За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
I вось, калі гэты Рэдзькін даведаўся, што ў адным з
падпарадкаваных яму дамоў жыве жонка палітзняволенага, ён адразу ж наматаў сабе на вус. Спачатку ён завітаў да яе «па службовых справах», а потым пачаў заходзіць і так сабе — «на агеньчык». Ён хадзіў да таго часу, пакуль не застаўся начаваць.
— Мы з табой абое пакрыўджаны лёсам. Нешта ёсць у нас агульнае,— гаварыў Таісе Рэдзькін.— Дык давай жа мы з табой, Таіса Максімаўна, аб’яднаемся. Усё роўна Асцёрскага ты не дачакаешся. А калі і дачакаешся, то ён табе твайго адрачэння і разводу не даруе.
— А што, калі Міхась хутка прыйдзе, што тады?
— Ты падумай толькі — восем гадоў? Ці ж ён вытрымае там столькі? — пераконваў домакіраўнік Таісу.— Ды і хто ён цяпер табе? Ніхто. Ты свабодная жанчына.
— А дзіця ж у мяне ад яго.
— Дзіця мы перапішам на мяне, бо сваіх у мяне пакуль што няма.
— He ведаю, што і рабіць...— паступова здавалася Таіса «кавалеру».
— Ну, чаго табе яшчэ думаць, мы ж усё роўна ўжо жывём з табой як муж з жонкаю.
— Так можна, а вось замуж... Страшна,— гаварыла, а сама даўно ўжо вырашыла і баялася, як бы толькі ён не перадумаў.— Ну, што ж, няхай будзе па-твойму. Толькі адна ўмова: мой сын няхай будзе і тваім. Згодзен?
— Дык я ж ужо і сказаў табе, што сына мы перапішам на маё прозвішча.
Так Таіса стала жонкай Рэдзькіна.
А назаўтра новы муж Таісы паставіў перад ёю ўмову: каб яна не адказвала на пісьмы былога мужа — Міхася Асцёрскага. Яна дала яму слова згоды і стрымала яго.
Праз кблькі дзён яны пайшлі ў загс, каб пераўсынавіць сына Міхася Асцёрскага, Алега, на Андрэя Рэдзькіна. Але, на шчасце, у загсе сядзелі, відаць, недурныя людзі. Там у іх спыталі:
— Бацька жывы?
— Жывы, але ён адбывае тэрмін пакарання па палітычных матывах.
— Тады напішыце яму, каб ён даў згоду.
— Гэтага я рабіць не буду,— сказала Таіса,— бо ён усё роўна не дасць такой згоды.
— А без гэтага мы нічога рабіць не будзем. Вось так, грамадзяначка Рэдзькіна.
— А я яшчэ і не Рэдзькіна,— не стрымалася Таіса.— Я цяпер зноў Мартынава.
— Тым лепш для вас,— загадкава заўважыў работнік загса.
Так і вярнуліся ні з чым да свайго дому «маладажоны». Больш па гэтым пытанні яны ўжо ні да каго не звярталіся.
— Я ўсё роўна і так буду лічыць Алега за свайго сына,— супакойваў Рэдзькін сваю маладуху.
Як гэта часта здараецца з жанчынамі, Таіса перастала думаць пра Міхася. Тыя пісьмы, якія прыходзілі ад яго, яна, не чытаючы, рвала і кідала ў грубку, што вельмі падабалася яе новаму мужу. Можа, яна і наогул не ўспомніла б пра яго, каб ён сам час ад часу не турбаваў яе. Яна проста захаплялася сваім новым «шчасцем».
I вось аднойчы, недзе ў канцы 1939 года, яе спакой парушыла нечаканая позва за подпісам пракурора горада, у якой прапаноўвалася прыбыць ёй туды 25 лістапада, у 10 гадзін раніцы «на собеседованне», як гэта значылася ў паперцы. Позва гэтая перапалохала Таісу. Яна хацела была не прызнавацца мужу, але не ўтрымалася.
— Як ты думаеш, Андруша, навошта я спатрэбілася гэтым пракурорам?
— Пэўна, усё яшчэ па справе твайго былога благавернага,— адказаў той.— Калі што якое, старайся адмахвацца ад яго. Хто ты цяпер яму? Былая знаёмая, і ўсё. Цяпер ты мая. Зразумела?
— Зразумела. I ўсё ж я буду старацца паводзіць сябе так, як ты раіш,— запэўніла яна новага мужа.
У пракуратуры Таісу сустрэлі ветліва, з далёкім прыцэлам:
— Ну, як жыццё-быццё, грамадзяначка Асцёрская?
— А я ўжо не Асцёрская, Мартынава я,— сур’ёзна заявіла Таіса.
— Ах, так, так, Мартынава. А я ўжо 1 забыўся, што вы вярнулі сабе дзявочае прозвішча. Прашу прабачэння.
— Я хачу ведаць, чаго мяне выклікалі,— сказала Таіса.
— He спяшайцеся, скажу, толькі не адразу,— цягнуў пракурор.
— Мне трэба спяшацца, у мяне малое дзіця.
— Калі так, то слухайце ўважліва. Ваш былы муж, Асцёрскі Міхаіл Раманавіч, просіць, каб мы дапамаглі яму вызваліцца і вярнуцца ў сям’ю. Як вы на гэта глядзіце?
Пракурор думаў, што яна ўзрадуецца і пачне прасіць яго зрабіць гэта як можна хутчэй. Як-ніяк, а Міхась — бацька яе сына. Але ён памыліўся. Таіса перапалохалася. Яна спачатку пачырванела, а потым збялела... «А вось,— думала яна,— ён возьме і прыйдзе? Што я тады рабіць буду?»
— Грамадзянка Асцёрская, я ў вас пытаюся, жадаеце вы, каб мы вызвалілі бацьку вашага сына ці не?
— He,— рэзка адказала Таіса.
— Чаму?
— Я баюся, бо ён не даруе мне за мае ўчынкі. Лепш няхай застаецца там да канца свайго жыцця.
— I вам не шкода яго?
— У мяне ўжо ёсць другі муж. Двух мужоў мне не трэба.
—■ Зразумела. Але я ўпершыню чую, каб жанчына не захацела выратаваць бацьку свайго дзіцяці,— ужо сур’ёзна сказаў пракурор.
— У майго дзіцяці ёсць другі бацька, і не горшы за першага.
— Што ж, я ўлічу вашу просьбу, пастараюся зрабіць так, як вы жадаеце. Можаце быць спакойнымі.
I пракурор слова сваё стрымаў: Міхась атрымаў яшчэ адзін адмоўны адказ на сваю дзесятую скаргу на імя Сталіна.
А тым часам, хоць і вельмі рэдка, а таго-сяго пачалі былі выпускаць з блаславення самога Берыі. Праўда, ён аднаго выпускаў, а на яго месца браў 2—3 новых. А ўсё ж лічылася, што ён пераглядае справы і невінаватых адпускае дамоў. Гэта быў пыл у вочы.
Неяк дайшла чарга да вызвалення аднаго з сяброў па няшчасці Міхася, жыхара Ленінграда — Горына Івана Паўлавіча, выхадца з Беларусі. Міхась напісаў пісьмо, якое папрасіў даставіць і асабіста ўручыць Таісе. На канверце разборліва напісаў адрас. Горын па-сяброўску і па-грамадзянску выканаў просьбу Міхася — пісьмо адвёз на кватэру і асабіста ўручыў яго адрасату — Таісе. Пра гэта ён паведаміў потым у пісьме, у якім загадкава пісаў: «Быў у тваёй Таісы, жывуць добра, хлопчыкаў гадуюць...» Каментарыяў тут, як кажуць, не патрэбна: адразу можна было здагадацца, што яна жыве не адна і што на Міхася даўно махнула рукою. Але той не хацеў пра гэта прама пісаць. Думаў так: навошта вярэдзіць балючыя раны сябра па няшчасці? Маўляў, калі ён не дурны, дык і сам здагадаецца. Адраклася, здрадзіла — вось і ўсё.
СУСТРЭЧА
3 ЦІКАВЫМІ ЛЮДЗЬМІ
3 лазарэта Міхася накіравалі ў калону нумар 4, у якой ён яшчэ ніколі не быў і дзе ніхто яго не ведаў. Значыць, трэба было зноў пачынаць з нуля. Ён вельмі прасіў, каб яго паслалі ў калону нумар 2, дзе засталіся Чумакоў і Чуркін. Яму здавалася, што там яшчэ існавала «брыгада дахадзяг». Але пакуль ён лячыў свой жывот у лазарэце, брыгада слабасілкаў была ліквідавана, а самога брыгадзіра — Міхаіла Чумакова — як спецыяліста па бухгалтарскім ўліку ў сельскай гаспадарцы, адправілі ў сельгаскалону, якая размяшчалася паблізу будучай чыгуначнай станцыі Джыда. Чуркіна таксама кудысьці сплавілі. Так што, можа, гэта і добра, што яго зноў не прывялі туды.
Калона нумар 4 болып займалася нарыхтоўкай камення і друзу. Там жа недалёка ад зоны складваліся ў штабелі і шпалы, якія пасля развозіліся па ўчастках на цялежках. Былі і цеплякі на месцы будучых чыгуначных мастоў. Адзін з такіх цеплякоў і стаў першым месцам працы Асцёрскага на гэтай калоне. Але доўга ён там не працаваў, дакладней, не дзяжурыў. У яго абавязак уваходзіла паспяваць у час адкрываць вароты цепляка перад прыходам матавозаў і дрызін. Бо калі прамарудзіш, любая з гэтых машын выб’е вароты цепляка і сама сапсуецца. Міхась пра гэта дабра ведаў. Але адна справа ведаць, а другая — у час папярэдзіць небяспеку.
Міхасёва дзяжурства прыпадала на начныя змены. Тры ночы ён вытрымаў, а на чацвёртую спасаваў — заснуў, і яго прагналі з гэтай цёплай работы. Разам з іншымі яго пачалі ганяць у каменны кар’ер, дзе ён з дапамогай лома і кіркі павінен быў «скараць» гранітныя скалы. А было гэта якраз зімою. Холад высмоктваў усе сілы. Маразы пяклі так, што граніт трэскаўся і страляў, як з трохдзюймоўкі. Выручалі толькі кастры ды няспынная праца. Але Міхась паабмарожваў вушы, нос і шчокі, якія пачалі гнаіцца. I ён пацягнуўся ў медпункт да невядомага яму лекпома.
Лекпом, ці фельчар, быў ужо немалады, у валасах і ў барадзе ўжо віднелася сівізна. Сам ён быў вышэй сярэдняга росту, стройны, з разумнымі і выразнымі вачамі. Амаль з кожным пацыентам быў карэктны, ні з кім не лаяўся і не спрачаўся. Так што ворагаў у яго не было. Ён быў вельмі цікаўны і ў той жа час спагадлівы да сваіх пацыентаў. He скупіўся на вызваленні іх ад працы, калі бачыў, што гэта трэба для чалавека. Лекпом адразу ж вызваліў Міхася ад
працы на цэлых пяць дзён, потым даў сваё заключэнне, каб яго не пасылалі на цяжкія работы, як слабасілка (Міхась расказаў яму пра былую брыгаду дахадзяг). А калі Міхась расказаў, хто ён і адкуль, той яшчэ болей перамяніўся. У час адной з перавязак сказаў Міхасю:
— Таварыш Асцёрскі, бачу, што вы дастойны чалавек, з якім заўсёды можна быць шчырым і адкрытым. Дык будзем жа ўзаемна шчырымі. Згодны?
— Я наогул не ўмею хітрыць, а з вамі тым больш,— адказаў яму Міхась.— Вы медык незвычайны. Такіх добрых, чалавечных лекпомаў у лагерных медпунктах я яшчэ не сустракаў.
— I наўрад ці сустрэнеце,— не стрымаўся ён.— Даруйце мне за маю нясціпласць. Бо пра гэта я толькі з вамі гавару. Вось давайце заўтра сходзім да ўрача ў аддзяленскую паліклініку, я хачу аднавіць вам трэцюю катэгорыю, якая дапаможа вам пазбыцца ад цяжкіх работ.
Калі прыйшлі назаўтра, лекпом прапанаваў Міхасю пачакаць у калідоры, а сам пайшоў да ўрача-хірурга, дзе надоўга затрымаўся, потым паклікаў Міхася. Яго сустрэў урач, даволі салідны мужчына, гадоў за пяцьдзесят, у акулярах, з невялікай бародкай і кароткімі вусамі, якія хавалі яго дабрадушную ўсмешку. Ён павітаўся і спытаў:
— Што, «вораг народа»?
— Так, вы не памыляецеся, таварыш доктар, я — «вораг народа».
— He доктар, а прафесар,— паправіў Міхася лекпом.
— Гэта не так ужо і важна,— сказаў доктар.— Можа, дзе-небудзь і прафесар, а тут толькі ўрач, ці, як вы называеце, доктар.
— Калі не сакрэт,— набраўся смеласці Міхась,— дзе вы да гэтага працавалі прафесарам?
— Дзе, пытаецеся? У Свярдлоўскім медінстытуце, пакуль не зрабілі мяне, як і вас, «ворагам народа». Больш за чвэрць века вучыў будучых урачоў, а цяпер вось мяне самога вучаць вуму-розуму. А вы, кажуць, педінстытут канчалі? Рыхтаваліся вучыць маладое пакаленне і нам таксама рыхтаваць кадры — студэнтаў? Так, браце, у настаўнікаў і ўрачоў ёсць нешта агульнае, гуманнае. Як кажуць, медыкі і педыкі — браты,— працягваў ён.— Трымайцеся і беражыце сябе, бо вас чакае ніва народнай асветы, дзе вы будзеце сеяць разумнае, добрае, вечнае.