За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
I вось, пачуўшы крокі калідорнага дзяжурнага, Міхась лёг на свой ложак-грабніцу, звесіў на падлогу адну нагу і адну руку, як гэта робяць людзі, якія трацяць прытомнасць, раскрыў рот і заплюшчыў вочы. Калідорны дзяжурны адкрыў «ваўчок» у дзвярах, паглядзеў раз, другі і прыйшоў да думкі, што Міхась страціў прытомнасць. Ён хуценька адчыніў дзверы, падышоў да вязня, паклікаў, потым крануў, але той ляжаў нерухома. Тады ён ледзь не бягом выскачыў з карцэра і скіраваў да следчага.
Праз лічаныя хвіліны ў карцэры быў следчы са сваім памочнікам. Яны памацалі халоднае цела, паднялі і зноў паклалі на «грабніцу», а самі пайшлі па дапамогу. Вярнуўшыся ўчатырох, яны ўзялі Міхася за рукі, за ногі і панеслі ў кабінет. Тут ужо быў турэмны фельчар, і яны разам пачалі «размарожваць» вязня. Церлі спіртам, згіналі-разгіналі яму рукі і ногі, лілі ў рот амаль што гарачы чай, для чаго спіцаю разнімалі зубы.
— Вы яго замарозілі! — папракала следчых турэмны фельчар.— Памагайце мне!
Міхась, як было і задумана, паступова пачаў «уваскрасаць»: спачатку калаціцца і ляскаць зубамі, потым стагнаць і адкрываць вочы.
Калі следчыя ўбачылі, што іх ахвяра трошкі ажыла, яны налілі шклянку чаю з цукрам, падсунулі пячэнне.
— Пі, сагравайся і закусвай, Асцёрскі,— частавалі і ў той жа час папракалі «дабрадзеі» Міхася: — Вось да чаго давяла цябе твая неразумная галава. Калі б ты адразу падпісаў прызнанне, дык і не пакутаваў бы.
На гэтыя словы Міхась не адказаў сваім мучыцелям ні-
чога. Ён, нібы ў забыцці, сядзеў і глядзеў у адну кропку. Так ён «прагасцяваў» там гадзін некалькі. Можа, прасядзеў бы і больш, ды не хапіла вытрымкі. Седзячы ў крэсле, нібы ў забыцці, пачуў, як яго каты, каб неяк прабавіць час, пачалі чытаць вершы Пушкіна, дапускаючы пры гэтым грубыя памылкі — і ў націсках, і ў самых словах. Міхась забыўся на сваю «ролю» і пачаў іх папраўляць.
Яны як быццам толькі гэтага і чакалі. Адразу ажывіліся і тут жа накінуліся на сваю ахвяру:
— А, ён ужо ўваскрос, прыйшоў у норму! — усклікнуў Рой, новы Міхасёў следчы.— На, падпісвай!
— Што падпісваць? —з наіўным выглядам спытаўся Міхась.
— Прызнанне,— растлумачыў следчы.
— Ніякіх вашых фальшывых паперак я падпісваць не буду!
— He будзеш?
— He буду! — рашуча пацвердзіў свае словы Міхась. — Зноў пойдзеш туды! — пагрозліва заявіў следчы. — Нікуды я больш не пайду, акрамя сваёй камеры! — Пойдзеш! Пакліч дзяжурнага,— звярнуўся Рой да свайго памочніка,— няхай ён адвядзе гэтага бандыта ў той жа маразільнік!
Хутка калідорны дзяжурны быў ужо ля дзвярэй кабінета следчага і загадаў Міхасю зноў ісці туды, адкуль яго прынеслі. Міхась не ішоў. Тады турэмшчык узяў яго за руку, але Міхась вырваўся. На дапамогу турэмшчыку кінуўся яшчэ адзін «фараон», але ўсё роўна Міхась не скараўся: вырваўся з іх рук. Тады ўмяшаліся следчыя, і яны ўчатырох, як і некалькі гадзін таму назад, схапілі Міхася за рукі, за ногі, дацягнулі да карцэра і праз адчыненыя дзверы кінулі туды, быццам мяшок з мукой, на каменную падлогу. Доўга Міхась ляжаў у забыцці ад удару галавою, ніяк не мог апрытомнець, пакуль не прабраў яго холад да самых касцей. А калі ачуняў, патрошкі зноў пачаў займацца гімнастыкай.
У канцы таго самага дня ў карцэр зайшоў дзяжурны па корпусе — «ліберал» — і прынёс Міхасю тую самую вельветавую куртку, якую з яго садралі, калі вялі ў гэты пракляты карцэр.
— Вазьміце вашу куртку, a то вам тут халодна,— сказаў «ліберал» дабрадушна.
— Дзякую вам за клопаты, але куртка мне не патрэбна,— адмовіўся Міхась.
— Вазьміце, a то замерзнеце,— угаворваў той вязня.— Вам яшчэ трэба жыць.
— He вазьму, я хачу памерці,— упіраўся Міхась.
— He дурыце, вы павінны жыць!
Міхась здаўся. Ён узяў куртку і спытаў:
— Грамадзянін дзяжурны, скажыце, калі ласка, ці доўга яшчэ прыйдзецца мне склець тут?
Ён звярнуўся да «ліберала» на ўсякі выпадак, бо яму следчыя гаварылі, што заганяюць яго сюды «навечна».
«Ліберал» дастаў з кішэні блакнот, што здзівіла Міхася, паглядзеў у яго і сказаў:
— Вам засталося тут быць роўна дванаццаць гадзін. Трымайцеся. Болып адпакутавалі, менш засталося,— развітаўся і пайшоў.
«Невыпадкова яго празвалі «лібералам»,— думаў Міхась.— Пасля ўсяго гэтага я назваў бы яго «гуманістам». Дзіўна, што і ў турме ён застаўся чалавекам. А тут патрэбны адны садысты».
Пэўна, да «ліберала» даходзіла, каго туды заганялі і ад каго трашчалі сцены славутай турмы. Хто ведае, можа, пасля і ён з турэмшчыка стаў арыштантам.
Калі Міхасю заставалася пакутаваць у тым лёху лічаныя гадзіны, да яго зачасцілі то следчы, то яго памочнік.
— He дуры, Асцёрскі, падпісвай. Інакш ты не вылезеш з гэтай клеткі, загінеш,— пераконвалі яго «дабрадзеі».
— Ну, няхай сабе і загіну,— адказаў ім Міхась.— Вы таксама тут не вечныя,— гаварыў, а не прызнаваўся, што ведае ўжо, колькі яму засталося пакутаваць тут.
А пад самы канец тэрміну прыйшоў памочнік следчага і кійком выдушыў шкельцы адзінага доўгага, але вузкага акна: каб было яшчэ халадней. Урэшце абодва — і следчы, і яго памочнік — спачатку прымушалі, а потым ледзь не ўмольвалі Міхася паставіць свой подпіс пад напісанай імі фальшыўкай. Калі і тут нічога не дабіліся, загадалі Міхасю ісці за імі ў кабінет, але ён не кранаўся з месца. Тады яны паклікалі ахоўнікаў і з іх дапамогай прывялі ў кабінет. Там яны яшчэ колькі часу прымушалі яго падпісаць на сябе данос, але і цяпер у іх нічога не атрымалася.
Хутка пасля таго як Міхася прывялі з карцэра і нічога ад яго не дабіліся, у кабінет следчага нібы выпадкова зайшоў начальнік корпуса.
— Ну, як ён — прызнаўся? — спытаў, паказваючы на Міхася.
— He, таварыш палкоўнік,— панура адказаў следчы,— нічога не дабіліся, усё яшчэ стаіць на сваім.
— Ну, і хрэн з ім! Пішыце тое, што будзе гаварыць. Мы ўсё яму далі, што належыць у гэтай турме. Я ў сваіх руках
многа ператрымаў падобных падонкаў, але на такога гада не нарываўся. Я сам пайду на «тройку», і ўлепім яму восем гадоў!
ПАМІЖ ВАР’ЯТАЎ
У той жа дзень Міхась падпісаў аўтабіяграфічны расказ, які напісаў уласнай рукой, пасля чаго ён зноў апынуўся ў адзіночцы, дзе суткі правёў перад карцэрам. Можна было лічыць, што следства ўжо закончана. Стала трошкі лягчэй, але невядомасць лёсу не пераставала мучыць яго.
Зайшоўшы ў камеру, Міхась не знайшоў сваіх рэчаў. Ён адразу ж звярнуўся да калідорнага дзяжурнага:
— Вы не ведаеце, дзе падзеліся мае рэчы?
— Якія рэчы? — як быццам не разумеючы пытання, здзівіўся турэмшчык.
— Ручнік, мыла, зубная шчотка і зубны парашок,— растлумачыў Міхась.
— На маім дзяжурстве нікога тут не было, а наконт іншых нічога не магу сказаць.
— Тады я папрашу паклікаць дзяжурнага па корпусе.
— Калі ласка, гэта я зраблю.
У той жа дзень у камеру ўляцеў той дзяжурны, які насіў мянушку «крыкуна». Ён яшчэ з парога закрычаў, абзываючы Міхася брыдкімі нецэнзурнымі словамі:
— Што, і тут контррэвалюцыю разводзіш?! Наводзіш цень на белы дзень?! Абражаеш добрасумленных работніках турмы?
— Пры чым тут паклёп ці абраза? Я хачу толькі высветліць, куды падзеліся мае рэчы. Бо ў маю адсутнасць тут хтосьці быў.
— Адкуль ты ведаеш? — спытаў «крыкун».
— Адкуль, пытаецеся? Бо ён пакінуў два недакуркі і пусты пачак ад запалак. А вам, канечне, вядома, хто тут гаспадарыў, пакуль я знаходзіўся «ў камандзіроўцы»,— спакойна гаварыў Міхась.
— Я не збіраюся шукаць прыдуманага табою злодзея. А калі ты не пакінеш правакаваць, згнаю ў карцэры! — зароў «крыкун».
— Што ж, карыстайцеся маёй бяспраўнасцю,— сказаў Міхась.
Так і не знайшоў ён сваіх рэчаў — хоць бедных, ды патрэбных.
Набліжаўся канец лістапада. Ужо стукалася ў вокны
суровая зіма. Але ў камеры значна пацяплела, хоць цеплыня была падманлівай: проста на дварэ стаяла адліга. Адзіночная камера, дзе ён часова размяшчаўся, вельмі слаба абагравалася, таму што яна, як і карцэры, была разлічана на «ўпартых», «непакорлівых» арыштантаў-«злачынцаў». У ёй таксама доўга цяжка было вытрымаць. Колькі яму тут давядзецца прабыць. Міхась не ведаў. Усё было пад пытаннем. А таму ён бясконца радаваўся часовай адлізе, якая прынесла пацяпленне. Спаць жа, наколькі ведаў Міхась, ніхто не забараняў, нават калідорныя дзяжурныя — спі, колькі хочаш. He жыццё, а маліна. Толькі цеплыні малавата, але ў параўнанні з папярэднімі днямі дык жыць яшчэ можна.
Адно тут засмучала Міхася і нават больш таго — раніла ў сэрца — гэта яго суседзі. 3 абодвух бакоў яго камеры — справа і злева — змяшчаліся людзі, якія мо ад катаванняў страцілі розум. Справа быў ціхі вар’ят, злева — буйны. Той, ціхі, не вельмі турбаваў свайго суседа. Ён дні і ночы без перапынку маліўся — маліўся і сам сабе, і ўголас. I калі б пра яго не сказаў Міхасю калідорны дзяжурны, той, што колькі дзён таму назад дазволіў яму спаць, то Міхась і не ведаў бы пра яго вар’яцтва. А што датычыць буйнага, што злева, дык тут ужо адразу было зразумела нават недасведчанаму чалавеку, што ён «буйны»: круглыя суткі не даваў спакою сваім суседзям. Ён і маліўся, і лаяўся на ўсю моц адборным рускім матам, умольваў, упрошваў, папракаў, абражаў, заклінаў кагосьці. Камусьці пагражаў, перад кімсьці каяўся, плакаў. Потым зноў крычаў і, відаць па ўсім, станавіўся на калені — прасіў літасці ці то ў госпада бога, ці то ў сваіх крыўдзіцеляў:
— Я не вінаваты, я не вінаваты, я не вінаваты! За што вы мяне мучыце? Што я дрэннага зрабіў вам? Пусціце мяне, ірады праклятыя! Дзякуй вам, браточкі, дзякуй вам, браточкі, дзякуй вам, браточкі! Эй вы, інквізітары, што вы са мной робіце? А вы ведаеце, хто я? Я — галоўнакамандуючы войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы! Са мной сам пан Ягайла лічыцца! Гніды вы няшчасныя, клапы крыважэрныя! Гіены вы! — крычаў ён дзікім голасам, пагражаючы нейкім супастатам-гвалтаўнікам. А праз колькі хвілін яго грозныя прамовы змяняліся ласкавымі словамі:
— Роза, Розачка, любая мая Розачка, дзе ты? Дзе ты, мая радасць? Прыйдзі да мяне, прыйдзі да мяне, прыйдзі да мяне! Я чакаю, я чакаю, я чакаю цябе! — I раптам зноў: — Ах ты, брыдкае стварэнне! Гэта ты мяне мучыш? Ты, сцерва, падлюка, юда! Пакарай цябе, нябесная сіла!
Гэта ты прыносіш мне пакуты, нягодная твая душа! Няхай пакарае цябе ўсявышні за тваю прадажніцкую душу!
I тут жа зусім у іншай танальнасці: