За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Мітрафанаў быў не малады, але і не стары яшчэ чалавек, гадоў за трыпдаць. Высокага росту — каля двух метраў, атлетычнага складу, мускулісты, рухавы, але не мітуслівы. Сам русавалосы, з прыгожым абветраным тварам, на якім нібы назаўсёды пакінулі свой след марскія штормы і буры. Відаць было, што ён зведаў шмат за сваё марское жыццё: і радасці, і крушэнне надзей, і адчай, бо плаваў ён больш як дзесяць гадоў.
У камеру Мітрафанаў увайшоў смела, але з тактам бывалага чалавека. 3 усімі асобна павітаўся і пазнаёміўся, як гэта звычайна і робяць бывалыя людзі. Расказаў сваім новым сябрам па няшчасці, што ён не так даўно пакінуў судна, паспеў пагуляць па-матроску, а пасля «пазагараць» у мурманскай акруговай турме. Праўда, нядоўга, усяго толькі два тыдні, пасля чаго мясцовае турэмнае начальства чамусьці вырашыла адправіць яго ў ленінградскія «Крыжы».
Усе свае харчовыя запасы ён адразу ж перадаў старасту камеры. Курэнне і запалкі — таксама.
— Таварыш матрос, вы, пэўна, нейкую акулу пакрыўдзілі, што трапілі сюды, да нас? — жартуючы, спытаўся ў яго Міхась.
— Hi кітоў, ні акул мы не лавілі. Больш селядцы ды траску,— не зразумеўшы жарту, адказаў Мітрафанаў.
— А ў чым, прабачце, вас абвінавачваюць?
— Кажуць, што шпіёніў, знаходзячыся за межамі Радзімы са сваім траўлерам.
— А была такая справа? — шуткаваў Міхась, гледзячы ў твар былому бясхітраснаму матросу.
— Навошта вы здзекуецеся з мяне? — пакрыўдзіўся Мітрафанаў.— Вы ж бачыце, што я не здольны на такія сабачыя справы.
— Вы даруйце мне, таварыш Мітрафанаў, за такі жарт, я гэта так, каб унесці нейкую разрадку для свайго калектыву ў гэтым «санаторыі».
— Ну нічога, я на вас не крыўдую,—адказаў Мітрафанаў.— На вашым месцы я рабіў бы тое ж самае.
— Што ж, тады распранайцеся і ўладкоўвайцеся, як вам зручней будзе,— спагадліва прапанаваў Міхась навічку.
— Цеснавата ў вас, хлопцы,— пасмялеўшы, спрабаваў шуткаваць новы жыхар.
— У цеснаце, ды не ў крыўдзе,— на жарт адказаў жартам Міхась навічку.— Вось мяркуем падаць заяву ў ЖАКТ, можа, там улічаць нашу просьбу і пашыраць жылплошчу.
Усе засмяяліся.
3 прыходам Мітрафанава пачаліся выклікі на допыты, a разам з імі і катаванні. Ужо ў наступныя суткі пасля яго прыходу павялі ў кабінет следчага пастуха Калелайнена. Гэта была першая ластаўка, а праўдзівей — першая ахвяра. Як правіла, допыты праводзіліся ноччу — з дванаццаці гадзін да шасці гадзін раніцы. Днём жа адпачывалі і каты, і пакутнікі. Праўда, апошнім такая раскоша не заўсёды выпадала. Пасля кашмарнай ночы тыя, што маглі, часцей за ўсё стаялі ў калідоры тварам да сцяны, за якой размяшчаліся кабінеты следчых.
Калелайнена ўзялі ў дзве гадзіны ночы, а ў камеру прывялі ў пяць гадзін раніцы. I не прывялі, а прывалаклі, як быццам які мяшок, набіты сенам. Учарашні жвавы, здаровы чалавек цяпер паходзіў на труп. Ён быў увесь у сіняках і ў крывавых ранах.
Міхась як стараста камеры распарадзіўся вызваліць адзіны дашчаны шчыток, на якім сам пачынаў тут жыццё, і пакласці на яго небараку. Потым намачыў ручнік і з дапамогай сяброў па камеры — Краснова і Адамса — прамыў крывавыя раны чалавеку.
Толькі недзе гадзін у шэсць вечара ён упершыню адкрыў вочы і прамовіў: «Піць...» Вязні падалі яму гліняную конаўку, напоўненую астылым чаем з рэдкаю заваркай — яго дзённаю порцыяй, і ён выпіў яе да дна. Ніхто нічога не пытаўся, бо і так было відаць, хто і за што «частаваў» яго. Усе маўчалі. Але хутка гэту нядобрую цішыню парушыў матрос Мітрафанаў:
— Трэба ж было дазволіць, каб з такога маладога, здаровага і дужага чалавека здзекаваліся гэтыя вырадкі.
— У гэтых сценах і пры такіх абставінах такое можа здарыцца з кожным, у тым ліку і з табою, матрос,— адказаў былы ваенрук Красноў.
— Са мной?! — ускіпеў Мітрафанаў.— Ды я іх разнясу разам з гэтымі сценамі! Вы яшчэ мяне не ведаеце, дарагі таварышок!
— Мітрафанаў,— умяшаўся Міхась,— леў і тыгр дужэйшыя за цябе, але і яны трапляюць у клетку і ў цырку
робяць усё тое, што ім загадаюць. I з жыццём развітваюцца, калі перастаюць слухаць сваіх гаспадароў і падпарадкоўвацца ім.
— Я — не леў і не тыгр, а матрос Мітрафанаў, які заўсёды можа пастаяць за сябе.
— Ну што ж, пажывём — убачым, хто на што здатны. Як кажуць, дай божа ўдачы. Можа, ты і правучыш гэтых катаў.
Роўна праз суткі ўспомнілі і пра Мітрафанава. У дванаццаць гадзін ночы па яго прыйшлі ў камеру два канваіры ў блакітных фуражках з трохлінейкамі цераз плячо. Ён усміхнуўся, памахаў рукою сябрам па камеры і знік за жалезнымі дзвярамі.
Ён вярнуўся толькі ў шэсць гадзін раніцы, але як! Туды яго вялі два канваіры-ахоўнікі, а адтуль неслі на руках ужо чатыры, таму што для двух цяжар быў не пад сілу. Цяпер дашчаны шчыток быў вызвалены для яго. Суткі ляжаў матрос нерухома. Нават і тады, калі ўжо апрытомнеў, доўга нічога не гаварыў. Ды і з насельнікаў камеры ніхто не турбаваў яго. Хоць ён і не прасіў, але яму падалі вады, і ён без слоў узяў дрыготкімі рукамі поўную конаўку і залпам выпіў.
Калі ж стала бачна, што матрос трохі ачуняў, Міхась падышоў да яго ложа і спытаў:
— Ну што, Мітрафанаў, не па-твойму выйшла?
На пытанне Асцёрскага Мітрафанаў не азваўся, толькі павярнуўся да сцяны і гучна заплакаў. Што ён думаў, аднаму богу было вядома.
He паспеў матрос добра ачуняць, як у наступную ноч яго зноў павялі на допыт. Гэтым разам ён вярнуўся хутка, праз якую гадзіну, і ўжо без дапамогі канваіраў-ахоўнікаў, сваім ходам.
— Што так хутка? — спыталі сябры па камеры.
— Ат, што мне з імі там рабіць? — адказаў ён, ухіляючыся ад прамога адказу.
— Раскалоўся?
Раскалоўся — гэта значыць прызнаўся.
— Раскалоўся,— неахвотна адказаў ён.— Усё роўна ім не дакажаш, што белае — гэта не чорнае, а чорнае — не белае.
Услед за Мітрафанавым зноў павялі на допыт і пакуты Калелайнена, аднак і ён доўга там не затрымаўся і на сваіх нагах вярнуўся ў камеру. Ён таксама падпісаў на сябе пратакол, таксама «раскалоўся». Цяпер ужо яго абвінавачвалі не толькі ў агітацыі супраць савецкай улады, а яшчэ і ў шпіянажы на карысць Фінляндыі.
Наступнай ахвярай быў «божы чалавек» Адамс. Гэты з першага разу прыняў на сябе грэх: што сказалі, тое і падпісаў. Новы «вораг народа» «працаваў» ужо на буржуазную Эстонію.
Так на працягу трох сутак камера 889 прынесла тры ахвяры. Але галоўнае было яшчэ наперадзе.
ПРАВАКАТАР
Здавалася б, хопіць, ды не: у камеру, якая была разлічана на адзіночнікаў, упіхнулі яшчэ аднаго, дзесятага чалавека. Ён аказаўся самым вясёлым і кампанейскім з усіх насельнікаў гэтай мышалоўкі-пасткі. Яшчэ не паспелі сціхнуць за ім дзвярныя замкі-запоры, як ён з вясёлай усмешкай на твары да ўсіх і да нікога асабіста загаварыў:
— Шчокін Міхаіл Міхайлавіч, былы загадчык Смольнінскага райана горада на Няве, а цяпер — ахвяра часу і памагатых Яжова.
Ён быў сярэдняга росту, а таксама і веку — меў пад сорак гадоў, з тварам зарослым чорнай шчацінай, праз якую, як светлячкі, блішчэлі яго зыркія і ў той жа час пільныя вочы. Быў ён ненатуральна гаваркі.
— Хто тут у вас за старшага? Хачу ўручыць яму ўсе мае багацці: сухары, масла, цукар, папяросы, запалкі,— звярнуўся ён да прысутных. I калі паказалі на Міхася, ён адразу ж перадаў яму ўсё, што прынёс з сабою ў камеру.
— Гэта вось перадала мне жонка перад адпраўкай сюды са «Шпалеркі», унутранай турмы пры Ленінградскім аддзяленні НКВД. Тут увесь мой скарб,— гаварыў ён неяк па-свойску.
— А вы ўжо і «Шпалеркі» адведалі? — спытаў у яго Красноў.— А я трапіў сюды з ваеннай.
— Адведаў і таго «раю»,— адказаў ён, уздыхаючы.
— Ну, як і чым вас там «частавалі»? — зноў спытаў Красноў.
— Ды, пэўна, тым жа, чым і вас там, на Загарадным, у ваеннай. Ратуй мяне, божа, ад такой «гасціннасці».
Праз якую гадзіну Шчокін з усімі насельнікамі камеры перайшоў на «ты» — стаў сваім чалавекам. Для кожнага ў яго знаходзіліся словы спагады. Але асаблівую зацікаўленасць выклікалі ў яго трое: Асцёрскі, Красноў і Смоліч. Двое былі звязаны са школай, а трэці — з бухгалтарскім улікам. Акрамя гэтага, Міхась Асцёрскі меў
адносіны і да мастацкай літаратуры. Шчокін уюном віўся каля гэтых ахвяр.
Акрамя Краснова, яго ніхто не раскусіў. Усе захапляліся яго кемлівасцю, знаходдівасцю і аптымізмам, яго эрудыцыяй, таварыскасцю, а таксама шчырасцю. Словам, гэта была фігура, перад якой ніхто не мог застацца спакойным і абыякавым. Кожны хацеў трапіць яму ў лад. Пра што ён толькі не гаварыў, якія толькі тэмы не закранаў! Гаварыў аб усім, але не разганяўся. Больш вымушаў гаварыць сваіх субяседнікаў, асабліва на палітычныя тэмы і пра парадкі ў турме.
— Скажыце,— пытаўся ён,— б’юць у турме на допытах, здзекуюцца над невінаватымі?
— Бывае,— адказваў за ўсіх бухгалтар Смоліч.— 3 нашай камеры двум ужо косці «паправілі».
— А ў «Шпалерцы» проста лютуюць, да смерці забіваюць тых, хто не паддаецца на вудачку следчых,— гаварыў Шчокін.— Начныя крыкі катаў і іх ахвяр спаць нікому не даюць.
— У нас тут таксама не лепш за «Шпалерку»,— адазваўся Міхась,— таксама па начах дзікія оргіі.
— Дык і тут ёсць майстры кулачнай справы?
— А дзе ж іх няма ў наш трывожны час?
Апошнія словы Міхася спадабаліся Шчокіну, а вось Краснова насцярожылі.
— Э, ці мала што бывае? — сказаў ён.— Допыт ёсць допыт. Гэта не экзамены ў школе і не частаванне ў кафэ. Па-добраму тут нічога не даб’ешся,— сказаў ён, гледзячы дапытліва ў вочы Шчокіну.
— А мяне, браткі, у «Шпалерцы» ледзь да смерці не забілі. He ведаю, як толькі застаўся жывы,— скардзіўся на лёс і на парадкі ў турме Шчокін.
— А як жа ты выбраўся з тых клешчаў і трапіў сюды, у гэты «рай»? — не адставаў ад яго Красноў.
— А так. Паглядзелі, што я дробная рыбка, і спусцілі на прыступку ніжэй, у «Крыжы», да вас, значыць.
— Дык што, там яшчэ большыя за цябе рыбы знаходзяцца? — пацікавіўся Міхась.
— Што я супраць тых, каго там трымаюць? Нуль. Там, браток, сядзяць шышкі!
— Напрыклад?
— Чудаў, Струпэ, Кадацкі, Тупалеў, яго памочнік Каралёў... Я з імі ўсімі па чарзе стаяў у калідоры тварам да сцяны. Бачыў там і пісьменнікаў — Лібядзінскага, Мустангаву, Уксусава, Бергольц... Што ж гэта робіцца, га? — жа-
ласліва гаварыў Шчокін.— Ты таксама па гэтай справе — па пісьменніцкай? — спытаў ён у Міхася.
— Я яшчэ і сам не ведаю, па якой справе. Прывялі сюды, як барана за рогі, і будзь здароў.