За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
— У такім выпадку я не пайду ні на якую работу!
— He пойдзеш па добрай волі, прымусім сілай!
— Ваша воля, толькі нікуды я не пайду, пакуль не атрымаю разлік за працу на курсах.
— У кандзей пасадзім як міленькага!
— У кандзеі таксама можна жыць, мне не прывыкаць,— адказаў Міхась.
— Ты свабодны,— закончыў размову начальнік КВЧ.
Міхась сваё слова стрымаў: ні назаўтра, ні на паслязаўтра на работу не пайшоў, і яго пасадзілі ў кандзей пры вахце, як якога-небудзь злачынца, пасадзілі на хлеб — трыста грамаў — і ваду.
Яму не сказалі, на колькі дзён і начэй яго запіхваюць у гэтую мышалоўку, але відаць было, што не на адны суткі.
Ён адпакутаваў суткі пад строгім наглядам і на галодным пайку. Ніхто яго не патурбаваў ні словам, ні справай. Ахоўнік аказаўся пільны і строгі. А на другія суткі на вахту заступіў другі вартавы. Гэта быў чалавек ужо іншых поглядаў. Пасля адбою на сон, калі ўсё сціхла, ён адчыніў дзверы ў цёмны катушок, дзе марнеў на нарах з сырых круглякоў учарашні настаўнік, а сённяшні арыштант, і спытаў у Міхася:
— За што гэта вас загналі ў гэты каземат?
— За непавагу да начальства,— адказаў арыштант.
— А ў чым канкрэтна была гэта непавага? — не адставаў ахоўнік.
Міхась перасіліў сябе і расказаў усё, як было.
— Дык вы, значыць, настаўнік?
— Так, настаўнік, які амаль не пачынаў яшчэ настаўнічаць.
— А па якому прадмету?
— Руская мова і літаратура.
— Вось якраз такі настаўнік і мне трэба.
— Для вашых дзяцей?
— He, не для дзяцей, яны яшчэ маленькія, для самога мяне. Нас усіх абавязалі здаць экзамены за пачатковую школу. Інакш трэба будзе кожны дзень пасля заняткаў хадзіць у вячэрнюю школу для малапісьменных, альбо дадуць «воўчы білет». 3 арыфметыкай у мяне яшчэ сюды-туды, нешта петру, а вось з рускай мовай — справа дрэнь. Можа, дапаможаце? Я ў даўгу не застануся.
— Ну што ж, колькі змагу, дапамагу. Можна было б пачаць і з сённяшняга дня, ды ў нас тут ні падручнікаў няма, ні ручкі з чарнілам, ні паперы.
— Паперы, ручку і чарніла я і зараз магу дастаць, а вось што датычыць падручніка, то заўтра прынясу.
— Тады нясіце ўсе вашы пісьмовыя прылады, і мы пачнём практыкавацца і адначасова паўтараць граматычныя правілы.
— Вы давайце выходзьце сюды, на вахту,— прапанаваў «вучань» свайму выпадковаму «настаўніку» з двайным «наморднікам».
Гадзіны тры-чатыры яны займаліся разборам слова па частках, а потым і самога сказа. Потым практыкаваліся і тлумачылі разам кожную зробленую памылку, а іх было амаль у кожным слове. I калі стаміліся і настаўнік, і вучань, Міхась прапанаваў перапынак да наступнай ночы.
— Вы можаце зрабіць так, каб дзяжурыць толькі ноччу, пакуль я тут «адпачываю»?
— Mary,— адказаў «вучань»,— а зараз давайце будзем разам вячэраць. Сёння мы спажывём толькі мой паёк, a заўтра я прынясу спецыяльна для вас вячэру.
Так яны «працавалі» пяць начэй запар.
Кожную раніцу да Міхася прыходзілі з прапановай ісці на работу, але ён выстаўляў сваё патрабаванне — выдаць яму абяцаную вопратку ў лік платы за працу на кур-
сах, як яму калісьці і абяцалі. I пакуль яго патрабаванне не ўлічвалася, не кранаўся з месца.
На шостыя суткі прыйшоў да Міхася памочнік начальніка па быту і прапанаваў яму ісці ў кладоўку па новую вопратку і абутак. На гэтым і скончыўся яго тэрмін пакарання, а разам і яго настаўніцкая праца з лагерным вартаўніком.
3 ізалятара Міхася паслалі ў брыгаду, якая выконвала астатнія земляныя работы на чыгунцы.
На гэты раз Міхась трапіў у брыгаду Гайсёнка, беларуса, ураджэнца Полацкага раёна, з якім ён разам марнеў у ленінградскай перасыльнай.
— Во дзе мы сустрэліся з табой, землячок,— сустрэў яго з радасцю брыгадзір.
— Я вельмі рады такой сустрэчы,— сказаў Міхась.
— Ну, расказвай па парадку, дзе быў, што рабіў? — пытаўся той.
— Потым, часу ў нас хопіць,— ухіліўся ад расказу Міхась.— Давай поўную нагрузку на хамут, будзем цягнуць разам.
— Пра нагрузку не клапаціся, крыўдаваць не будзеш.
У абавязак брыгады ўваходзіла апрацоўваць кюветы і рабіць адводныя канаўкі ад чыгуначнага палатна. Адным словам, работы хапала. Да таго ж летні дзень доўгі. А ў лагеры ў той час працавалі ад сонца да сонца. Пры гэтым — без выхадных, як рабы ў Старажытным Рыме. А кармілі слаба, па-турэмнаму. Калі збоку не здабудзеш чаго, дык цяжка было пражыць на тых казённых харчах. Больш спрытныя зэкі здабывалі сабе сёе-тое з прадуктаў за грошы, якія ім употай прысылалі з дому, або муку, з якой пяклі праснакі. Значную частку гэтай брыгады складалі грузіны, а народ гэты, як вядома, практычны. Вось яны разбіваліся на групкі і раздабывалі сяго-таго з прадуктаў, за грошы, канечне, у дадатак да жабрацкага пайка. I вось неяк раз адна з такіх групак набыла недзе жытняй мукі для праснакоў і заціркі, схавала яе ў скрынку, якая знаходзілася пад іх нарамі, а самі хлопцы адправіліся ў лазню. Калі вярнуліся, то ўбачылі, што скрынка пустая — мука кудысьці сплыла. Яны пачалі наводзіць даведкі, а адзін з сапраўдных віноўнікаў гэтага зладзейства — крымінальнік — сказаў, што муку ўкраў Асцёрскі. Грузіны, не разабраўшыся, узброіліся жалезнымі прутамі і з лаянкай пайшлі на Міхася. Бачачы такую небяспеку, Міхась закрычаў:
— Хлопцы, за што вы на мяне? Я ж у божым свеце нічога не ведаю. Гэта паклёп!
Добра, што побач знаходзіўся брыгадзір. Ён падскочыў да ашалелых сваіх рабацяг і крыкнуў грозным голасам:
— За што вы прысталі да яго? Вы ведаеце, хто гэты чалавек і на што ён здольны? He, пэўна, не ведаеце. Папершае, гэта настаўнік, па-другое, беларускі паэт, а па-трэцяе, сумленны чалавек. Я яго даўно добра ведаю. Вас проста завялі ў зман.
Ад гэтыў пераканаўчых слоў гарачыя грузіны пачалі астываць. I ў гэты ж момант падышоў чалавек з суседняй брыгады і прама сказаў:
— Я ведаю, хто забраў вашу муку. Той самы чалавек, які паказаў вам на гэтага невінаватага рабацягу.
Грузіны зноў «запалымнелі». Яны ўсе ўтрох рушылі да нар, дзе змяшчаўся той жулік, знайшлі сваю муку ў яго пад падушкай, а потым дабраліся і да яго самога, ды так аддубасілі, што нават Міхасю стала яго шкода.
— Кацо, даруй нам за нашу дурасць. Мы дарэмна пакрыўдзілі і абразілі цябе. Дзякуй брыгадзіру, што ён не дазволіў саграшыць нам перад табою. Ты добры чалавек. Даруй нам, браток,— прасілі яны Міхася.
— Тут не столькі вы вінаватыя, колькі той шакал, якога вы добра правучылі,— адказаў Міхась.
— Скажы, добры чалавек, гэта праўда, што ты яшчэ і паэт — пішаш вершы?
— Быў калісьці і паэтам, а цяпер вось — рабочае цягло.
— Дык вось што,— раздобрыўся адзін з іх — Махарадзе,— у мяне ёсць томік Ільі Чаўчавадзе, я дару табе яго. Гэта цудоўны паэт, геніяльны паэт!
— Ад такога падарунка я не адмоўлюся,-— падзякаваў Міхась.— Ілью Чаўчавадзе я палюбіў яшчэ ў студэнцкія гады.
3 гэтым томікам выбраных вершаваных твораў Міхась не расставаўся да канца так званага свайго тэрміну пакарання.
Праз нейкі час Гайсёнка выклікалі ў канцылярыю і пасля кароткай размовы адправілі ў Тайшэтлаг. Так тады пра гэта гаварылі, хоць дакладна ніхто не ведаў, куды ён падзеўся. Брыгадзірам замест яго быў прызначаны Рыгор Іванавіч Геаргадзе, грузін.
Брыгадзе было даручана разбіраць апалубку чыгуначных мастоў, дашчаныя платы лагернай калоны, сцены былых зямлянак і апусцелых баракаў і іншыя «драўляныя работы». Міхась з дзіцячых гадоў любіў працаваць па-сапраўднаму. А калі і здаралася быць без працы, дык не па сваёй
віне. А таму і дошкі цягаў ён заўзята, без ніякай хітрасці і без «перакураў», што амаль усім яго паплечнікам па брыгадзе не вельмі падабалася. Людзі кураць, адпачываюць, расказваюць розныя гісторыі, а ён усё варушыцца. Нарэшце брыгадзір не вытрымаў, падышоў да Міхася і спытаў:
— Кацо, што ты робіш?
— А ці ж ты не бачыш? Дошкі нашу,— адказаў той.
— У нас, кацо, так не робяць. Бо заўтра таксама трэба будзе працаваць. Трэба берагчы сябе, мілы чалавек. Тут ніхто цябе не пашкадуе, акрамя самога сябе, ды, можа, акрамя такога дурня, як я. Лепш садзіся пакуры, а пасля будзем ішачыць.
На словы папроку брыгадзіра Міхась нічога не адказаў. Ён кінуў дошку, якую нёс, і сеў бліжэй да людзей з брыгады, якія не толькі курылі, але і ўмудраліся піць чай, завараны «грузінскім».
Міхась сядзеў, не ўсё разумеючы з размовы на грузінскай мове, і нечакана для сваіх субяседнікаў перабіў іх пытаннем:
— Кацо, няхай я безабаронны, а як гэта трапілі сюды вы, маючы такіх землякоў, як вялікі Сталін і яго дастойны паплечнік Берыя? Вось тут мне штосьці незразумела.
— Сталін — вялікі паддец! Разам з яшчэ большым падляцом Берыя загнаў вось у такія мясціны палову ўсіх грузінаў,— ускіпеў Геаргадзе.— Колькі яны нявіннай крыві пралілі і дзяцей асірацілі? А колькі ўдоў засталося!
— He, кацо, я з вамі не згодзен,— не здаваўся Міхась.— Нешта ж і ён прыдумаў для людзей.
— Пекла, вось што ён прыдумаў! — падаў голас ціхі Шангелія.
— Яны разам з Берыем,— дадаў Цулукідзе,— прыдумалі нам пятлю, для чаго далучылі нас да меншавіка Цэратэлі, пра якога мы толькі ў турме, на следстве, і даведаліся, што быў такі меншавік Цэратэлі. Падлэцы! Гадзюкі! Рэзаць іх абодвух трэба!
Міхась маўчаў. Ён не ведаў, як яму далей быць: спрачацца не мог, а падтакваць таксама было не ў яго характары. I ён маўчаў. Змоўклі і яго субяседнікі.
А праз колькі хвілін брыгадзір скамандаваў:
— Адпачылі, і хопіць. Трэба трошкі яшчэ папрацаваць.
...3 кожным днём на гэтым аб’екце кола работ звужалася. Заставаліся толькі дзе-нідзе недаробкі на самой дарозе, даводзілі да ладу службовыя і жылыя памяшканні
для чыгуначнікаў. Хоць магістраль пакуль што яшчэ цалкам і не была здадзена заказчыку — наркамату шляхоў зносін,— цягнікі па ёй ужо хадзілі, як па звычайнай чыгунцы. А паколькі кола работ з кожным днём звужалася і набліжалася да нуля, будоўлю гэту пачалі патрошку вызваляць ад «лішніх рабочых рук». Іх перакідвалі ў іншыя лагеры — каго куды. Але значная частка рабочай сілы была накіравана ў Тайшэтлаг. 3 першых дзён красавіка туды пачалі адпраўляць эшалон за эшалонам з такімі «камсамольцамі», ад якіх ужо даўно паадракаліся жонкі, як ад «ворагаў народа». Паступова ў лагеры засталіся пераважна «прыдуркі». Шмат хто з іх баяўся расстацца з наседжаным цёплым месцам. Вось яны пад рознымі выдумкамі і тапталіся ля цёплых кармушак галаўных калон усіх чатырох аддзяленняў. Асабліва многа назбіралася такіх нахлебнікаў у Заудзінску ля ўпраўлення самога Южлага. Яны чагосьці чакалі, на штосьці спадзяваліся.