За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
— Калі скажа бог, буду ваяваць.
— А як жа вы даведаецеся аб божай волі?
— Я адчую гэта сэрцам.
— А калі не адчуеце?
— Тады не буду.
— Значыць, абараняць Радзіму вы не збіраецеся?
— Я і сам яшчэ не ведаю, якая будзе воля ўсявышняга.
ПАТОМАК БАТЫЯ
Ды нечакана ўпіхнулі ў камеру адразу двух чалавек: бухгалтара з завода імя Леніна Антона Паўлавіча Смоліча і грузчыка з Гасцінага двара Мустафу Абульханавіча Абульханава. Смоліч нічым не вызначаўся, калі не лічыць таго, што насіў кароткія, акуратна падстрыжаныя чорныя вусікі. Сам жа быў выхадзец з Украіны. Уся яго віна заключалася ў тым, што ён звязаў свой лёс з каталічкай, праз якую «меў сувязь з Пілсудскім і яго хеўрай», як сцвярджаў следчы. Нейкі час ён знаходзіўся ва ўнутранай турме — «Шпалерцы», куды змяшчалі самых «небяспечных злачынцаў»: адказных партыйных і савецкіх работнікаў, на якіх былі падазрэнні і даносы іх жа саслужыўцаў. I вось калі там разабраліся, што ён, Смоліч,— «дробная сошка», перавялі ў агульна-масавую, палітычную турму «Крыжы».
Затое грузчык Абульханаў — вельмі цікавы чалавек, ён заслугоўвае асаблівай увагі. He паспеў ён увайсці ў камеру, як сам, без чыёй-небудзь прапановы, назваўся ўсім прысутным у камеры:
— Абульханаў Мустафа Абульханавіч, татарын, патомак хана Батыя, грузчык Гасцінага двара, пражыў на свеце сорак два гады і мяркую пражыць яшчэ два разы па столькі. Жанаты, маю сямёра дзяцей. Рост сярэдні — 170 сантыметраў, вага 90 кілаграмаў. Вось вам усе мае анкетныя даныя. Калі што адпусціў па неабачлівасці, пытайцеся — я адкажу на ўсе вашы пытанні.
Пасля гэтых слоў ён кожнаму са зняволеных падаў руку — паздароўкаўся. Потым дастаў з торбы ўвесь правіянт і спытаў:
— Хто тут стараста?
— Пакуль што такога няма,— падаў голас пастух Калелайнен.
— Тады трэба выбраць — і неадкладна.
— Абульханава,— прапанаваў тут жа Карчоў.
— He, людзі добрыя, мяне рана выбіраць, я навічок. Выбіраць трэба таго, хто тут найболей сядзіць у гэтай камеры, і, канечне, аўтарытэтнага чалавека.
— Асцёрскага,— прапанаваў былы ваенрук Красноў.— Ён першы пасяліўся ў гэтай «кватэры». Ну як, згодны?
— Згодны,— пачуліся галасы.
— Прагаласуем... Аднагалосна.
— Дык вось, таварыш стараста, бярыце гэтыя прадукты і падзяліце іх паміж усімі членамі нашай так званай камуны. Асабіста мне пакідайце такую самую долю, як і ўсім іншым,— сказаў сур’ёзна Абульханаў.
Так Абульханаў прынёс новы, свежы вецер у жыццё камеры 889. Адкрылася новая старонка ў жыцці зняволеных, якім пачынала здраджваць іх воля, канчалася цярпенне.
Гэты смуглявы, каржакаваты і мускулісты чалавек ніколі, ні пры якіх абставінах не падаў духам і не дазваляў гэтага рабіць іншым. Пры ім ніхто ніколі не сумаваў. Калі, здаралася, часам убачыць каго-небудзь сумным, падыдзе да яго са словамі жарту і скажа:
— Хвядос, чаго павесіў нос? Ну, асудзяць, ну і што з гэтага? He мы першыя, не мы апошнія. Пашлюць, напрыклад, у Сібір, а там, як і тут, у Ленінградзе ці ў іншых мясцінах, так жа сонейка свеціць і праца ёсць. Толькі да чаркі радзей будзем прыкладвацца, вось і ўсё. А хлеб і да хлеба, калі будзем працаваць, і там будзе. Усё яно з часам ператрэцца, перамелецца, і мы зноў вернемся да сваіх жонак і дзяцей.
А калі хто пачне ныць і паўтараць два балючыя словы «За што?» — ён удумліва скажа:
— He псуй нервы ні сабе, ні суседзям. Мы з табою хто? Мурашкі. А вунь паглядзі-тка, якіх акул ловяць — маршалаў, генералаў, наркомаў, работнікаў ЦК. Так што мы не адзінокія ў гэтых адносінах. Ды нас жа і выпусцяць хутчэй за іх. Вось толькі даведаецца пра ўсё гэта таварыш Сталін, ён пакажа гэтым самавольнікам, дзе ракі зімуюць! Дастанецца і гэтаму выскачку Яжову! Ён усім ім дасць раскрутку!
Тут трэба дадаць, што Абульханаў у турму трапіў другі раз. Першы раз пасадзілі яго за краты ў студзені 1930 года як падкулачніка, за тое, што абараняў раскулачанага
суседа, даказваў, што з ім несправядліва абышліся. Мала таго, ён гаварыў, што так рабіць могуць толькі шкоднікі. I вось за «абразу і паклёп на дзяржаўных прадстаўнікоў» яго і пасадзілі. Але, не дачакаўшы суда, праз тры месяцы яго вызвалілі. А дапамог гэтаму артыкул Сталіна «Головокруженне от успехов», апублікаваны ў «Праўдзе» ў сакавіку 1930 года. Да першага арышту Абульханаў жыў у вёсцы Арзы Татарскай АССР. Як і яго бацькі і ўсе сваякі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Пасля вызвалення з турмы ён развітаўся з родным домам і роднымі мясцінамі і паехаў да знаёмых у Ленінград. Спачатку жыў адзін, а калі падшукаў належную кватэру, прывёз туды і сям’ю. 3 першага і да апошняга дня працаваў грузчыкам гандлёвай сеткі Гасцінага двара.
I вось цяпер, праз сем гадоў, пра яго ўспомнілі і пасадзілі за краты ў «Крыжах». Але ён упэўнены, што як толькі Сталін даведаецца пра такія беззаконні, яго адразу ж зноў выпусцяць. Верыў гэтаму і запэўніваў іншых, не ведаючы таго, што 37-ы год — гэта не 30-ы.
Пакуль Абульханаў знаходзіўся паміж вязняў камеры 889, тут панаваў дух бадзёрасці і надзеі. Кожны спадзяваўся на сваё хуткае вызваленне і наогул на выратаванне невінаватых, а таксама на пакаранне гвалтаўнікоў «справядлівай рукой таварыша Сталіна» і яго верных сяброў — Молатава, Варашылава, Кагановіча, Малянкова, пакуль нейкі нягоднік не зрабіў на яго данос. Але пра гэта ніжэй.
ДЗЯМЯН БЕДНЫ I ЗАПАЛКІ
Недзе ў канцы жніўня ў камеру прывялі яшчэ аднаго насельніка — слесара Іжорскага машынабудаўнічага завода. Гэта быў зусім яшчэ малады хлопец — гадоў 25, які да турмы не паспеў нават ажаніцца. Жыў з бацькамі, якія таксама працавалі на тым жа заводзе.
— Як гэта табе, такому маладому, давялося сюды патрапіць? — спытаў у яго Красноў.
— Я, браток, і сам здзіўляюся, як я мог сюды трапіць. — Няўжо і не сказалі за што?
— Чаму не сказалі? Сказалі! За тое, што мы сваёй брыгадай сапсавалі першы савецкі блюмінг, які так патрэбны быў нашай айчыннай металургічнай прамысловасці. За гэта пасадзілі не толькі мяне, а і ўсю брыгаду на чале з брыгадзірам.
— Дык як жа гэта так здарылася?
— А д’ябал яго ведае! Хто не працуе, той не памыляецца. А тут яшчэ такая навінка, якую да гэтага мы нават у вочы не бачылі.
— Ну, і як на гэта паглядзелі «блюсціцелі савецкіх законаў»? Як вашу памылку яны ацэньваюць?
— Кажуць, што мы гэта наўмысна зрабілі, з мэтай шкодніцтва. Кажуць, што мы — паслядоўнікі Рамзіна і што за гэта нас будуць караць па ўсёй строгасці савецкіх законаў.
— Дзе гэта вам так сказалі?
— У Колпінскім аддзяленні энкавэдэ. А што тут скажуць, не ведаю.
— Вядома, па галоўцы не пагладзяць,— азваўся Абульханаў.
— Я і сам так думаю,— сказаў слесар.
Звалі навічка Віталем Громавым. Ён быў рухавым і гаваркім чалавекам, таварыскім па натуры. Яшчэ ў Колпіне атрымаў ад бацькоў неблагую перадачу, з якой і прыбыў у «Крыжы». I вось, зайшоўшы ў камеру, адразу ж развязаў свой клунак і пачаў частаваць новых сяброў па няшчасці.
— Дарагі таварыш,— сказаў яму Абульханаў,— у нас устаноўлены такі парадак: усё з прадуктаў і іншых спажывецкіх тавараў, што паступае ў камеру, уручаецца старасту, які размяркоўвае ўсё паміж жыльцамі.
— Прабачце, я гэтага не ведаў. Таварыш стараста, я перадаю вам усё, што прынёс. Дзяліце так, як у вас тут устаноўлена.— I ён адразу ж перадаў Міхасю клунак з прадуктамі.
— Папяросы і запалкі таксама,— не супакойваўся Абульханаў.
Навічок не спрачаўся — перадаў старасту і гэта, але папярэдзіў:
— He ведаю, як з курэннем, а што датычыць запалак, то папрашу эканоміць. Справа ў тым, што апошнім часам у Ленінградзе і ў вобласці зніклі з прылаўкаў магазінаў запалкі.
— А не ведаеце чаму, па якой прычыне? — спытаў Міхась.
— Ходзяць такія чуткі, што на этыкетцы запалкавага пачка замест звычайнага агню-полымя намалявана бародка Троцкага. А таму паступіў загад зверху — зняць з продажу і знішчыць усе запалкі.
— Можа, і гэта ў нейкай меры паслужыла прычынай знішчэння запалак, толькі галоўнае ў іншым,— загаварыў ўпэўнена Красноў.
2 П. Пруднікаў
33
— А ў чым жа? — пачуўся здалёку голас бухгалтара Смоліча.
— А вось у чым,— працягваў Красноў,— запалкавая фабрыка, якая забяспечвала Ленінград і вобласць запалкамі, носіць, праўдзівей, насіла да гэтага імя Дзям’яна Беднага. Яна размяшчаецца ў Чудаўскім раёне.
— Ну, і што з таго? — не адставаў бухгалтар.
— Што, пытаецеся? Дзям’ян Бедны аб’яўлены «ворагам народа» і арыштаваны. Значыць, стала неяк няёмка і нават небяспечна мець запалкі, на якіх красуецца яго імя. Па гэтай прычыне і помнік Аляксандру III, што стаяў на плошчы Паўстання супраць Маскоўскага вакзала, не так ддўно быў зняты з п’едэстала.
— А пры чым тут помнік?
— А пры тым, што на пастаменце яго былі высечаны вершаваныя радкі таго ж самага Дзям’яна Беднага. Пра ўсё гэта я чуў ад аўтарытэтных людзей яшчэ ў «Шпалерцы».
— Адзін чалавек прынёс гэтулькі страты! — азваўся пастух, які ўвесь час маўчаў.
— He, хлопцы, тут нешта нядобрае выходзіць, а што — цяжка зразумець,— нарэшце падаў свой голас і качагар.— Дзям’ян Бедны — першы пралетарскі паэт. Кажуць, што ён у свой час разам з Леніным жыў у Крамлі. А ўтрамадзянскую вайну мы песні яго спявалі. Што ж гэта такое робіцца на белым свеце?
Усе маўчалі. Бо ніхто не мог адказаць на такое балючае пытанне качагара Карчова. Запалкі, помнік ля Маскоўскага вакзала ў Ленінградзе і лёс самога знакомітага паэта пачаў пераблытвацца з лёсам саміх вязняў.
I першы пасля такой нечаканай навіны загаварыў «божы чалавек» — Адамс:
— Паколькі такі крызіс на запалкі, я прапаную кожную запалку дзяліць на часткі.
— А як гэта рабіць? — пачулася пытанне.— Хто зможа ўзяць на сябе такую складаную справу?
— Я,— упэўнена сказаў як адрэзаў, Адамс.— Усю гэту справу бяру на сябе.
— Я лічу, што трэба пагадзіцца з Адамсам і даручыць яму такую важную для нас місію,— выказаў згоду стараста Асцёрскі.
Так ціхі «божы чалавек», не спяшаючыся, пачаў дзяліць з дапамогай ляза брытвы, якое ён тайком пранёс праз турэмны заслон, кожную запалку на дзве, a то і чатыры часткі. Дзякуючы гэтаму вынаходству запалкавы крызіс не вельмі адбіўся на людзях камеры 889.
МАТРОС
Недзе на пачатку верасня пераступіў парог камеры яшчэ адзін, ужо дзевяты па ліку, «жыхар» — матрос Мітрафанаў. Ён служыў механікам на траўлеры Мурманскага рыбалавецкага флота. Судна гэтае ў пошуках добрага ўлову курсіравала па ўсёй экваторыі Атлантыкі і не вярталася ў порт прыпіскі па некалькі месяцаў. Гэта быў параход-завод са ўсёй тэхнікай і механізмамі.