За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Да пятнаццацігадовага ўзросту жыццё Лёсіка было звязана з гэтым домам-прытулкам. Пасля заканчэння сямігодкі ён нейкі час працаваў у Смаленску на швейнай фабрыцы, дзе набыў прафесію краўца. Паступіў на першы курс рабфака пры Ленінградскім універсітэце, потым на першы курс гіста-
рычнага факультэта, дзе правучыўся два гады і пачынаў трэці, ды яго арыштавалі. Вось і ўся біяграфія юнака-арыштанта.
— За што ж цябе, юнача, запраторылі сюды, у гэтую камяніцу? — спытаўся ў яго Сяргееў.
— На папярэднім следстве ў Васілевостраўскім раённым аддзяленні энкавэдэ мяне абвінавацілі ў тым, што я быццам хаваю сваё сацыяльнае і нацыянальнае паходжанне. Прыпісалі мне тое, пра што я і ў сне не сніў: быццам я сын беларускага пана-нацдэма нейкага Язэпа Лёсіка, якога яшчэ раней «обезвреднлм». Хто такі Язэп Лёсік, што ён рабіў і дзе ён цяпер, мне невядома. У каго я ні пытаўся ў такіх жа арыштантаў, як і я, ніхто не ведае. Можа, ён і сапраўды мне сваяк, але ж для мяне гэта — казка, не болей. Няўжо можна саджаць у турму людзей толькі за тое, што іх прозвішчы супадаюць з іншымі? Я нават не ведаю, што зрабіў той чалавек, якога прыпісалі мне за бацьку.
— А сам следчы ведае пра гэта? — спытаў Міхась.
— Пэўна, не, таму што і ён не мог адказаць мне на гэта пытанне.
— Дык слухай, дарагі дружа,— пачаў тлумачыць Міхась.— Язэп Лёсік — беларускі вучоны-мовавед, акадэмік, аўтар адной з першых граматык беларускай мовы, па якой вучылася не адно пакаленне юнакоў-беларусаў, у тым ліку і я. Яму прыклеілі ярлык «нацдэма», значыць, нацыяналдэмакрата,і выслалі за межы Беларусі, пасля чаго ён недзе ў РСФСР працаваў настаўнікам, выкладаў рускую мо'ву ў сярэдняй школе. Калі не памыляюся — на паўночным Урале. А дзе ён зараз, не ведаю. Можа, і яго зноў напаткаў Taxi ж самы лёс, як і нас грэшных. Бо цяпер толькі за падабенства прозвішча піхаюць за краты, дык што ўжо гаварыць пра самога «віноўніка»?
— Дзякую, таварыш стараста, цяпер хоць буду ведаць, хто такі мой ліпавы бацька.
— Што ты, вось тут, у гэтай камеры сядзеў чалавек, якому прыпісвалі ў бацькі генерала Краснова і толькі за тое, што носіць такое ж самае прозвішча. Бачыш, якое супадзенне. У адной камеры двое двайнікоў.
— А дзе ён цяпер, той Красноў? — пацікавіўся Лёсік.
— А хто яго ведае. Колькі дзён таму назад яго павялі на допыт — і з канцамі... Ад таго Краснова застаўся толькі ўспамін ды яго рэчы — ручнік, мыла, зубная шчотка, парашок. Можа, яго ўжо адправілі да продкаў...
— А што, тут і так бывае? — спытаў нехта з навічкоў.
— Бывае! Тут, у гэтых сценах, усё можа быць.
УСПОМНІЛІ
Прайшло не больш як месяц, і зноў амаль цалкам памяняліся насельнікі камеры. Яны былі яшчэ больш «стракатыя», чым папярэднія. Былі тут начальнікі цэхаў і радавыя рабочыя, старшыні сельсаветаў і калгасаў, простыя калгаснікі, вучоныя і інжынеры, журналісты і артысты. Трапіў і адзін малады пісьменнік, а таксама два настаўнікі. I амаль усе яны доўга не затрымліваліся. Іх выклікалі адзін-два разы на допыт, «пагутараць па душах», пасля чаго падсунуць ім паперку, і яньі яе падпісваюць. Бо ведаюць (ім ужо пра гэта наперад скажуць суседзі па камеры), што ўпірацца няма ніякага сэнсу. Бо калі ўжо бяздушныя следчыя паставілі сабе за мэту сцерці вас у парашок, то абавязкова сатруць — любой цаной.
Так вось амаль штодзень, як на перавалачную базу, прыходзілі ў камеру новыя людзі і хутка выбывалі з яе, a куды — невядома. Словам, для ўсіх быў нейкі рух. Адзін толькі стараста камеры заставаўся на месцы каля трох месяцаў. Для Міхася гэта была загадка. Ён ужо ўсяго перадумаў і, нарэшце, дадумаўся да таго, што хутчэй за ўсё, яго рыхтуюцца вызваліць з гэтай пасткі. Бо ён добра ведаў, што за ім няма ніякіх грахоў, што ён чысты, як ранішняя раса.
I вось, нарэшце, пятага лістапада, напярэдадні 20-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, яго выклікалі ў кабінет следчага. «Ну,— думаў Міхась,— спяшаюцца вызваліць мяне перад юбілейным святам, хочуць паднесці сюрпрыз і мне, і маёй жонцы. Як яна там? Каго нарадзіла? Як яна жыве там з малым без матэрыяльнай падтрымкі?»
Але дарэмна Міхась напружваў сваю фантазію, дарэмна ён цешыў сябе марамі-ілюзіямі.
Яго ўвялі ў кабінет, дзе адразу прапанавалі сесці і адказаць на анкетныя пытанні. Яшчэ раз спыталі, дзе нарадзіўся, вучыўся, працаваў, жаніўся. He забылі спытаць і аб складзе сям’і, а таксама месца сталага жыхарства. На ўсе пытанні ён адказваў дакладна, без памылак. Следчы ўсё акурагна запісаў і даў Міхасю падпісацца ў канцы анкеты, калі яе, тую паперку, можна было назваць анкетай. I тут Міхась зноў падумаў: «Выпусцяць, далібог, выпусцяць. Так ветліва не размаўлялі б, каб не збіраліся выпускаць. Яны гаварылі б са мной на іншай мове, як гэта рабілі з маімі таварышамі па камеры».
А таго Міхась не ведаў, што для яго рыхтавалі паперку на на «вылет», а на самыя цяжкія выпрабаванні, якія здольны пераносіць чалавек са здароўем волата. А што доўга не
выклікалі, дык гэта быў проста манеўр. Па-першае, хацелі добра пайграць яму на нервах; па-другое, нагнаць страху (ён бачыў, якімі вярталіся з допытаў яго сябры па няшчасці); і па-трэцяе, трэба было падабраць следчага, які б ведаў беларускую мову, таму што мелі справу не толькі з будучым настаўнікам, але і з пісьменнікам, хай сабе і маладым. Такога следчага чакалі з Мінска. I дачакаліся — ён прыехаў у «Крыжы». Ім аказаўся нейкі Фамін.
Калі Міхась вярнуўся ў камеру, да яго адразу ж кінуліся з пытаннем:
— Ну як, стараста, хутка на вылет?
— Цяжка сказаць, але ж нейкая надзея ёсць,— адказаў Міхась і пачаў расказваць пра сваю размову са следчым.
— Вось шэнціць жа чалавеку,— пазайздросціў нехта Міхасю.— Хоць доўга чакаў, з'атое дачакаўся свайго — на свята дамоў.
Тут пачалі рыхтаваць пісьмы з адрасамі, якія Міхась павінен быў даставіць сем’ям і сваякам вязняў.
— Выручай, таварышок, можа, і мы калі-небудзь выручым цябе,— гаварыў журналіст Змітро Сарока.— За намі не прападзе.
3 такімі думкамі жыла камера перад святамі і нейкі час пасля свят. Людзі суцяшалі сябе нейкімі надзеямі на справядаівасць, да якое ў той час было вунь як далёка.
ДЗІКУНЫ
Як ужо зазначалася вышэй, у гэтай турме-камяніцы ўся аператыўна-следчая работа праводзілася толькі ноччу. Удзень следчыя адпачывалі ад сваёй нялюдскай і крывавай працы. Гаспадарамі ўдзень былі афіцыйныя асобы — начальнік турмы, начальнікі карпусоў, дзяжурныя па карпусах і наглядчыкі. У гэты час неабмежаванымі правамі карысталіся дзяжурныя па карпусах. На кожны корпус іх было тры. Яны і дзяжурылі па чарзе гадзін па 12 запар. Кожны з іх меў свой нораў і характар, а таксама сваю мянушку, якую давалі ім зняволеныя па іх «заслугах». У корпусе, дзе сядзеў Міхась, аднаго з дзяжурных ахрысцілі «крыкуном», другога — «красаўчыкам-зазнайкам», а трэцяга — «лібералам». Калі дзяжурыў «ліберал», зняволеныя маглі вырашыць амаль усе свае пытанні. У час дзяжурства «красаўчыка-зазнайкі» трэба было падладкоўвацца пад яго характар і настрой, хітрыць, што не кожнаму было пад сілу. Але цярпець яго яшчэ можна было. А вось як толькі
заступаў на дзяжурства «крыкун», то сядзі як мыш пад мятлою — не рухайся і не пікні. Ледзь толькі хто асмеліцца заявіць аб сабе, падаць голас, ён, як драпежнік, улятае ў камеру, гатовы кінуцца на сваю ахвяру з разяўленай дзюбай і кіпцюрамі. Падыме крык, лаянку, адхвошча брыдкімі, нецэнзурнымі словамі.
Зняволеныя гаварылі паміж сабою:
— I як толькі зямля трымае такую поскудзь?!
Яго баяліся не толькі зняволеныя, але і калідорныя дзяжурныя, бо і да тых ён чапляўся, і яны яго ненавідзелі.
— Вунь ужо тая гадзюка, «крыкун», прыйпіоў на дзяжурства,— гаварылі зняволеныя, калі чулі яго голас у калідоры.
А што рабілася ў калідорах, усё было чуваць і ў камерах. Ды і не толькі ў калідоры аднаго паверха, а нават на ўсіх.
Можна было падумаць, што ў часе будаўніцтва турмы дапусцілі памылку: не ізалявалі камеры ад калідораў, а калідоры ад камер і пакояў-кабінетаў следчых. Што рабілася на першым паверсе (у кабінетах следчых), усё было чуваць нават у камерах чацвёртага паверха. Ды ўдзень гэта яшчэ сяк-так, працоўны рытм гэтай фабрыкі жахаў прыглушалі навакольныя гукі, а вось ноччу дзікія крыкі катаў і іх ахвяр пранікалі за жалезныя запоры кожнай камеры-клеткі і наводзілі страх на ўсіх іх насельнікаў-пакутнікаў. А можа, гэта і спецыяльна было так зроблена, каб наперад запалохаць ахвяр, псіхалагічна падрыхтаваць іх да прызнання свае «віны». Хто ведае?
Дзякуючы такой акустыцы, зняволеныя ведалі натуры не толькі тых турэмных начальнікаў, з якімі яны мелі дачыненні на працягу дня, але і тых, з якімі ніколі не сустракаліся і ніколі не сустрэнуцца. I адразу пазнавалі па голасе, па крыку, па бруднай і брыдкай лаянцы ў сваіх кабінетах у час следства.
— Вунь ужо гэты драпежны звер пачынае свой «працоўны дзень»,— гаварылі зняволеныя ў камерах.— Хутка ад яго вынесуць яшчэ адну знявечаную ахвяру.
А з першага паверха ляцелі брыдкія, нечалавечыя крыкісловы, якія не кожнаму даводзілася чуць на свабодзе. Услед за імі чуліся крыкі ахвяры, якая прасіла ратунку. Ды толькі хто яе тут будзе ратаваць? He для таго тут апынуліся людзі, каб з імі лічыліся і абыходзіліся па-людску. Тут панаваў закон джунгляў: моцны душыў слабага. Следчыя любымі сродкамі выбівалі са сваіх ахвяр «прызнанні».
«I адкуль толькі паназбіралася такая зграя, дзе іх павышуквалі, хто іх нарадзіў і ўзгадаваў?» — думаў Міхась.
Каб да жніўня гэтага года хто-небудзь сказаў яму, што дзесьці ёсць такія людзі-дзікуны, ён бы плюнуў такому чалавеку ў твар. А цяпер пераканаўся, што і сярод людзей ёсць дзікуны і драпежныя звяры.
Сярод усіх катаў асабліва вызначаўся адзін драпежнікгарлапан, якога завочна ведала ўся турма. Сваім дзікім крыкам ён падымаў на ногі ўсіх насельнікаў турэмнага корпуса. Нікому не давалі спаць яго маты-пераматы. Яго пракліналі ўсе зняволеныя і малілі ўсявышняга паслаць на яго галаву самае вялікае пракляцце. I, можа, іх маленні хоць раз ды былі пачуты.
Аднойчы, гадзіны ў чатыры ночы, услед за наступальным крыкам гэтага ката пачуўся контрнаступальны крык ахвяры, а потым і дзікі, ашаламляльны крык першага, таго самага ката, які ўжо сам прасіў дапамогі і літасці. I калі тая дапамога падаспела, ён, чуваць было, па-воўчы выў, прыгаворваючы: