За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— Дык што, цябе яшчэ не выклікалі на допыт і абвінавачванне не прад’яўлялі?
— Фактычна не.
— Ну нічога, скора выклічуць, пагавораць і выпусцяць на волю. Біяграфія твая чыстая, пасад ты таксама не займаў. А са студэнта многа не возьмеш. Ён — ніхто. Калі, можа, да вершыкаў прычэпяцца, але гэта дробязь. Ды ты іх шмат яшчэ і не паспеў напісаць, як, напрыклад, Дзям’ян Бедны, Мандэльштам ці Барыс Карнілаў. Адным словам, ты амаль што ўжо на адлёце.
— Дай бог нашаму ваўку ваша цялятка з’есці,— жартуючы, адказаў яму Міхась.
Красноў пасля адной-другой гутаркі са Шчокіным пачаў проста яго абыходзіць. Жыццё навучыла яго разумець і разгадваць людзей. He спадабаўся яму гэты тыпус, не было да яго даверу.
Праз нейкі час ад Шчокіна адхіснуўся Смоліч. Ён таксама меў сякі-такі жыццёвы вопыт, меў нюх на людзей. I цяпер Шчокін прыліп як банны ліст толькі да Міхася, як больш даверлівага, быццам не заўважаючы таго, што яго пазбягаюць іншыя. Міхась у свае дваццаць шэсць год давяраў кожнаму чалавеку. Бо сам ён заўсёды і ўсюды быў шчыры, даверлівы, і яму здавалася, што і ўсе людзі такія ж, як ён сам. Ён глядзеў на жыццё праз ружовыя акуляры.
Аднойчы Шчокін прапанаваў:
— Таварышы, давайце будзем пець катаржныя і рэвалюцыйныя песні.
— Я з ахвотаю,— згадзіўся Міхась.
Міхася падтрымалі яшчэ сёй-той. I яны тут жа зацягнулі: «По днкнм степям Забайкалья, где золото роют в горах». А скончыўшы гэту, перайшлі на іншую: «Внхрн враждебные веют над намн...»
Грымнулі дзвярныя запоры, і ў камеру ўляцеў наглядчык:
— Вы што мне наладжваеце тут канцэрты! Гэта вам не філармонія і не капэла! Спыніць недазволеныя ўчынкі! Інакш караць будзем!
— Грамадзянін дзяжурны, гэта мы ад суму і ад гора,— за ўсіх адказаў Шчокін.
— Гэта яшчэ не гора, усё ваша гора наперадзе,— сказаў загадкава наглядчык і зачыніў дзверы.
— У мяне ёсць прапанова,— сказаў Шчокін,— у другі раз спяваць цішэй.
I з ім зноў пагадзіліся. Так потым неаднойчы і рабілі.
Пасля адной з такіх спевак Шчокін падсеў да Міхася і сказаў:
— Дарагі Міхась, ты хутка будзеш на волі. Дык вось да цябе будзе такая просьба: зайдзі да маёй жонкі, яна жыве на Кірачнай, і скажы ёй, што яе любімы муж перад смерцю пеў рэвалюцыйныя песні.
— Як гэта перад смерцю? — не зразумеў той.
— А вось так. Мяне ўсё роўна хутка расстраляюць як трацкіста. Я гэта добра ведаю,— гаварыў ён гучна, каб усе чулі і паверылі. А сам прыслухоўваўся, хто і як будзе рэагаваць.
— Я гэтаму не веру,— сказаў Міхась.— Ты будзеш жыць.
Але Шчокін даказваў сваё.
Назаўтра яго выклікалі, і ён з усмешкай на твары пайшоў на допыт ці мо нават на расстрэл, як ён сам казаў.
Камера прыціхла. Усе маўчалі. Той-сёй паверыў словам Шчокіна і спачуваў яму. Да такіх адносіўся і Міхась. Адзін Красноў не паверыў ніводнаму яго слову.
— Таварышы, вы зразумелі гэтага «смяротніка» ў двукоссі? — звярнуўся ён да жыхароў камеры.
Усе маўчалі як быццам вады ў рот набраўшы.
— Гэта правакатар, ён знаходзіўся тут на падсадцы. Зразумелі ці не?
— Мне ён таксама штосьці не спадабаўся,— азваўся Смоліч.
— А я не веру гэтаму,— не згаджаўся Міхась.
— Хоць ты і стараста, і маеш вышэйшую адукацыю, але лапух,— папракнуў Міхася той жа Красноў.— Я ведаю, што ты паверыш толькі тады, калі пабудзеш у следчага, на допыце. I тады ты будзеш вельмі шкадаваць, што даведаўся пра гэта позна.
— А чорт яго ведае, можа, і так. Ці ж можна залезці ў душу чалавека, якога ты ўпершыню ўбачыў?
— Можна, калі добра прыглядзецца. Вось тут у нас засталося дзевяць чалавек, а такога тыпуса болып няма.
— I ўсё ж я не згодзен з такой думкай,— не здаваўся Міхась.
— Справа гаспадарская,— закончыў Красноў.
Хутка словы Краснова пацвердзіліся, асабліва калі пачалі цягаць на допыты адзін за адным вязняў з камеры. Кожны адчуў на ўласнай скуры і касцях «дабрыню» прысуджанага да «кары смерцю».
Праўда, Міхася чамусьці не турбавалі. А чаму — ён не ведаў, і гэта мучыла яго больш за ўсё: калі, калі? Было такое ўражанне, што пра яго забыліся. Няўжо выпрабоўваюць яго нервы?
АДРАЧЭННЕ
Мінуў цэлы месяц пасля арышту Міхася, а ні жонка пра яго, ні ён пра яе нічога не ведалі. За гэты час жонка нарадзіла сына і ўжо знаходзілася дома, у сваёй кватэры. Дзе яна ні была, да каго ні звярталася, а лёс мужа застаўся загадкай. Hi ў пракуратуры горада, ні вобласці, ні ў Ленінградскім аддзяленні НКВД, ні ў адной з турмаў горада, куды яна неаднойчы звярталася і пісьмова, і асабіста — абівала парогі, ніхто ёй пэўнага нічога не сказаў. Усюды быў адзіны адказ:
— He ведаем.
— Дык хто тады ведае? Што гэта такое? — абуралася яна.
I зноў быў стандартны адказ:
— He ведаем. Чакайце, з цягам часу вам адкажа той, хто ведае.
Яна ўжо страціла ўсякую надзею на тое, што Міхась жывы і што яна атрымае пра яго якія-небудзь весткі.
Шукаў Міхася і яго брат Рыгор, студэнт педтэхнікума, і таксама без, вынікаў: лёс брата Міхася заставаўся для яго таямніцай, пакрытай змрокам. А тут яшчэ Таіса па невядомай для яго прычыне адмовіла яму ў прытулку. I нават больш таго — забараніла яму пераступаць парог яе кватэры. Усё гэта лягло цяжкім каменем на яго юначае сэрца. Ён вымушаны быў забраць дакументы ў тэхнікуме і ехаць да сваіх бацькоў на Магілёўшчыну.
I вось нарэшце 15 верасня 1937 года Таіса атрымала позву за подпісам пракурора горада, у якой прапаноўвалася ёй 17 верасня ў дзесяць гадзін раніцы з’явіцца ў гарадскую пракуратуру, чаму яна была вельмі рада, бо спадзявалася атрымаць вестку пра Міхася.
Яна папрасіла суседку пабыць з дзіцем і сама амаль бягом паімчалася па названым адрасе. Яе не пакідала надзея, што ўрэшце нешта даведаецца пра мужа.
Пракурор сустрэў Таісу ветліва. I калі яна заплакала, пастараўся супакоіць яе.
— Я раздзяляю ваша гора і буду старацца зрабіць усё, каб яго не было,— пачаў ён здалёку.
— Вы скажыце мне, ці жывы ён, і калі жывы, дзе зараз знаходзіцца?
— He спяшайцеся, грамадзянка Асцёрская, усё па парадку, на ўсё свой час,— паступова рабіўся сухім, афіцыйным і непрыступным малады пракурор.— Жывы ваш муж, жывы, але...
— Што «але»? Хворы, пакалечаны? Дзе ён? — наступала на пракурора Таіса.
— Я ж вам сказаў, што ўсё па парадку. А вы... Якая ж вы нявытрыманая!
— На маім месцы любы быў бы такім, у тым ліку і вы, таварыш пракурор.
— Толькі не любы, а я тым больш,— пакрыўдзіўся служака-пракурор.— Карацей кажучы, вы цяпер — жонка дзяржаўнага злачынцы. Зразумела? — I чакаў, якое ўражанне зробяць яго словы.
— He, не зразумела,—.суха сказала Таіса.— Вы павінны растлумачыць. У чым вы абвінавачваеце яго? Канкрэтна! I павінны сказаць, дзе ён, куды вы яго схавалі ад усяго белага свету і ад мяне, яго жонкі?
— Добра, я адкажу на вашы пытанні. Ваш муж рабіў падкоп пад нашу дзяржаву, удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэвалюцыйнага перавароту. У нас ёсць доказы. Гэта мацёры, спрактыкаваны вораг нашага народа!
— Вораг народа? — усклікнула Таіса.— I, кажаце, у вас ёсць доказы?
— Ёсць!-
— Дзе яны, пакажыце? — не адставала Таіса.
— На судзе пачуеце і ўбачыце, калі вас туды пусцяць. А судзіць яго будзе ваенны трыбунал...
— Вы яшчэ не адказалі на маё пытанне, дзе ён?
— У следчай турме.
— У якой? Ці магу я з ім пабачыцца?
— У якой менавіта, не магу пакуль што сказаць. Пабачыцца таксама не магу даць дазволу, таму што следства яшчэ не закончана. Як толькі закончыцца, паведамім.
— Што, канспірацыя? — зноў наступала Таіса.
— Грамадзянка Асцёрская, з выразамі папрашу быць асцярожней. А то я таксама магу пакрыўдзіцца.
— Даруйце, калі што не так сказала з гарачкі.
— На гэты раз я вам дарую, а ў далейшым магу і не дараваць. Але я запрасіў вас сюды не для дэбатаў і не для пакарання. Я хачу гаварыць з вамі адкрыта, па-сяброўску, прытым для вашай жа карысці. Хачу выратаваць вас ад вялікіх жыццёвых непрыемнасцей...
— Я вас не разумею, таварыш пракурор,— насцярожылася Таіса.
— Я ўжо вам сказаў, у чым абвінавачваецца ваш муж — у цяжкім дзяржаўным злачынстве. А з гэтым, як вам вядома, не шуткуюць.
— I што далей? — не цярпелася Таісе.
— Набярыцеся цярпення і слухайце. Усё скажу па парадку. Дзеля вашага будучага і будучага вашага сына вам трэба будзе адмежавацца ад яго.
— Я вас не разумею: як гэта адмежавацца?
— Адрачыцеся ад яго афіцыйна, праз друк...
— Вы што, смеяцеся з мяне ці я, можа, не так зразумела?
— Я гавару вам сур’ёзна, па-сяброўску, што вам трэба праз друк адрачыся ад мужа дзеля вашага будучага і будучага вашага сына. Вы яшчэ маладая, у вас усё яшчэ наперадзе.
— Ніколі! Мой муж — сумленны чалавек, савецкі патрыёт, шчыры і добры сем’янін!
— Глядзіце самі, я вас не няволю, а толькі раю вам і клапачуся пра вас. He забывайце, што вы камсамолка і студэнтка. А, як вам вядома, жонак ворагаў народа не трымаюць ні ў камсамоле, ні ў навуковых установах, тым больш у педагагічных. Падумайце як след, я пачакаю. Як толькі надумаецеся, так адразу ж і прыходзьце сюды.
На гэтым «задушэўная гутарка» закончылася. Таіса выйшла з гарадской пракуратуры, як п’яная. Ужо на вуліціэі яна расплакалася і плакала да самага дома. Пра сваю гутарку з пракурорам яна нікому, акрамя бабулі, якая жыла ў суседнім пакоі гэтай жа кватэры, не сказала. Бабуля пахваліла яе, што не адраклася ад мужа:
— He будзь дурніцай, не рабі глупства. Вернецца твой Міхась, вернецца,— сказала яна.
Але на гэтым усё не скончылася. Нягледзячы на тое, што яна яшчэ была ў дэкрэтным адпачынку, дні праз два пасля таго яе выклікалі ў інстытут, сабралі камсамольскі сход і выключылі з камсамола.
Потым запрасіла яе да сябе дырэктар і прапанавала зрабіць тое ж самае, што і пракурор,— публічна, праз друк адрачыся ад «ворага народа» — бацькі яе дзіцяці.
— Таварыш Асцёрская, калі вы гэтага не зробіце, мы будзем вымушаны пазбавіцца ад вас. Нам жа таксама хочацца жыць і працаваць — займаць свае пасады.
Так і сказала дырэктар, што ёй і калегам хочацца жыць і працаваць на сваіх месцах.
— Таварыш дырэктар! Ніна Барысаўна! Акрамя таго, што вы дырэктар, дык яшчэ і жанчына. А таму павінны зразумець мяне. Я не магу хаваць жывога мужа, бацьку майго груднога дзіцяці.
— Але і вы таксама павінны зразумець мяне,— адказала няўмольная дырэктрыса.— Ідзіце падумайце і вырашайце пытанне: муж арыштаваны за палітыку, ён, пэўна, будзе асуджаны, інстытут ці воўчы білет, з якім — на ўсе чатыры бакі! Што-небудзь адно з двух. Падумайце добра і пасля мне скажыце.