За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— Ну што ж, даражэнькі, пашкадуеш, але будзе позна,— сказаў майстар.— На мяне не крыўдуй, сам вінаваты.
— Крыўдаваць мне на вас няма за што. Я сам пажадаў гэтага. А таму і крыўдаваць буду толькі на сябе.
Аб такім «свавсльстве» Міхася ў той жа дзень паведамілі лагернаму начальству, і яго на другі ж дзень накіравалі ў брыгаду землякопаў.
Быў канец лютага. Маразы пяклі страшныя, а снегу амаль не было. Так што зямля прамерзла на два-тры метры,
і яе голымі рукамі не возьмеш. Без кастра да яе не прыступіцца. Што адмарозіш, адтаеш, то і тваё. Інакш, хоць зубамі грызі.
Міхась павінен быў капаць траншэю пад цеплатрасу, якая ішла пад будынак будучага паравознага дэпо. Як і іншыя рабацягі, ён раскладваў вогнішча на сваім участку і потым патрошкі дзёўбаў ломам і кіркай. Пускаў у ход і рыдлёўку, але поспех быў слабы. Штосьці ў яго не выходзіла так, як у іншых. Так ён адпакутаваў дні тры. Бачачы, што нічога не атрымліваецца і што за сваю працу ён болып, як 300—500 грамаў зарабіць не зможа, і зусім перастаў старацца. «Усё роўна 300 грамаў і так дадуць, затое косці і шлункі будуць цалейшыя»,— думаў ён. А таму патрошкі капаўся, каб не замерзнуць. Выкапаў столькі, каб можна было сесці на край траншэі і звесіць туды ногі, адкуль нясло цеплынёй ад раскладзенага вогнішча. Суседзі ж яго старанна капалі, кідаючы часам з’едлівае слова.
— Ты, Асцёрскі, не ўмееш зямлю капаць. I дзе ты толькі такі рос?
— Вось пажыву па суседству з вамі, нагляджуся на вашу кемлівасць ды спрыт — і навучуся. Так што я часу не марную.
— Глядзі, браток, каб не было позна, не дачакаўшыся, з голаду загінеш,— ушчувалі яны.
— Нічога, я вынослівы ды і прафілактыку прайшоў.
Так ён і пракантаваўся тыдні са тры. Да яго неаднойчы падыходзілі і брыгадзір, і прараб, і нават оперупаўнаважаны.
— Ты працаваць думаеш ці не? — пыталіся ў яго.— Ты ведаеш, што за сабатаж сурова караюць? Апамятайся, Асцёрскі,— пагражалі яму.
— Ну што ж, карайце мяне за тое, што я не магу працаваць так, як іншыя. Дахадзяга я і плюс няздатны да такой працы,— адгаворваўся Міхась.
— А можа, цябе начальнікам лагера паставіць? Там бы ты справіўся? — здзекаваліся лагерныя «прыдуркі».
— Такую пасаду перадаю вам, а для мяне і сумленных абавязкаў хопіць.
— Значыць, кіраўнічыя пасады ў лагеры — несумленныя? Так ці не? — спытаў прараб.
— У гэтым не нам з вамі разбірацца,— адказаў Міхась.— А працаваць з большым імпэтам у мяне няма сілы.
— Ну што ж, чакай сюрпрызаў,— закончыў прараб.
I ён чакаў. Чакаў з нецярпеннем, калі яго пашлюць у цэнтральны ізалятар — пазбавяць ад «парылкі», ад вошай
і клапоў, ад зладзюг і бандзюг, ад усяго кашмару, якога ён пасля ленінградскай перасыльнай не сустракаў. Такое можна бачыць толькі ў сне.
НЕЧАКАНЫ СЮРПРЫЗ
Неяк выпадкова праз аднаго работніка механічных майстэрняў, якія размяшчаліся побач з яго калонай, Міхась даведаўся, што там галоўным інжынерам працуе Уладзіміраў, з якім ён два гады таму назад сябраваў і з якім яны дамовіліся па магчымасці дапамагаць адзін аднаму, выручаць адзін аднаго пры любых умовах, калі гэта будзе пад сілу. Ён тут жа напісаў паперку з некалькіх слоў: «Я знаходжуся ў калоне нумар 3. Жыву ў бурацкім дацане, працую землякопам. Пакутую. Чакаю ізалятара. Калі зможаш, выручай. Міхась Асцёрскі».
I вось у той жа дзень, пасля працы, калі рабацягаў кармілі знаёмай баландой, у барак-дацан зайшоў памочнік начальніка калоны па працы з паперкай у руцэ і гучна выкрыкнуў:
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе?
Міхась старанна сёрбаў жабрацкую порцыю баланды, баючыся, што не дадуць закончыць, калі выклікаюць.
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе? — паўтарыў памначальніка па працы.
— Чаго ж ты маўчыш? — папракнуў Міхася брыгадзір.— Перапалохаўся, ці што? Цябе ж клічуць, адгукніся.
— Я Асцёрскі,— адазваўся Міхась.— Што далей?
— Збірайся з рэчамі.
— А навошта ў кандзеі рэчы?
— Hi ў які кандзей ты не пойдзеш,— сказаў памначальніка.
— Дык куды ж тады?
— А куды — убачыш.
— А ўсё ж такі куды? — не цярпелася Міхасю.
— У калону механічных майстэрняў па выкліку начальства. Зразумела?
— Зразумела ці не, а ісці трэба,— адказаў Міхась.
Ён здагадаўся, што пра яго паклапаціўся даўні сябар па няшчасці (па трэцяй штрафной) Уладзімір Уладзіміраў. Адно яго непакоіла — што ён не паспеў вытрасці на жалезную грубку-«буржуйку», як гэта ён рабіў кожны вечар пасля вячэрняй баланды, са сваёй кашулі «сараканожак», якіх за суткі назбіралася шмат. Такую працэдуру
рабілі ўсе, гэта быў адзіны ратунак ад паразітаў. Як яму цяпер са сваім «багаццем» будзе паказацца на вочы былому сябру?
Ужо па дарозе начальнік спытаў у Міхася:
— Ты што, слесар?
— Слесар,— на ўсякі выпадак адказаў Міхась.
— А які слесар, па электрыцы ці па машынах?
— I па тым, і па другім.
— О, універсал, значыць, нездарма выклікаюць.
— Вядома ж,— згаджаўся Міхась, а сам думаў: «Які чорта лысага я слесар? Я — токар, толькі не па металу, а па салу».
Ужо на вахце пасля праверкі дакументаў паўтарылі пытанне памначальніка па працы калоны нумар 3:
— Вы — электраслесар?
— Так, электраслесар.
— Вас хто выклікаў, Уладзіміраў?
— Уладзіміраў.
— Адвядзіце яго ў пяты барак.
— Я хацеў бы перш за ўсё ўбачыць самога Уладзімірава,— сур’ёзна сказаў Міхась.
— Гэта можна,— згадзіўся вахцёр.— Гаўрыкаў, адвядзіце навічка да галоўнага інжынера,— звярнуўся той да нарадчыка.
— Ёсць, будзе зроблена,— адказаў нарадчык.
Уладзіміраў жыў у зоне, як і ўсе зняволеныя, але ў асобным памяшканні. Міхась заспеў яго за вячэрнім чаем. На стале ляжаў белы хлеб, а побач — масла, каўбаса і цукар. Як быццам бы гэта было на волі. Ён не паверыў сваім вачам, што яго былы сябар, з якім разам пухлі ад голаду два гады таму назад, можа жыць цяпер у такіх умовах, носячы мянушку, ці, дакладней, ярлык «ворага народа». Яму здавалася, што гэта сон ці галюцынацыі. He верылася, што ўсё гэта наяве. Міхась пераступіў цераз парог і аслупянеў. Потым прывітаўся нясмела, застаўшыся стаяць ля парога.
— Ну, праходзь жа, дарагі мой дружа, чаго стаіш? — і не чакаючы адказу, падышоў да Міхася і моцна па-мужчынску абняў яго.— Даўненька ж мы з табой не бачыліся.
Міхась маўчаў. Ён не ведаў, з чаго пачынаць і як сябе весці з сённяшнім Уладзіміравым.
Той зразумеў гэта і зноў сам загаварыў:
— Распранайся, садзіся за стол, разам будзем вячэраць, а потым лажыся на мой ложак, адпачывай. Пэўна ж, стаміўся за дзень.
— Вячэру я раздзялю з табою, а лажыцца не буду.
— Ты што, саромеешся ці грэбуеш мною? — здзівіўся Уладзіміраў.
— He ў гэтым рэч,— рашыў прызнацца Міхась.— He хачу прыносіць табе і твайму сябру па пакоі непрыемнасці. Я прыйшоў сюды не адзін. Разам з сабою прывёў, дакладней, прынёс няпрошаных гасцей — «сараканожак». А таму мне спачатку трэба будзе пазбыцца іх, а потым ужо і прызямляцца дзе-небудзь. Зразумела?
— Я ўсё зразумеў, дружа. Зараз я пастараюся пазбавіць цябе ад гэтай погані.— I ўжо звярнуўшыся да свайго памочніка, сказаў: — Пеця, хуценька пакліч сюды начбыта.
Праз колькі хвілін у пакой заявіўся памочнік начальніка па быту.
— Сяргей Паўлавіч,— звярнуўся да яго Уладзіміраў,— тут вось толькі што прыйшоў па нашым выкліку мой лепшы сябар. Глядзі, як яго там разадзелі — як клоуна ў цырку Шапіто. Гэта, па-першае, а па-другое, яго заелі «сараканожкі». Арганізуй яму лазню, новую бялізну і вопратку.
— He хвалюйся, усё будзе зроблена! — Ён паклікаў днявальнага і загадаў прывесці лазеншчыка.
Хвілін праз трыццаць Міхась ужо мыўся ў лазні, сцёбаў сябе гарачым венікам. Пасля таго як памыўся, яму прынеслі новую, чыстую бялізну і ўсю іншую амуніцыю. 3 лазні ён яшчэ раз завітаў да галоўнага інжынера, які зноў прапанаваў Міхасю начаваць у яго.
— He, дарагі мой сябар, накіруй мяне ў барак, я лепш заўтра зноў да цябе завітаю, і тады мы з табой аб усім пагаворым.
— Няхай будзе па-твойму. Зараз цябе ўладкуюць. Дарэчы, пойдзеш у брыгаду Беленькага. Памятаеш такога па ленінградскай перасыльнай?
— А як жа, добра памятаю.
— Дык вось да яго і пойдзеш. Бачыш, табе пашэнціла,— гаварыў ён.— Калі ён будзе пытаць у цябе, што ты можаш рабіць, скажы яму прама — нічога. Бо ён пра цябе ўсё ведае. Я сам яму расказаў. Так што не бойся. Усё будзе добра. Да заўтра!
He прайшло і дзесяці хвілін, як Міхась быў ужо ў бараку, дзе размяшчалася брыгада Беленькага, і ляжаў на нарах з саламяным матрацам.
СЛЕСАР ПАНЯВОЛІ
Назаўтра, як і папярэджваў Уладзіміраў, брыгадзір для формы ці для парадку спытаў у Міхася:
— Ну, што, навічок, можаш рабіць па электраслясарнай справе?
— Абсалютна нічога,— адказаў Міхась.— Буду прыглядацца, вучыцца і дапамагаць вам — спецыялістам.
— Люблю і паважаю за шчырасць. Але не хвалюйся, і для цябе знойдзецца работа,— супакоіў брыгадзір навічка.— Наш аб’ект — электрамантаж будучай электрастанцыі. 3 малатком можаш абыходзіцца?
— А як жа. He толькі з малатком, але і з сякерай таксама.
— А вось сякера тут ужо не патрэбна.
Калі прыйшлі на месца, Міхасю далі малаток і шлямбур.
— Вось табе інструмент,— сказаў брыгадзір,— будзеш біць дзіркі ў сценах, дзе трэба. Дзе-нідзе прыйдзецца мець справу і з ключом — гаечным, газавым. Знаёмы з імі ці не?
— Сустракаўся, але так сабе, наглядна.
— Справа гэта складаная, але яе не трэба баяцца,— папярэджваў Беленькі.— Вось як толькі закончым электрастанцыю, возьмемся за электраабсталяванне паравознага дэпо, якое пакуль што мае адны голыя сцены.
Так вось і пачалася новая старонка ў лагерным жыцці Асцёрскага. He маючы ніякага паняцця аб слясарнай справе і электрычнасці, ён пачаў хадзіць па аб’ектах са слясарнымі інструментамі, якія мелі дачыненне да гэтай справы. Ён ніколі не бачыў да гэтага часу ні шведскага разваднога, ні газавага ключа, а тым больш шлямбура, з дапамогай якога прабіваў у цагляных сценах дзіркі. Але справа гэтая, ці занятак, яго так зацікавіла, што ён без якіх-небудзь «перакураў», як дзяцел, дзёўбаў «ад званка да званка».
Неяк брыгадзір сказаў яму:
— Ты, Асцёрскі, хоць бы адпачываў трошкі, a то можаш і са строю выйсці ад такой стараннасці. На ўсё ёсць мера, а ў цябе ж усё яшчэ наперадзе.
— Наперадзе — дым ды туман,— сказаў Міхась,— a мяне сёння зацікавіла гэтая работа, і дазволь мне нацешыцца, пакуль не зганю ахвоты.