За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— А хто будзе вучыць мяне? — спытаў Міхась.
— Князеў Віталій,— тлумачыў майстар.— Яго забіраюць ад нас у паравознае дэпо. Але мы паставілі такую ўмову перад кіраўнікамі-паравознікамі і перад ім самім, што пакуль ён не падрыхтуе сабе замену, згоды на яго перавод не дадзім. Спецыяліст ён добры і чалавек неблагі. Так што ўсё будзе ў парадку.
— Добра, я згодзен.
— Але ты, Міхась, запамятай, што тачыць будзеш не бандажы, а толькі шыйкі колаў. Зразумеў?
— Зразумеў — буду токарам-шыечнікам. Так?
— Правільна зразумеў: будзеш вучыцца на токарашыечніка,— сказаў майстар.— Гэта работа пачэсная, але і адказная. Работа высокай кваліфікацыі — 6—7 разрадаў. Д значыць, і аплата высокая.
— Буду старацца асвоіць і такую спецыяльнасць,— паабяцаў Міхась свайму шэфу.
Вось так і пачаў асвойваць новую спецыяльнасць Асцёр-
скі. Кім толькі не быў ён за чатыры гады лагернага жыцця — лесарубам, землякопам, мостабудаўніком, рэйкаўкладчыкам, абходчыкам, дрывасекам, мулярам, маляром, тынкоўшчыкам, грузчыкам, выхавацелем, настаўнікам, малатабойцам, слесарам... I нарэшце — токарам.
Такарная справа Міхася даўно цікавіла, толькі не такая аднастайная. Гадзіна ў гадзіну, дзень у дзень трэба было рабіць адно і тое ж — тачыць шыйкі колавых пар, пры гэтым не новыя, а тыя, якія сапсаваліся ў дарозе ад гарэння буксаў і іншых дэфектаў.
— Вось бачыш, з якімі шыйкамі прыходзяць колавыя пары? — паказваў Міхасю яго настаўнік Князеў.— Як быццам хто іх скуламі ўсыпаў. А ад чаго б, ты думаў, гэта? Ад гарэння буксы. Метал плавіўся і на падшыпніках і на саміх буксах.
— А чаму так магло здарыцца? — пытаўся Міхась.
— А вось трапілі ў буксу маленькія каменьчыкі ці буйныя пясчынкі, а вагоншчык, які сочыць за гэтым, своечасова не заўважыў, не памяняў паклю, не заліў туды масламазуты — і будзь здароў,— тлумачыў Князеў.— Тут, браце, трэба вока і вока! А вось другі прыклад,— Ярацягваў ён.— Бачыш, з якой шыйкай вось гэта колавая пара? Як толькі яна дапяла да дэпо,— і ён паказаў на колавай пары шыйку, зведзеную на нітку.
Калі Міхась паглядзеў на тую шыйку, то ён не паверыў сваім вачам. У гэтай шыйцы, у самай сярэдзіне яе, была канава. Яна падзяляла шыйку папалам.
— 3 такой шыйкай нам рабіць ужо няма чаго,— зноў тлумачыў Міхасю яго настаўнік.— Тут спачатку трэба памяняць самую вось, а тады ўжо можна будзе і апрацоўваць яе. А вось гэту,— паказаў ён на шыйку з другой колавай пары,— нягледзячы на глыбокія «барозны», можна апрацаваць. Але май на ўвазе,— працягваў ён,— кожную шыйку, перш чым апрацаваць, ды і пасля апрацоўкі, ты павінен змераць штангелем ці ў крайнім выпадку кранцыркулем — азначыць яе дыяметр. Калі ён вытрымлівае ўстаноўленую норму, здавай вагоннаму майстру, як гатовую прадукцыю, а не — адрасуй на замену восі.
Такім чынам яны пераглядзелі цэлы тузін колавых пар, падрыхтаваных для апрацоўкі.
— Запамятай, Міхась, адно, што кожную каравую, скуластую шыйку ты павінен будзеш перарабіць у гладкую, як шкло, і бліскучую, як люстра. Зрабіць яе такой, каб ты мог бачыць у ёй адбітак свайго твару,— сказаў у заключэнне настаўнік.
— Дзякую, Пётр Пятровіч, за навуку і за парады,— гаварыў Міхась свайму настаўніку.— Я буду рабіць усё, каб вас не падвесці і сябе не зганьбіць.
Замест планавых двух месяцаў Міхась асвоіў новую спецыяльнасць за два тыдні. А калі шчыра сказаць, то пад наглядам свайго настаўніка ён працаваў усяго толькі тыдзень. А другі тыдзень дык ён ужо самастойна варочаў гэтыя колавыя пары, падымаў іх на ланцугу, ставіў на станок, замацоўваў і выконваў усе аперацыі. А настаўнік толькі час ад часу падыходзіў да яго і, калі гэта трэба было, даваў свае заўвагі і патрэбныя ўказанні.
Спецыяльнасць токара-шыечніка на першы погляд здаецца вельмі простай. Але гэта толькі здалёк. А на самай жа справе яна — вельмі складаная і адказная. Бо для таго, каб давесці сваю прадукцыю да патрэбнай кандыцыі, трэба было зрабіць некалькі аперацый: зняць «хворы», напластаваны «скуламі» слой, другім разцом выраўняць таўшчыню ўсёй шыйкі, потым прайсціся графчыкам (ручным разцом) па паверхні ўсёй шыйкі і пасля ўсяго гэтага спачатку ўручную адшліфаваць яе наждачнай паперай, а потым правесці такую ж аперацыю і з дапамогай ручных ціскоў-зажымак з дабаўленнем машыннага масла. I калі часам пакажацца хоць адзіная якая-небудзь драпіна, усё трэба перарабляць нанава — пачынаць з нуля. Патрабаванні вельмі жорсткія, ды інакш у такіх выпадках няможна.
Усё гэта не так было б і страшна, каб сам працэс працы быў па-сапраўднаму механізаваны і аўтаматызаваны. А якраз аўтаматызацыяй там і не пахла. Міхасю, як і яго папярэдніку, давялося працаваць на самаробным і прымітыўным станку, сканструяваным і зробленым адным інжынерамзэкам без якіх-небудзь умоў для гэтай складанай справы. А таму амаль усе работы па такарнай апрацоўцы шыек колавых пар праводзіліся ўручную, калі не лічыць таго, што з дапамогай матора прыводзілася ў рух колавая пара, якая была ўстаноўлена на металічную станіну. А за ўсё астатняе адказвалі рукі, якім дапамагалі зоркія вочы, спрыт і кемлівасць самога токара.
I нягледзячы на ўсё гэта, Міхась як след засвоіў гэту справу і пастаўляў вагоннаму цэху якасную прадукцыю — па-сапраўднаму апрацаваныя колавыя пары. I не толькі якасна, але і колькасна: пры норме чатыры ён апрацоўваў восем колавых пар за змену, што яго зменшчыку не вельмі падабалася. А калі ён аднойчы за адну змену апрацаваў дванаццаць колавых пар, той занепакоіўся і нават абурыўся:
— Рот твой, перарот, што ты нарабіў? Цяпер і мяне прымусяць па столькі ж даваць за змену. Ты ведаеш, што робіш? Норму павялічваеш. Вешаеш лішні хамут і мне, і сабе. Нас цяпер заціснуць начальнікі-жываглоты.
— Ты, Іван, даруй мне, я рабіў гэта без задняй думкі. Спадабалася работа — вось і націснуў на ўсе педалі. Цяпер я буду разумнейшы,— апраўдваўся Міхась перад сваім зменшчыкам.— Ты даруй мне за маю блізарукасць.
Слова сваё перад напарнікам Міхась стрымаў: пасля гэтай размовы ён больш як шэсць пар за змену не даваў. Калі бачыў, што ўжо паспеў зрабіць многа, пачынаў часцей рабіць перакуры.
I ўсё ж такі да яго неўзабаве прыслалі хранаметражыста, каб павялічыць нормы выпрацоўкі. Хранаметражыст да пачатку змены прыходзіў да рабочага месца Міхася і да канца змены запісваў усе яго рухі, яго перакуры, вымушаныя перапынкі і абедзенны час. У канцы змены ён падводзіў вынікі і дакладваў начальству. Але тут ужо Міхась не прамазаў. Зменшчык папярэдзіў Міхася, што такога трэба чакаць пасля яго «стаханаўскай змены». У тыя дні, калі прыходзіў хранаметражыст, Міхась стараўся даваць толькі норму, каб не падвесці і сябе, і свайго зменшчыка Івана Іванавіча Іванова.
Замест павелічэння нормы выпрацоўкі Міхась налягаў на якасць працы. Ён рабіў так, каб, як кажуць, камар носа не падсунуў. I за гэта Міхася хвалілі не менш, чым за колькасць. Яго ўсюды ставілі ў прыклад.
— Вось так трэба працаваць, як працуе Асцёрскі,— гаварыў майстар, а за ім і начальнік дэпо.
Так і пайшла слава пра шыечніка Асцёрскага, спачатку па вагонным дэпо, а пасля і па ўсёй дарозе. Дайшла яна і да начальніка дарогі. Яго паважалі, яму давяралі. Калі здаралася, што па якой-небудзь прычыне не выходзіў на работу зменны майстар (а гэта, як правіла, здаралася ў начную змену), гэту справу даручалі Міхасю. Начальства ведала, што ён ніколі нідзе не пакрывіў душой. Ён і рабацягу не пакрыўдзіць, і парадак у дэпо будзе. Ведалі, што ён сумленна будзе выконваць свае абавязкі.
Міхась любіў працаваць у начную змену. За 12 гадзін ён удосталь і напрацуецца, і адпачне, паслухае радыё, асабліва апошнія паведамленні, у час якіх заўсёды перадавалі зводку Саўінфармбюро аб падзеях на франтах Айчыннай вайны. У кабінеце начальніка, які на ноч не замыкаўся, вісела карта, на якой ён сам, начальнік, ці галоўны інжынер пазначалі ўмоўнымі знакамі ход наступленняў ці адступлен-
няў нашых войск. У першы год вайны — больш адступлення, што кожнага з іх раніла прама ў сэрца — і вольнанаёмных, і зняволеных. He было такога выпадку, каб хтонебудзь радаваўся савецкім няўдачам. Патрыятычныя пачуцці заглушалі крыўду.
А колькі было радасці, калі пачалі перадаваць па радыё аб наступальных баявых дзеяннях часцей Чырвонай Арміі! Асабліва абрадавала і ўсяліла дух упэўненасці ў хуткую перамогу вестка аб разгроме немцаў спачатку пад Масквою, а пасля пад Сталінградам і на Курскай дузе. Пасля гэтых перамог ужо кожны быў упэўнены ў непазбежнай перамозе над гітлерызмам. Кожны хварэў за сваіх родных і блізкіх, за свой родны кут і ўвогуле за Савецкую Радзіму.
Ужо больш як год Міхась працаваў токарам-шыечнікам. Яго па-ранейшаму хвалілі пры любым выпадку. I зарплата яго таксама выдзялялася сярод такіх, як ён. Ва ўсім цэху больш за яго зарабляў толькі зваршчык Міця Гарбуноў, патомны рабочы аднаго з Алапаеўскіх заводаў на Урале. Але ўсю гэту сваю так званую зарплату, як і электразваршчык Гарбуноў, Міхась ахвяроўваў то на эксадрыллю самалётаў для абароны Ленінграда, то на танкавую калону для разгрому немцаў пад Сталінградам, то на «кацюшы», з дапамогай якіх вызвалялася яго родная Беларусь. Як ён перажываў, калі наступленне затрымалася пад Віцебскам і пад Магілёвам, у раёне Крычаў — Чавусы на цэлых 9 месяцаў! Бо непадалёку ад Крычава знаходзілася і яго родная вёска. Чамусьці здавалася, што і яго вёска застаецца яшчэ пад ботамі захопнікаў. Толькі ён памыляўся: вёска яго была вызвалена яшчэ ў верасні 1943 года, Крычаў таксама. А вось Чавусы вызваляліся яшчэ амаль праз год пасля таго — у ліпені 1944 года ў час аперацыі «Баграціён». Ён не ведаў, што ў тых баях тады загінуў і яго родны брат Мікола.
Электразваршчык Міця (Дзмітрый Мітрафанавіч Гарбуноў) быў чалавек сталага веку, вельмі працавіты і сур’ёзны. Ад яго ніхто ніколі не пачуў брыдкага слова, ён ніколі нікога не абразіў. Паважалі яго як рабацягі, так і кіраўніцтва дэпо. Здавалася, што ён і мухі не пакрыўдзіць, а не тое што чалавека, што ён не здольны сябе абараніць, пастаяць за сябе ў патрэбную мінуту. Але гэта так толькі здавалася.
Неяк раз з так званых «бытавікоў» — дробны жулік — рызыкнуў назваць яго «контрыкам», і вось тут электразваршчык паказаў сябе: ён схапіў сцяжку (ёмісты ланцуг), якую варыў для счаплення вагонаў, і рушыў на свайго крыўдзі-