За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Хутка пасля разводу да яго ў барак прыходзіць нарадчык і пытае, чаму ён не ў дэпо, а ў бараку. Міхась сказаў, што ён хворы.
— А вызваленне ад фельчара ёсць? — спытаў той.
— Няма і не будзе,— адказаў Міхась.
— Я цябе, Асцёрскі, не разумею.
— I не зразумееш.
— Ты растлумач мне па-чалавечы, у чым справа?
— Я ў адзін дзень страціў больш за дзесяць блізкіх мне людзей.
— Дзе, якіх людзей?
I Міхасць расказаў яму ўсё па парадку, як чалавеку. Але той не быў чалавекам. Ён палічыў гэта як прычыну сімуляцыі і сабатажу.
— Гэта не прычына,— сказаў ён.— Паміраюць і гінуць не толькі твае сваякі. Амаль кожны з нас панёс такія страты. Дык што ж у такім выпадку — спыніць усё жыццё ў краіне?
— Я так не думаю. He скажай маіх слоў і не здзекуйся з майго гора. Жывёла і тая ўжо змагла б зразумець, а да цябе ніяк гэта не даходзіць. Як табе не сорамна!
— Ідзі ў дэпо, да свайго станка, па-добраму прашу,— настойваў на сваім нарадчык.
— Я ж табе сказаў, што не магу — крутом хворы.
— Ну, тады я цябе падлячу. Хадзем са мной! — і ён павёў Міхася прама ў кандзей пры вахце.
Роўна суткі праседзеў Міхась у халодным ізалятары. А раніцай наступнага дня да яго прыйшоў той жа нарадчык і аб’явіў:
— He хацеў працаваць на станку, дык зноў пойдзеш у кузню да Восіпава. Будзеш зноў гуляць з молатам.
— Да станка пайду, а ў кузню не. У мяне зараз няма сілы — я хворы. Ды зразумей жа ты нарэшце, бяздушнае быдла!
— Што ж, пасядзі тут яшчэ дзянёк, можа, і сілы набярэш у гэтых апартаментах на пайцы хлеба ў трыста грамаў і на святой вадзіцы.
— Усё роўна не пайду! — паўтарыў Міхась.
Яшчэ праз суткі да яго зноў звярнуліся з той жа прапановай. I адказ быў той жа самы.
— Ну, пасядзі, пасядзі, набірайся сілы,— здзекаваўся нарадчык.
А на чацвёртыя суткі да яго прыйшоў узброены ахоўнік і скамандаваў ісці з ім у штрафную зону, дзе ў асноўным былі сабраны ўсе тыя, на каго даўно махнулі рукою — самыя адпетыя жулікі, хто не ўяўляў, што такое сапраўдная свабода,— вечныя лагернікі.
ДВАЙНАЯ КАРА
Насельнікі гэтай зоны будавалі новы горад, які быў запланаваны прыкладна за тры кіламетры ад старога пасёлка.
Праз пасёлак праходзіла вузкакалейная чыгунка, якая пачыналася ў Дудзінцы і заканчвалася ў Вальку. У цэнтры пасёлка знаходзіўся і так званы вакзал гэтай чыгункі. А непадалёку ад яго віднеліся памяшканні двух дэпо: паравознага і вагоннага з усёю іх гаспадаркай. Трохі воддаль ад гэтых няхітрых збудаванняў працавалі ўжо два металургічныя заводы — Вялікі (ВМЗ) і Малы (MM3). Цяпер гэта Нікелевы і Медны. А з другога боку працавалі шахты — вугальныя і рудныя. Яны размяшчаліся ў падножжы дзвюх безыменных гор, адну з якіх у народзе празвалі Шміціхай — па імені яе адкрывальніка. На ўсіх гэтых прадпрыемствах, чыгунцы і ў культурных установах у асноўным працавалі зняволеныя. Іх там былі дзесяткі, а можа, сотні тысяч. Іх ніхто ніколі як след не лічыў. Ды і навошта гэта было рабіць? Адпрацуюць, ад’ішачаць сваё гэтыя рабы, складуць свае косці ў вечную мерзлату, замест іх прышлюць другіх. Бо «вярбоўшчыкі» былі надзейныя. Планы свае яны не толькі выконвалі, але і перавыконвалі, за што мелі шчодрыя ўзнагароды.
Вось як выглядаў тагачасны пасёлак Нарыльск. Калі ў першыя гады свайго існавання ён мог задаволіць патрэбы сваіх гаспадароў, то ў далейшым стаў тормазам вялікіх задум. Таму і было вырашана распачаць будаўніцтва новага горада. Падмурак яго закладвалі штрафнікі. Трэба было капаць катлаваны пад грамадскія памяшканні, навуковыя і навучальныя ўстановы і проста пад звычайныя жылыя дамы.
Горада яшчэ не было, а ўжо з рук у рукі хадзілі планы яго забудоў, вуліц, плошчаў і сквераў. Намячалася будаўніцтва і спартыўных збудаванняў, а таксама памяшканняў машынабудаўнічага інстытута і Дома піянераў, новага драмтэатра.
Працавалі там тысячы такіх жа «камсамольцаў», як і Міхась, толькі на розных аб’ектах. На долю Міхася выпала будаўніцтва новай гасцініцы; спачатку закладваць падмурак, а потым ужо ўзводзіць і сцены з прывезенай туды цэглы.
Дзякуй богу, як гаварыў сабе Міхась, да яго прыходу тут ужо былі выкапаны катлаваны. Ён цяпер рыхтаваў раствор, насіў яго ў насілках-карытах, а часам і на тачцы вазіў да месца прызначэння. Падносіў і падвозіў на тачцы каменне і цэглу. А калі з падмуркам было закончана, насіў цэглу і раствор аж да чацвёртага паверха. Як і на падмурак, раствор насіў у насілках-карыце, а цэглу — на «казе» — спецыяльна зробленым для гэтага ўслончыку. I так з дня ў дзень. Спрабавалі ставіць яго на кладку цэглы, але ён пастараўся паказаць сябе «непрыгодным» да гэтай працы. Можа, сам працэс гэтай працы і лягчэйшы, але ж цэлую змену трэба стаяць на ветры, пурзе і марозе, што не кожны здольны вытррімаць. Бо рабіць усё гэта трэба было голымі рукамі. Таму Міхась і вырашыў схітрыць, паказаць сваю «бяздарнасць». Разы тры яго патрывожылі і пасля таго, як пераканаліся, што ў яго няма такой «кемлівасці», перасталі чапляцца. Махнулі рукой, як на «безнадзейнага», што яго вельмі ўзрадавала. Ён сваімі вачамі бачыў, як выходзілі са строю муляры з абмарожанымі рукамі і тварамі.
Міхасю пашанцавала ў адным, што на пару з ім працаваў былы саліст Казахскага радыё Кастусь Шыраеў. 3 ім яны не толькі разам працавалі, але і спалі на нарах у бараку. Чалавек гэты па сваёй натуры быў аптымістам. Ён ніколі не траціў надзеі на тое, што яшчэ будзе спяваць, і не толькі па радыё, але і ў вялікіх канцэртных залах. А таму ён кожны дзень, раніцай, правяраў свой голас, канечне, употай ад розных насмешнікаў. Першы раз, калі Міхась яшчэ нічога не ведаў пра яго, нават перапалохаўся. А было гэта так. Раніцай, перад пад’ёмам, ён пачуў, як яго сусед падае нейкія неўласцівыя яму гукі: «Э-э-э! Ы-ы-ы! О-го-го! А-у, а-у! Гага-га!»
— Шыраеў, што з табой? Ты хворы? Ці, можа, у сне спалохаўся чаго?
— He перашкаджай мне, Асцёрскі! Я голас правяраю.
— Дык ты ж трызніш,— прыставаў Міхась.
— Адстань ад мяне! Я правяраю голас,— адказаў той. — Як гэта правяраеш?
— А вось так,— і ён пачаў паўтараць свае практыкаванні.— Я ж яшчэ не трачу надзеі на справядлівасць. Мяркую яшчэ паспяваць на волі. I з гэтай марай я не расстануся. Нават калі і прыйдзецца цалкам адбываць гэты дзікі тэрмін, і то ўжо застаецца толькі тры гады. Сем гадоў ужо адбухаў і, дзякуй богу, застаўся жывы.
Але, на жаль, жывым ён не застаўся. Як потым даведаўся Міхась, улетку наступнага года ён, ратуючыся ад цынгі, наеўся нейкай дзікай травы, якую прыняў за палявы часнок, і аддаў богу душу — памёр «сваёй смерцю».
— Царства нябеснае яму! — гаварылі тыя, хто ведаў яго,— таленавітага спевака і цудоўнага чалавека.
Але ўсё гэта было потым. А пакуль яны разам з Міхасём узводзілі памяшканне гасцініцы.
У бараку, дзе жылі Міхась з Шыраевым, было вельмі мала «ворагаў народа». У асноўным яго жыхарамі былі «сябры народа» — жулікі і бандзюгі. А таму нельга было пакінуць там ніякай анучыны, не гаворачы ўжо пра сапраўдныя рэчы ці прадукты. Даводзілася ўсё цягаць з сабою, ідучы на работу. Міхасю пашэнціла, што трапіўся такі напарнік. У сваю чаргу і Шыраеву таксама пашчасціла, што да яго прыйшоў шчыры і сумленны чалавек.
Аднойчы, лежачы на нарах, Міхась спытаў у Шыраева:
— Скажы, Канстанцін Міхайлавіч, за што цябе загналі за гэтыя краты, у гэта пекла?
— За тое, што «ігнараваў сучасныя песні», у якіх праслаўляецца розум і дзейнасць «вялікага правадыра» —Сталіна, а замест іх падбіраў рэпертуар «царскіх песень» (так яны разумелі народныя песні), чым «усхваляў феадальна-буржуазныя парадкі часоў рускага царызму». Мой жа рэпертуар мала чым адрозніваўся ад рэпертуара Фёдара Шаляпіна. Канечне, не па сіле яго выканання, а па тэматыцы і змесце. Хоць я і лічу сябе вучнем гэтага вялікага рускага спевака, але параўноўваць сябе з ім не збіраюся. Гэта было б не больш і не менш як самахвальства з майго боку, не гаворачы ўжо пра нясціпласць.
— А цябе за што? — у сваю чаргу, спытаў той.
— Мяне,— сказаў Міхась,— за тое, што хацеў «аддзяліць Беларусь ад СССР». I ў дадатак да ўсяго гэтага — «рыхтаваў замах на членаў Палітбюро».
— Выходзіць, што мы абодва — контры?
— Выходзіць так,— сказаў Міхась. Яны добра разумелі адзін аднаго і горка ўсміхаліся.
— А завошта цябе кінулі ў гэты сабачнік? — яшчэ раз звярнуўся да Шыраева Міхась.
— Брыгадзіра абазваў крэтынам, а калі яго пачаў абараняць начальнік КВЧ, якому ён паскардзіўся на мяне, і той стаў лаяць мяне і пагражаць, я абазваў начальніка шакалам, які падбірае падлу і аб’едкі. Вось ён і «камандзіраваў» мяне, як ты кажаш, у гэтую псарню. А калі я цяпер выберуся і наогул ці выберуся, хто яго ведае. А ты як сюды трапіў?
Міхась расказаў яму ўсё, як было, і той спачувальна сказаў:
— Звяругі! Чалавек усю радню страціў, а яны яго за гэта — на штрафную. Трэба было звярнуцца куды-небудзь да вышэйшага начальства.
— Ты, Канстанцін Міхайлавіч, чалавек разумны. Каму мы патрэбны? Хто за нас закіне слова? Ты гісторыю вучыў. Скажы, хто калі заступаўся за раба? — горка гаварыў Міхась.— Дарэчы, дзе ты да гэтага працаваў?
— Грузчыкам на гандлёвай базе. Там хоць нялёгка было, але мы не галадалі і абшарпанымі не хадзілі, як зараз,— гаварыў Шыраеў.— Ды і вошай не бачылі. А тут гэтыя казяўкі не даюць жыцця. Пражыў я тут колькі часу, а яшчэ ніводнага разу ў лазні не быў і бялізны не мяняў.
Так яны і трымаліся адзін аднаго, пакуль не патурбавалі Міхася праз якіх-небудзь тры месяцы пасля яго прыходу на гэты пякельны круг.
А ўсё адбылося вельмі проста. Раніцай, у час разводу яго выклікалі і сказалі, каб ён не ішоў на аб’ект, таму што яго чакала іншая дарога. Толькі, як заўсёды, не сказалі куды. На пытанне адказалі:
— Даведаешся пасля, пэўна, табе ж гэта не ўпершыню.
ЗНОЎ дэпо
Нечакана для самога сябе, Міхась зноў апынуўся ў бараку работнікаў вагоннага дэпо.
— О, браточкі, паглядзіце, хто прыйшоў да нас,— гучна сказаў Макараў.
Ён першы падскочыў да Міхася, абняў па-мужчынску і першы паціснуў яму руку. За ім тое ж самае зрабілі і іншыя насельнікі гэтага «гатэля». Убаку былі толькі тыя, хто прыйшоў з начной змены.
— Пойдзеш у начную змену,— сказаў яму зменны майстар Васільеў,— твой станок цябе чакае.
А ўсё адбывалася так. У вагоннае дэпо прыйшоў новы начальнік Пярэрва Яўген Прохаравіч. I яму расказаў пра сёе-тое майстар Рыгор Сцяпанавіч. Ён сказаў, што з дэпо