• Газеты, часопісы і г.д.
  • За калючым дротам  Павел Пруднікаў

    За калючым дротам

    Павел Пруднікаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1993
    54.23 МБ
    брыгады, прачытаў яго і загадаў рыхтавацца ў дарогу.
    — Куды гэта вы збіраецеся адпраўляць нас? — спытаўся Міхась, які быў знаёмы з гэтым начальнікам.— Толькі што пабудавалі сабе жыллё — і раптам у паход?
    — На трэцюю штрафную,— адказаў той.
    — А ў чым мы правініліся, за што нас караеце?
    — А вы самі не здагадваецеся?
    — Ды для такой здагадкі няма ніякіх падстаў,— азваўся брыгадзір Мікола Канеўскі.
    — Калі вы самі не здагадваецеся, дык я вам падкажу. Вы ўсе тут — за палітыку, контрыкі, а гэта значыць — небяспечныя. Hi адміністрацыйных збудаванняў, ні чыгуначных мастоў узводзіць ніхто вам не дазволіць. Вы будзеце толькі дзёўбаць ламамі ды кіркамі скалы і рыдлёўкамі ды тачкамі адсыпаць насып будучага чыгуначнага палатна. Выемкі і кюветы — таксама ваш клопат. А вось гэтыя работы праводзіць менавіта трэцяя штрафная калона. Да гэтага часу там былі толькі крымінальнікі, якія трапілі туды за розныя ўчынкі. А цяпер і вы будзеце дапамагаць ім.
    — У чым дапамагаць? Красці і па галовах хадзіць? — кінуў хтосьці рэпліку.
    — На месцы будзе відней, дзе трэба лепш прыкласці рукі. Толькі вы там будзеце выконваць канкрэтныя заданні мясцовага начальства,— закончыў памначальніка па працы.
    Восьмага сакавіка, у Дзень міжнароднага жаночага свята, брыгаду Канеўскага пагналі, як статак авечак, за пятнаццаць кіламетраў у кірунку мангольскай граніцы — у зону штрафной калоны нумар 3. На месца дабраліся ў той жа дзень. Іх размясцілі ў падрыхтаваныя баракі-палаткі. 3 таго дня і перастала існаваць брыгада Канеўскага. Рабацяг гэтай былое брыгады рассовалі па розных іншых брыгадах, якія ўжо да гэтага там існавалі і складаліся выключна з адпетых крымінальнікаў-злачынцаў. Рабілася гэта для таго, каб усе брыгады з «дармаедных» маглі спраўляцца з даведзенымі ім планамі. Карацей кажучы, начальства вырашыла зрабіць так, каб кожны сапраўдны рабацяга — «контрык» — працаваў за сябе і за дармаеда-бытавіка — адпетага бандзюгу. Брыгадзірамі прызначалі таксама толькі крымінальнікаў, а працавалі выключна «ворагі народа».
    За няпоўны месяц жыцця і працы ў калоне нумар адзін другога аддзялення Южлага брыгада Канеўскага страціла пяць чалавек. Яны сталі аднымі з першых ахвяраў на новых могілках, якія былі замацаваны за новым лагерным лазарэтам. Але гэта былі яшчэ кветачкі, а ягадкі — наперадзе. Там яшчэ можна было цярпець: працавалі і жылі разам, як
    кажуць, свае людзі. А вось калі гэтых людзей загналі ў адну клетку з адпетымі зладзеямі, рэцыдывістамі, бандзюгамі ды яшчэ і аддалі пад іх уладу, «контрыкі» паступова адзін за адным пачалі адыходзіць у лепшы свет. Першым аддаў богу душу Сцяпан Фядотаў. Напярэдадні яго да паўсмерці збіў брыгадзір-бандзюга за тое, што ён адмовіўся аддаць яму сваю новую куртку. Цэлую ноч ён стагнаў, а раніцай яго знайшлі нежывога на земляной падлозе пад барачнымі нарамі. Да арышту Фядотаў працаваў старшынёй сельсавета паблізу станцыі Сіверскай Ленінградскай вобласці.
    Наступнай ахвярай стаў Іван Сяргееў, якога столькі часу бярог Міхась, але ўсё ж не ўбярог. Яго з’ела дызентэрыя. Хворага завезлі ў лазарэт, дзе ён і памёр. Неўзабаве пасля гэтага на яго імя прыйшла пасылка. Лагернае начальства, ведаючы пра яго смерць, буйнымі літарамі напісала на скрынцы гэтай пасылкі свой умоўны знак — «чорны», што азначала мёртвы, і адправіла пасылку таму, хто яе пасылаў,— жонцы нябожчыка, у горад Сестрарэцк. Праз нейкі час тая ж пасылка разам з пісьмом зноў прыйшла ў штрафную калону нумар тры. У сваім пісьме, якое выпадкова трапіла ў рукі да Міхася, жонка пісала: «Ваня, чамусьці мая пасылка, адрасаваная на тваё імя, зноў вярнулася да мяне, пры гэтым на яе вонкавым баку чамусьці буйнымі літарамі напісана слова «чорны». Няўжо, Ваня, ты стаў цяпер чорным? Напішы мне, калі ласка, што гэта азначае?»
    Канечне, Ваня ўжо напісаць не мог, бо на тым свеце пісем не пішуць. I гэтую справу ці абавязак узяў на сябе Міхась. Ён напісаў жонцы Івана Сямёнавіча ўсё, як было і што здарылася, нічога не ўтойваючы і не дадаючы. Прасіў яе трымацца мужна і больш не траціцца дарэмна. Бо інакш усе яе клопаты і расходы пойдуць на карысць лагерным «прыдуркам».
    Хутка ён атрымаў адказ, у якім яна вельмі і вельмі дзякавала Міхасю за яго чалавечнасць, за яго сяброўскія і шчырыя адносіны да яе нябожчыка мужа.
    Фядотаў і Сяргееў памерлі, а Канеўскага і Лёсіка перавялі ў іншыя брыгады. Міхась застаўся ў адзіноце. Нейкі час ён, не маючы надзейнага напарніка, біў ломам яшчэ не адталую зямлю і дзёўбаў гранітныя скалы адзін, пакуль не знайшоўся добры напарнік. А такім для яго стаў былы інжынер па сельскагаспадарчых машынах, выпускнік Ленінградскага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Уладзімір Уладзіміраў. Яны неяк адразу пасябравалі і стараліся заўсёды працаваць разам — быць напарнікамі. Нешта аб’-
    ядноўвала іх, радніла. Было ў іх штосьці агульнае. Яны дружна білі ламамі ці кіркамі, дзяліліся думкамі і марамі, кожнай маленькай радасцю і горам. Яны так пасябравалі, што спалі разам — бок у бок, накрываліся адным бушлатам, а другі падсцілалі пад сябе на сырыя круглякі барачных нараў, бо не было там ні матрацаў, ні коўдраў, тым больш падушак. He ўсім давалі і бушлаты з абуткам. Хто ў чым і з чым прыехаў, тым і карыстаўся. Паколькі іх прывезлі ўзімку, шмат хто быў у валёнках. Для зімовага сезона гэта было добра. А вось прыйшла вясна, пачало прыграваць сонца, а яны вымушаны былі хадзіць у тых валёнках, якія ім перадалі ў перасыльную турму. Калі ж зямля нагрэлася як след, яны здымалі свае мокрыя і пабітыя валёнкі і хадзілі босымі. Так і працавалі з ламамі, кіркамі і рыдлёўкамі. Міхасю добра запамятаўся адзін момант з тагачаснага іх жыцця і паднявольнай працы. Было гэта 20 сакавіка 1938 года. Сонейка так прыгрэла, што яны паскідалі з сябе не толькі валёнкі, але і кашулі, селі на край забою, пазвешвалі ногі і пачалі знішчаць «сараканожак», якія не давалі жыцця. Бо ў лазні яны не былі з дня арышту. Ад поту пачала разыходзіцца па рубцах і не па рубцах вопратка. Цэлую гадзіну абедзеннага перапынку яны змагаліся з гэтай поганню.
    У той жа дзень сябры па няшчасці далі сабе слова дапамагаць адзін аднаму ў любы час і пры любых умовах і абставінах. Калі хто з іх трапіць у бяду, другі павінен будзе ратаваць яго. I слова сваё яны трымалі. Але пра гэта будзе гаворка потым. А пакуль што яны знаходзіліся ў аднолькавым становішчы: абодва былі рабочым быдлам. Хадзілі бруднымі, у абшарпаным адзенні, босымі і аслабелымі. Надзеі на выжыванне было мала. Іх абнадзейвала і суцяшала толькі ўзаемнае сяброўства. I ўсё-такі, нягледзячы на гэта, яны абмяняліся дамашнімі адрасамі, як яны гаварылі, на ўсякі выпадак.
    Праз нейкі час Уладзімірава выклікалі і адправілі кудысьці ў іншае месца. А куды — ніхто з яго сяброў, як і сам ён, не ведаў. У лагеры ніхто ніколі не ведаў, каго і куды збіраліся весці ці везці. Толькі праз год Міхась выпадкова даведаўся пра лёс свайго сябра: яго перавялі спачатку на пасаду майстра, а потым — інжынера і нарэшце — галоўнага інжынера майстэрняў. Пра гэта Міхась выпадкова даведаўся праз аднаго зняволенага — работніка тых самых майстэрняў.
    Пасля таго як Уладзіміраў пакінуў штрафную нумар 3, Міхась зноў застаўся адзін. Брыгада, у спісах якой ён лічыў-
    ся, складалася ў асноўным з крымінальнікаў. Прадстаўніком гэтага асяроддзя быў і брыгадзір Розаў па мянушцы Бык. Ён пасадзіў Міхасю на плечы яшчэ трох-чатырох дармаедаў — амаль усю сваю шайку-лейку. Усе цяжкія работы выконвалі сапраўдныя рабацягі, а пайкі атрымлівалі палавінныя — за 50 працэнтаў нормы. Сваёй жа браціі ён выводзіў нормы на 100 працэнтаў, каб яны атрымлівалі пайку ў 1100 грамаў хлеба і адпаведны ёй прыварак. Неяк Міхась спрабаваў быў заікнуцца пра гэта брыгадзіру, на што той адказаў яму па-лагернаму, «шчыра»:
    — Калі пачую ад цябе пра гэта яшчэ раз, пасаджу на трыста грамаў і аплявухамі пачастую. А паспрабуеш паскардзіцца каму-небудзь з начальства — цёмную арганізую. Зразумела табе, контра, ці не? Падумаеш, фраер мне знайшоўся!
    Міхась змоўчаў. Ён сам сабе толькі падумаў: «Ці ж у гэтай тайзе-тундры, дзе пануюць драпежнікі, даб’ешся чагонебудзь? Тут хутчэй галаву страціш, чым праўду знойдзеш. Трэба чакаць лепшага часу. He можа быць, каб я надоўга тут засеў. На допытах і ў карцэры было цяжэй, і то выжыў. Выжыву і тут. Вечнага нічога не бывае. Буду спадзявацца на перамену».
    ПАЛЯГЧЭННЕ, АЛЕ ДЛЯ КАГО?
    Міхась не памыліўся ў сваім прадчуванні. Праз колькі дзён пасля таго выпадку ў барак зайшоў нарадчык са спісам і пачаў выклікаць аднаго за другім членаў брыгады. У спісе былі прозвішчы каля трох дзесяткаў чалавек, у тым ліку і Міхасёва. Усім выкліканым прапанавалі забраць свае ўласныя рэчы, пасля чаго іх паставілі ў калону па два чалавекі і пагналі амаль у тым жа напрамку, адкуль іх гналі сюды, на трэцюю штрафную. А пераганялі іх у новую калону таго ж самага аддзялення, непадалёку ад першага прыпынку — вёскі Білютай. У трэцяй штрафной зноў пакінулі толькі сапраўдных штрафнікоў. I ў далейшым туды заганялі самых адпетых блатнякоў і сімулянтаў.
    Тут Міхасю зноў пашанцавала: разам з ім туды трапіў і Мікола Канеўскі, з якім яны па-ранейшаму размясціліся на адных нарах (сырых сасновых круглячках), як самыя блізкія сябры. Спалі побач, бок да боку, і елі з аднаго кацялка, як раней з Уладзіміравым.
    Праўда, жулля і тут хапала, але яго было менш і не такое драпежнае, як на трэцяй штрафной. Работа тая ж самая —
    адсыпка чыгуначнага палатна, але затое пайка і баланда былі большыя. Бо тут ужо выпрацоўка запісвалася цалкам таму, хто над ёю пацеў. Ды і жуллё ў бараку не хадзіла па галовах. Хоць і прыблізная, але ўсё ж такі была нейкая дысцыпліна. Толькі вось дрэнна было з адзеннем і абуткам: амаль нічога нікому не давалі. Няхай сабе прыйшла і вясна, якая прынесла на сваіх крылах цеплыню, ды цела патрабавала адзення, а ногі — абутку. Але ніхто пра гэта не клапаціўся. Вопратка на плячах пагніла, абутак разваліўся. Даводзілася на голае цела апранаць куртку, а на работу хадзіць басанож. Ботаў нікому з рабацяг не давалі. Калі каго і абувалі, дык у лапці, сплеценыя самімі зняволенымі. Ды і то іх атрымлівалі толькі тыя, хто перавыконваў непасільныя нормы — «стаханаўцы». Усе астатнія хадзілі па камяністай трасе і працавалі босымі. У добрае надвор’е яшчэ туды-сюды, а вось у дождж з ветрам — хоць у пятлю лезь ці кідайся ў вір галавою.