За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
— Як зраблю — пабачыце,— адказаў Міхась.— Вы толькі папрасіце канвойнага начальніка, каб ён дазволіў разбіць гэтыя галовы на меншыя часткі, астатняе я сам усё зраблю.
— Добра, папрашу,— запэўніў стараста.
На наступным прыпынку (а цягнік гэты спыняўся часта і стаяў падоўгу) стараста звярнуўся да старшага канваіра з просьбай. Той, хоць неахвотна, але ўсё ж такі дазволіў раскалоць галоўку цукру на чатыры часткі, а ўсё астатняе, як і абяцаў, узяў на сябе Міхась. Ён, не спяшаючыся, кожны вялікі кавалак цукру раскусваў зубамі на дробныя часткі. Усё далейшае даробліваў стараста: ён кожнаму вязню ўручаў па порцыі.
— Асцёрскаму, які раздрабляе цукар, трэба даваць дзве порцыі,— пачуўся з глыбіні вагона голас.
— Тры, а не дзве!— падтрымаў другі голас.— Без яго мы наогул гэты цукар толькі бачылі б.
— Таварышы, не спрачайцеся,— адказаў Міхась,— я ўсё роўна болып як адной порцыі не вазьму. Што ўсім, тое і мне.
— А можа, возьмеш? — з недаверам у голасе спытаўся стараста.
— Сказаў не, значыць, не! — адрэзаў Міхась.— А калоць абяцаю да канца маршрута.
I ён кожны дзень старанна калоў сваімі моцнымі зубамі конусныя галоўкі цукру. I так усе трыццаць дзён гэтай цяжкай невясёлай дарогі.
Калі вязні пераканаліся, што Міхась не хітруе, яму пачалі давяраць дзяліць і ўсё астатняе, што трапляла ім у вагоне — прадукты, тытунь, халву, якой часам замянялі цукар, і іншае — старасту так не верылі, як яму.
Чым далей ехалі на ўсход, а затым і на паўночны ўсход, тым часцей і болын стаяў цягнік на розных станцыях — як на вялікіх, так і малых. Ён доўга стаяў у Цюмені, Омску, Барабінску, -Новасібірску, Юрзе, Тайзе, Яі, Ачынску, Краснаярску, Канску, Зіме, Іркуцку. I амаль на кожнай станцыі выносілі з вагона нябожчыкаў. У іншых вагонах гэтага цягніка рабілася тое ж самае. Спачатку гэта палохала і неяк прыгнятала людзей, а потым паступова яны прывыкалі — страшная з’ява рабілася будзённай.
Байкал аб’язджалі ноччу, яго нельга было ўбачыць у акенца вагона. Міхась вельмі шкадаваў, што не давялося паглядзець на гэтае унікальнае тварэнне прыроды. Калі ж ён сказаў пра гэта суседу, той з усмешкаю супакоіў яго:
— He бядуй, Асцёрскі, яшчэ пабачышд, можа, не адзін раз. Мо нават яшчэ ўсё гэта табе абрыдне.
— Усё можа быць,— згадзіўся Міхась.— Але ж цікава было б і цяпер зірнуць на гэтае «слаўнае мора».
На трыццатыя суткі прыехалі ва Улан-Удэ, адкуль пасля нядоўгай стаянкі, замены паравоза і яго брыгады адправіліся на канцавую сваю станцыю — Заудзінск.
У Заудзінску ўсіх зняволеных высадзілі з вагонаў і размясцілі ў палатках, нягледзячы на тое, што ўжо стаялі лютыя маразы. За трое сутак усё немалое зборышча народу рассартавалі, падзялілі на групы і пачалі рыхтаваць да адпраўкі на ўчасткі трасы будучай чыгункі. Траса гэтая пралягала праз усю Бурацкую (тады Бурат-Мангольскую) АССР — ад Заудзінска да Навушак. Даўжыня яе складала 250 кіламетраў.
Дабірацца да месца прызначэння трэба было пехатой. А таму начальства будучага лагера (Южлага) разам з камандаваннем аховы прапанавала зняволеным пакінуць пад распіску свае лішнія і цяжкія рэчы, якія абяцалі адразу ж прывезці на машынах услед за імі. Шмат хто паддаўся на спакусу палёгкі і здаў свой набытак з надзеяй, што ён не прападзе. А Міхась, навучаны горкім вопытам — яму не вярнулі яго 25 рублёў ні ў Ленінградзе, ні ў Заудзенску,—
рашыў, што хай усё будзе пры сабе — хоць цяжкае, ды сваё. Той, хто паверыў слову энкавэдыстаў, рэчаў сваіх больш не ўбачыў: іх падзяліла паміж сабой канвойнае і лагернае начальства, а ўсякія лахматы даставілі на месца. Калі ж людзі пачалі пытацца пра свае рэчы, пачулі ў адказ:
— Мы нічога не ведаем. Чакайце. Прывязе той, хто прымаў.
Ішоў час, шмат каго завезлі на могілкі, а рэчы і па сённяшні дзень усё вязуць.
ЦЯЖКІ ПЕРАХОД
Якраз у сярэдзіне лютага калоны нявольнікаў рушылі ў паход. Ад марозу трэскалася зямля і скалы голых сопак. Хацеў хто ці не хацеў, а трэба ісці: сам мароз падганяў. Калі хто стамляўся і ад слабасці ці ад хваробы падаў, падбіралі машыны. Але гэта не ратунак: ад холаду на адкрытай машыне можна было хутчэй развітацца з жыццём, чым ідучы пехатой. Ішлі не па намечанай трасе будучай будоўлі, а больш трымаліся рэчышча ракі Селенгі, хоць гэта і павялічвала адлегласць.
Трэба было прайсці 190 кіламетраў, калі прытрымлівацца трасы, а пры рэчыпічы то прайшлі ўсіх 200, а можа, і болей. Ішлі дзесяць сўтак да населенага пункта Білютай, дзе павінна была будавацца станцыя будучай чыгункі. Гэта непадалёку ад вялікай вёскі Селендум. Хутка ісці не маглі, але вызначаных 20—25 кіламетраў у дзень праходзілі, спыняліся і рабілі прывал на цэлую ноч. Адразу ж нацягвалі палаткі, у якіх рыхтавалі ежу і начавалі.
Гарачая страва — адзін раз у суткі, а астатняе — сухія прадукты: хлеб і салёная камбала ці гарбуша. Для таго, каб зварыць баланду, растаплялі снег у катле. А што датычыць чаю, дык яго спрабавалі гатаваць самі зняволеныя ў якіхнебудзь праржавелых бляшанках, знойдзеных па дарозе. Пасля салёнай камбалы нап’ецца чалавек такога «чаю» — і адразу ж панос. А лазарэта ў дарозе няма. I вось чалавек пакутуе сам і прыносіць пакуты і турботы іншым: з-за яго затрымліваецца рух калоны. Для такіх бедакоў не хапала машын. I ім даводзілася ісці разам з усімі. А з-за іх трэба было рабіць лішнія прыпынкі. Шмат хто з такіх хворых не дайшоў да прызначанага месца — у дарозе злажыў свае крылы...
Але не ўвесь час прытрымліваліся русла ракі. Там, дзе Селенга рабіла «калена», каб скараціць час, ішлі не па
лёдзе, а напрасткі, па голай зямлі — снегу амаль што не было. I вядома ж, на іх дарозе трапляліся вёскі з грамадскімі будынкамі, у тым ліку школамі. Вуліцы вёсак вузкія. Так што калона гэта расцягвалася на цэлы кіламетр, бо ішло ў ёй больш за тысячу чалавек. Наперадзе, па баках і ззаду ішлі ўзброеныя канваіры з сабакамі-аўчаркамі на павадках. Відовішча — незвычайнае і страшнае. Жыхары вёсак, па вуліцах якіх праходзіла калона, асабліва жанчыны, выскоквалі са сваіх хат, каб паглядзець на такое дзіва. He адставалі ад іх і дзеці, асабліва школьнікі. Яны пакідалі класы і разам з настаўнікамі выбягалі на ганак і ва ўсе вочы глядзелі на незвычайных людзей. Жанчыны, як правіла, выходзілі са сваіх хат не з пустымі рукамі, а з боханамі ці акрайцамі хлеба, якія, нягледзячы на забарону канвоя, перадавалі зняволеным, а калі немагчыма было даць у рукі, кідалі проста пад ногі, а самі плакалі горкімі слязьмі. Бо відаць было, што і гэтых вёсак не абмінуў «хапун». Яны ўсё разумелі, што рабілася ў той страшны час. Разумелі і мужчыны, якія лічылі за лепшае назіраць за ўсім гэтым рухам праз вокны. He высоўваць свайго носа іх навучыла жыццё.
3-за боханаў ці акрайцаў хлеба, якія кідалі жанчыны зняволеным, сярод іх часам усчыналіся бойкі. Тады канваіры адкрывалі пальбу, праўда, угару, чым адразу спынялі сутычкі.
Калі праходзілі міма школы, у Міхася заходзілася сэрца. Ён думаў: «Вось вызвалілі б мяне з гэтага пекла, дзе я апынуўся невядома за якія грахі, папрасіўся б у гэтую маленькую школку і вучыў бы вось тых малых дзетак, якія зараз глядзяць на нас, як на жывёлу, якую гоняць на забой. Што яны зараз думаюць, гледзячы на гэты «статак»? I што ім скажа пасля настаўніца, якая разам з імі стаіць на школьным ганку? Як яна будзе тлумачыць ім такое відовішча? I ці разумее яна сама, што адбываецца ў краіне? Пэўна, не. Яна будзе гаварыць дзецям, што гэта гоняць дрэнных людзей — «ворагаў народа», якіх трэба абыходзіць як мага далей. Што б яна ні думала, а павінна гаварыць менавіта так, інакш і сама трапіць у гэтае пекла.
Дзесяць начэй начаваў у палатках на лютым марозе Міхась Асцёрскі. Колькі разоў ён у сваім цёплым паліто з бобрыкавым каўняром прымярзаў да голай зямлі. Прымярзаў так, што сябры па няшчасці ледзь адрывалі яго. «Як добра, што я не паддаўся агітацыі лагернага начальства ў Заудзенску і не здаў «цяжкіх» рэчаў. Што б я рабіў цяпер, каб дапусціў такое глупства?» — разважаў сам сабе Міхась. Астатнія рэчы (цёплую куртку, штаны, бялізну і рэшткі
прадуктаў ад перадачы) дапамагаў яму несці зямляк, былы ваенны камісар Мікола Канеўскі. Сам ён ішоў, як кажуць, улегцы — у ботах і ў шынялі. За яго бескарыслівую дапамогу Міхась дзяліўся з ім усім, што меў. Так яны і пасябравалі ў дарозе на доўгі час лагернага жыцця. Міхась заўсёды пра яго помніў і ніколі не заставаўся перад ім у даўгу.
ПЕРШЫЯ ВЫПРАБАВАННІ
Да прызначанага месца прыйшлі ў апошнія дні лютага. Пры размеркаванні на жыхарства Міхась трапіў у бурацкую лазню. Разам з ім туды змясцілі яшчэ каля пяці дзесяткаў такіх жа нявольнікаў. У лік іх трапілі сябры па камеры 889 Іван Сяргееў, Павел Лёсік, Мікола Канеўскі, a таксама амаль усе тыя, з кім ён ехаў ад Ленінграда да Заудзенска. Было дужа цесна, але суцяшала тое, што ўсе знаёмыя.
He паспелі пасяліцца, як у лазню зайшоў начальнік КВЧ (культурна-выхаваўчай часткі) калоны, прынёс цэнтральныя газеты — «Правду», «Нзвестня», «Комсомольскую правду», «Труд» — і прапанаваў выбраць выхавацеля для культурнага абслугоўвання, а таксама брыгадзіра.
— Прапаную выхавацелем выбраць Міхаіла Асцёрскага,— пачуўся голас з гэтага скучанага натоўпу.
— Асцёрскага, Асцёрскага, ён сумленны чалавек! Ён паказаў сябе з самага лепшага боку яшчэ ў вагоне,— пачулася з другога боку.
— Другія прапановы будуць? — спытаў начальнік КВЧ.
— Няма!
— Хто за гэтую прапанову? Прашу падняць рукі. Аднагалосна,— сказаў начальнік.— А цяпер трэба выбраць яшчэ і брыгадзіра. Давайце вашы прапановы.
— Канеўскага Мікалая,— сказаў Міхась.
— Іванова,— пачуўся другі голас.
— Хто за першую прапанову?
Падняўся цэлы лес рук.
— Хто за другую — за Іванова?
— Пяць,— падлічыў начальнік КВЧ.— Значыць, праходзіць першая кандыдатура — Канеўскі Мікалай.
Жыхарам гэтай лазні-брыгады вельмі ўжо спадабалася тое, што іх як быццам зноў пачалі лічыць за людзей, нават галасаваць прапанавалі, як на волі, якую яны паўгода таму назад страцілі. Але гэта быў тонкі падман, пра які яны даведаюцца пасля.
Hi выхавацель, ні брыгадзір не вызваляліся ад працы спачатку ў лесе, а потым і на трасе. Пры гэтым, калі начальству трэба было, яно ў любы час мяняла і таго і другога без ніякага галасавання і наогул без згоды на тое брыгады.