За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
А ўвечары, пасля вячэрняй «трапезы», уся калона была пастроена пасярод вялізнага двара. Перад шарэнгамі вязняў выступілі спачатку начальнік КВЧ, які афіцыйна аб’явіў аб пачатку навязанай фашыстамі вайны, потым памочнік начальніка калоны па працы. Ён прачытаў спісы зняволеных па катэгорыях. Спачатку «бытавікоў» (іх было мала), потым «палітычных» (гэтых было значна больш). «Бытавікам» было загадана размясціцца ў першым бараку, «палітычным» у астатніх чатырох. На вышках ля баракаў «палітычных», ці «ворагаў народа», адразу ж былі пастаўлены кулямёты і была ўзмоцнена ахова, чаго не назіралася ля барака «бытавікоў».
Назаўтра на работу павялі таксама асобна і «бытавікоў», і «палітычных». «Бытавікоў» вёў адзін стралок, а «палітычных» на кожную партыю — тры-чатыры канваіры з сабакамі-аўчаркамі.
3 аднаго боку, «контрыкі» былі вельмі рады, што іх пазбавілі ад жулля: цяпер што б дзе ні паклаў, ляжыць на месцы, ніхто чужога не кране. Ды і на рабоце сумленным рабацягам ніхто не псуе нерваў. Любата! 3 другога ж боку, раздзяленне гэта іх насцярожыла. «Чорт яго ведае, што надумала начальства зрабіць з намі,— гаварылі паміж сабою,— добра як добра, а калі тут задумана нешта іншае, больш страшнае?..»
А тут яшчэ «разумнае начальства» пачало ўмешвацца і ў сам працоўны працэс: «палітычным» забаранілі працаваць на конях. Іх усіх загналі ў кар’ер грузіць машыны пяском і гравіем, і толькі некаторым было дазволена працаваць з тачкай ды яшчэ пілаваць лес. Яно па сваёй блізарукасці пасяліла ў голавах людзей падазронасць.
Міхась, як і раней, на новым месцы пасяліўся побач з Галушкам. Расказаў да іх ужо не трапіў, яго пасялілі ў бараку «бытавікоў».
— Мая, як ты думаеш, што цяпер з намі будзе? — пытаўся Міхась у Галушкі.
— А хто ж іх ведае, што яны надумалі, гэтыя спрытныя начальнікі,— гаварыў той.— Адно скажу — нам не давяраюць. Жулікам і бандзюгам вераць, а нам не. А ці мы ж ворагі свайго народа і сваёй дзяржавы? Па-ранейшаму яны
лічаць нас ворагамі. А ворагаў жа, як табе вядома, знішчаюць, на гэта ёсць дазвол,— дадаў ён.
— He, да гэтага, па-мойму, не дойдзе. Бо вельмі ж многа трэба будзе знішчаць, зямлі на могілкі не хопіць.
— Хопіць, тайга вялікая, бяскрайняя.
— У тайзе нязручна ямкі для магіл капаць,— сказаў Міхась і горка засмяяўся.
He паспелі насельнікі тайгі апамятацца ад аднаго няшчасця, як прыляцела другое — загарэлася тайга. А пажар у тайзе — страшная стыхія. Начальства плюнула, махнула рукой на раздзел зняволеных людзей на катэгорыі і пагнала ўсіх разам змагацца з агнём. Адбывалася ўсё гэта адвячоркам пасля рабочага дня. Так што работа чакалася начная. Бо да месца здарэння трэба было дыбаць добрых 10 кіламетраў. Ды і там намячаліся абходы-пераходы. А людзі па ўзросту і здароўі былі розныя, так што не разгонішся.
Паядынак з агнём быў цяжкім. У час пажару, як звычайна, падымаецца вецер, асабліва ў лесе, тым больш у тайзе. Моцны вецер пераносіць полымя з аднаго месца на другое на некалькі кіламетраў. Пры такіх сітуацыях гіне ўсё: дрэвы, людзі, звяры. Так было і на гэты раз. Загінула шмат звяроў, у тым ліку мядзведзяў і ваўкоў, а таксама некалькі чалавек зняволеных. Міхась жа са сваімі двума напарнікамі таксама цудам засталіся жывымі. Яны ледзь выбраліся з зацягнутага дымам таежнага ўчастка і, змораныя, на ўскрайку тайгі ляглі адпачыць хоць на некалькі мінут, але адразу ж паснулі. Іх ужо лічылі загінуўшымі, а яны а палове наступнага дня наўздагад, не ведаючы дарогі, прыйшлі ў зону без ніякага канвою. Пасля кароткага допыту іх пад канвоем адразу ж пагналі ў кар’ер «трудом нскупать свою внну».
Пры такім строгім рэжыме і непасільнай працы Міхась вытрымаў усяго толькі тыдзень, пасля вырашыў зрабіць прыпынак — адпачыць. Тут неабходна нагадаць, што ў тагачасных лагерах не існавала ніякіх выхадных. Ды і самі рабочыя дні цягнуліся па 12—14 гадзін, а ў летні час — і ўсе 16. Адным словам, працавалі ад сонца і да сонца. Гадзіннікаў не прызнавалі. Як і ў папярэднія разы, Міхась не выйшаў на работу, спасылаючыся на хворы страўнік. Ён спадзяваўся, што начальнік калоны пашкадуе яго і па-ранейшаму прапануе ісці ў барак. Але атрымалася наадварот. Начальніка ў час праверкі «зайцаў» не было, замест яго гаспадарнічаў яго памочнік па працы. Ён загадаў яго разам з іншымі «зайцамі» загнаць у кандзей на цэлыя суткі з тым разлікам, каб раніцай наступнага дня адправіць пад строгім канвоем на работу, у пясчаны кар’ер.
Калі Міхасёвы сябры даведаліся пра гэта, дамовіліся з вахцёрам на перадачу яму сяго-таго з прадуктаў. А калі ты не галодны, дык у летні час і карцэр не страшны. Зімою дык яшчэ холад даймае, а гэта ж лета.
Назаўтра раніцай Міхасю прапанавалі ісці на работу, але ён заўпарціўся:
— Прама з карцэра я на работу не пайду. Выпускайце мяне не раніцай, а ўвечары, каб я добра адпачыў у бараку і, як людзі, паеў. Вось тады можна і на работу пасылаць. А інакш я не згодзен.
— Вунь чаго ён захацеў — асабістай згоды. He дачакаешся! — лютавалі лагерныя начальнікі.
— Я патрабую начальніка калоны! — не здаваўся Міхась.
— Начальніка няма і не будзе,— сказалі яму.
— Я дачакаюся!
— He дачакаешся, яго больш не будзе, знялі, а другога пакуль няма.
Так Міхась праседзеў у гэтым катуху трое сутак. Увечары яго не выпускалі, а раніцай ён сам не згаджаўся пакідаць гэты «ўтульны люкс». А падкармліваць сябры яго не забывалі. Яны прыносілі яму рэгулярна і ежу, і курыць, канечне, са згоды вахцёра. I невядома, колькі б яшчэ працягваўся гэты няроўны паядынак, каб не адна нечаканая акалічнасць.
На чацвёртыя суткі свайго арышту Міхась пачуў, як па селектары перадавалі тэлеграму ўсім кіраўнікам калон і начальнікам аховы, што ў сувязі з ваеннымі абставінамі будаўніцтва чыгункі Тайшэт — Ангара кансервуецца, а людзі, якія былі заняты на гэтым будаўніцтве, павінны быць накіраваны ў іншыя месцы, а куды — будзе паведамлена дадаткова. Пры гэтым падкрэслівалася, што работу гэту трэба правесці тэрмінова.
— Гэй ты, арыштант,— звярнуўся да Міхася вахцёр,— відаць, тэрмін твайго гасцявання ў гэтым «салоне» канчаецца — ліквідуецца наш лагер. Будуць пераводзіць нас усіх кудысьці ў іншае месца.
— А куды? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.
— Пакуль што невядома. Абяцаюць паведаміць пасля, дадаткова.
— Скажыце, калі ласка,— паспрабаваў шчасця Міхась,— дзе начальнік калоны, што яго столькі дзён не бачна?
— У камандзіроўцы,— сказаў і засмяяўся вахцёр.
— У якой камандзіроўцы? — не адставаў Міхась.
— А ў такой, у якой і ты зараз,— у цэнтральным ізалятары, а можа, ужо і ў турме. Кажуць, яго западозрылі ў шпіёнстве, за што і будуць судзіць.
— А, вось у чым рэч! А я думаю, чаго яго даўно не відаць нідзе. Значыць, і ён цяпер не «бытавік» будзе, а «вораг народа».
— Ды пэўна ж,— адказаў той няўпэўнена.
А Міхась падумаў: «Значыць, тыя фабрыкі, на якіх штампуюць «ворагаў народа», яшчэ не спынілі сваю работу, па-ранейшаму працуюць».
He паспеў Міхась прыйсці да пэўнай высновы, як адчыніліся дзверы, і ён пачуў:
— Асцёрскі, выходзь!
— Куды, на работу? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.
— У барак,— сказаў нарадчык.— Трэба збірацца ў дарогу.
— У якую дарогу? — хітрыў Асцёрскі.
— У далёкую. Ідзі да брыгадзіра, ён усё табе скажа. А мне няма часу.
А брыгадзір, як і нарадчык, сам нічога не ведаў. А мо і не хацеў казаць.
...Зборы доўга не зацягнуліся. 3 маёмасцю яшчэ трошкі прытармазілі, а што датычыць зняволеных, дык іх праз дзень пасадзілі ў вагоны-цяплушкі і павязлі да Тайшэта, дзе далучылі гэтыя вагоны да іншых з такімі ж «камсамольцамі» і таксама праз суткі накіравалі ў напрамку Краснаярска.
КРАСНАЯРСКІЯ СУСТРЭЧЫ
Яшчэ седзячы ў вагоне, які вёз яго з Тайшэта ў Краснаярск, Міхась убачыў тое, чаго не мог назіраць у бязлюднай тайзе,— гэта вынікі першых дзён страшнай вайны... На ўсім шляху цягніка — на станцыях, прыпынках, пераездах і проста на перагонах — праз маленькае акенца з кратамі ён амаль нідзе не бачыў чыгуначнікаў-мужчын, асабліва радавых рабочых і стрэлачнікаў. Скрозь працавалі жанчыны. Яны выконвалі абавязкі і стрэлачнікаў, і вартавых на пераездах, і пуцявых рабочых, і нават дыспетчараў. Цягнік, які складаўся выключна з вагонаў з кратамі на вокнах, з узброенымі ахоўнікамі і аўчаркамі на тармазных пляцоўках-тамбурах, сустракалі засмучана і насцярожана. Бо шмат у каго з іх, хто страчаў гэты цягнік, у такім жа становішчы недзе знаходзіліся мужы, сыны, браты, знаё-
мыя, а астатніх «мужыкоў» павезлі змагацца з фашыстамі. На іх суровых тварах, як здавалася Міхасю, было напісана: «Эх, накіраваць бы гэту сілу на фашыстаў! Павярнулі б яны свае аглоблі назад! А каб уваскрэсіць тых, каго закатавалі свае энкавэдысты? А тыя маршалы, генералы, палкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты!.. Ці рызыкнуў бы гэты халерык Гітлер падняць на нас руку? А калі б ён і асмеліўся на такі крок, дык ці ўтрымаўся б? Навошта і каму трэба было нішчыць у тайзе, тундры і ў пясках такіх дужых, адважных, дасведчаных і таленавітых людзей? Хоць бы цяпер апамяталіся тыя крамлёўскія верхаводы — выправілі сваю памылку...»
Так думаў Міхась, так думалі, пэўна, і тыя жанчыны, якія тужлівымі вачыма праводзілі незвычайны таварны цягнік — цягнік з жывой сілай. Але бяда ў тым, што так не хацеў думаць той, ад каго залежаў лёс не толькі гэтага жывога грузу і жанчын з тужлівымі вачыма, а і ўсёй неабдымнай краіны з яе шматмільённым і шматнацыянальным народам. He хацеў думаць пра гэта той, каго лічылі «найвялікшым з найвялікшых, мудрэйшым з мудрэйшых, чалавечнейшым з чалавечнейшых» — усемагутны наш «бацька», імя якому — Сталін.
А паравоз набіраў пары і імчаўся наперад!.. А куды наперад, ніхто, акрамя аховы і аператыўнікаў, не ведаў. Нарэшце ён спыніўся на нейкай станцыі з мноствам пуцей. Праз некалькі мінут яго загналі ў тупік, на запасны пуць. Ці надоўга — ніхто не ведаў. Убачыўшы ў акенца жанчын з рыдлёўкамі, кіркамі і ламамі, Міхась спытаў у іх:
— Жанчынкі, скажыце, калі ласка, якая гэта станцыя? — А ці ж вы не бачыце — Краснаярск.
— Акенцы малыя, ды яшчэ і краты на іх... Вось чаму і не маглі разгледзець як след,— не то сур’ёзна, не то жартам адказаў ён жанчынам.
— Бачым, спачуваем, але памагчы не можам,— гаварылі жанчыны.— Мы цяпер самі мала чым адрозніваемся ад вас: галодныя, халодныя і суткамі ходзім у хамуце. I мужыкі нашы таксама, як і вы, недзе будуюць дарогі і здабываюць золата, а каторыя кроў праліваюць...