За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— Ну, ліха яго мацеры! Дачакаецца і ён свайго чорнага дня. Такое ніколі нікому не праходзіць дарма. Можа, ён рана яшчэ радуецца. Гара з гарой не сыходзяцца, а чалавек з чалавекам могуць сустрэцца.
— Такія, як Фаменка, пра гэта не думаюць.
— А не думаюць таму, што не здольныя на гэта,— заключыў Міхась.— Давай трошкі здрамнём, a то заўтра чорт ведае што з намі будзе.
— Правільна кажаш, давай, дружа, здрамнём,— пагадзіўся Зарэмба.
Як яны перажылі тую ноч, яны і самі не ведалі. Начныя марозы яшчэ даходзілі да 15 градусаў, а кандзей гэты ніхто не апальваў. Пасінелых ад холаду іх выпусцілі ў сем гадзін раніцы і загадалі ісці ў барак на свае месцы, але на работу не выходзіць. Разам з усімі яны паснедалі і занялі на нарах свае месцы. 3 барака без дазволу ім таксама забаранілі выходзіць, акрамя як у туалет.
Аператыўнікі і ахоўнікі наведвалі іх праз кожных 20— 30 мінут. Але як бы ні было строга, Міхась выбраў момант і завітаў да прараба, якому расказаў пра ўсё, што здарылася. Той выслухаў уважліва і толькі паспачуваў:
— Сам ты, Асцёрскі, вінаваты. Навошта было лезці на ражон. Ты ў лагеры захацеў праўду знайсці? Яе, калі сказаць шчыра, на волі няма, а не тое што ў гэтым пекле.
— Дык ці ж за тое, што не пайшоў на работу, зноў арыштоўваць ды яшчэ і выдумляць чорт ведае што?
— А сюды ты трапіў за што? Успомні, чаго толькі ні прыпісвалі табе, каб завесці справу і ўклеіць у яе абвінавачванні, пра якія ты не толькі не чуў, але і ў сне не сніў?
— Тое было адно, а гэта зусім іншае. Тут дапамог Фаменка, які цяпер узначаліў былую маю брыгаду.
— 3 брыгадзіраў яго я звольню, але такія людзі без справы не застаюцца. Ён усё роўна прылепіцца яшчэ кудынебудзь, канечне, цераз трупы іншых, сабе падобных.
Прараб не памыліўся. Праз пару дзён пасля таго Міхась убачыў Фаменку на пасадзе фурмана начальніка калоны. Ён ехаў важна ў новай амуніцыі. Калі яны параўняліся, Міхась выпаліў яму:
— Ну што, гадзюка, выслужыўся? Дабіўся свайго?
— Я свайго дабіўся, а ты з Зарэмбам таксама.
— Падонак, юда! — сказаў Міхась і плюнуў яму ў твар.
— Ад падонка і чую! Ты яшчэ пашкадуеш!
— Пашкадуеш і ты, гадзюка!
Праходзіць дзень, другі, а Асцёрскага і Зарэмбу нікуды не пасылаюць, затое па-ранейшаму праз кожных 20—30 мінут іх наведваюць ахоўнікі ды аператыўнікі.
Неяк раз, калі яны ў бараку засталіся ўдвух, Зарэмба і пытае ў Міхася:
— Скажы, Асцёрскі, куды нас надумалі адпраўляць, як ты думаеш?
— А трасца іх ведае. Пэўна ж, не да цешчы на бліны. Якую-небудзь прорву знойдуць.
— А не ў цэнтральны ізалятар?
— Наўрад, каб адважыліся туды запіхнуць нас. Бо там хоць трыста грамаў на дзень, а даць трэба — не заробленых. А мы ж людзі працаздольныя. I не для таго нас завозілі ў такія месцы, каб мы сядзелі і дармовы хлеб елі. Нас бралі для таго, каб мы зараблялі і на сябе, і яшчэ на добры дзесятак дармаедаў, сярод якіх мы знаходзімся і якія на волі ходзяць з партфелямі.
— Значыць, на Калыму павязуць?
— Я думаю, што не. Там ужо і без нас хапае. Хутчэй за ўсё звязуць куды-небудзь далей ад гэтай бруднай чыгуначнай станцыі, бліжэй да Ангары, у глыб тайгі. Адтуль, хоць і гнаць будуць, дык і сам не пажадаеш уцякаць. Сотні кіламетраў па тайзе не пройдзеш.
— Калі так, то гэта яшчэ паўбяды,— павесялеў Зарэмба.— У тайзе жыць яшчэ можна. Там ёсць ягады, грыбы, арэхі. 3 голаду не памрэш. Кажуць, і жэньшэнь ёсць.
— Вось пра гэта я не чуў,— здзівіўся Міхась.
— А якая ў цябе прафесія на волі, брыгадзір?
— Па-першае, я ўжо не брыгадзір. А што датычыць прафесіі, скажу,— настаўнік. Для лагера не падыходзіць.
— А я — каваль,— прызнаўся Зарэмба.
— Каваль і ў гэтых месцах — хадавая прафесія. He ведаю, чаму ты маўчыш.
— А яна мне і ў калгасе абрыдла: дзень і ноч, як дзяцел той, дзёўбаеш малатком, а карысці ад працы ніякай.
— Затое з голаду не памрэш і ў такую няміласць не трапіш, як мы вось зараз з табой.
— А хто яго ведае, можа, ты і праўду кажаш,— згадзіўся Зарэмба.— Як прыеду на новае месца, адразу ж далажу начальству ці мясцоваму кіраўніцтву.
— Мне, таварыш Зарэмба, аднаго шкада,— уздыхаючы, гаварыў Міхась.— Тут я не так даўно падаў заяву на курсы шафёраў. Абяцалі накіраваць. А цяпер, як бачыш, усяму капут... Хацелася і мне мець рабочую прафесію, ды вось твой зямляк перашкодзіў, растуды яго туды!
— Можа, у другім месцы даб’ешся?
— He, дружа, такія магчымасці ў лагерных умовах не так часта здараюцца.
Мінулі ўжо трэція суткі «дамашняга арышту» Міхася і Зарэмбы. I вось на чацвёртыя суткі, раніцай, пасля разводу, у барак зайшоў памначальніка па працы і загадаў арыштантам збірацца ў дарогу са ўсімі сваімі рэчамі. Зборы былі нядоўгімі, таму што рэчаў асаблівых амаль што не было. Якія ў зняволенага рэчы?
Узброены пісталетам, ахоўнік адвёў двух «небяспечных» зэкаў на станцыю, дзе ў саставе таварнага цягніка знаходзіўся вагон-цяплушка з кратамі на акенцах. Разам з двума дзесяткамі такіх жа «злачынцаў» іх запхнулі ў гэты вагон і зачынілі дзверы.
— Куды нас павязуць? — спытаў Міхась у сваіх новых суседзяў.— Пэўна, кудысьці далёка?
— Ды не, на 21 кіламетр. Датуль толькі і ходзяць цягнікі. А далей — цаліна. Праведзена толькі лінія, ды сямтам спілаваны дрэвы на месцы будучай чыгункі.
— Тады яшчэ не так страшна.
— He страшна, але і не весела. Вакол лес і лес!..
He паспелі новыя знаёмыя абмяняцца некалькімі словамі, як цягнік крануўся і ўзяў курс у напрамку Ангары. Праз якую-небудзь пару гадзін яны ўжо былі на месцы, нягледзячы на тое, што цягнік ішоў з хуткасцю чарапахі. Гэта было яшчэ часовае чыгуначнае палатно, па якім курсіравалі
толькі рабочыя цягнікі мясцовага значэння і спецыяльнага прызначэння. Тайга яшчэ «па вушы» была заснежанай. У некаторых месцах у снежных гурбах можна было схавацца з галавой. А ўжо наступілі першыя красавіцкія дні!
Новую рабочую сілу, ці цягло, змясцілі ў часовыя баракі, якія паспелі абжыць іншыя рабацягі. Баракі гэтыя ледзь можна было бачыць — яны патаналі ў глыбокім снезе. А налічвалася іх, акрамя падсобных гаспадарчых памяшканняў, пяць. Непадалёку ад баракаў, абнесеных высокім дашчаным плотам з калючым дротам наверсе, былі памяшканні для начальства і аховы. Стаяла будыніна і для службовых сабак. Адным словам,— сярэдневяковы горад-княства, дзе было ўсё сваё, нават і ўзброеная сіла.
Перад вахтай зрабілі пераклічку па тых спісах, якія ехалі разам з нявольнікамі. Правяраў нарадчык гэтай калоны, якога Міхась адразу пазнаў. Гэта быў той мінчанін Мароз, які служыў нарадчыкам у Заудзінску, калі Міхась яшчэ брыгадзірыў на бульбяным складзе. Той таксама пазнаў Міхася, але змаўчаў. А як толькі пераклічка скончылася, ён сказаў:
— Зняволены Асцёрскі, пасля ўладкавання ў бараку зайдзіце ў нарадны пакой, што побач з вахтай, трэба будзе ўдакладніць вашы даныя. Зразумела?
— Зразумела,— адказаў Міхась.
Так ён і зрабіў. Калі знайшоў сабе месца, уладкаваў так званыя свае рэчы, адразу ж накіраваўся да свайго земляка.
— Ну, добры дзень, зямляк! — сустрэў яго Мароз.— Якім ветрам прынесла цябе сюды?
— А, пэўна, такім жа, як і цябе,— Гальфстрымам, які заўсёды кіруе з захаду на ўсход. «По морям, по волнам, нынче здесь, а завтра там». Памятаеш, як пелі ў першыя гады савецкай улады? Вось так і мы зараз.
— Ты ведаеш, чаго я паклікаў цябе? — спытаў Мароз.
— Па-зямляцку пабуськацца. Так ці не?
— He, не толькі таму,— працягваў Мароз.— Калона гэта, землячок, паходзіць на штрафную. А ты ведаеш, што на штрафных камандзіроўках — не мёд. I я, зямляк твой, хачу аблегчыць тваё становішча — хачу прапанаваць табе брыгаду, якую мяркую скалаціць з самых сумленных рабацяг — выключна з «контрыкаў». Як ты на гэта глядзіш? Як табе падабаецца такая прапанова?
— He ведаю, што і сказаць табе. Я ўжо на гэтых брыгадах набіў аскому. Яны ў мяне стаяць косткай папярок горла. Такая пасада і сюды мяне прывяла.— I ён расказаў Марозу ўсё, што з ім здарылася за апошні час.
— He хвалюйся, тут гэтага не будзе,— запэўніў Мароз Міхася.— Дарэчы, начальнікам калоны з’яўляецца той чалавек, якога ты карміў цэлага паўгода, не бачачы ў вочы,— Шпілер Міхаіл Іосіфавіч.
— Дык і ты ведаў пра гэта?
— А як жа? Гэта ж я і даваў даручэнне прарабу, а той табе.
— Добра, я згодзен. Толькі, дзе трэба, дапамагай мне напачатку.
— Канечне, няўжо ты яшчэ сумняваешся?
— Дзякую за добрыя словы і за абяцанне.
ЗНОЎ АСЕЧКА
Брыгада, якую даручылі ўзначаліць Міхасю, складалася з 30 чалавек, і амаль усе яны былі «ворагамі народа», за выключэннем двух-трох «бытавікоў», ды і яны трапілі ў лагер не за нюх табакі па прыдуманым артыкуле СВ («соцнально-вредный»). Адзін з такіх «соцнально-вредных» быў Мікалай Расказаў, з якім пасля Міхась пасябраваў.
Спачатку працаваць было не так ужо і цяжка: расчышчалі трасу будучай чыгункі ад снежных заносаў. Брыгадзе выдалі шырокія драўляныя лапаты, і яна добра спраўлялася са сваімі абавязкамі. Выконвала і перавыконвала нормы выпрацоўкі, а значыць, і атрымлівала нармальны паёк. Так прайшоў амаль цэлы красавік, пакуль сам сабою не растаў снег. Пасля даручылі пілаваць з пня дрэвы — на лесапавале чыгуначнай магістралі. Тут яны таксама сяк-так спраўляліся. Спраўляліся рабацягі і тады, калі на тачках пачалі адсыпаць само палатно будучай дарогі. А вось калі «на дапамогу» прыйшла тэхніка, а гэта ўжо было недзе ў канцы мая, брыгада, як кажуць, села на мель.
У кар’ер, дзе працавала брыгада Асцёрскага, прыгналі некалькі машын. Калі на ўсё гэта паглядзець казённым вокам, дык здаецца ўсё правільна: пры малых затратах — вялікі прыбытак. Начальства хваляць, бо ёсць добрыя вынікі працы, не тое што ад тачкі ці калымагі. Але так можа разважаць толькі той, хто стаіць убаку і не задумваецца над тым, хто і як гэта ўсё робіць.
Машыны толькі адвозяць пясок і гравій, а грузяць жа яго рукамі людзі, якіх ператварылі ў аўтаматы. Да машын патрэбны былі экскаватары, а іх не было. I вось людзі з брыгады Міхася і замянялі гэтыя экскаватары. He паспеюць яны загрузіць адну машыну, як на яе месца прыходзіць
другая, а потым трэцяя, чацвёртая, пятая. Толькі чуюцца сігналы: «Ту-ту-ту, ту-ту-ту, ту-ту-ту». Машыны мяняюцца, а людзі адны і тыя ж. Шафёры на сваіх «газіках» лёгка выконвалі і перавыконвалі нормы, а рабацягі ў кар’еры, працуючы без перакураў,— спраўляліся са сваімі нормамі на 50 працэнтаў, а гэта ўжо ўразала іх паёк таксама на 50 працэнтаў. Людзі пачалі слабнуць, а значыць, і даваць яшчэ меншую норму.