За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Дарэчы, у адзін з такіх дзён Міхась і напраўду ледзь не кінуўся ў вір паўнаводнай і быстрай Селенгі. А было гэта вясною, у красавіку, калі рака не цалкам увайшла ў берагі. На Міхася найшла такая часіна, што ён раптам вырашыў пазбавіць сябе ад усіх пакут. «Чымся так жыць, лепш развітацца з жыццём»,— падумаў ён, гледзячы на пеністыя хвалі неспакойнай ракі. Ён рашуча накіраваўся да высокага, скалістага берага, скінуў з сябе парваны бушлат і шапку, не ведаючы навошта, і толькі хацеў сказаць некалькі развітальных слоў жыццю, як побач з ім пачуўся трывожны голас:
— Міхась, што ты надумаў?!
Міхась уздрыгнуў, павярнуўся і ўбачыў перад сабою Міколу Канеўскага.
— Браток, што з табою? Што ты надумаў рабіць? Родненькі, не трэба! — дрыготкім голасам і са слязьмі на вачах гаварыў Міхасю яго сябар.
Міхась нічога не адказаў, а толькі наўзрыд горка заплакаў.
— Пойдзем, дружа, адгэтуль, ад рагатага д’ябла, які хацеў спіхнуць цябе ў гэтую каламуць,— сказаў Канеўскі, выціраючы заплаканыя вочы.
Пасля таго выпадку Канеўскі ніколі не пакідаў Міхася аднаго ля ракі: а што, калі яму зноў стукне ў галаву благое?
Здавалася б, з прыходам вясны, якая несла цеплыню, павінна прыйсці здароўе і бадзёры настрой. Але ўсё адбывалася наадварот. Разам з вясной прыйшлі і розныя хваробы: грып, цынга, курыная слепата і асабліва дызентэрЫя,
якая, падобна чуме, пачала касіць нявольнікаў — выбіваць іх з жыцця цэлымі пачкамі. Аднаго за адным кожны дзень адпраўлялі іх у лагерны лазарэт, дзе яны пасля страшных пакут «перасяляліся» на могілкі гэтага ж лазарэта. 3 лазарэта з такою хваробай амаль ніхто не вяртаўся жывым. А кожны хворы стараўся перахітрыць медыкаў, каб не трапіць у такі «рай». Людзі паміралі дзесяткамі і нават сотнямі, але аб іх смерці чамусьці было забаронена паведамляць іх родным і блізкім. Калі і даходзілі такія звесткі да сем’яў нябожчыкаў, дык гэта толькі патаемна, праз іх сяброў.
Неяк раз страшная хвароба напала была і на Міхася Асцёрскага, і ён трое сутак хаваўся з ёю ад лагернага начальства. А перад лекпомам давялося адкупляцца: ён аддаў яму адзіную сваю куртку, якая да гэтага заўсёды выратоўвала яго ад холаду. Добра, што лекпом сам быў зэкам. Ен ставіў Міхасю фіктыўныя дыягназы, каб толькі было за што вызваляць яго, хворага, ад работы.
Ад недаядання і непасільнай працы Міхась пачаў слабець, а разам са слабасцю да яго прычапілася цынга і курыная слепата. Ён не мог выконваць нормы, а значыць, і стаў атрымліваць меншы паёк. Спачатку яму давалі па 500 грамаў хлеба, а потым і па 300. А вазе пайкі, як вядома, адпавядаў і прыварак, што яшчэ больш аслабляла чалавека. Яго твар, а таксама рукі і ногі сталі напухаць. Калі націснуць пальцам на нагу, з’яўлялася ямка. Ідучы на работу разам з сябрамі-нявольнікамі, ён ледзь перасоўваў ногі. Працаваць ён ужо не мог, цэлы дзень сядзеў пад тачкай. Лагернае начальства неаднойчы «прыкладала» да яго свае рукі, пагражала загнаць у цэнтральны ізалятар, чаго ён і сам ужо жадаў, але, відаць, перадумала. А калі ўбачыла, што з яго нічога ўжо не возьмеш, перастала чапляцца — махнула рукой. Аднойчы, вяртаючыся з трасы, ён страціў прытомнасць і ўпаў на сырую зямлю, змочаную дажджом. Канвой не звярнуў на яго ўвагі, а можа, і не прыкмеціў, не спыняючыся, пагнаў рабацяг у зону, і толькі ўжо тады, калі на вахце пачалі падлічваць вязняў і не далічыліся аднаго чалавека, успомнілі, што няма Асцёрскага. Нехта з нявольнікаў падказаў, што бачыў, як Міхась упаў. Адразу ж далі каманду запрэгчы каня і прывезці ў зону дахадзягу. Гэта справа была даручана канваіру і брыгадзіру. Праз якую гадзіну Міхась быў ужо ў бараку.
Пасля таго выпадку Міхась цэлы тыдзень праваляўся ў бараку, вызвалены ад працы. Потым яго павялі на нейкую камісію, якая дала яму трэцюю катэгорыю (групу
інваліднасці) з «абавязковым выкананнем лёгкіх работ». Ён нейкі час быў апальшчыкам у толькі што пабудаванай лазні, рабочым на кухні, а пасля і днявальным у бараку. Але і гэтыя абавязкі па стане здароўя яму былі цяжкія. Ён мог працаваць толькі ўдзень, а як толькі пачынала цямнець, ён ужо нічога не бачыў: на яго напала курыная слепата, ад якой ён ледзь пазбавіўся. Лекпом пачаў паіць яго рыбіным тлушчам і хваёвым настоем. А больш за ўсё дапамог яму палявы часнок-чарамша, які прыносілі яму ў зону яго сябры ці суседзі па бараку. Часам ахова дазваляла яму пакідаць зону і збіраць па полі гэтае зелле.
У зоне гэтай калоны ведалі, у тым ліку і ахова, «сляпога Асцёрскага». А ў вячэрні і начны час яму шмат хто памагаў хадзіць па патрэбе да туалета, які знаходзіўся ля агароджы з калючым дротам. I ўсё-ткі аднойчы яго ледзь не напаткала смерць.
Яму трэба было выйсці па патрэбе якраз сярод ночы. Будзіць сваіх суседзяў ён не адважыўся, вырашыў ісці самаходам. Ішоў «па памяці», але яго павяло ў адваротны бок — на голы плот з калючым дротам. I вось толькі ён наблізіўся да плота, як пачуўся голас вартавога з вышкі:
— Хто ідзе? Стой, страляць буду!
— Я нічога не бачу, а мне ў туалет трэба,— азваўся Міхась.
— Гэта ты, Асцёрскі? — памякчэў вартаўнік.
— Я. Хачу трапіць у туалет, ды не ведаю як.
— Павярні направа, ідзі прама, потым павярні налева і зноў — прама, і ты патрапіш туды, куды трэба.
— Дзякую, грамадзянін вартавы,— і ён з цяжкасцю знайшоў тое, што шукаў.
Прайшло яшчэ колькі часу, і Міхася зноў пачалі вадзіць пад канвоем з аўчаркамі на трасу, толькі ўжо не на земляныя работы, а ў якасці цесляра па рамонту тачак, рыдлёвак (чаранкоў), трапаў на насып і на іншыя цяслярныя работы. Па-ранейшаму ён хадзіў туды з Міколам Канеўскім, які ў апошні час быў абяссілены не менш за Міхася. Як і нейкі час таму назад Міхась, ён перастаў выконваць непасільныя нормы, з-за чаго перастаў атрымліваць стопрацэнтную пайку і баланду, таксама сеў на трыста грамаў. Бясконцае недаяданне пачало адбівацца на яго псіхіцы. У бараку і па дарозе на работу ён хапаў усё, што траплялася пад рукі і соваў у рот. Неяк, ідучы з трасы ў зону, ён убачыў на зямлі рыбіну галаву, па якой поўзалі мухі, схапіў яе і хацеў ужо з’есці. Але Міхась пераняў яго руку са смярдзючай галавой рыбіны і крыкнуў:
— Коля, кінь гэту погань!
— He кіну! Я есці хочу,— адказаў той праз слёзы.
— Коля, родненькі, кінь гэту заразу, прашу цябе,— паўтарыў Міхась.— Атруцішся і памрэш у пакутах.
— He кіну! Адыдзі ад мяне, злыдзень!..
Бачачы, што па-добраму нічога не атрымліваецца, Міхась схапіў сябра за руку і пачаў адымаць «знаходку». Але Мікола не аддаваў. Тады Міхась пайшоў на крайнасць. Ён ударыў сябра па руцэ, і ў адзін момант рыбіна галава паляцела на зямлю. Міхась тут жа, нібы футбольны мяч, адкінуў яе нагой метраў на пяць.
— За што ты мяне? — завыў Канеўскі ад болю.
— А ты не ведаеш за што? За дурасць!
— Ты ж ведаеш, што я есці хачу, а б’еш, гадзюка!..
— А я не хачу? Мы ж ядзім з табой з аднаго кацялка.
— Ты дужы, а я не магу... Я есці хачу.
— He табе, былому камісару, гаварыць гэта, і не мне, былому студэнту, слухаць. I не сорамна?
— Даруй мне, дружа, я слабавольны чалавек,— прасіў прабачэння Мікола ў Міхася.
Хутка пасля гэтага адбылася падзея іншага плану. Міхась рамантаваў тачку непадалёку ад трапа, які вёў на насып. I раптам бачыць, як з насыпу па трапе бяжыць з пустой тачкай Мікола і на ўсю моц крычыць:
— Міхаська, цалуй мне ў попу! Цалуй мне ў попу!
— Ты што — ашалеў? Што з табой, Мікола? Вось вазьму рыдлёўку ды так «пацалую», што пасля цэлы тыдзень не сядзеш,— адказаў Міхась.
— Кажуць, мне пасылка прыйшла! I табе таксама,— ледзь не задыхаўся той.— Цяпер мы будзем жыць, дружа!
— Ну, і добра, будзе падтрымка. He будзем чарвівыя рыбныя галовы збіраць. А пры чым жа тут попа?
— Гэта я ад радасці, даруй мне, дружа.
Пасылкі і сапраўды падтрымалі іх. Мала таго, што ім прыслалі сухары, цукар, сала, махорку, дык яшчэ і схаваныя ў махорку і ў паясніцу штаноў грошы. Няшмат, але і яны — вялікая падтрымка.
Пасылка — рэч добрая, яна ў нейкай меры — паратунак у такіх умовах. Але ж і яна — не надоўга. Пры гэтым ні адзін з нявольнікаў адзін не спажывае падарунак сваіх родных ці блізкіх. Ён абавязкова падзеліцца са сваімі суседзямі па нарах і па працы, а таксама з непасрэдным начальствам. Добра, калі ў іх, у гэтых пасылках, знойдуцца і рублі, пра якія, акрамя адрасата, ніхто не ведае. А за грошы ў мясцовага насельніцтва можна было здабыць і хлеба.
Дарэчы, побач з лагернай зонай знаходзілася вялікая вёска Селендум, у якой жылі пераважна нашчадкі высланых яшчэ царскімі ўладамі рэвалюцыянераў. Нават яшчэ можна было йаггаткаць і саміх былых палітвязняў. А таму насельніцтва гэтай вёскі спачувала сённяшнім «дзекабрыстам», хоць паміж імі — учарашнімі і сённяшнімі — нічога агульнага і не было. Бо тыя добра ведалі, за што сюды трапілі, а гэтыя нічога не ведаюць і ніколі не даведаюцца, за што і навошта прыгналі іх у гэты край на вялікія і цяжкія пакуты.
Міхасю і Міколу давялося паспытаць шчасця. Да іх далучыўся яшчэ адзін чалавек, сусед па нарах Чэкан Міраслаў, былы ваенком Мурманскай акругі. Яны ўтрох далі лагернаму вадавозу грошы, і той прывёз ім тры боханы пшанічнага, простага памолу, хлеба, вагой чатыры кілаграмы кожны. Здабыўшы такую порцыю галоўнага прадукта, яны адразу ж накінуліся на яго, нібы галодныя драпежнікі на сваю ахвяру. Адзін бохан праглынулі адразу, другі — трошкі счакаўшы, а трэці падвесілі пад дах барака (яны спалі на трэцім паверсе нараў і кожны, калі хацеў, прачнуўшыся, ламаў хлеб і адпраўляў кавалак за кавалкам у рот). I вось так яны ўтрох за адны суткі ўмалолі 12 кілаграмаў хлеба! Такое можна пачуць толькі ў казцы ці ўбачыць у сне. А тут было наяве. Добра, што хлеб быў пшанічны. А калі б жытні, мог бы быць заварот кішок. Тым больш што нявольнікі былі згаладалыя і змораныя. Праўда, жываты ў іх разбалеліся, але цярпець яшчэ можна было.
НОВЫЯ ПРАФЕСІІ
У лагер, як і на ўсю зямлю Бураціі, прыйшло лета. Вакол цвілі травы, спявалі птушкі і звінелі чмялі. Усё жыло і радавалася. Мінала радасць толькі лагерных нявольнікаў. Гэтыя «камсамольцы» па-ранейшаму хадзілі пад пільным вокам узброеных ахоўнікаў і сабак-аўчароў. Нейкім цудам памянялі ім брудную разлезлую бялізну — майкі і трусы, у якой нявольнікі цяпер смажыліся пад гарачым сонцам, а ў час абедзеннага перапынку спрабавалі нават боўтацца ў празрыстых хвалях Селенгі. Бялізну ім памянялі, а вось абутку не далі ніякага. Здабывай сам, дзе хочаш. Адным словам, ратуйся сам, як можаш і як ведаеш. А як будзеш ратаваода, калі ты з «наморднікам»? Той, хто не паспеў стаптаць свае боты за зіму, хадзіў абуты, а ўсе астатнія — босымі.