне, і пра сябе. А цяпер перастаньце румзаць. Беражыце свае слёзы напасля.
    — Яны мне не спатрэбяцца, таму што я не вінаваты.
    — Калі гэта пацвердзіцца, я буду вельмі рады. Толькі, як гавораць, «Свежо преданне, да вернтся с трудом». Мы, Іван Пятровіч, абодва не вінаватыя, а вось па нейкаму паклёпу-даносу трапілі сюды. I, пэўна, надоўга. Толькі праз галадоўку я дабіўся, што мне сказалі, у чым я абвінавачваюся.
    — Дык вы паспелі ўжо і пагаладаць? — спытаў недаверлівы субяседнік у суседа па няшчасці.
    — Так, трое сутак галадаў.
    — I ў чым жа вас абвінавачваюць?
    — У контррэвалюцыйнай агітацыі і дзейнасці, пра якія я і ў сне не сніў. Я не сумняваюся, што і вам тое ж самае скажуць. Вы назвалі тут Чудава, Струпэ, Кадацкага. Я і да вас ужо чуў пра іх. Гэта ж кіты! А мы з вамі хто? Пешкі на шахматнай дошцы, чарвякі.
    — I ўсё ж я веру ў справядлівасць,— настойваў на сваім Карчоў.
    — Я і сам не пакідаю добрай надзеі, ды вось яна мяне пакідае.
    — Давайце будзем спадзявацца на лепшае.
    — Я згодзен, лягчэй будзе пераносіць пакуты. А лёс у нас, дружа, аднолькавы. Лепш давайце будзем сябраваць, чым спрачацца па-пустому.
    — Будзем сябраваць, Міхась... Міхась...
    — Раманавіч. Але можна без гэтага.
    — Значыць, вы — палітычны, як і я?
    — Палітычны, Іван Пятровіч, палітычны.
    — А я ж, грэшны, падумаў, што вы — крымінальнік, бандзюга які-небудзь. I, скажу шчыра, спачатку трошкі здрэйфіў.
    — Я адразу зразумеў гэта... У турме, як і на волі, трэба сябраваць, а не быць ворагамі адзін аднаму. Асабліва пры нашым з вамі становішчы. Ці не так, даражэнькі Іван Пятровіч?
    — Я таксама такой жа думкі. Бачу, што вы — чалавек добры і шчыры, да таго ж — памяркоўны.
    — Дык што, па руках?
    — Па руках, дружа. Вы разумны і разважлівы чалавек. Я вельмі рады, што з вамі сустрэўся,— закончыў размову Карчоў.
    ГЕНЕРАЛЬСКІ СЫН
    Назаўтра камера папоўнілася яшчэ адным вязнем. Ён таксама ўжо немалады. На выгляд яму было не больш за сорак гадоў. Гэта быў стройны і даволі інтэлігентны чалавек. Як пасля высветлілася, ён шмат гадоў працаваў ваенруком сярэдніх устаноў Ленінграда. А да гэтага — кадравы камандзір Чырвонай Арміі.
    — Добры дзень у вашу хату, сябры па няшчасці! — сказаў з парога новы жыхар і назваўся, па чарзе падаючы сваю руку будучым сваім сужыцелям.— Красноў Васіль Іванавіч.
    — Міхась Асцёрскі, а гэта Іван Пятровіч Карчоў,— адказаў за абодвух Міхась.— Што новага на белым свеце, Васіль Іванавіч? Нява яшчэ не выйшла з берагоў?
    — Hi Нявы, а тым больш белага свету я даўно не бачыў. Скажыце, калі ласка, колькі часу вы ўжо ў гэтай цытадэлі?
    — Я ўжо восем дзён, а Іван Пятровіч пакуль што адны толькі суткі,— адказаў яму Міхась.
    — А я «адпачываю» ў такіх вось «санаторыях» чацвёрты месяц.
    — Дык дзе ж вы да гэтага часу былі? — спытаў Карчоў.
    — У ваеннай турме, што на Загарадным праспекце. Там была мая рэзідэнцыя. А цяпер вось тут, разам з вамі.
    — За што ж гэта вас так? — зноў наіўна спытаў Карчоў.
    — «За сутулость фнгуры, которая прнводнт строй в унынне». Зразумела ці не?
    — He, я не разумею,— круціў галавою Карчоў.
    — Пажывяце тут болып — зразумееце.
    Міхась маўчаў. Ён разумеў, што Красноў — таксама ахвяра часу. I ўсё-такі ён асцярожна спытаў у новага сябра па няшчасці:
    — У чым жа вас абвінавачваюць, Васіль Іванавіч, калі гэта не сакрэт?
    — Які тут можа быць сакрэт? У контррэвалюцыйнай агітацыі і дзейнасці, як і вас, канечне, калі не памыляюся.
    — На допыце былі?
    — Быў, і неаднойчы.
    — Здзекаваліся? Білі?
    — Усяго было. Але расказваць пра гэта забаронена. Адным словам, калі зведаеце такой «гасціннасці», зразумееце, што такое допыты ў палітычнай турме.
    — Вы прабачце мне, але скажыце, калі ласка,— не адставаў Міхась,— чаго дабіваліся ад вас следчыя?
    — Прызнання, што я нібыта сын белагвардзейскага генерала Краснова. Бо прозвішча і імя па бацьку сходзяцца. А я ж ад гэтага генерала, як неба ад зямлі. Але паспрабуй даказаць, што ты не вярблюд. У дадатак да гэтага мне сказалі, што я з’яўляюся членам нейкай падпольнай арганізацыі, якая рыхтавала контррэвалюцыйны пераварот.
    — А была такая арганізацыя? — умяшаўся Карчоў.
    — Я таксама хачу спытаць у вас пра гэта: была такая арганізацыя ці не?
    — Адкуль жа мне, цёмнаму чалавеку, ведаць пра такія справы?
    — А вось пабудзеце на допытах разы два-тры — і скажаце следчаму, што такая арганізацыя была і што вы з’яўляліся яе актыўным членам і нават баевіком.
    — He, да такога свінства я не дайду. Гаварыць пра тое, чаго не ведаю, ніхто мяне не прымусіць. Дудкі!
    — Прымусяць! Прызнаецеся ў сваіх «грахах», падпішацеся пад пратаколам допыту і назавеце сваіх саўдзельнікаў ці хаўруснікаў.
    — А вы што, таксама прызналіся і падпісаліся?