За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— Я такога глупства не зрабіў, а вы зробіце.
— Чаму вы так думаеце?
— He ведаю чаму, але думаю і, пэўна, беспамылкова.
— Давайце закончым нікому не патрэбныя спрэчкі,— не стрымаўся Міхась.— Васіль Іванавіч, я бачу, што вы чалавек з багатым жыццёвым вопытам. Раскажыце нам што-небудзь пра сябе.
— Пра сябе расказваць нецікава. Але калі ўжо вы так просіце, некалькі слоў скажу. Нарадзіўся я ў сям’і паштовага служачага. Скончыў рэальнае вучылішча. Служыў спачатку ў царскай, а потым у Чырвонай Арміі. Удзельнік першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Да 1927 года хадзіў у шынялі — камандаваў ротай і рыхтаваў дапрызыўнікаў. А пасля дэмабілізацыі дзесяць год працаваў ваенруком у розных тэхнікумах Ленінграда, адкуль і трапіў за краты — спачатку ваеннай турмы, а потым і «Крыжоў». Вось і ўсё. А цяпер вы расказвайце пра сябе, часу ў нас хопіць.
— Мне расказваць пра сябе няма чаго,— сказаў Міхась,— таму што пражыў на свеце вельмі мала ў параўнанні з вамі. Нарадзіўся на Магілёўшчыне, у вёсцы, у сям’і сялян. Скончыў школу, пасля чаго некаторы час працаваў на Данбасе, потым на новабудоўлях Беларусі, грузчыкам на чыгуначнай станцыі ў Мінску. Нарэшце — супрацоўнік беларускіх газет і радыё. У гэтым годзе скончыў факультэт мовы і літаратуры Ленінградскага педінстытута імя Бубнава. Рыхтаваўся быць настаўнікам, ужо і прызначэнне меў на руках, але... апынуўся вось тут, у гэтым «гатэлі». Плюс да ўсяго — малады беларускі паэт. Маю кніжку вершаў на беларускай мове «Мазалёвыя рукі», але пакуль адзіную і, пэўна, апошнюю...
— Кароткая, але цікавая біяграфія. Дарэмна вы прыбядняецеся,— заўважыў Красноў.— Толькі, калі ласка, імя Бубнава больш не ўспамінайце, яго таксама пасадзілі і, кажуць, абвінавачваюць у шпіянажы, і судзіць яго будзе ваенны трыбунал. Пра гэта я пачуў у ваеннай турме,— зазначыў Васіль Іванавіч.— А вы, Іван Пятровіч, што раскажаце нам пра сябе? — звярнуўся ён да Карчова.
— Мая біяграфія нецікавая. Я — патомны піцерскі рабочы. Бацька ўсё жыццё працаваў на тытунёвай фабрыцы,
што на Васілеўскім востраве, а я — на піўзаводзе «Сценька Разін». Спачатку — памочнікам качагара, а потым, да самага арышту, — качагарам. Як і ўсе, ваяваў, абараняў савецкую радзіму. Удзельнічаў у штурме Зімняга і ў падаўленні Кранштацкага мяцяжу. Перажыў голад 1921 года. Але ўсё гэта даўно забылася. Больш пра сябе расказваць няма чаго.
— Дзякуй і за гэта,— сказаў Красноў.— Вось мы і пазнаёміліся. Я вельмі задаволены такой кампаніяй.
Васіль Іванавіч быў надзвычай тактоўны і эрудзіраваны чалавек. 3 ім можна было гаварыць на любую тэму.
Хутка высветлілася, што ён вельмі любіў жывую прыроду, асабліва птушак.
— Птушкі — гэта мая радасць,— гаварыў ён.— Я заўсёды любаваўся імі, пакуль не трапіў у гэтую пастку. Праўда, клетак ні з канарэйкамі, ні з папугайчыкамі я не заводзіў, бо не прызнаю такую «любоў» да птушак. Наогул я супраць усякай няволі. Птушцы, як і чалавеку, патрэбна сапраўдная свабода.
Птушкі нібы сапраўды чулі яго здалёк, бо не паспеў Красноў абжыцца ў іх у камеры, як да маленькага, з кратамі, акенца зачасцілі розныя пярнатыя, асабліва галубкі і верабейкі: ён дзяліўся з імі сваёй сціплай пайкай. Праз фортку акенца кідаў на падаконнік крошкі хлеба і аўсянай кашы. I калі гэта ўсё трапляла да яго сяброў — птушак, ён радаваўся, як дзіця. Так што яны не былі адзінокімі: ля нашага акенца заўсёды табуніліся птушкі.
НЯЎДЗЯЧНЫ ПАСТУХ
Праз дзень камера 889 папоўнілася яшчэ адным вязнем. Ім быў прадстаўнік калгасных палёў — пастух з Тосненскага раёна, фін па нацыянальнасці.
Гэты чалавек, як і нядаўна Карчоў, парог камеры пераступіў нясмела, насцярожана. Нават і тады, калі з громам зачыніліся акаваныя жалезам дзверы, ён з хвіліну пастаяў ля парога, абвёў поглядам камеру і яе насельнікаў, адкашляўся і ціха прамовіў:
— Здрасці!
— Здароў,— адказаў за ўсіх Карчоў,— праходзь, чаго стаіш? Размяшчайся, як табе зручней. Тут усе свае людзі. Ніхто цябе не пакрыўдзіць. He кусаюцца.
— Дзякую, добры чалавек,— сказаў навічок і скіраваў да сцяны, ля якой ляжаў голы шчыток замест ложка і тапча-
на. Ён сеў на край шчытка і паклаў паміж ног саматканую торбачку.
— Ну, расказвайце, як і за што сюды трапілі? — спытаў Міхась.
— Дайце ж чалавеку агледзецца,— не стрымаўся Красноў,— паспееце са сваімі роспытамі.
— Ды не, нічога, я ўжо аглядзеўся,— пасмялеў навічок.
— Калі так, то назавіцеся, хто вы і адкуль...
— Я — калгасны пастух з Тосненскага раёна, з вёскі Дзябуны, а калгас носіць імя таварыша Сталіна. Зваць мяне Эрві, а прозвішча Калелайнен,— гаварыў ён на ломанай рускай мове.
— Вы — фін?
— Фін. Наша вёска ўся фінская.
— Вас што, проста ад кароў узялі і сюды прывязлі? — спытаў Міхась.
— He, з дому, ноччу. Спачатку завязлі ў Тосну, у раённае энкавэдэ. Там ёсць невялічкая свая турма. Патрымалі з тыдзень, колькі разоў павадзілі на допыты і — у Ленінград, у гэтыя знакамітыя «Крыжы», якія я ўсё жыццё баяўся як чорт ладану.
— I ў чым жа вас абвінавачваюць?
— Ах, маўчыце, у дробязі, але гэтую дробязь раздзьмулі..
— А іменна?
— Аблаяў калгасную карову рускім матам...
— За што ж вы яе?
— Забралася ў канюшыну, і я па-добраму ніяк не мог адтуль яе выправадзіць. Ну, і не ўтрымаўся ад брыдкіх слоў. А вакол жа людзі. Куды ад іх дзенешся? Вось хтосьці пачуў, напісаў данос — і будзь здароў. 3-за каровы і «загараю» па турэмных камерах.
— Так вам і на следстве сказалі?
— Так і сказалі: «Чаму ты аблаяў калгасную, а не чыюнебудзь асабістую карову?» — «Дык я ж асабістых кароў не пасу».— «Гэта няважна, што не пасеш, а сутыкаешся ж з імі кожны дзень. Ды і сваю маеш, але не лаеш. Шкадуеш? Ты ненавідзіш калгасны лад. Зразумеў? Калі не, дык мы цябе даўно зразумелі. Ты вораг усяго калгаснага, а значыць, вораг і нашага народа!»
I потым той жа следчы сказаў, што мяне будуць судзіць за контррэвалюцыйную агітацыю па артыкуле 58, пункт 10. «I ўлепяць табе, як багатаму, дзесяць гадоў»,— сказаў ён на развітанне. He ведаю, можа, тут разбяруцца і выпусцяць. Тут, па-мойму, следчыя разумнейшыя. Бо хто цяпер не ла-
ецца рускім матам! Нават у следчых і ў тых з языка не сыходзіць. Пры гэтым яны яшчэ лепей за нас умеюць лаяцца.
— А білі вас там ці не? — спытаў Красноў.
— Іншых білі, а мяне не, бо я нічога не адмаўляў, акрамя таго, што ненавіджу савецкую ўладу і збіраюся ваяваць супраць яе.
— А вось тут могуць і біць.
— Я пастараюся, каб да гэтага не дайшло. Што прапануюць, тое і падпішу.
— А калі вам напішуць, што вы хацелі Смольны ўзарваць і Жданава забіць, вы таксама падпішаце?
— He, такога не падпішу! Ды гэтага яны мне і не напішуць. Я не ленінградзец. Такое яны могуць пісаць вам, гараджанам.
— Ну што ж, пажывём — пабачым,— падвёў рысу Красноў.
— 3 вашай вёскі толькі вы трапілі за краты ці яшчэ хто? — зноў падключыўся Міхась.
— Чаму толькі я? Я там быў, можа, апошні. А першы трапіў калгасны старшыня, потым — два брыгадзіры і іншыя актывісты. 3 нас, мужчын, мала хто застаўся на свабодзе. Амаль усе «гасцююць» тут.
БОЖЫ ЧАЛАВЕК
Тры чалавекі ў камеры — самы раз. А тут праз пару дзён на парозе зноў стаіць новы чалавек: нібы недзе там развязаўся мяшок і іх рассоўваюць па адным у кожны куток. Гэта быў чалавек гадоў трыццаці пяці, бландзіністы. Ён раскланяўся, ветліва павітаўся са «старажыламі» і папрасіў дазволу прайсці ў дальні кут, што супраць шчытка. Паставіў сваю торбачку і штосьці пашаптаў сам сабе. На ўсе пытанні адказваў коратка, лаканічна, але шчыра. Звалі новага жыхара Кальвам Адамсанам, ён быў эстонец.
— Адкуль вас бог прынёс, малады чалавек? — звярнуўся да яго Карчоў.
— 3 горада Гдова былой Пскоўскай губерні.
— А чым займаліся там?
— Цясляр я і часткова сталяр. Дамы будуем брыгадай братоў і сясцёр.
— Няўжо ў вас столькі братоў і сясцёр, што цэлую брыгаду стварылі?
— Многа, толькі не тых, пра якіх вы думаеце. Братоў і сясцёр у Хрысце.
— Як гэта «ў Хрысце»? — нічога не разумеючы, пытаўся ў яго Карчоў.
— Евангелістаў, добры чалавек.
— Дык вы, значыць, сектант?
— Евангеліст,— паправіў яго Адамсан.
— Скажыце, калі ласка, Кальва, за што вас, святога чалавека, прывялі ў гэтыя апартаменты? — умяшаўся Міхась Асцёрскі.— Няхай мы, звычайныя людзі, маглі і награшыць, а вы ж заўсёды знаходзіцеся пад наглядам бога. Як жа гэта здарылася?
— Так богу захацелася, ён усё бачыць, і яму ўсё зразумела,— спакойна і ўпэўнена адказаў Адамсан.
— Няхай сабе богу і зразумела, а вам?
— Мне таксама. Так богу патрэбна.
— Ну, добра. Вось заўтра-паслязаўтра пачнуць вас мучыць допытамі, здзекавацца з вас... А ваш абаронца бог будзе глядзець абыякава ці рызыкне абараняць вас?
— Калі будуць мучыць, значыць, так усявышняму патрэбна. Ён сам, без нашай дапамогі і рассудзіць. Усё зробіць так, як трэба.
— Дарагі Адамсан,— умяшаўся Красноў,— вось вам, напрыклад, прапануюць падпісаць паперу, у якой напісана, што вы ўзначальвалі банду палітычных галаварэзаў, якая рыхтавала забойства членаў Палітбюро і збіралася ўзарваць Крэмль. А гэта значыць, што вам пагражае кара смерцю. Вы падпішаце яе?
— Падпішу, таму што гэта будзе ўзгоднена з самім госпадам богам.
— I не пабаіцёся смерці?
— He, не пабаюся. Я буду жыць і там, на тым свеце, у раі. Так угодна будзе богу. А таму і не баюся...
— Смелы вы чалавек, але неразумны! — не стрымаўся качагар Карчоў.
— He ў вас мне розуму пазычаць, мілы чалавек, а ў нашага адзінага бацькі — Бога.
Адамсан ні на кога не крыўдаваў за калючыя і нават балючыя пытанні. Ён з усімі быў добры і памяркоўны. Усім дараваў, хто яго свядома ці несвядома крыўдзіў. Яго ніколі нельга было ўбачыць узбуджаным, сярдзітым ці нястрыманым. Гаварыў ён спакойна і разважліва. Быў добры і гатовы падзяліцца апошнім кавалкам хлеба. Без працы не мог быць ні адной мінуты. Вядома, у турме, асабліва следчай, няма ніякага занятку. Але ён знаходзіў яго і тут: то з хлеба ляпіў фігуркі, то з паперы што-небудзь вырабляў, то дзяліў кожную запалку на колькі частак, то аглядаў сваю вопратку,
нешта ў ёй калупаўся. Па колькі разоў на адным дні ён станавіўся тварам да сцяны ці да кутка і доўга маліўся.
— Таварыш Адамсан,— аднойчы звярнуўся да яго Міхась,— калі, не дай бог, пачнецца вайна, вы возьмеце ў рукі зброю, будзеце ваяваць?