• Газеты, часопісы і г.д.
  • За калючым дротам  Павел Пруднікаў

    За калючым дротам

    Павел Пруднікаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1993
    54.23 МБ
    Вось і гэтым разам пагналі ў лес пілаваць лістоўніцы і потым насіць іх на сабе за тры кіламетры. He далі і адпачыць ад такой цяжкай дарогі. Сказалі, што тэрмінова трэба будаваць уцяплёныя палаткі і зямлянкі. Да баракаў яшчэ справа не даходзіла.
    Міхасю трэба было і працаваць разам з усімі, і памагаць начальніку КВЧ праводзіць у сваёй брыгадзе выхаваўчую работу. He хацелася яму гэтага, але што зробіш — сябры пажадалі, каб ён быў іх «асветнікам». Ён кожны дзень хадзіў у кантору па свежыя газеты, адносіў пісьмы сяброў, адрасаваныя сем’ям, чытаў уголас газеты. Акрамя ўсяго гэтага, ён кожны дзень, асабліва ранкам, па загаду начальніка КВЧ выносіў з палатак, якія размяшчаліся побач з іх лазняй, трупы зняволеных. У асноўным гэта былі прадстаўнікі сярэднеазіяцкіх рэспублік — узбекі, таджыкі, туркмены, кіргізы і зрэдку казахі. Заганяў іх у магілу голад і непрывычны для іх холад. А прыбылі яны сюды ў сваіх нацыянальных халатах, у якіх хадзілі і ў летнюю спёку, калі яшчэ былі на свабодзе. Бурацкія маразы былі не па іх адзенні і не па прывычным для іх клімаце.
    — Гэй, звер, падымайся на работу! — махаў над ахвярай тоўстым ёмістым кіем нарадчык (лагерны падганяла накшталт паліцэйскага). А «звер» гэты ўжо нежывы. Яму ўжо цяпер усё роўна: хоць ты яго хвалі, хоць лай, хоць бі... А было, што мёртвых білі, прымаючы за жывых.
    Міхась некалькі разоў пахадзіў на такія «ранішнікі» па вынасе трупаў, а потым катэгарычна адмовіўся, сказаў, што не можа — слабыя нервы. Пасля знайшліся добраахвотнікі, якія за такую «работу» вызваляліся ад лесапавалу. У асноўным гэта былі крымінальнікі.
    Брыгада ў пяцьдзесят чалавек, у якой Міхась лічыўся выхавацелем, праходзіла першае і нялёгкае выпрабаванне. Яна ў кароткі тэрмін павінна была нарыхтаваць будаўнічага матэрыялу (лесу) і пабудаваць дзве зямлянкі для дзвюх брыгад на сто чалавек.
    Брыгадзір атрымаў пілы, сякеры і павёў сваіх падначаленых на невялікую сопку, парослую лістоўніцамі. Адлегласць ад часовага жыхарства да месца працы складала прыблізна каля трох кіламетраў. Усю адлегласць трэба было несці на сабе бярвенне з лістоўніцы, якая, як вядома, цяжэйшая за дуб. Яна нават на вадзе не трымаецца — ад-
    разу тоне. Добра, што падымацца на гару выпадала паражняком, а з грузам — спускацца.
    Брыгадзе далі не толькі пілы і сякеры, але і нормы. Ніхто не глядзеў на тое, што людзі былі стомленыя і аслабелыя за дарогу. I гэта яшчэ не ўсё. У брыгадзе, як і ў іншых, не кожны мог пілаваць, абыходзіцца з сякерай. Для Міхася, як і для брыгадзіра Міколы Канеўскага, такая работа не была навіной. Яны раслі ў вёсцы, ды яшчэ ў беларускай, дзе лесу хоць адбаўляй. Яны з дзіцячых год прывучаліся да такой работы. He хапала толькі аднаго — сілы пасля турэмных і дарожных пакут. А вось для тых, хто вырас у горадзе і пасля працаваў на прадпрыемствах ці, болын таго — ва ўстановах, усё гэта было страшэнным цяжарам. Але лагернае начальства не пытаецца, можаш ты працаваць ці не, а нормы ўстанаўлівае для ўсіх аднолькавыя. Так, напрыклад, Іван Сяргееў — добры заводскі майстар, як кажуць на заводзе — залатыя рукі, а тут, у лесе, ён аказаўся бездапаможным. Ён не ведаў, як брацца за пілу і як трымаць у руках сякеру, падышоў да Міхася і неяк жаласна загаварыў:
    — Міхась Раманавіч, а што ж мне рабіць? Я ж ніколі не трымаў у руках гэтай шалёнай пілы. 3 сякерай, праўда, меў справу, хоць і мімаходзь, а піла — гэта чорт ведае што. He па маіх руках гэты інструмент.
    — Іван Сямёнавіч, не падайце духам, усё будзе добра. Навастрыць пілу вы можаце?
    — А як жа, я ж — слесар і механік. Тут, браце, ужо мая стыхія. Навастрыць магу і пілу, і сякеру.
    — Ну, вось і будзеце вастрыць усе пілы брыгадзе, а брыгада, у сваю чаргу, будзе выконваць за вас і вашу норму. Згодны з такой прапановай?
    -— А чаму ж не згодзен, а з вялікаю ахвотай буду вастрыць пілы.
    — Калі так, то я зараз жа скажу брыгадзіру.
    Брыгадзір пагадзіўся з Міхасёваю прапановай, і Сяргееў два тыдні вастрыў усе пілы ў брыгадзе. Было добра і яму, і пілоўшчыкам. Ніхто ні на каго не крыўдаваў, бо без вострай пілы нормы не дасі.
    Тут трэба заўважыць, што ў Міхася да Сяргеева былі асаблівыя адносіны. Міхась не мог забыць тых дзён, якія ён правёў з Сяргеевым яшчэ ў ленінградскіх «Крыжах», і тых цяжкіх для яго хвілін, калі яны разам ехалі ў «чорным воране» ў перасыльную турму, і Міхась праз акенца машыны ўбачыў акно сваёй кватэры з сям’ёй — жонкай і грудным сынам. Тады ён адчуваў на сябе бацькоўскія клопаты
    гэтага добрага чалавека, а пасля — і ў перасыльнай турме да апошняга моманту, як яны пакінулі яе. Цяпер яны толькі як бы памяняліся ролямі, а адносіны засталіся тыя ж самыя. Дзе і як толькі мог, Міхась стараўся дапамагчы былому свайму апекуну. Усё рабіў, пакуль мог, для Івана Сямёнавіча, каб хоць трошкі аблегчыць яго лёс. I той не мог не заўважыць дабрыні свайго малодшага сябра па няшчасці.
    Толькі адзін тыдзень Міхась пахадзіў у выхавацелях. Яго знялі з гэтай «ганаровай» пасады без ніякай на тое волі брыгады, якая выбірала яго аднагалосна.
    А здарылася гэта вось так. Пасля рабочага дня Міхась пайшоў у кантору па свежыя газеты для брыгады. Якраз у той самы момант прыбыў туды і оперупаўнаважаны з лагернага аддзялення.
    — Чаго да нас завіталі? — спытаў памочнік начальніка калоны па працы.— I марозу не пабаяліся.
    — Прыехаў праверыць дакументы на вашых «прыдуркаў», пацікавіцца, каго вы тут трымаеце пад гэтым дахам, у гэтых сценах.
    — Мы не супраць,— адказаў той.— Правяраць дык правяраць. Можна пачынаць вось хоць і з нашага брыгаднага выхавацеля — Асцёрскага.
    — У вас які артыкул? — звярнуўся опер да Міхася.
    — He ведаю,— паціснуў плячамі Міхась.
    — А тэрмін зняволення? — працягваў той.
    — Таксама не ведаю.
    — Дык як жа вы сюды прыехалі, калі нічога не ведаеце?
    — Вельмі спадабалася бурацкая прырода. Вось і я вырашыў падзівіцца,— перавярнуў трохі на гумар Міхась.
    — Дайце яго асабовую справу,— звярнуўся да памочніка начальніка калоны ўпаўнаважаны.
    Перагартаўшы асабовую справу, ён павярнуўся да Міхася і сказаў:
    — Артыкулы KPA і КРД. Гэта значыць — контррэвалюцыйная агітацыя і контррэвалюцыйная дзейнасць. Тэрмін восем год без паражэння ў правах пасля адбыцця тэрміну пакарання. Зразумела?
    — Зразумела, толькі не ўсё.
    — А што іменна?
    — Незразумела за што.
    — А за што, дык вам, пэўна, гаварылі і следчы, і суддзя.
    — Ніякага суда нада мной не было.
    — Гэта мяне не тычыцца,— суха сказаў опер.— А вось
    выхавацелем вам працаваць няможна. Такое дазваляецца толькі бытавікам.
    — Раз няможна, дык і няможна,— пагадзіўся Міхась.— За гэтакую пасаду я трымацца не збіраюся. Яна нічога мне не дае, акрамя лішніх клопатаў.
    Калі Міхась з газетамі ў руках вярнуўся ў сваю лазню, да яго пасыпаліся просьбы:
    — Таварыш выхавацель, занясіце пісьмо.
    — Таварыш выхавацель, трэба кавалак паперы для пісьма.
    — Таварыш выхавацель, у вас часам алоўка не знойдзецца?
    Міхась выслухаў усе просьбы і адказаў:
    — Я ўжо не выхавацель.
    — Чаму? Адмовіўся? He жадаеце дапамагаць нам?
    — He адмовіўся, а мне адмовілі.
    — А як гэта здарылася? За што?
    — А ўсё адбылося вельмі проста,— і Міхась расказаў, як яго «здымалі».
    — Таварыш Асцёрскі, выканайце апошнюю нашу просьбу,— пачуўся ўмольны голас,— папрасіце гэтага начальніка, ці, як яго, опера, каб і нам аб’явілі артыкулы і тэрміны. Зрабіце такую ласку. Вас там хутчэй паслухаюць.
    — Гэта я паспрабую зрабіць зараз жа,— сказаў Міхась і адразу ж пайшоў у кантору, дзе яшчэ сядзеў оперупаўнаважаны і памочнік начальніка па працы.
    Праз колькі хвілін з дазволу опера памначальніка па працы прыйшоў у лазню з асабовымі справамі і кожнаму аб’явіў артыкул, па якім судзілі, і назваў тэрмін пакарання. 3 пяцідзесяці чалавек толькі двум, у тым ліку і Міхасю, было вызначана па 8 гадоў. Астатнім — па 10, 15, 20, 25 і плюс да гэтага па 5 гадоў паражэння ў правах пасля адбыцця «тэрміну пакарання».
    — Добра вам, васьмігоднікам,— зайздросцілі Міхасю і Чэкану сябры па няволі.
    Міхась крыва ўсміхнуўся:
    — Дарагія сябры, ні вы, ні мы такія тэрміны не адужаем, калі нас раней не выпусцяць. Усіх нас чакае адна доля. Справы нашы дрэнь, але ж будзем жыць надзеямі на вызваленне. He можа быць, каб усё так і заставалася. Знойдуцца людзі, якія ва ўсім разбяруцца.
    — Праўду кажаш, выхавацель, усім нам канцы, калі ў час не разбяруцца,— сказаў нехта прастуджаным голасам.
    — Па-першае, я ўжо не выхавацель, а па-другое, не трэба заўчасна хаваць сябе,— заключыў Міхась.
    Вось так, толькі праз паўгода пасля арышту, і Міхась, і яго сябры па няшчасці даведаліся, па якіх артыкулах прыдуманага кодэкса іх судзілі і на якія тэрміны. У кожнага з іх было адно і тое ж пытанне: за што? За якія грахі?
    У большасці сваёй там былі людзі пісьменныя, з якіх сёй-той ведаў, што ў Крымінальным кодэксе СССР і Кодэксах саюзных рэспублік такіх артыкулаў, як КРА, КРД, АСА, СВА і іншых, няма і быць не магло. Дык хто ж гэта і навошта іх прыдумаў? Каму патрэбна гэта падробкафальшыўка? Для чаго гэта ўсё рабілася? Так думаў амаль кожны.
    — Во каб даведаўся Сталін! — усклікнуў нехта.— Ён бы паказаў гэтым самаўпраўцам — Яжовым!
    — А калі ён ужо даўно ведае пра гэта? — азваўся хтосьці.
    — He можа быць! — не згаджаўся той.
    — Можа, усё можа быць,— настойваў на сваім другі.
    Зняволеныя, пакуль не ведалі, што іх чакае, спадзяваліся на штосьці лепшае, а цяпер іх пачала яшчэ болып есці туга. Некаторыя з іх нават расплакаліся.
    — Хлопцы, давайце хоць як-небудзь паголімся, a то мы тут зараслі, як дзікуны,— прапанаваў Міхась, каб неяк развеяць цяжкі настрой.
    Неўзабаве нехта знайшоў сталёвую пласцінку, якую добра навастрылі на бруску, што востраць сякеры, і пачалі па чарзе галіцца. Першы «скінуў» сваю пышную бараду Міхась, за ім брыгадзір Канеўскі, а пасля і ўсе астатнія. Падстрыгліся нажніцамі, якія Міхась прынёс з канторы. Вось так і адбылося ўсё адразу: у адзін дзень даведаліся і пра тэрмін незаслужанага пакарання і прывялі да парадку свой чалавечы выгляд — першы раз за паўгода.
    ТРЭЦЯЯ ШТРАФНАЯ
    Заканчвалася будаўніцтва зямлянак, а разам з ім і лесанарыхтоўчыя работы брыгады. Наогул жа праца ў лесе па нарыхтоўцы будаўнічага матэрыялу не спынялася. Але гэтай справай займаліся іншыя брыгады, тыя, што будавалі баракі і падсобныя памяшканні калоны нумар адзін. Людзі з брыгады Канеўскага з нецярпеннем чакалі, калі іх перавядуць у зробленыя імі зямлянкі. Толькі начальства чамусьці не спяшалася гэтага рабіць. I вось ужо на пачатку сакавіка прыйшоў у лазню памочнік начальніка па працы са спісам у руцэ, дзе значыліся прозвішчы ўсіх членаў