За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— Я ля тваіх ног, вялікі збаўца мой! Маліся за мяне і за маю грэшную душу!.. Я сустрэну цябе з распрасцёртымі рукамі ў час другога прышэсця на нашу грэшную зямлю! — А праз хвіліну — адборны рускі мат, лаянка, пагрозы нябачнаму ворагу ўсяго чалавецтва.
I такія сцэны адбываліся штодзень і штоноч на працягу тых двух тыдняў, пакуль Міхась сядзеў у сваёй адзіночцы. Ён не ведаў, куды яму падзецца ад такога наслання. Затыкаў вушы, але ж цэлыя суткі так не праседзіш, не хопіць цярпення. Тады ён пачынаў гучна размаўляць сам з сабою, а пасля і спяваць. Але і гэта не выратоўвала. Прыйшлося змірыцца і цярпець. Пасля Міхась падумаў, што так зрабілі знарок. Вось ведай, што чужы боль можа больш зрабіць табе шкоды, чым свой, і ты не вытрымаеш яго, сам звар’яцееш або, каб да гэтага не дайшло — расколешся, здасіся і падпішаш тую паперу на сябе.
Прайшло колькі дзён, і Міхась патроху прытупіўся, не так востра перажываў крыкі за сцяною. Неяк ён выбраў момант і спытаў у таго калідорнага дзяжурнага, які аднойчы дазволіў яму паспаць перад допытам:
— Скажыце, калі ласка, што гэта ў мяне за суседзі, адкуль яны ўзяліся?
— He так даўно яны абодва былі нармальныя, а вось як пабылі на допытах і пасядзелі ў карцэрах, зрабіліся такімі, якімі вы іх бачыце, праўдзівей — чуеце.
— А не ведаеце, хто яны, чым займаліся да гэтага «санаторыя»?
— Дакладна не ведаю. Чуў, што абодва не з проста радавых. Ціхі са свяшчэннаслужыцеляў, значыць, non, а буйны — нейкі вучоны — фізік ці хімік, хто яго ведае. Адным словам, іх песенька ўжо спета...
Міхась і сам разумеў, што яго суседзі — гэта ўжо жывыя трупы. I падумаў: у кожнага, хто сюды трапіў, нейкі свой лёс, а ў ім свае павароты і зігзагі. I што цябе чакае заўтра, нават сёння — ніхто не ведае. Застаецца толькі цярпліва чакаць свайго — табе аднаму наканаванага. А ўжо як ты яго сустрэнеш — адолееш ці не выстаіш — шмат ад чаго залежыць...
Недзе ў сярэдзіне снежня, у сем гадзін раніцы, як звычайна, грымнулі запоры жалезных дзвярэй,і на парозе паказалася постаць канваіра-ахоўніка ў блакітнай фуражцы, які гучна і працягла спытаўся:
— Фа-мн-лн-е ва-ше?
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч,— з трывогай адказаў Міхась, які толькі распачаў свой сняданак.
— Збірайцеся з рэчамі!
— Пачакайце трошкі, дайце даснедаць,— папрасіўся Міхась.
— Там даснедаеце.
— Дзе?
— Самі ўбачыце,— буркнуў канваір.
Міхасю не трэба было збірацца, ён жыў па прымаўцы: голы збірайся — голы гатоў. Усе рэчы яго былі пры ім і на ім. А таму ён падняўся, паставіў на столік талерку з баландой, узяў у руку рэшту хлеба і накіраваўся да дзвярэй.
Праз пару мінут ён апынуўся ў маленькім пакойчыку першага паверха, які ўжо быў бітком набіты яго калегамі па няшчасці. Тут ён убачыў знаёмых па камеры 889: механіка Сестрарэцкага зброевага завода Сяргеева і студэнта універсітэта Паўла Лёсіка.
— Глядзі, Паўлуша, хто да нас прыбіўся — стараста 889! Ну, як справы, што новага? — распытваў Сяргееў.
— Жывы, значыць, усё добра, а падрабязна пра ўсё раскажу як-небудзь пасля,— адказаў Міхась і ўбачыў, што Лёсік смокча цыгарку. He ўтрымаўся і папрасіў пакінуць яму хоць на пару зацяжак.
Той, зацягнуўшыся яшчэ раз, падаў яму недакурак. Міхась зацягнуўся некалькі разоў і тут жа адразу неяк захмялеў, сеў на падлогу: ногі зусім не трымалі яго.
— Што з табою? — спытаўся Лёсік.
— Нічога, гэта без прывычкі, даўно не глытаў гэтага дыму,— супакоіў яго Міхась і спытаўся ў Сяргеева: — Куды гэта нас рыхтуюць?
— Кажуць, у перасыльную, а пасля этапам у лагер, а ў які — толькі ім вядома.
— Што там новага ў 889-й? — не цярпелася Міхасю.
— Усё па-ранейшаму. Выходзяць, прыходзяць і зноў выходзяць і прыходзяць, як вада ў Няве,— тлумачыў Лёсік. — Памятаеце ваенрука Краснова і бухгалтара Смоліча?
— Як жа, добра памятаю. Іх, здаецца, перавялі кудысьці,— няўпэўнена гаварыў Міхась.
— He перавялі, а, кажуць, шлёпнулі, як шпіёнаў. А нагаварыў на іх правакатар Шчокін, які ў камеры пеў рэвалюцыйныя песні і гаварыў, што яго расстраляюць. Памятаеце? Ён быў у нас на падсадцы, як пасля высветлілася.
— Во падлюка! — не стрымаўся Міхась.— Во поскудзь!
СУСТРЭЧА НА АДЛЕГЛАСЦІ
He паспелі сябры па камеры пагаварыць, абмяняцца ўсімі навінамі, як пачулася каманда:
— Выходзьце па аднаму!
Іх вывелі ў двор турмы, дзе іх чакала машына. Ішоў снег, дзьмуў вецер, ляжалі высокія белыя гурбы. I калі яны апынуліся ў гэтай замеці, Міхасю раптам стала млосна, і ці то ад ветру, ці то ад слабасці ён паваліўся ў снег. Сябры дапамаглі яму падняцца і сесці ў машыну. А апрануты ён быў па-летняму: вельветавая куртка, тонкія штаны, без шапкі. На нагах — лёгкія сандалеты.
Машына ішла спачатку па набярэжнай, потым па Ліцейным мосце і далей па Валадарскім праспекце. He даязджаючы метраў сто да Кірачнай, яна з-за нейкага затору спынілася разам з добрым дзесяткам іншых машын. I трэба ж было так здарыцца, што спынілася акурат супраць Міхасёвай кватэры з акном на праспект. Праз закратаванае акенца «чорнага ворана» ён убачыў акно сваёй кватэры, a за ім — о цуд! — убачыў, як яго жонка Таіса насіла на руках па пакоі маленькага сына! Ён глядзеў ва ўсе вочы на жонку пасля чатырохмесячнай разлукі і на сына, і з ім нешта адбывалася — слабасць разлівалася па ўсім целе, ён здрыгануўся.
— Што з табою, Асцёрскі? Ты пабялеў,— сказаў да яго Сяргееў, у якога ён сядзеў на каленях з-за таго, што не ўсім хапіла месца сесці.
— Вунь, бачыце, ходзіць па пакоі жанчына з дзіцем? Гэта мая жонка з сынам, якога я ніколі не бачыў. Ён нарадзіўся пасля майго арышту.
— Значыць, сустрэча ці спатканне на адлегласці,— задуменна сказаў Сяргееў.— Ну нічога, не бядуй, хутка ўбачыш іх і зблізку. Жыццё — хітрая штука: то апусціць, то зноў падыме. Усё яшчэ наперадзе.
— He, Іван Сямёнавіч, наперадзе — туман і цемра. Жыццё наша дало трэшчыну, якую ўжо не залапіш,— сумна адказаў яму Міхась.
Сяргееў і сам ведаў, што гаворыць ён гэта для таго, каб суцешыць Міхася. Але гаварыць трэба было. На яго месцы любы, у тым ліку і Міхась, гаварыў бы тое ж самае.
Суцяшаў Міхася і Лёсік, і іншыя нявольнікі — усе, хто быў з ім побач у тым праклятым «чорным воране».
Пайшла машына, і ўсе змоўклі. Міхась таксама маўчаў.
А на вуліцы мяла мяцеліца, прыветліва свяціліся вокны жылых дамоў, навяваючы балючыя думкі.
«Як добра гэтым людзям, што жывуць сёння без «наморднікаў» і без ярлыкоў «ворага народа»!» — думаў Міхась, гледзячы на агеньчыкі ў вокнах дамоў.
Калі іх прывезлі на месца, адразу зрабілі пераклічку, праверылі спісы, афіцыйна прынялі і аб’явілі, што цяпер яны маюць права паведаміць аб сабе сваім родным і блізкім, прыняць перадачы і нават пабачыцца са сваімі, калі будзе такое жаданне, чаго не дазвалялася рабіць у следчых турмах. Міхась атрымаў кавалак паперы, агрызак алоўка і напісаў пісьмо Таісе, а таксама сваім бацькам. Бацькам ён паведаміў толькі, што ён жыў і здароў, што знаходзіцца ў перасыльнай турме ў Ленінградзе і што хутка памяняе адрас, так што яму пісаць яшчэ не трэба. Прасіў яшчэ, каб яны не хваляваліся, што ўсё будзе добра, ён хутка вызваліцца і прыедзе да іх у госці з усёй сваёю сям’ёй. Таісе ён пісаў амаль ўсё тое ж, што і бацькам, але ў дадатак да ўсяго прасіў прынесці яму цёплае адзенне і абутак, сухароў, цукру і махоркі, без якой яму цяжка было жыць. У той жа дзень лісты яго ў выглядзе трохкутнікаў пайшлі па прызначэнні і, канечне, дайшлі да адрасатаў. Гэта былі першыя ластаўкізвесткі ад Міхася яго родным.
ПЕРШАЯ ЛАСТАЎКА 3 ВОЛІ
Калі Таіса адкрыла паштовую скрынку і ўбачыла пісьмотрохкутнік са знаёмым ёй почыркам, яна проста разгубілася. Адначасова і ўзрадавалася, і перапалохалася. Узрадавалася таму, што яна праз чатыры пакутлівыя месяцы атрымала першую вестку ад самага блізкага і любімага ёй чалавека, бацькі яе дзіцяці. А спалохалася за свой недаравальны ўчынак: яна здрадзіла жывому мужу, які трапіў у бяду і, пэўна, не адзін раз успамінаў яе ў цяжкія мінуты свайго пакутлівага жыцця за кратамі. Ён думае, клапоціцца пра яе і пра сына, а яна праз газету публічна адраклася ад яго. «Эх, дурніца я, дурніца! Нікчэмная баба. Ён у цяжкіх умовах не адмаўляецца ад мяне і ад сына, а я тут, на волі, выраклася яго. Што я цяпер скажу яму? Дзе і ў чым буду шукаць апраўдання? Буду жыць з брудным, нячыстым сумленнем»,— у думках карала яна сябе за сваё легкадумства. Яна адшукала той нумар «Красной газеты», дзе выступіла ў ролі юды-прадажніка, парвала на кавалкі і кінула ў палаючую грубку. «Навошта ж я спяшалася мяняць прозвішча? А раптам ён заўтра сам прыйдзе, што тады я скажу яму? Добра, што хоць сына паспела запісаць на бацькава прозві-
шча». Так яна доўга размаўляла сама з сабой. Потым параілася з суседзямі, бабуляй і сяброўкамі, як ёй цяпер быць і што рабіць. Якраз наведалі яе Міхасёвы сябры. Таіса расказала ім пра сваю радасць і замяшанне. Яны суцешылі яе і паабяцалі дапамагчы сабраць перадачу, за што хутка і ўзяліся.
«Перадачу аднясу, усё перадам, што просіць, а на спатканне не пайду — сорамна,— вырашыла яна.— Што я скажу яму цяпер? — разважала яна.— Ды і хто я цяпер яму? Здрадніца ці проста знаёмая? He, не буду прасіцца на спатканне. Няхай мне ўсявышні даруе»,— рашуча сказала яна сабе.
Так і зрабіла: назбірала цэлы мяшок рэчаў і прадуктаў,— канечне, з дапамогай сяброў Міхася — і ўсё гэта, таксама з іх дапамогай адвезла ў перасыльную турму і перадала Міхасю цераз турэмных работнікаў. Да ўсяго гэтага прыклала і запіску.
ПАРЫЛКА
Ленінградская перасыльная турма, разлічаная на чатыры тысячы «пасадачных» месц, у 37-м годзе штодзённа трымала ў сваіх сценах да сарака тысяч чалавек. I камеры, і калідоры, і падсобныя памяшканні былі забітыя зняволенымі, якіх рыхтавалі для адпраўкі ў лагеры паўночнаўсходніх раёнаў краіны. Там не толькі ляжаць, але і сядзець не было дзе. За вялікае шчасце лічылася знайсці месца, каб свабодна было стаяць. Ляжалі і сядзелі па чарзе, ды і то гэта было прывілеяй смялейшых і дужэйшых. Тут ішла жорсткая барацьба за месца легчы, сесці і проста стаць. Зняволеныя згрупоўваліся паміж сабой і сілай адваёўвалі сабе месцы. Перамагалі заўсёды смелыя, рызыкоўныя і дужыя. А гэтымі якасцямі, як правіла, вызначаліся крымінальнікі — рэцыдывісты, забойцы, рабавальнікі, зладзеі — тыя, хто ведаў, за што яго сюды загналі, для каго турма — родны дом, з якога ён амаль ніколі не вылазіў. Хоць іх было і не так ужо многа ў параўнанні з так званымі палітычнымі, але яны былі болып згуртаваныя, а галоўнае, нахабныя. Вось яны і размяшчаліся, дзе ім захочацца, і хадзілі, не разбіраючы дарогі. Пад ногі яны ніколі не глядзелі: ці гэта падлога, ці чые-небудзь рэчы, ці ляжалі там людзі. Станавіліся людзям на ногі, на рукі, на тулава, нават на галаву. Крычы не крычы, абурайся не абурайся — ніхто цябе не пачуе, ніхто не прыйдзе на дапамогу, нягледзячы на тое,