За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Трое сутак цягнуўся крызіс. Ніхто, у тым ліку і ўрачы, не верылі, што ён выздаравее. Усе лічылі яго кандыдатам на той свет. Але на гора ён застаўся жыць і — пакутаваць. Лячылі адразу ад дзвюх хвароб: запалення лёгкіх і фурун-
кулёзу. Калі больш-менш нармалізавалася тэмпература, зрабілі пераліванне крыві.
— Ну, Асцёрскі, цяпер ты будзеш жыць,— сказаў Міхасю ўрач, які яго лячыў.
— А можа, не варта жыць? — разважаў услых Міхась.
— У цябе ж, пэўна, і сям’я недзе ёсць?
— Была, ды сплыла.
— Што, адраклася?
— Амаль што. Вось прайшло дзевяць месяцаў, як я атрымаў ад жонкі перадачу і запіску, і на гэтым усё.
— А сам ты пісаў ёй?
— Пісаў. Паслаў ёй болып за дзесяць лістоў, а адказу на іх — а ні-ні. Штосьці нядобрае там страслося.
— Дзеці ёсць?
— Ёсць сын, нарадзіўся пасля майго арышту.
— Трэба спадзявацца, што ўсё будзе добра,— спрабаваў суцяшаць яго ўрач.
— Добрага чакаць тут няма чаго, але жывы ў магілу не ляжаш. Навопіта вы ратавалі мяне?
— Хворы Асцёрскі, не карайце сябе так жорстка,— голас урача набыў сур’ёзныя ноты.
А другім разам, у час абходу, той жа самы ўрач спытаўся ў Міхася:
— За што гэта цябе, такога маладога, прывязлі ў гэтае пекла? Ты ж яшчэ не паспеў пажыць, а не тое што шкодзіць?
— Пра гэта вы спытайце лепш у Яжова, ён ведае,— адказаў Міхась.
— Яжова ўжо няма. Ён сам недзе будуе такую ж самую дарогу.
— Ну, тады ў Закоўскага — начальніка Ленінградскага аддзялення НКВД.
— Гэтага таксама ўжо не стала. Кажуць, налажыў на сябе рукі.
— Ёсць там яшчэ пракурор Позерн, да яго звярніцеся.
— Чуў, што з ім таксама адбылося штосьці падобнае. — Калі так, то пастараюся жыць, нічога не зробіш.
У лазарэце Міхась праляжаў каля чатырох месяцаў — да старога Новага, 1939 года. Урач спачуваў яму, шкадаваў, асабліва калі даведаўся,хто ён. Напаследак пачаў называць Міхася нават на «вы». Ён абараняў яго, як толькі мог.
Прозвішча ўрача было Шаўчэнка Васіль Апанасавіч. Родам ён з Украіны, з Палтаўшчыны. У Бураціі жыў з 1933 года. А як ён сюды трапіў, для ўсіх было загадкай. Сам ён усім гаварыў, што трапіў па размеркаванні, як скончыў Кіеўскі медыцынскі інстытут, і яму верылі. А вось Міхась не
верыў гэтай казцы, сумняваўся. Ён даўно хацеў спытаць у яго пра гэта сам-насам, пагаварыць з ім «па душах», ды неяк не выходзіла: заўсёды вакол іх круціліся людзі. Але вось неяк атрымалася так, што яны засталіся ў палаце ўдвух, і Міхась адважыўся крануць балючую рану Шаўчэнкі.
— Васіль Апанасавіч, я даўно хацеў спытаць у вас пасяброўску, а не як хворы ў свайго ўрача: як вы сюды трапілі, у гэтую глухамань?
— Дык пра гэта ж даўно ўсім вядома — па размеркаванні пасля інстытута,— адказаў той.
— Няўжо вы канчалі інстытут у сорак гадоў? — не адставаў Міхась.
— А ці так не здараецца? — манеўраваў урач.
— Здараецца, але вельмі рэдка, і не з такімі, як вы.
— Калі гаварыць шчыра, дык вы адгадалі...
— Значыць, як я зразумеў, вы трапілі сюды не па добрай волі, а па волі рока?
— Па волі Ягоды і яго паслугачоў.
— Карацей кажучы, па пуцёўцы НКВД?
— Так, вы не памыляецеся.
— А калі гэта здарылася з вамі?
— Яшчэ ў 1933 годзе. Далі тры гады высылкі, якую я адбыў у 1936 годзе.
— I вы добраахвотна вырашылі застацца тут?
— У тым-то і рэч, што ўсё гэта вырашае хтосьці. Катэгарычна прапанавалі падпісаць умову яшчэ на тры гады «па вольнаму найму». I я, баючыся, каб не трапіць яшчэ раз і ўжо ў яжоўскія рукавіцы, даў згоду. Бо адчувалася, што набліжаецца час новага «рэкруцкага набору». Ужо сяготаго сцапалі. Адным словам, ішла падрыхтоўка да пракладкі вось такіх жа новых сталёвых магістраляў, дзе патрубуецца не толькі звычайная рабочая сіла, але і спецыялісты высокай кваліфікацыі, у тым ліку і ўрачы. Цяпер вы зразумелі, як я трапіў у гэта «Эльдарада»?
— Зразумеў, Васіль Апанасавіч, і вам таксама не пазайздросціш. I ваш жыццёвы шлях не ўсыпаны ружамі.
Пасля гэтай гутаркі ўрач Шаўчэнка і хворы Асцёрскі яшчэ больш пасябравалі між сабой. Васіль Апанасавіч яшчэ часцей пачаў наведваць палату, у якой ляжаў Міхась. Ён прыносіў Міхасю «падмацаванне з тылу», а таксама новыя газеты, часопісы, кнігі. Такая дружба памагала Міхасю верыць у хуткае вызваленне з гэтага пекла.
Тут, у лазарэце, Міхася сустрэў і ўсесаюзны перапіс насельніцтва. Ён памятае, як да яго звярнуліся з такім пытаннем:
— Ваша сямейнае становішча?
— Нежанаты, вы ж бачыце,— скрывіўся Міхась.
— He, не тут, а там...
— Там трэба было і пытацца, а не тут, у пастцы.
— Дык жанаты вы ці не?
— Быў жанаты, а цяпер не.
— I ўсё ж такі, як мне вас пісаць? — спытаў лічыльнік.
— Як хочаце, так і пішыце. Я тут ніхто — быдла. Больш я вам нічога не скажу,— адрэзаў Міхась.
Што і як запісала дзяўчына-лічыльнік, ён не ведаў, толькі больш яна не турбавала яго.
ВЫПРАБАВАННЕ МАРОЗАМ
14 студзеня 1939 года Міхася зноў прывялі ў тую ж зону калоны нумар 1, дзе ён год таму назад пачынаў сваё лагернае жыццё, свае пякельныя пакуты.
Трэба заўважыць, што калі зэк трапляў у лазарэт, то амаль ніколі яго не вярталі туды, адкуль бралі хворага. Заўсёды прывозілі на новае месца і жыхарства, і працы. А таму, калі зняволенаму абрыднуць умовы лагернага жыцця, ён любой цаной дабіваецца трапіць у лазарэт, адкуль яго потым накіруюць у другое месца. Вось так было гэтым разам і з Міхасём.
He паспеў ён аглядзецца на новым месцы, як адразу ж апынуўся ля лесапільні, ля піларамы, дзе ўсе работы праходзілі на адкрытым паветры. А стаялі 50-градусныя маразы. У яго абавязак уваходзіла падкочваць і падаваць на пілараму і цыркулярку калоды з лістоўніцы. Мароз патрабаваў цёплага адзення і добрага абутку, не гаворачы ўжо пра рукавіцы. А ўсяго гэтага ў Міхася не было. I бушлат, і ватныя штаны, і боты былі, як кажуць, сто першага тэрміну. Усё на дзірках ды лапінах, рукавіцы таксама былі дзіравыя, а шапка — запэцканая, як быццам з мазуты выцягнутая. Вось і працуй у такім адзенні на адкрытым паветры.
У напарнікі Міхасю далі спрактыкаванага ў рабоце чалавека. Яму было гадоў 45. Звалі яго Міхасём, а па прозвішчы — Стралкоў. Нарадзіўся і правёў свае дзіцячаюнацкія гады ў Астроўскім раёне Пскоўскай вобласці. Удзельнік першай сусветнай вайны, трапіў у палон, 7 гадоў адбухаў у Германіі непадалёку ад Гамбурга, адкуль уцёк аж толькі ў 1924 годзе і, нелегальна перайшоўшы савецкаэстонскую граніцу, здаўся савецкім пагранічнікам. Але, ня-
гледзячы на гэта, яго арыштавалі і па прыгавору суда адправілі на Салаўкі тэрмінам на тры гады. Пасля адбыцця тэрміну ён 10 гадоў працаваў кухарам у розных сталовых Ленінграда. I вось у 1937 годзе пра яго зноў успомнілі: арыштавалі, як «нямецкага шпіёна», і паслалі на 10 год будаваць чыгуначныя магістралі ў паўночна-ўсходніх раёнах краіны. Так што Міхась Стралкоў не быў навічком у такіх «курортных месцах».
Невядома чаму, але Міхась Асцёрскі і Міхась Стралкоў хутка пасябравалі паміж сабой. Стралкоў замяніў Асцёрскаму добрых былых сяброў па няволі — Сяргеева, Уладзімірава, Канеўскага і іншых, і ў час нялёгкай працы, і ў бараку яны заўсёды былі дружнымі і з паўслова разумелі адзін аднаго, нягледзячы на такую розніцу ў гадах. Стралкоў вучыў Асцёрскага прыстасоўвацца да любых умоў лагернага жыцця, да своеасаблівай лагернай хітрасці, без якой, як гаварыў ён, нельга было выжыць.
— Ты, цёзка, будзь трошкі хітрэйшы,— раіў ён Міхасю.— Ад работы ніколі не адмаўляйся, але і на пуп не бяры. 3 начальствам не заядайся і сам у начальнікі не лезь. Таму што гэта справа часовая: сёння ты — пан, а заўтра — раб. Лепш старайся быць бліжэй да гаспадарчай часткі і да медыцыны. Толькі гэтыя службы могуць быць тваімі ратавальнікамі, а не аператыўнікі-оперсосы. Сябруй з радавымі людзьмі, нікога не крыўдзі. Бо ты і сам цяпер не ведаеш, хто з цягам часу можа цябе падтрымаць і нават ратаваць,— пераконваў свайго малодшага сябра Стралкоў.— Запамятай, што я тут працую часова, таму што я — кухар. А ты ж ведаеш, што кухары патрабуюцца ўсюды, у тым ліку і ў лагеры,— неяк з гонарам гаварыў ён Міхасю.
Міхась дзякаваў свайму старэйшаму сябру за таварыскую параду, хоць у душы ён не з усім пагаджаўся.
Стралкоў таксама трапіў сюды з лазарэта, толькі трошкі раней. Да прыходу Асцёрскага ён ужо тут, як гаворыцца, паспеў абнюхацца.
Як заклятыя, хабацілі яны на лютым марозе, ледзь вытрымлівалі. I калі Стралкоў убачыў, што яны не вытрымаюць да канца (а працавалі яны ў начную змену), ён у час «перакуру» штосьці дзесьці крутануў, і механізмы піларамы і цыркуляркі спыніліся. Да канца змены начальства прапанавала рабацягам іншыя работы. Двум Міхасям прапанавалі свідраваць шпалы. А гэта было не лягчэй, чым качаць бярвенне. Трэба было добра трымаць у руках электрасвердзел, стоячы на адным месцы на лютым марозе. I каб пазбыцца такой бяды, ён знарок зламаў свердзел. Другога ж у запасе
не было, толькі ў кладоўцы, а яна была ноччу закрыта. Так яны потым і прасядзелі ў цёплым памяшканні да раніцы, а значыць, і да канца змены.
— Навошта ты зрабіў гэта? — спытаў Міхась у свайго напарніка.
— А ты не здагадваешся? Hi ты, ні я не вытрымалі б да раніцы з такой працай на лютым марозе. Цяпер ты зразумеў?
— I ўсё ж не трэба было гэтага рабіць. Гэта нядобрасумленна.
— А ты ўвесь тэрмін у лагеры хочаш пражыць сумленна?
— Хачу і буду старацца рабіць гэта.
— 3 такімі думкамі ты не толькі 8 гадоў, але і адной ночы не пражывеш на такім лютым марозе,— тлумачыў Стралкоў свайму маладзейшаму сябру.— А яно, начальства, сумленна робіць, калі апранае нас у такія лахманы ў лютыя маразы?
— I ўсё-такі я так не зрабіў бы,— не згаджаўся Міхась. А сам думаў: «А можа, і праўду кажа Стралкоў?»
Пасля таго як яго напарнік вывеў са строю лесапільныя агрэгаты, іх абодвух перавялі ў дзённую змену і накіравалі на пляцоўку будучай чыгуначнай станцыі, дзе знаходзіўся леса-дрывяны склад, пілаваць дровы таксама на адкрытым паветры.
— Ну, і чаго ты дабіўся? — спытаў Міхась у Стралкова.— Што мы выйгралі? Нічога. Мы з агню трапілі ў полымя. Тая ж цяжкая праца і той жа мароз.
— Тут хоць каля кастра можна пастаяць, а там дудкі,— апраўдваўся той.
Ён стараўся і пілы выводзіць са строю і тапарышчы ў калунах ламаць, але ўсё гэта хутка аднаўлялася, ды і нормы падганялі. Пераканаўшыся, што яго «дыверсійныя захады» не маюць ніякага сэнсу, ён здаўся і пачаў працаваць так, як і большасць людзей яго лёсу. Праўда, папрацаваў гэтак месяцы два-тры і потым перайшоў на іншы хлеб: яго паставілі кухарам на лагернай кухні калоны нумар 1, там, дзе яны з Міхасём жылі.