За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Праз нейкі час «пасажырам» раздалі запозненае снеданне, якое складалася з аўсянай кашы, салёнай гарбушы і кіпятку.
— А што, калі прапанаваць гэтым жанчынам трошкі рыбы і хоць кавалак хлеба? — сказаў хтосьці са зняволеных.— Яны ж, відаць, галодныя.
— Я першы ахвярую сваю порцыю,— падхапіў Міхась.
— Я таксама,— пачуўся яшчэ адзін голас.
— I я...
— Вазьміце і маю,— чулася з усіх куткоў вагона.
Калі назбіралася некалькі порцый, Міхась як стараста вагона прапанаваў ўсё гэта жанчынам, сваім субяседніцам, ад чаго яны, на здзіўленне, не сталі адмаўляцца. Наадварот, яны ледзь падзялілі між сабою бедныя пачастункі, каб не пасварыцца.
«Пэўна, несалодка цяпер жывецца гэтым маладзіцам, калі яны так узрадаваліся гасцінцам ад зняволеных,— думаў Міхась.— Вось што прыносяць і да чаго даводзяць хапуны і войны».
Апоўдні зняволеных выгрузілі з вагонаў непадалёку ад чыгуначнай станцыі і размясцілі на адкрытай пляцоўцы. Хоць сонца і смаліла, палатак не расстаўлялі, калючым дротам таксама не абносілі. Але замест гэтага яны былі акружаны ўзброеным канвоем з добрым дзесяткам службовых сабак-аўчароў. Трошкі раней там быў выгружаны яшчэ адзін такі ж самы эшалон. Тых пасажыраў прывезлі з-пад Чыты. Да гэтага яны будавалі чыгунку ў Манголію.
Міхась глядзеў на гэтыя тысячы людзей і зноў міжвольна падумаў: «Гэта ж цэлая дывізія! А колькі такіх «дывізій» рассеяна на Поўначы і Паўночным Усходзе краіны! Як бы яны былі цяпер патрэбны там, на Захадзе! Каб кожны з іх знішчыў хоць па аднаму фашысту, і то было б ужо даволі, каб звярнуць шыю агрэсару».
I тут, як праз сон, Міхась пачуў, што яго нехта гукае. Спачатку падумаў, што яму гэта падалося. А калі голас паўтарыў яго імя, ён азірнуўся і ўбачыў перад сабой знаёмую постаць: гэта быў Іван Чуркін, якому ён у Заудзінску дапамагаў уцякаць з лагера.
— Ваня! Няўжо ты? Вачам сваім не веру! Якім ветрам прынясло цябе сюды?
— Эх, браце, насілі мяне розныя вятры і ў розных напрамках. I вось даняслі на сваіх крылах да Краснаярска.
— Ты раскажы мне, толькі ўсё па парадку. А я ж спадзяваўся, што ты «гуляеш па Доне, казак малады». Ці дабраўся ты хоць да свайго Глыбокага?
— He, браце, не пашанцавала. Вось тут, непадалёку ад Краснаярска, затрымалі.
— I ты з таго часу тут «загараеш»?
— Дзе там, я пабываў ужо чорт ведае дзе!
— Пакуль мы маем час, раскажы, гэта ж цікава!
— He, падрабязна пра ўсё за два дні не раскажаш.
— Калі не пра ўсё, дык хоць пра галоўнае.
— Дык вось слухай,— пачаў Чуркін.— Пасля таго як ты дапамог мне перабрацца цераз плот з калючым дротам, я цэлы тыдзень ішоў цераз адгор’е Саянаў у напрамку Транссібірскай магістралі. Днём па горна-таежных адхонах, а ноччу ўзбіраўся куды-небудзь на дрэва, прывязваўся поясам і засынаў. Сцярогся не двухногіх — чатырохногіх драпежнікаў, якіх там шмат, заўсёды трымаў напагатове ножык. Калі ж дасягнуў магістралі, дабраўся да бліжэйшай станцыі, а гэта была Зіма, я набыў білет і спакойна сеў у цягнік, які ішоў на захад. Спачатку ўсё было добра, а як толькі наблізіліся да Краснаярска, недзе ў раёне Тайшэта ці Канска, да мяне падышлі два оперсосы і прапанавалі паказаць дакументы.
— Ва ўсіх пасажыраў правяралі ці толькі ў цябе? — спытаў Міхась.
— Ды не, выбарачна. Тут я сам вінаваты,— працягваў Чуркін.— Купіў газету і трымаю яе, як кажуць, дагары нагамі, а сам, як той здодзей, ваджу вачамі па ўсіх кутках вагона. А яны ж, аператыўнікі, ужо спрактыкаваныя, адразу зразумелі, што я зэк-уцякач. Ну, і прычапіліся, маўляў, куды я еду і чаго. Потым запатрабавалі дакументы, а ў мяне іх нікс. I адразу ж узялі за задняе месца. Спачатку прывязлі ў Тайшэт, потым—у Заудзінс. Пасля допыту і лупцоўкі — у Чыту і нарэшце — сюды, у Краснаярск.
— Калі затрымалі, білі? — зноў спытаў Міхась.
— He, там, у Тайшэце, не білі, а вось як толькі прывязлі ў Заудзінск, так ужо здзекаваліся, што думаў не выжыву ці застануся без рэбраў. Яны, гадзюкі, білі так, што я траціў прытомнасць, адлівалі вадою. Білі і прыгаворвалі: «Будзеш ведаць, падлюка, як парушаць савецкія законы і падводзіць сумленных людзей — ахоўнікаў. Ах, контрык, і тут правацыруеш! He задаволен савецкім заканадаўствам? Ухіляешся ад адказнасці? Бег да Гітлера па абарону? He выйдзе! Савецкая ўлада моцная! Моцныя і нашы законы з іх ахоўнымі органамі! Як чарвяка раздушым!» — так яны ўвесь час прыгаворвалі, калі білі. Паўжывога, паўмёртвага кінулі мяне ў цэнтральны ізалятар Южлага, а праз некалькі дзён адвезлі ў Чыту, дзе таксама змясцілі ў ізалятар. He ведаю, колькі мяне там трымалі б і дзе я зараз быў бы, каб не гэта падзея, усенароднае гора,— працягваў Чуркін свой расказ.— Чуў, што рыхтавалі мяне і яшчэ добрую сотню такіх, як я, накіраваць у раён Нерчынскіх руднікоў, дзе калісьці «загаралі» дзекабрысты. Але падзея перапыніла. Як толькі дайшлі чуткі аб пачатку Айчыннай вайны з нямецкім фашызмам, нас, уцекачоў, разам з «паслухмянымі» нявольнікамі пасадзілі
ў таварныя вагоны і прывезлі сюды. Ты сюды прыехаў толькі сёння, а я ўжо «загараю» тут трэція суткі. Як ты думаеш, куды нас цяпер накіруюць? Бо ў Краснаярску такой процьме людзей рабіць няма чаго.
— На такое пытанне не магу адказаць. Можа, яшчэ і само начальства не ведае, што з намі далей рабіць,— сказаў свайму сябру Міхась.
— Кажуць, у Нарыльск павязуць,— разважаў Чуркін.
— Можа, і ў Нарыльск. Там, я чуў, камбінат будуецца. Але пра гэта можна толькі здагадвацца.
— А ты, Міхась, бачыў, хто тут, акрамя такіх, як мы з табой, «загарае» на гэтых енісейскіх берагах? — пытаўся Чуркін.— Афіцэры былых прыбалтыйскіх буржуазных дзяржаў — Літвы, Латвіі і Эстоніі. Сярод іх ёсць нават генералы. Пойдзем, я табе пакажу.
— Пакажы, я з цікавасцю пагляджу на іх, бо ніколі яшчэ не даводзілася бачыць афіцэраў замежных дзяржаў у форме.
— Ды цяпер яны ўжо не замежныя — нашы, але пакуль што ходзяць у сваёй ранейшай форме.
— Дык яны ж, пэўна, інтэрніраваныя,— заўважыў Міхась.
Чуркін узяў Міхася за руку і павёў да Енісея, дзе размяшчаўся лагер інтэрніраваных — афіцэраў Літвы, Латвіі, Эстоніі. Яны за калючым дротам ганарліва разгульвалі па роўнай пляцоўцы, пагарддіва гледзячы на схуднелых, апранутых у лахманы і абутых у рваныя кордавыя чаравікі зэкаў. Глядзелі і пасмейваліся, як з вышыні птушынага палёту.
— Бачыш, як яны пагардліва глядзяць на нас? — заўважыў Чуркін.— Думаюць, што яны самі ніколі такімі не будуць. А таго не ведаюць, што і іх прывязлі сюды не на экскурсію, бо Юзік шуткаваць не любіць.
— Так, ты, Іван, праўду кажаш,— згадзіўся Міхась,— наш «вялікі бацька» дарма хлебам карміць не стане. Праз нейкі час ім дадуць у рукі ламы, кіркі, рыддёўкі, якімі яны так жа, як і мы, будуць зарабляць сабе на хлеб надзённы. Бачыш, якія яны спраўныя і самаўпэўненыя? А прыйдзе час — яны будуць выглядаць горш за нас з табой. Яны пакуль што пра гэта, канечне, не ведаюць, але хутка зразумеюць.
Трое сутак сябры былі разам на ўзбярэжжы ракі. Яны шмат чаго расказвалі адзін аднаму пра тое, што бачылі пасля разлукі і што перажылі за гэты час. Ім і на самай справе не хацелася цяпер расставацца. Але ж у такіх месцах ды
яшчэ ў такі час ніхто з іхнім жаданнем не хацеў лічыцца.
— Як там цяпер адчуваюць сябе мае родныя на ціхім Доне? — уздыхаў Чуркін.— Добра як добра, а калі немец дойдзе да тых мясцін, што тады?
— Ад фашыстаў дабра не чакай. Калі яны дойдуць да нашых мясцін, то нашы родныя хлёбнуць гора-горачка,— гаварыў Міхась.— Фашызм — страшная з’ява на зямлі!..
ОМСКІЯ ПРЭЛЮДЫІ
Неўзабаве пасля гэтай гутаркі на пляцоўку, дзе быў размешчаны эшалон нявольнікаў, з’явіўся нейкі лагерны начальнік са спісам у руцэ і звярнуўся да ўсіх:
— Увага, слухайце ўважліва. Асобы, прозвішчы і імёны якіх буду называць, падыходзьце да мяне і станавіцеся вось тут, збоку.
I ён пачаў чытаць спіс.
Праз нейкі час збоку ад яго стаяў ужо амаль увесь былы эшалон. У гэтым спісе быў і Міхась.
— А цяпер бярыце свае рэчы і за мною,— скончыў ён.
— Вы забылі назваць прозвішча Чуркіна Івана,— не стрымаўся сам Чуркін.
— Чуркіна паклічам у наступны раз, а пакуль у спісе ён не значыцца,— адказаў начальнік.
— Ну што ж, Ваня, бывай, а можа, і зноў дзе-небудзь сустрэнемся,— сказаў на развітанне Міхась да свайго засмучанага сябра.
— Бывай, Міхась, дзякуй табе за ўсё, асабліва за тыя гадзіны, якія мы правялі разам.
Міхась зноў апынуўся ў вагоне-цяплушцы. I зноў цягнік патарабаніў яго на захад. Неўзабаве яны былі ўжо ў Ачынску, потым іх страчалі Багатол, Марыінск, Яя, Тайга, Новасібірск, Барабінск, Татарск... Двое сутак патрабавалася на тое, каб пакрыць адлегласць у 800 кіламетраў. Цягнік затрымлівалі амаль на кожнай станцыі: трэба было прапускаць ваенныя эшалоны з тэхнікай і людзьмі. Раніцай на трэція суткі іх эшалон быў на месцы прызначэння — у Омску.
На гэты раз сёй-той з нявольнікаў даведаўся, куды іх вязуць. Але навошта, для чаго — гэтага ніхто не ведаў. Было вядома адно: куды б ні прывязлі, трэба будзе працаваць.
У адным вагоне з Міхасём знаходзіліся тры жыхары Омска. Ім цяпер усе зайздросцілі.
— Як вам добра, прама дамоў прыехалі!
8 П. Пруднікаў
209
— А можа, гэта яшчэ і горш,— пачуўся другі голас. — Так, тут ёсць над чым задумацца,— разважыў трэці. У ліку трох «шчасліўчыкаў» былі Апанас Анішчанка — раней загадчык аднаго з прадмагаў Омска, Іван Жмыхаў — былы мічман аднаго з параходаў рачнога флоту, Мікалай Кармацкі — былы баяніст Омскага народнага хору. Усе яны загадзя напісалі пісьмы-запіскі, якія праз чыгуначнікаў паслалі дадому. Яны ўжо ведалі наперад, што эшалон будзе доўга стаяць на станцыі.
I вось назаўтра раніцай да акенца вагона падышла ўся сям’я Анішчанкі на чале з жонкай, Яны радаваліся, плакалі, распытвалі пра здароўе ў яго і расказвалі пра сябе. Прынеслі яму такую перадачу, што аднаму і не падняць, прастаялі каля вагона паўдня.
У другой палове дня да Жмыхава прыйшла жонка з малой дачушкай-школьніцай, але з пустымі рукамі. Для парадку жонка пусціла слязу, а пасля спакойна, халодна пачала яго дапытваць, быццам следчы на допыце:
— Дзе ты падзеў сваю андатравую шапку? Цэлая яна ці не? А паліто бобрыкавае з каракулевым каўняром? Пэўна, і гармоню не збярог?
— Ты для гэтага толькі і прыйшла? Што ў мяне магло застацца за чатыры гады такога жыцця? Ты падумала пра гэта?