За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
А далей было амаль тое ж самае. Хоць і не ў такой масавасці, але людзі паміралі ад голаду і ад холаду, пакуль не закончылася будаўніцтва гэтай чыгункі. I ніхто з родных нічога не ведаў аб трагічным лёсе гэтых, ні ў чым не вінаватых ахвяр. Усё трымалася ў строгай тайне ад жывых людзей. Напішуць на асабістай справе нябожчыка — «чорны», і на гэтым канец усёй пісаніны.
Вярнуўшыся ў палату, Міхась доўга думаў і разважаў сам-насам: «За што? За што яны загінулі пасля такіх цяжкіх пакут? I чаму не паведамляюць пра іх гібель родным і блізкім? Гэта ж зверства! Навошта так робіцца? Каму гэта патрэбна?» 3 такімі думкамі ён лёг у «ложак» і ад усяго, што перажыў за гэтыя гадзіны, няскора заснуў.
ДАХАДЗЯГІ
Пры выпісцы з лазарэта Міхась праз урача Раісу Паўлаўну Коршак і яе лекпома Уладзіміра Раманюка папрасіў, каб яго накіравалі ў тую ж самую калону, адкуль яго прывялі сюды. Для гэтага ён знайшоў і прычыну: там была брыгада слабасілкаў, ці, як яе па-лагернаму называлі, «дахадзяг». Гэта брыгада складалася з зэкаў, якім медыцынскай камісіяй была ўстаноўлена па іх стане здароўя трэцяя катэгорыя (група інваліднасці) ці часовая непрацаздольнасць. А Міхасю і на гэты раз такую групу далі перад выпіскай.
Просьба яго была задаволена.
Калі ж сказаць шчыра, то Міхась хацеў вярнуцца ў калону нумар 1 таму, што на кухні там працаваў Міхась Стралкоў, з якім ён раней пасябраваў і які яго да лазарэта падкормліваў. Толькі на гэты раз Асцёрскі пралічыўся. Пакуль ён ляжаў у лазарэце і зарабляў сабе групу, ці катэгорыю, Стралкова перавялі на другую камандзіроўку — на 201 кіламетр, на будучую станцыю Джыда.
Брыгада дахадзягаў выконвала «лёгкія работы». Яна нарыхтоўвала друз для станцыйных пуцей і дзёран для замацавання насыпу і самога палатна чыгункі і яе адхонаў, а таксама кюветаў; укладвала гэты дзёран і рассыпала друз на станцыйных пуцях і раз’ездах. Яна выконвала і яшчэ шмат якія работы апрача земляных. Адным словам, людзі гэтыя былі вызвалены толькі ад земляных работ ды яшчэ пагрузкі лесу.
Узначаліць гэту брыгаду даручылі былому саўгаснаму бухгалтару з Растоўскай вобласці Міхаілу Чумакову — таксама дахадзягу. Міхаіл Пятровіч Чумакоў быў яшчэ маладым чалавекам — гадоў трыццаці. Па сваім целаскладзе ён выглядаў атлетам, як сапраўдны данскі казак. Але непасільная фізічная праца і сістэматычнае недаяданне прывялі яго да становішча дахадзягі. Трэба заўважыць, што да лагера ён вельмі мала займаўся фізічнай працай. Спачатку школа, потым курсы бухгалтарскага ўліку, а пасля і сама бухгалтарская праца. Так што ўвесь час да фізічнай працы ён меў дачыненне толькі калі-нікалі, і тое на сваім гародзе. Усё рабілі спачатку бацькі, а потым і жонка, з якой ён паспеў нажыць трое дзяцей — дзвюх дачок і аднаго сына. Ён дужа сумаваў па сям’і, якую вельмі любіў і пра якую неаднойчы расказваў, як пра нешта святое.
Міхась адразу пасябраваў з ім. Мо таму, што Чумакоў, нягледзячы на сваю бухгалтарскую прафесію, якую лічыў
сумнай, вельмі любіў літаратуру, асабліва паэзію. Ён прызнаўся Міхасю, што час ад часу сам папісваў вершы.
— Каб не ўліп у гэтую няшчасную бухгалтэрыю, не звязаў свой лёс з абрыдлымі лічбамі, быў бы я паэтам,— прызнаваўся ён Міхасю, які да гэтага не адкрываўся яму ў сваёй сімпатыі і прыхільнасці да мастацкага слова.
— Дарэмна ты караеш сябе і абражаеш сваю цудоўную прафесію,— супакойваў яго Міхась.— Бо ў кожнай справе, у кожнай прафесіі, у тым ліку і бухгалтарскай, ёсць свая прыгажосць, свая паэзія. Дарэчы, можна працаваць з лічбамі і адначасова займацца літаратурнымі справамі,— працягваў ён.— Вось Антон Паўлавіч Чэхаў па прафесіі ўрач, а Гарын-Міхайлоўскі — інжынер, а якія яны пісьменнікі! Дай божа кожнаму. I вось другі прыклад. Наш беларускі паэт Альберт Паўловіч — бухгалтар, як і ты, а піша цудоўныя вершы.
— Дык гэта ж геніі, а я што — пасрэднасць.
— А ты ведаеш, што сказаў Гётэ? А вось што: «Геній — гэта цярпенне і праца».
— Чаго-чаго, а цярпення ў нас з табой хапае,— горка ўсміхнуўся Чумакоў.
Чумакоў быў памяркоўны і па-сяброўску шчыры. Ён ніколі не крывіў душой, за што яго і паважалі сябры па няшчасці.
Аднойчы Міхась спытаў у яго:
— Скажы, цёзка, за што цябе, чалавека мірнай прафесіі, схапілі і прывезлі на гэтую катаргу?
— Тое, за што мяне забрыталі і запраглі ў гэтыя непасільныя драбіны, выедзенага яйка не варта,— пачаў Чумакоў.— Неяк мне захацелася паарыгінальнічаць, і я купіў сабе піпку, падобную на тую, з якой не расставаўся Сталін. Вось хаджу па станцыі і дымлю. Людзі паглядзяць, усміхнуцца, і на гэтым годзе, як кажуць, канцы. Але не ўсе так аднесліся да маёй арыгінальнасці. Зайздроснікам маім было гэта не ў нос,— працягваў свой расказ Чумакоў.— I вось яны шукалі выпадку скампраметаваць мяне, дакладней — злавіць мяне і нешта прышыць. Вось адзін з такіх нягоднікаў-правакатараў падыходзіць да мяне і кажа: «Ну, ты, Чумакоў, і даеш! Абзавёўся піпкай, як у самога Сталіна!» А я без усякага ўсяго і адказаў яму: «А што я, горшы за Сталіна, што не магу мець такой піпкі?» Для правакатара гэтага было даволі. Назаўтра, ноччу, да мяне прыйшлі «госці», зрабілі разгромны вобыск, надзелі «наморднік» і адвязлі ў Мілераўскае раённае аддзяленне НКВД. Два тыдні памучылі там, а потым адправілі ў Растоў, дзе прапакутаваў
яшчэ два месяцы. Пасля ўсіх «банных працэдур» прывезлі ў гэты закляты Южлаг,
— На допытах прыкладвалі да цябе свае брудныя рукі «патрыёты»-следчыя? — пацікавіўся Міхась.
— Ты лепш спытай, каго яны абышлі сваёй «гасціннасцю». Інакш яны не змаглі б дасягнуць сваёй мэты — з нас, сумленных людзей, сапраўдных патрыётаў, зрабіць «ворагаў народа» і «забойцаў вялікіх правадыроў».
Праз пэўны час да кампаніі Асцёрскага і Чумакова далучыўся яшчэ адзін зэк, былы чыгуначнік (вагонны слесар) са станцыі Глыбокае, таксама Растоўскай вобласці — Чуркін Іван Хведаравіч, яшчэ зусім малады чалавек, якому не было і 25, ён толькі што пачынаў сваё сямейнае жыццё: не прайшло і года, як ажаніўся. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы дыверсіі — аварыі на Паўднёва-Данецкай чыгунцы ў час прыбыцця туды Кагановіча і Варашылава.
— Як я ні ўпіраўся, а вымушаны быў падпісаць «прызнанне» ў сваёй «дыверсійнай дзейнасці» і падрыхтоўцы замаху на жыццё «верных ленінцаў» — Лазара Майсеевіча і Клімента Яфрэмавіча.
На працягу трох месяцаў — з мая па ліпень 1939 года — тройца сяброў дзяліла паміж сабой і пайку хлеба, і баланду, і радасць, і гора. Аднойчы да іх хацеў далучыцца адзін тыпус, ды яны яго адшылі. Гэта быў былы старшыня сельсавета з Краснадарскага краю. Ён падышоў да іх у час перакуру і прапанаваў:
— Сябры, мы ўсе ўчатырох тут — інтэлігенты, дык давайце будзем трымацца адзін аднаго. Карацей кажучы, давайце сябраваць.
— Які ж ты інтэлігент з трохкласнай адукацыяй? Гэта, па-першае. Па-другое, ты чалавек няшчыры. I трэцяе, ты стараваты для нашай кампаніі,— выклаў яму Чумакоў.
— Ну што ж, бог з вамі, буду шукаць іншых партнёраў,— пакрыўдзіўся Васіль Селязнёў.
— Пашукай, гэта табе карысна,— абразліва адказаў яму Чуркін.
Пра Селязнёва хадзілі розныя чуткі. Яго характарызавалі як правакатара і на волі, да лагера, і ўжо ў зняволенні — у турме і лагеры. Вось чаму ніхто і не хацеў мець з ім ніякіх адносін.
Чуркін быў малапісьменны, але вельмі кемлівы і разумны чалавек. Hi кніжак, ні газет ён ніколі не чытаў, а вось рукамі ўсё мог, асабліва што датычылася слясарна-такарных і цяслярна-сталярных работ. Ён з простай жалезкі мог зрабіць не толькі ключ, але і сам замок. Тое ж самае ён мог вырабляць і з дрэва.
Калі двух першых хоць трошачкі штосьці духоўна аб’ядноўвала, то ў адносінах да Чуркіна здавалася, што ён стаяў далёка ад іх. Але ж, нягледзячы на ўсё гэта, і ў яго знайшлося нешта агульнае з двума першымі. Мо таму, што ён быў шчыры і самаадданы, як і яго сябры — Асцёрскі і Чумакоў.
Катэгорыя зняволеных, да якой адносіліся Міхась Асцёрскі, Міхаіл Чумакоў і Іван Чуркін, згодна лагерных законаў павінна была працаваць на лёгкіх работах і без устаноўленай нормы выпрацоўкі атрымліваць на дзень па 900 грамаў хлеба, а таксама адпаведны гэтай пайцы прыварак. Але мясцовае начальства наплявала на гэтыя законы. Яно прытрымлівалася сваіх, няпісаных «законаў». Брыгадзе слабасілкаў, ці дахадзяг пачалі даваць такія ж самыя нормы выпрацоўкі, што і ўсім іншым. Акрамя таго, членаў гэтай брыгады пачалі выкарыстоўваць на непасільных для іх работах: выгружаць і загружаць вагоны лесаматэрыялам, пілаваць і калоць дровы, разгружаць вагоны з друзам і гравіем, цягаць на сабе рэйкі і шпалы. Вядома, што хворыя і аслабелыя людзі-нявольнікі не маглі асіліць такую работу. Яны не маглі выканаць устаноўленыя нормы, а значыць, і атрымаць патрэбны паёк. Замест 900 грамаў хлеба яны пачалі атрымліваць толькі па 500 і нават па 300, а адпаведна гэтым грамам і прыварак — два разы ў дзень па паўлітра пустой баланды без ніякай кашы.
Чалавек, які ніколі не жыў на такіх харчах, можа запярэчыць і сказаць: «Падумаеш, 300—500 грамаў хлеба мала для яго! Я і столькі за дзень не з’ядаю». Можна згадзіцца з такім меркаваннем, што, знаходзячыся на волі, ён болып гэтай нормы хлеба і не спажывае. Але ж не трэба забываць усіх іншых прадуктаў, якія вольныя людзі спажываюць акрамя хлеба — тлушчу, мяса, масла, яек, розных крупаў, макаронных вырабаў, бульбы і інш.
I вось гэтыя людзі з брыгады слабасілкаў з кожным днём пачыналі яшчэ больш слабець і рабіцца сапраўднымі дахадзягамі. На іх зноў садзілася вярхом цынга, а за ёю — і курыная слепата. Адзіным паратункам ад гэтага былі хвоя (хвойны настой) і палявы часнок. Хвоі згодна з назначэннем лекпома яшчэ можна было здабыць, а вось што датычыць палявога часнаку... Нягледзячы на тое, што яго на палях і лугах Бураціі хоць касой касі, здабыць было немагчыма. Ён даступны быў толькі для расканваіраваных. А такімі маглі быць толькі так званыя «бытавікі», ці крымінальнікі — жулікі-блатныя. А яны да такога становішча не даходзілі. Вось і гэта брыгада дахадзяг складалася выключна з «палі-
тычных», якія тады аб расканваіраванні і марыць не маглі. Здабываць такое зелле яны маглі толькі на месцы працы. А гэта — кропля ў моры. Часам даводзілася ім рызыкаваць сваім жыццём, каб пазбавіцца ад непрыемных хвароб. Толькі такія рызыкі часта канчаліся трагедыямі, бо ахоўнікі былі няўмольнымі, болып таго — бесчалавечнымі.