За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Так яны прагаварылі тры ночы. To Міхась хадзіў да Александровіча, то Александровіч да Міхася. Гаварылі яны болын на літаратурныя тэмы, а таксама і на тэму свайго лёсу і іх цяперашняга становішча.
— Хто цяпер застаўся з беларускіх пісьменнікаў, як ты думаеш? — спытаў Александровіч у Асцёрскага.
— Купала, Колас, Крапіва, Бядуля, Лынькоў, Броўка, Куляшоў... Я неяк слухаў радыёперадачу з Мінска, дык называлі гэтыя імёны,— сказаў Міхась,— а там, хто іх ведае.
— А няўжо Купала з Коласам уцалелі? Я ж ішоў з імі па адной справе,— задуменна гаварыў Андрэй Іванавіч.— Хоць бы ўжо гэтыя старыя ўцалелі, інакш капут будзе нашай беларускай літаратуры.
— А чулі, што і Дзям’яна Беднага пасадзілі?
— Вось гэтаму я ўжо ніяк не хачу верыць. Бо гэта ж — любімец Леніна.
— Дык Леніна зараз няма, а Сталін, кажуць, не вельмі паважаў яго за розум і прамату.
— Цікавыя, а дакладней — страшэнныя справы робяцца ў наш недарэчны час,— устрывожана гаварыў Александровіч.
Кожную ноч навылёт гаварылі яны паміж сабою, як самыя блізкія сваякі. Так шмат хто і думаў тады, калі назіраў за іх шчырай размовай.
Пасля трэцяй начной размовы Александровіча пагналі разгружаць параходы, а Асцёрскага яшчэ раз выклікалі па спісу і сказалі збірацца з рэчамі і рыхтавацца да выхаду. Ён ледзь паспеў паснедаць. Праз колькі мінут ён ужо стаяў у страі па чатыры. Хутка яны рушылі ў напрамку чыгуначнай станцыі, дзе ўжо стаялі падрыхтаваныя таварныя вагоны вузкакалейнай чыгункі. Калі ўсе вагоны былі запоўнены, цягнік крануўся і паехаў у напрамку Нарыльска. На гэтым і перапыніліся сустрэчы Міхася з Андрэем Александровічам на цэлыя дзесяцігоддзі!..
3 ХУТКАСЦЮ ЧАРАПАХІ
На пачатку кастрычніка 41-га года раніцай цягнік Дудзінка — Нарыльск з пасажырамі-«камсамольцамі» «прызыву» 37—38 гадоў пачынаў свой стокіламетровы шлях. Астатнія дваццаць кіламетраў прыпадалі на сам пасёлак Нарыльск і на перагон Валёк — Нарыльск. Ішоў ён вельмі марудна, як чарапаха, з хуткасцю дзесяць кіламетраў у гадзіну.
Калі б у летні час, пасажыры любаваліся б навакольнаю прыродай, а так вось ляжы на голых нарах-палацях ці сядзі і глядзі праз акенца з кратамі на суцэльную цемень. А якраз у гэты час і пачыналася доўгая запалярная ноч, якая доўжылася больш за чатыры месяцы. На пачатку яе (з першых дзён кастрычніка) яшчэ можна было адрозніць дзень ад ночы, а потым знікала ўсякая розніца. Праўда, у кастрычніку яшчэ і снегу было малавата — столькі, колькі ў Забайкаллі ў студзені-лютым,— а пазней, пачынаючы з лістапада, яго намятае цэлыя горы. Тады карлікавыя дрэўцы з галавой хаваюцца ў яго гурбах.
Міхась першы раз у жыцці ўбачыў бяскрайнія прасторы тундры, пра якую ён ведаў да гэтага часу толькі па школьных падручніках па геаграфіі ды па газетах. I ён шкадаваў, што першая сустрэча з ёю супала з запалярнай ноччу. Ён добра ведаў, што не адзін раз яшчэ стрэнецца з ёю, але ж гэта будзе ўжо не першае ўражанне. Бо першае ўражанне, як і першае каханне, бывае самым моцным, трывалым і даўгавечным.
Пасажырам абрыдда такая марудная язда. Некаторыя з іх не вытрымалі і ўголас абураліся, толькі невядома на каго:
— Прападзі ты пропадам, такая язда! На кані і то куды хутчэй даехаў бы да месца.
— Дык дзе ж ты тут коней тых возьмеш?
— Коней няма, затое алені ёсць, сабакі,— не здаваўся сярдзіты.
— Хлопцы, вы на сённяшніх чыгуначнікаў не крыўдуйце, бо яны тут ні пры чым. Вінават той, хто будаваў гэту чыгунку,— сказаў маўклівы пасажыр.— Вінаваты праекціроўшчыкі, інжынеры, тэхнікі, майстры і тыя, хто іх падганяў,— лагерныя начальнікі.
— Адкуль табе ўсё гэта вядома? — спыталі ў яго.
— Адтуль, што я і сам будаваў гэту «магістраль».
— Значыць, і цябе трэба лаяць?
— I мяне. А што ж я, святы, ці што? Лаяць няможна толькі вялікіх дзеячаў і начальнікаў, бо яны недатыкаль-
ныя, а значыць, ніколі і нідзе не бываюць вінаватымі.
— Калі ж ты паспеў будаваць гэту дарогу, а сам трлькі яшчэ едзеш разам з намі ў гэты бязлюдны край? — спыталі ў яго з процілеглага кутка.
— Калі, пытаеш? У 1935—1936 гадах, вось калі,— пачаў той свой расказ.— Скажу шчыра, што я трапляю сюды другі раз.
— За што ж цябе прывозілі сюды першы раз?
— Сам я шафёр. На машыне збіў жанчыну. Хоць яна і сама была вінаватая, але мне «за халатнасць» далі тры гады і прытарабанілі сюды. А потым «за сумленную і бездакорную працу» я меў скідку і праз два гады вярнуўся дамоў.
— А цяпер за што? — спытаў адзін з суседзяў.
— Цяпер ужо за тое, пра што і ў сне не сніў. Кажуць, што рыхтаваў замах на першага сакратара Заходне-Сібірскага абкома партыі таварыша Эйхе.
— Дык яго ж самога пасадзілі і, кажуць, кокнулі.
— Чуў я і пра гэта. Яго ўжо, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў тым, што ён разам з Бухарыным, Рыкавым і Томскім рыхтаваў забойства Сталіна, Молатава, Варашылава, Кагановіча. Як бачыце, і тут на кожнага «забойцу» прыходзілася па адной «ахвяры».
— Якое шкодніцкае вынаходніцтва,— не стрымаўся нехта з пасажыраў-нявольнікаў.— I чаго толькі не навыдумляюць, каб як мага больш людзей загубіць ці загнаць вось у такі ляднік, у які прывезлі нас.
— Жыццё, дружа, не без трагікамедый. Так што не здзіўляйся. У сярэднія вякі нашага тысячагоддзя, кажуць, яшчэ горш было,— адказаў апавядальнік.
— Дык гэта ж было сярэднявечча, а мы жывём у дваццатым веку нашай эры — у век цывілізацыі.
— Каты, гвалтаўнікі, правакатары і прыгнятальнікі заўсёды былі, ёсць і будуць, пакуль будзем мы, паднявольнікі,— заўважыў хтосьці.
— Пры камунізме іх не будзе,— сказаў Міхась.
— Дык дачакайся ж ты гэтага камунізму...
Так ад няма чаго рабіць пасажыры-нявольнікі перамаўляліся, а паравоз тым часам, хоць і крахтаў па-старэчы, а ўжо дацягнуў састаў з новымі рабамі да станцыі Каеркан, дзе, як слупы, узвышаліся капры над вугальнымі штольнямі. У такую цемень запалярнай ночы іх цяжка было прыкмеціць, каб не электрычнае святло маленькага пасёлка.
— Вось бачыце сілуэты? — зноў загаварыў цікавы ana-
вядальнік.— Гэта вугальныя штольні. Колькі чалавечых жыццяў яны з’елі, перш чым стаць імі — штольнямі! Вунь побач з імі тэрыкон — гэта брацкая магіла соцень, а можа, і тысяч нашага брата. Па колькасці ахвяр гэты вугальны комплекс можа саступіць толькі будаўніцтву самой чыгункі. Вы, канечне, не здагадваецеся і не ўяўляеце сабе, што мы едзем па касцях людзей, да нас падобных. Колькі шпал тут, столькі пад імі і чалавек. Людзі мерлі як мухі, а каманда «давай і давай!». Холад, голад, катаржная праца паклалі іх пад гэтыя шпалы. Як у Някрасава: «А по бокам-то всё косточкн русскне, сколько нх, Ванечка, знаешь лн ты?» Тое ж самае было ў час будаўніцтва гэтых штольняў.
— Невясёлы твой расказ, землячок,— заўважыў хтосьці са слухачоў.
— Якое вяселле, такія і песні,— адказаў той.
Так, сапраўды «песні» былі сумныя, але праўдзівыя і шчымлівыя. Бо той, хто ехаў у вагоне, павінен быў ведаць, як будавалася гэта дарога, якую ён праклінаў за марудную язду. Ён павінен быў ведаць і тое, як здабываўся і здабываецца вугаль, які абагравае яго і дае святло, які «корміць» паравоз, каб той не стамляўся і хай сабе з хуткасцю чарапахі, але рушыў наперад. Пры гэтым кожны з слухачоў павінен быў ведаць, што цяжка не толькі яму і яго спадарожнікам, што не лягчэй было і яго папярэднікам, якія пракладвалі сюды першыя дарогі і гінулі бясследна ў лютыя маразы і дзікія завірухі. Ён павінен ведаць пра тых, хто пачынаў тут з нуля ўсё, што ён бачыць сёння сваімі вачыма.
ЗОНА ЎЗМОЦНЕНАГА РЭЖЫМУ
Толькі ў канцы другіх сутак цягнік нарэшце прыкалдыбаў на станцыю Нарыльск і зняволеных адразу ж пачалі распіхваць, каго куды, у якую зону і барак. Міхась трапіў у зону, насельнікі якой працавалі на будаўніцтве ЦЭЦ. Зона гэта, абнесеная калючым дротам, складалася з некалькіх баракаў і падсобных памяшканняў. Па вуглах яе стаялі вышкі, на якіх знаходзіліся ўзброеныя ахоўнікі. Побач з зонай — ахоўнае памяшканне і таксама будыніна для службовых сабак. Ніякіх выхадаў і заходаў у зону, апрача дазволеных начальствам, не было. Як пасля стала вядома, гэта была самая рэжымная зона з усіх тых, якія меліся ў Нарыльску. А чаму, дык не цяжка здагадацца. Самыя цяжкія работы, падчас непасільныя для чалавека, якія не кожны мог вынесці, знаходзіліся на гэтым будаўнічым аб’екце.
А таму па добрай волі ніхто не хацеў там заставацца. Наадварот, кожны думаў, як бы адтуль збегчы. Згаджаўся на любое месца, толькі каб не быць там, у тым пекле.
Спачатку Міхась не разумеў, у чым справа, але дні праз тры і да яго дайшло. Ён зразумеў, што зноў трапіў у пекла накшталт бурацкага дацана ў Гусіным Возеры і клуба воднікаў у Енісейску. Тое ж беззаконне, той жа бруд з паразітамі, тая ж непасільная і невыносная праца на аб’екце, тое ж сістэматычнае недаяданне, тая ж жорсткасць і прыніжэнне чалавечай годнасці. Жылі там толькі тыя, хто працаваў на будаўніцтве ЦЭЦ — тады галоўным аб’екце горнаметалургічнага камбіната. На работу вадзілі пад узмоцненым канвоем і з сабакамі. У час працы амаль над кожным рабацягам стаяў паганяла. Нормы вялікія, іх мала хто спраўляўся выконваць. А як ужо вядома, той, хто іх не асільваў, караўся штрафным пайком, a то і кандзеем.
Уявіце сабе вечную мерзлату ды яшчэ ў зімовы час. Яна падобна на жалеза. А на ёй жа трэба капаць катлаваны пад падмурак. Механізацыі ніякай, асноўныя і адзіныя «механізмы» — гэта лом, кірка і рыдлёўка. Але для гэтага трэба былі дровы, ды яшчэ і сухія. А іх не было дзе ўзяць. Вось і спявай рэпку. Сумленнаму чалавеку хоць самому лажыся ў катлаван. Падганялы не звярталі на тваю слабасць ніякай увагі. Ім пайка забяспечана — і добра. А як правіла, імі былі крымінальнікі, якія даўно страцілі ўсякія чалавечыя пачуцці і годнасць. Ты для іх — ніхто. Вышэйшыя ж, вольнанаёмныя, начальнікі таксама глядзелі на ўсё гэта праз пальцы. Ім даручылі пабудаваць «сэрца камбіната» — ЦЭЦ, і яны будавалі, а як, якімі метадамі — ніхто не цікавіўся. Людзей яны не шкадавалі і не бераглі. Замест тых, хто выходзіў са строю, прыганялі новую партыю. А калі пачнуць здаваць пазіцыі і гэтыя, іх таксама заменяць іншымі. Машын не хапала, а што датычыць рабочага, людскога цягла, дык тут ужо недахопу не назіралася. Яго, гэтае цягло, штодзень «штопалі» органы энкавэдэ, у падпарадкаванні якога знаходзілася і гэта будоўля, як і ўсе новабудоўлі краіны. Для работнікаў гэтых органаў не важна было, як, якой цаной даецца такая будоўля, для іх галоўным быў сам вынік. Адным словам, любой цаной, абы дасягнуць мэты. Так ішло зверху, так працягвалі рабіць і нізы. Бо яны добра ведалі, што ніхто за гэта не пакарае, а што датычыць узнагарод, дык яны іх атрымаюць.