За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
Таіса выйшла з кабінета дырэктара ў такім становішчы, што не бачыла ні людзей, ні дзвярэй, якія вялі на вуліцу. Па дарозе завітала да сяброўкі, расказала ёй пра сваё гора, і тая параіла ёй змірыцца, пайсці на капітуляцыю.
— Таіска, любая мая сяброўка, нічога ты сваёй наіўнай упартасцю не даб’ешся. Ці ж ты не бачыш, што робіцца на белым свеце? Павальныя арышты. Цяпер кожны дрыжыць за сваю скуру. А таму шкадаваць цябе ніхто не будзе, не асмеліцца.
— Дык што ж ты мне параіш?
— Пайсці на такую ахвяру, на такую подласць, каб уратаваць і сябе, і сына. Міхась цябе зразумее. Думаеш, ты адна такая — сотні, тысячы! Вось зайдзі ў бібліятэку, перагарні старонкі «Ленннградской правды» і «Красной газеты» і ты ўбачыш у кожным нумары падобныя адрачэнні. I ты думаеш, што чытачы вераць ім? Усе, акрамя дурняў, ведаюць, што гэта ліпа. А што зробіш — такі час. А які час, такія і песні.
Пасля гэтага Таіса яшчэ раз параілася з бабуляй, і тая на гэты раз дала згоду. Потым яна паступова падрыхтавала да гэтага суседзяў па кватэры, якія заўсёды дапамагалі ёй. I добрых знаёмых таксама.
Праз дзень яна пайшла ў тую ж гарадскую пракуратуру і заявіла аб сваёй згодзе. Пракурор павіншаваў яе з «разумным рашэннем», пахваліў за «разважлівасць» і даў падпісаць даўно падрыхтаваную стандартную паперку, у якой пісалася: «Я, грамадзянка Таіса Максімаўна Асцёрская, адракаюся ад свайго былога мужа, Асцёрскага Міхаіла Раманавіча, які ўпотайкі ад мяне займаўся бруднымі справамі і зрабіўся ворагам нашага, савецкага народа. Пасылаю яму сваё пракляцце і больш не жадаю насіць яго прозвішча!
21 верасня 1937 г.	Т. Асцёрская-Мартынава».
ТУМАН НЕВЯДОМАГА
У той час, як Таіса хоць трохі даведалася пра горкі лёс мужа, для Міхася ж і яго ўласны лёс, і лёс яго жонкі патаНУЎ У тумане невядомага... Ішлі дзень за днём, месяц за месяцам, а змен ніякіх не адбывалася. Прыходзілі і адыходзілі з камеры людзі, а ён усё заставаўся на сваім месцы, быццам пахілы крыж ля забытай магілы. Ніхто яго не турбаваў, ніхто ім не цікавіўся. Неяк ён адважыўся нагадаць пра сябе дзяжурнаму па корпусе, на што той суха і груба сказаў:
— Калі трэба будзе, паклічуць. He думай, што пра цябе забыліся. Тут ні пра каго не забываюць. Сядзі і чакай сваёй чаргі!
I Міхасю нічога не заставалася, як сядзець і чакаць. А калі прыйдзе тая чарга і што яна прынясе яму, нічога не ведаў — усё знікала ў тумане невядомага... А невядомае горш за ўсякае пакаранне... На гэта і разлічвалі тыя, хто яго пасадзіў і хто разлічваў зламаць яго і дабіцца выдуманага прызнання.
Са старых насельнікаў камеры 889 працягвалі пакутаваць разам з Міхасём толькі двое: ваенрук Красноў і бухгалтар Смоліч. Качагара Карчова, грузчыка Абульханава, слесара Громава пасля некалькіх экзекуцый, калі яны падпісалі на сябе «даносы», адправілі ў перасыльную турму. Амаль разам з імі пакінуў камеру і «божы чалавек» — цясляр Адамс. Трошкі раней забралі з камеры пастуха Калелайнена і матроса Мітрафанава. Гаварылі, што іх змясцілі ў турэмны шпіталь пасля цяжкіх катаванняў на допытах. А які далейшы іх лёс, Міхась ужо не ведаў. Заместа іх прысылалі ў камеру новых ахвяр, але і яны доўга не затрымліваліся. Так што Міхась па-ранейшаму заставаўся нязменным старажылам і старастам гэтай камеры.
На пачатку кастрычніка бухгалтара Смоліча першы раз павялі на допыт, адкуль ён ледзь прыйшоў з дапамогай ахоўнікаў. He сказаўшы нікому ні слова, ён лёг на падлогу і заплакаў. А было гэта пад раніцу, гадзін у пяць. Ніхто яго не чапаў і не перашкаджаў размаўляць самому з сабой. А калі ён супакоіўся, трошкі паспаў і адведаў баланды, Міхась асцярожна спытаў:
— Дык што яны вам прад’яўляюць, у якіх грахах абвінавачваюць?
— У грахах усяго свету, усіх часоў і народаў. Кажуць, што я рыхтаваў эканамічную, палітычную і тэхнічную дыверсіі. Выходзіць так, што я — вораг над ворагамі, гад над
гадамі. Вы бачыце, як яны, гэтыя каты, «абработалі» мяне. I сказалі, што, калі я буду зноў «запірацца», перавядуць на «Шпалерку», дзе ёсць больш надзейныя ўмовы праводзіць «дазнанне». Там, кажуць, ніхто не вытрымлівае, адразу «расколваецца». Падабраны там і асобны штат інквізітараў.
— Але мне здаецца, вы не дапусціце, каб і з вамі рабілі тое, пра што вы кажаце.
— Што, думаеце, тут «раскалюся»?
— He думаю, але ўсё можа быць.
— He, браце, ні тут, ні там я не стану падпісваць на самога сябе смяротнага прысуду! Калі ж вы не верыце, то тады вы слаба мяне ведаеце. Паміраць буду ў страшэнных муках, а не падпішу!
Праз дзень Смоліча зноў выклікалі на допыт, дзе пасля кароткай экзекуцыі адпусцілі і сказалі, што перавядуць на «Шпалерку».
За Смолічам выклікалі сярод ночы і Краснова. Выклікалі без асабістых рэчаў, усе чакалі яго хуткага вяртання, але ў камеру ён больш не вярнуўся: знік, як быццам яго апусцілі ў ваду з каменем на шыі. Адны гаварылі, што ён пабіты да паўсмерці і трапіў у шпіталь, а там «аддаў канцы». Другія лічылі, што ён памёр ад пакутаў на допыце. А трэція — што яго расстралялі па рашэнні ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР. Як бы там ні было, а Красноў у камеру больш не вярнуўся, пакінуўшы свае рэчы: ручнік, мыла, зубную шчотку і парашок. Такая дэталь гаварыла пра тое, што яго на белым свеце больш няма. I гэта кожны разумеў.
Так Міхась паступова развітаўся з усімі насельнікамі камеры 889 і, як і два месяцы таму назад, застаўся адзін, але ненадоўга: зноў прыходзілі новыя і новыя людзі — прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў, нацыянальнасцяў, прафесій і веку.
Сярод навічкоў быў механік Сестрарэцкага зброевага завода, брыгадзір абароннага цэха Кіраўскага завода, загадчык свінафермы Чырвонаармейскага (Гатчынскага) раёна, студэнт Ленінградскага універсітэта, наборшчык з друкарні «Печатный двор», старшыня калгаса з Лужскага раёна, бібліёграф бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, аграном-палявод з Ціхвінскага раёна. Зноў у камеры для адзіночнікаў пасялілася дзесяць чалавек. Зноў даводзілася спаць амаль што седзячы.
ЦІКАВЫЯ ЛЮДЗІ
Усе насельнікі камеры 889 «новага набору» былі цікавымі людзьмі. Кожны з іх меў свае погляды, пераконанні, свае арыгінальныя рысы характару. Асабліва цікавымі здаваліся тры чалавекі: механік Сестрарэцкага зброевага завода Іван Сямёнавіч Сяргееў, загадчык свінафермы калгаса імя Сталіна Мікіта Рыгоравіч Іваноў і студэнт Ленінградскага універсітэта імя Бубнова Павел Сцяпанавіч Лёсік.
Сяргееў — патомны рабочы. Колькі існаваў гэты славуты завод, столькі там і працавалі прадстаўнікі гэтай рабочай дынастыі. Сам Сяргееў пачынаў свой працоўны шлях хлопчыкам-падлеткам. Потым ён удзельнічаў у першай сусветнай і грамадзянскай войнах. Быў мараком, служыў на легендарнай «Аўроры» і быў на караблі ў той час, калі ён даў залп па Зімнім палацы. Пасля ён двойчы трапляў у рукі царскіх сатрапаў і белых банд і цудам ратаваўся. Выпадковасць дапамагла яму пазбегчы той расправы, якую ўчынілі над захопленымі маракамі белагвардзейцы ў раёне Лісінага Носа на прыбярэжнай дамбе Фінскага заліва. На «Аўроры» ён уступіў у рады РКП(б). Было гэта ў 1917 годзе, пасля лютаўскай рэвалюцыі. На долю Сяргеева выпала і адбудоўваць, аднаўляць разбураны родны завод. Ад падручнага слесара ён дайшоў да першакласнага майстра-механіка. На дзень арышту яму ішоў сорак дзевяты год.
— Іван Сямёнавіч, якая ў вас сям’я? — спытаўся ў яго Міхась.
— Тут я адзін як перст, а дома — жонка і двое дарослых дзяцей: сын і дачка. Дарэчы, яны ўжо самі маюць дзяцей і жывуць асобна сваімі сем’ямі.
— У чым жа вас абвінавачваюць?
— У грахах белагвардзейцаў. Тое, што рабілі яны са мной і маімі сябрамі, прыпісваюць мне — былому чырвонаму матросу.
He менш цікавай была біяграфія новага вязня — былога загадчыка свінафермы Іванова. Яму таксама было каля паўсотні гадоў, і ён таксама ўступаў у рады партыі бальшавікоў у 17-м, у час ліпеньскіх падзей. Разам з іншымі камуністамі і беспартыйнымі бальшавікамі ахоўваў Леніна ў час знаходжання яго ў «Разліве», а потым і ў Смольным. Удзельнічаў у штурме Зімняга. Пасля прымаў удзел у разгроме белых банд Юдзеніча. Быў цяжка паранены пад Пулкаўскімі вышынямі, страціў правую руку і застаўся з пакалечанаю леваю нагой. Цудам уцалеў, як ён сам пра гэта гаварыў. Больш ваяваць яму не давялося з-за інваліднасці,
і ён асеў у роднай вёсцы, заняўся сельскаю гаспадаркай.
— На маім вяку,— гаворыць Іваноў,— тройчы мянялася назва майго роднага раённага горада. Да рэвалюцыі яго называлі Гатчынай, пасля рэвалюцыі — Троцкім, потым Чырвонагвардзейскім, а цяпер зноў будзе называцца Гатчынай. Каму гэта трэба? Навошта так рабіць?
— Гэта, пэўна, і з’явілася прычынай вашага арышту? — спытаўся нехта з вязняў.
— Гэта і тое-сёе іншае.
— А што яшчэ? — пацікавіўся Міхась.
— Тое, што парасяты дохлі ад недаядання. А што ж мне было рабіць, калі корму не давалі? He самому ж лажыцца ў карыта. I гэта яшчэ не ўсё. Кажуць: «Ты капітуляваў перад Юдзенічам. Параніўся, каб не ваяваць, самастрэлам заняўся...» Гэта я, значыць, спецыяльна сабе правую руку адрываў і нагу левую ламаў. Вось вам, дарагія таварышы, і законы.
— Ну, а як у вас з калгасам? Адразу пайшлі?
— А куды ж мне было дзявацца? Амаль першы запісаўся. Нават нейкі час старшыняваў, а потым папрасіў замяніць мяне здаровым чалавекам. Пасля таго я яшчэ трошкі быў брыгадзірам, а калі арганізавалася свінаферма, мяне, як камуніста, прызначылі ўзначаліць яе. Так я і «ваяваў» са свіннямі і свінаркамі аж да самага арышту.
— Ну, а як, цяжка было «ваяваць» на тым фронце? — зноў спытаў Міхась.
— He лягчэй, чым з белякамі. Там я быў паранены ў руку і нагу, а тут — у сэрца. Добра, калі галава ўцалее,— загадкава закончыў Іваноў.
Студэнт Лёсік быў самым маладым вязнем у камеры. Ен меў дваццаць тры гады, быў узяты з трэцяга курса гістарычнага факультэта. Сам ён родам з Беларусі, але ні бацькоў, ні месца свайго нараджэння не памятае. Выхоўваўся ў дзіцячым доме пад Смаленскам. Чуў ад людзей, што нарадзіўся недзе ля Баранавіч. Яму гаварылі, што яшчэ ў часы першай сусветнай вайны ён разам з бацькамі-бежанцамі апынуўся на Смаленшчыне. Бацькі па дарозе загінулі, і ён маленькім дзіцем апынуўся на руках чужых людзей, якія адразу ж уладкавалі хлопчыка ў дзіцячы прытулак на Смаленшчыне.