За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
ПАСТКА
Камера 889 знаходзілася на чацвёртым паверсе трэцяга рукава другога корпуса-крыжа. Яна, як і сотні іншых камер вялізнай турмы, была разлічана на зняволеных-адзіночнікаў. Так яно ў розныя часы і было. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў «Крыжах» адбывалі тэрміны вязні па палітычных матывах. Першых палітычных зняволеных камеры турмы прынялі пасля рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гадоў. Якраз тады і ўступіла ў строй яе першая частка. Другая (другі крыж) была закончана і здадзена ў «эксплуатацыю» аж у 1917 годзе — перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй.
Уся турма складаецца з двух карпусоў, ці крыжоў, якія па праекту архітэктара павінны былі налічваць роўна 1000 камер. Але ходзіць легенда, што ў часе будаўніцтва інжынер памыліўся — аблічыўся на адну камеру: замест запланаваных 1000 камер атрымалася 999. Такой памылкі і ганьбы, звязанай з ёю, інжынер не перанёс, павесіўся. Канечне, легенда ёсць легенда, і верыць ёй не заўсёды можна.
У савецкі час — аж да 1937 года «Крыжы» былі агульнай турмой, у якой знаходзіліся крымінальныя злачынцы розных катэгорый. А з крутога 1937-га яна змяніла свой профіль — стала масава-палітычнай. Яна пачала прымаць у свае сцены «буйных дзяржаўных злачынцаў», ці «ворагаў народа». Яе «гасціннасць» зведалі такія партыйныя і савецкія дзеячы, як другі сакратар Ленінградскага абкома Чудаў, старшыня аблвыканкома Струпэ, старшыня Ленсавета Кадацкі, рэктар Ленінградскага універсітэта Лазуркін і яго жонка Лазуркіна, відны партыйны дзеяч, пасля — рэктар таго ж універсітэта Вазнясенскі і сакратары абкома Кузняцоў і Папкоў. Некаторы час «гасцявалі» ў ёй авіяканструктар Тупалеў і ракетчык Каралёў.
Да прыходу Міхася Асцёрскага ў камеры, відаць, даўно ніхто не жыў, калі не лічыць клапоў, якімі былі ўсыпаны і падлога, і сцены. Камера была пустая, адны голыя сцены. Уся мэбля складалася з дашчанага шчытка з рваным матрацам, які ляжаў на каменнай падлозе. Hi століка, ні табурэта, ні тумбачкі.
Міхась пераступіў парог камеры змораны і маральна, і фізічна. Яго ўпіхнулі ў гэтую цагляную клетку, як драпежнага звера ці дамашнюю жывёліну перад забоем. Дзынкнулі дзверы запорамі, і жыві як знаеш. Хочаш спявай (толькі сам сабе), хочаш плач, хочаш маліся — тут нікому няма да цябе справы, да тваіх чалавечых патрэб. Ніхто тут цябе не пашкадуе, не суцешыць. А вось аблаяць, абразіць, прыгразіць і тут знойдуцца ахвотнікі і аматары, ліха іх матары...
Змораны да апошняга, Міхась, убачыўшы прыціснуты да сцяны шчыток з матрацам, адразу апусціўся на яго. Пасля ўсёй нерватропкі яму так захацелася адпачыць, але не паспеў ён супакоіцца, як адчуў пякучыя ўкусы на руках, на нагах і на шыі. Тут ён адразу здагадаўся, што яго апанавалі галодныя клапы, і ён распачаў з імі вайну: пачаў іх змятаць са свайго цела і нават душыць. Але вынікі былі нікчэмныя, клапоў было цэлыя плоймы. Тады ён забраўся на высокі падаконнік з думкаю, што яны не дастануць яго. Ды дарэмна стараўся: клапы знайшлі яго і там, толькі ўжо наступалі не з такою сілай. I так Міхась ваяваў з імі гадзін некалькі, пакуль у камеры па-сапраўднаму не заднела, і ў гэты час прынеслі хлеб і баланду.
Цераз калідорнага дзяжурнага Міхась выклікаў дзяжурнага па корпусе, якому расказаў пра свае пакуты ў камеры:
— Грамадзянін дзяжурны, мяне спецыяльна заперлі ў гэты клапоўнік?
— He выдумляй і не гавары глупства,— адказаў яму дзяжурны па корпусе.— Цябе змясцілі ў нармальную камеру. А што датычыць клапоў, дык яны ёсць усюды.
— Дык іх жа тут мільёны! — даказваў Міхась.— Вы толькі паглядзіце, што робіцца!
— Тут даўно ніхто не жыў. Вось і ўвесь сакрэт. Сёння ж прышлю чалавека, і ён пазбавіць цябе ад гэтых паразітаў. Толькі больш не крычы, a то перадумаю.
Пасля яго слоў Міхась змоўчаў, а сам сабе падумаў: «Ліха яго ведае, гэты чалавек здольны на ўсё, можа зрабіць, што толькі яму захочацца».
Хоць Міхась і не верыў, што дзяжурны стрымае сваё слова, але ўсё ж трошкі спадзяваўся. I праўда: у другой па-
лове таго ж самага дня ў камеру прывялі чалавека з паяльнай лямпай. Цэлую гадзіну ён кадзіліў. Полымя залазіла ў кожную шчыліну сцен і падлогі. He адзін раз ён прайшоўся і па драўляным шчытку. Толькі матрац заставаўся некранутым — мог загарэцца, і яго проста выкінулі з камеры. Адразу ж пасля паяльнай лямпы ў камеру прынеслі венік і савок, а таксама сметніцу.
— А цяпер сам папрацуй,— сказаў калідорны дзяжурны.
Міхась намёў «падсмажаных» клапоў цэлую сметніцу: іх было мільёны! Міхась папрасіў, каб такую працэдуру паўтарылі яшчэ раз, на што не адразу, але атрымаў згоду ад калідорнага. I на другі дзень той жа самы чалавек яшчэ раз прайшоўся па сценах і па падлозе сваёй грознаю зброяй.
— Ну, цяпер ты будзеш тут жыць прыпяваючы,— пажартаваў чалавек з лямпай.
Пасля гэтага крыважэрныя паразіты больш не турбавалі Міхася. Лежачы на голым і мулкім дашчаным шчытку, Міхась думаў: «Дзе знайсці такую лямпу, якая пазбавіла б і мяне, і такіх, як я, ад двухногіх крыважэрных стварэнняў, якія трымаюць тут за тоўстымі сценамі і кратамі сотні невінаватых людзей, ахвяр рэжыму. Дзе знайсці яе?»
На наступны дзень Міхась зноў выклікаў дзяжурнага па корпусе.
— Што, зноў клапы турбуюць? — смеючыся, спытаў дзяжурны.
— He, яшчэ горш за клапоў,— адказаў Міхась.
— А што такое? Гавары.
— Мне трэба ведаць, за што я трапіў у гэтую пастку. У чым мяне абвінавачваюць?
— Я — не пракурор і не следчы. I на такія пытанні не ўпаўнаважаны адказваць,— сказаў як адрэзаў дзяжурны.
— Тады паклічце сюды пракурора, няхай ён адкажа на маё пытанне.
— Гэтага я таксама не магу зрабіць.
— Дык што ж вы тады можаце? Клапоў падсмажыць — і ўсё?
— Гэта ўжо не твая справа, чым мне займацца. А табе, калі скажаш хоць адно абразлівае слова, заткну глотку.
— У такім выпадку я аб’яўляю галадоўку,— нечакана для самога сябе выпаліў Міхась.
— Гэта тваё права,— раўнуў дзяжурны і зачыніў за сабою жалезныя дзверы.
Міхась зразумеў, што па-добраму тут нічога не даб’ешся. Трэба прымаць іншыя захады. I ён тут жа прыняў рашэнне
аб’явіць галадоўку, пакуль яму не скажуць, у чым яго абвінавачваюць, за што яго тут трымаюць. Ён сказаў сабе: «3 голаду загіну, а ў рот нічога не вазьму, пакуль не дачакаюся афіцыйнага адказу на сваё пытанне. Бо я нідзе нікому вады не замуціў. Я — шчыры савецкі чалавек, а не які-небудзь бандзюга-крымінальнік».
Слова сваё Міхась стрымаў: з раніцы наступнага дня ён адмовіўся ад пайкі і баланды. I так ён рабіў на працягу трох дзён. А на чацвёртыя суткі да яго ў камеру ўляцелі двое ў цывільных касцюмах і дуэтам закрычалі:
— Гэта хто тут надумаўся пратэставаць?
— Я,— рашуча адказаў Міхась.
— Ах ты, нягоднік!..
I тут пасыпаліся брыдкія, нецэнзурныя словы, якіх Міхась ніколі ў жыцці сваім не чуў.
— Пракурора патрабуеш? Я пракурор! — крычаў чалавек у чорным касцюме.— Кажы, што табе трэба?
— Мне трэба ведаць, за якія грахі я тут пакутую? — стрымана, але цвёрда адказаў Міхась.
— Марш наперад! Пойдзем у кабінет, там даведаешся, варожае адроддзе, недабітая контра! — грымеў чалавек у чорным.
Ужо на лесвіцы, калі гэтыя дзяржыморды працягвалі абзываць яго рознымі брыдкімі словамі, Міхасю здалося, што ён гэтых тыпаў недзе бачыў. Ён падумаў, што яны — даўнія яго знаёмыя. Маўляў, пазналі яго і, шуткуючы, вырашылі разыграць, а потым паздароўкаюцца, пагутараць пасяброўску і пусцяць дадому. Асабліва старэйшы, што быў апрануты ў чорны касцюм і называў сябе пракурорам. Міхась думаў, што пракурор — гэта святы чалавек, ён лаяцца матам не будзе. А гэты тып — самазванец. Значыць, пазнаў яго і разыгрывае сцэну. А таму на лаянку Міхась пачаў адказваць лаянкай, каб не паказацца хлюпікам і баязліўцам, не ўпасці перад ім, як кажуць, тварам у гразь. Нават і тады, калі ўжо сышлі на першы паверх і ўвайшлі ў кабінет, дзе гэтыя «пракуроры» пачалі пагражаць яму кулакамі, Міхасю яшчэ не верылася, што гэта сапраўдныя каты. Ён узяўся за спінку крэсла і сказаў:
— Ну, што ж, давайце будзем біцца! — думаючы, што яны вось-вось адкрыюцца, хто яны такія і чаго тут апынуліся.
Але не на тых натрапіў. Людзі, якіх ён прыняў за знаёмых, і не думалі гуляць з ім у жмуркі — яны паказвалі сваю натуру ва ўсім бляску.
— Ты, г..., хрэн маржовы, пастаў крэсла на месца, a то
мы з цябе адбіўную зробім! — гаркнуў старэйшы, што быў у чорным касцюме.— Лепш паслухай адказ на сваё пытанне. Цябе будуць судзіць за тваю контррэвалюцыйную агітацыю і дзейнасць. Абвінавачваешся ты па артыкуле 58, пункт 10 Крымінальнага кодэкса РСФСР. Зразумела ці не?
— Зразумела, але ж гэта паклёп, цень на белы дзень! Скажыце, чыя гэта работа? Хто прыдумаў, сачыніў гэтую ліпу? — пытаўся Міхась.
— Падрабязна аб усім даведаешся ў следчага. А наш абавязак — сказаць табе тое, чаго ты хацеў. У заключэнне адно табе параю: у гэтай установе ніколі не хапайся за крэсла, калі хочаш жыць і застацца цэлым-непашкоджаным. Тут ты адзін, а нас шмат, і ўсе як адзін атлеты, не тое што ты — цывільны фіціль. На сёння мы табе даруем, а ў далейшым — прабач. А цяпер ідзі ў свае апартаменты і еж усё, што даюць. Ведай, што будзе яшчэ горш... Адвядзіце зняволенага ў 889 камеру,— звярнуўся ён да канваіра, які ўжо чакаў ля адчыненых дзвярэй.
На гэтым і скончылася трохдзённая галадоўка Міхася Асцёрскага. Яна не прайшла дарэмна. Сяму-таму навучыла яго. Ён цяпер ведае, у чым яго абвінавачваюць — у нейкай контррэвалюцыйнай змове, аб якой і ў сне не сніў. Ён цяпер лічыцца «ворагам народа», як Бухарын, Рыкаў, Томскі, як Чарвякоў, Галадзед, Гікала, Чубар, Скрыпнік; як Якір, Убарэвіч, Ягораў, Гамарнік; Цішка Гартны, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Уладзіслаў Галубок, Астап Вішня і іншыя, пра якіх у апошні час так многа пісалі ў газетах. Значыць, і іх вось так жа змялі, скруцілі, прышылі ярлыкі і... бывайце здаровы?.. Каму і навошта гэта патрэбна?
Так цяпер пачаў разважаць і гутарыць сам з сабою Міхась. А калісьці ён чытаў газеты з разгромнымі прамовамі Кагановіча, Варашылава, Малянкова, Молатава, Вышынскага, асабліва Вышынскага, і верыў усяму, што было напісана. Вось, можа, праз нейкі час у якой-небудзь газеце мільгне і яго прозвішча як «заклятага ворага народа». Толькі не, гэтага не можа быць! Разбяруцца і выпусцяць. «Эх, каб можна было напісаць таварышу Сталіну! Ён бы спытаў у гэтых нягоднікаў, за што яны абражаюць і мучаць сумленных савецкіх людзей. А можа, хто з сяброў і здагадаецца напісаць? — разважаў Міхась.— Як шкада, што жонка засталася ў такім становішчы. Яна дабралася б і да самога Сталіна ці Калініна,— працягваў ён гутарыць сам з сабою.— Бедная Таіска, як яны там? Што з ёю? Дзе яна зараз?»