За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
На развітанне ён даў сваё заключэнне, што па стане здароўя Міхась можа выконваць толькі лёгкія, падсобныя работы.
— Ну, як вам прафесар спадабаўся? — спытаў у Міхася ўжо па дарозе ў зону лекпом.
— Прафесар гэты — Чалавек з вялікай літары.
— Я такой жа думкі,— згадзіўся лекпом.
ПАДВЁЎ МАЯКОЎСКІ
Згодна з заключэннем прафесара Сярова Міхася пачалі выкарыстоўваць толькі на так званых «лёгкіх работах». To пасылалі яго дняваліць у баракі, то апалыпчыкам у лазню, то прыбіраць пакоі розных канцылярый. Адным словам, зрабілі яго тыповым «прыдуркам». Апраналі ў самыя страшныя лахманы. I бушлат, і штаны-ватнікі паходзілі на вопратку і клоунаў, і юродзівых. Яны былі залаплены сотнямі лапікаў розных колераў. Такога і на сцэне не ўбачыш. Затое ён не галадаў і заўсёды быў у цёплым памяшканні.
Неяк аднойчы ён прыбіраў пакой, у якім сядзела начальства ахоўнікаў. I вось яны на патэфоне пачалі круціць пласцінкі з вершамі Маякоўскага. Міхась паклаў венік і таксама пачаў прыслухоўвацца.
— Глядзіце, і ён, гэты дэбіл, слухае, як быццам нешта разумее,— сказаў адзін з гэтых пустаплясаў.
I тады Міхась выразна прачытаў апошнюю страфу з верша «Стйхн о советском паспорте» Маякоўскага.
— Ого, бачыце, на што гэты дэбіл яшчэ здатны,— сказаў адзін з гэтых «разумнікаў».— I ўжо да Міхася: — Ану прачытай яшчэ што-небудзь з вершаў Маякоўскага. Паглядзім, што ты за гусь.
I Міхась прачытаў ім верш «О дрянн». Чытаў з усёй выразнасцю і жэстамі. Дзе трэба, паказваў пальцам на хеўру дармаедаў, «публіку».
— Значыць, недарэмна прывязлі цябе сюды. Маскіруешся, гадзюка, контра няшчасная! — накінуўся на Міхася начальнік аховы.
— Лепш быць няшчасным контрам, чымся шчаслівым калуном,— адказаў Міхась.
— У кандзей яго, гада паўзучага! — закрычаў разгневаны начальнік аховы.
Так ні за што ні пра што Міхась трое сутак адпакутаваў у лагерным ізалятары, дзе ад холаду і голаду ледзь застаўся жывы. I калі пасля гэтага зайшоў да лекпома, той параіў яму ўцякаць з гэтай калоны.
— Яны вас замучаць,— пераконваў лекпом Міхася.—
Пакуль вы там, у ізалятары, пакутавалі, яны злавілі мяне і чыталі натацыі за вас. Я вырашыў зноў звесці вас у лазарэт, адкуль сюды ўжо вы больш не патрапіце. Інакш яны даканаюць вас,— тлумачыў лекпом Міхасю.— Толькі мы зноў зойдзем да прафесара і возьмем у яго накіраванне.
— Я згодзен, дарагі чалавек, прапанова ваша слушная.
Як сказалі, так і зрабілі. Спачатку схадзілі па накіраванне, а пасля ўзялі асабовую справу і рушылі ў лазарэт. Прафесар да гэтага аднёсся спакойна, з разуменнем, зычліва стрэў і так жа развітаўся. Ён па-бацькоўску пажадаў Міхасю ўсяго добрага.
Ужо па дарозе ў лазарэт лекпом Епіфанаў сказаў Міхасю:
— А мы з вамі яшчэ сустрэнемся ў Піцеры. Вы да мяне абавязкова прыйдзеце.
— А я ж не буду ведаць, у якую паліклініку ці бальніцу прыходзіць.
— Hi ў паліклініку, ні ў бальніцу, а ў храм святога Сергія. Зразумелі?
— He, не зразумеў,— шчыра прызнаўся Міхась.
— Я ж па прафесіі — свяшчэннік, а не медык. Медыкам я зрабіўся паняволі. Але калі гаварыць праўду, дык кожны свяшчэннаслужыцель у агульных рысах знаёмы з медыцынай. Нас гэтаму патрошку вучылі.
— Значыць, вы не фельчар?
— He, не фельчар. А зрабіўся ім для таго, каб выжыць і дапамагаць зберагчы сябе ад смерці такім вось, як і вы, грэшным.
— Ну, усё роўна вы добры чалавек, якому я вельмі і вельмі ўдзячны.
— Дзякую за добрыя словы, дружа. А да мяне ў храм святога Сергія вы ўсё ж такі прыйдзіце.
— Прыйду, абавязкова прыйду, калі толькі выжыву і дазволяць вярнуцца ў Ленінград.
— У Піцер,— паправіў яго лекпом.
Паабяцаць-то Міхась паабяцаў, а сам падумаў: «А што мне рабіць там, у тым храме? Маліцца я не ўмею, бо не прывучаны да гэтага. Толькі, мабыць, для цікавасці ды пабачыцца з былым сябрам па няшчасці? Калі дажыву да такога шчаслівага часу, то рызыкну — зайду. Ды вось наўрад ці дажыве ён і сам, гэты пастыр у халаце лагернага фельчара».
У лазарэце яны развіталіся, як добрыя сябры з надзеяй на хуткую сустрэчу.
I вось зноў і ўжо каторы раз Міхась трапіў на бальніч-
ны ложак. Былы ягб лекпом раіў свайму падапечнаму, як толькі можна, пратрымацца там да цёплых дзён, да травы і кветак. Бо летам усё ж цяплей, а значыць, і лягчэй пераносіць усе цяжары і нягоды. Хоць голадна, але затое не холадна. Так ён і стараўся рабіць.
«Вось так,— думаў Міхась,— у месцах зняволення дазволена ўсё: звычайны малапісьменны чалавек раптам можа зрабіцца папом, як мне расказваў былы катаржанін царскіх часоў Міхаіл Маркавіч Сталяроў пра свой «свяшчэнны сан» у Прыбайкаллі перад першай сусветнай вайной, калі ён знаходзіўся акурат у такім жа становішчы, як і я,— будаваў Транссібірскую магістраль,— і тыповы non — фельчарам. I адначасова дурань ці тупіца будзе хадзіць у разумніках, а разумны чалавек застаецца ў дурнях. Тое ж самае можна сустрэць часам і на волі, але радзей, чым тут. Лагер — гэта млын, які перамолвае чалавечыя душы, характары і волю».
3 такімі думкамі-развагамі Міхась і апынуўся ў знаёмых сценах лазарэта. Сцены былі знаёмыя, але з медперсанала знаёмых амаль што нікога не засталося. He застаў ён там ні ўрача Раісу Паўлаўну Коршак, ні яе памочніка — фельчара Уладзіміра Раманюка. Іх кудысьці перавялі, а куды — ніхто добра не ведаў. Адны гаварылі — у Навушкі, другія — у Кяхту, трэція — у Заудзенск.
Паколькі яўнай, выразнай хваробы ў новага пацыента новыя медыкі не знайшлі, то і трымалі яго ў сваёй установе нядоўга. Падмацавалі сілы, далі магчымасць апамятацца ад усіх нягод і адправілі зарабляць пайку ці, як тады гаварылі, «пскупать свою впну честным, добросовестным трудом».
А здарылася гэта недзе ў сярэдзіне лютага 1940 года, у час разгару ваеннага канфлікту на Карэльскім перашыйку.
ГУСІНАЕ ВОЗЕРА I «САРАКАНОЖКІ»
На гэты раз Міхась трапіў не толькі ў другую калону, але нават і ў другое аддзяленне Южлага — у пасёлак Гусінае Возера. Там якраз і размяшчалася кіраўніцтва гэтага лагера, толькі трохі воддаль ад лагерных зон, у якіх марнелі тысячы зняволеных.
У адрозненне ад іншых лагерных зон, у калонах раёна Гусінага Возера (а іх там было тры) не было спецыяльна
зробленых баракаў. Іх замянялі дацаны — памяшканні былога будысцкага манастыра, якіх там разам з храмамі стаяла некалькі. Незадоўга перад тым іх ачысцілі ад манахаў і свяшчэннаслужыцеляў. Пасля ўсе яны апынуліся ў становішчы Міхася і яму падобных зэкаў, толькі ў іншых рэгіёнах краіны. I вось у гэтых дацанах было набіта столькі жывых чалавечых душ, што, здавалася, як толькі трымалі іх сцены! Усё гэта нагадвала Міхасю Ленінградскую перасыльную турму 1937 года, дзе ён «парыўся» цэлых тры тыдні. Такая ж цесната, духата і бруд, такія ж вошы, клапы і іншыя паразіты, тое ж бяспраўе і свавольства мацнейшых над слабейшымі. Розніца была толькі ў тым, што там не ганяді «на свежае паветра» — на паднявольную і непасільную працу. А астатняе было ўсё тое ж самае. Дык то ж быў часовы прыпынак, а тут трэба было жыць і працаваць. Адным словам, становішча людзей гэтай бруднай «лазні» было безнадзейнае.
Рабацягі-дахадзягі, якіх афіцыйна ў газетах і па радыё называлі «камсамольцамі-энтузіястамі», неслі на сабе двайныя пакуты: і на непасільнай працы, і ў быту. 3 іх цяпер здзекаваліся ўжо берыеўскія памагатыя. Даводзілі бедалагаў да нематы, безнадзейнасці і адчаю.
У гэтых дацанах былі паспешліва збіты і нары, але яны маглі прыняць толькі частку незлічонай сям’і зняволеных. Нары, як правіла, займалі крымінальнікі. А да гэтай катэгорыі лагернікаў, як вядома, адносіліся зладзеі, рабаўнікі, рэцыдывісты і іншая брыдота. Яны верхаводзілі і там. Астатнія ж, а іх тысячы, валяліся на падлогах гэтых былых «свяшчэнных месц». Так што усе паразіты і з падлогі, і з нараў паўзлі на тых, хто быў унізе.
«Вось дык выйграў,— думаў сам сабе Міхась,— Больш як за два гады лагернага жыцця бачыў рознае, але такога яшчэ не сустракаў. Пэўна, тут і канцы аддам... Доўга ў такіх умовах не вытрымаеш. Лепш самому налажыць на сябе рукі, чым чакаць, пакуль прыйдзе яна з касою...»
А ўжо па той чыгунцы, якую пачынаў будаваць Міхась з нуля, пачалі хадзіць рабочыя цягнікі. Але гэта, як гаворыцца па-руску, «времянка». Кожны дзень замяняліся і шпалы, і рэйкі. Вось Міхася і накіравалі ў брыгаду, якая займалася гэтымі справамі. Як правіла, шпалы любой вагі насілі на сабе два чалавекі. А шпалы былі з лістоўніцы, цяжэйшай за дуб. Калі гэта шпала 2-й катэгорыі, яна важыла прыкладна 150 кілаграмаў, а 1-й — усіх 200. Што датычыць рэек, то іх цягалі па 5 чалавек, а то і па 10. Для Міхася ўсё гэта было не пад сілу, і яго брыгадзір-блат-
няк забракаваў. Пасля некалькіх «прыгожых слоў і пацалункаў» з боку брыгадзіра і майстра яго адоравілі пуцявым абходчыкам. Але і ў гэтай ролі Міхась прабыў нядоўга.
Неяк здарылася так, што ён згубіў гаечны ключ, а гэта лічылася вялікім злачынствам. Наркамат шляхоў зносін узначальваў «верны ленінец», паплечнік «вялікага Сталіна» Лазар Майсеевіч Кагановіч. Вось ён, гэты «жалезны нарком», і выдаў пастанову, у якой гаварылася, што работнік чыгункі, які згубіць гаечны ключ альбо «лапу», будзе пакараны па ўсёй строгасці савецкіх законаў — аж да кары смерцю. I Міхась, улічваючы ўсё гэта, не пажадаў чакаць гэтых крайніх захадаў і вырашыў сам разлічыцца са сваім недарэчным жыццём. Тым больш што і «жыллёвыя ўмовы» вымушалі і піхалі на гэты крайні крок. Ён вырашыў дачакацца рабочага цягніка і кінуцца пад колы.
Ужо чуўся свісток паравоза, на сустрэчу з якім рыхтаваўся Міхась. Ён ужо сабраў апошнія свае сілы, стараўся суняць хваляванне, як раптам ззаду яго пачуўся голас майстра:
— Асцёрскі, скачы!
Ад нечаканасці Міхась здрыгануўся. А калі павярнуў галаву, то ўбачыў у руках майстра свой гаечны ключ, які цудам знайшоўся.
— Бяры, ды глядзі — больш не будзь варонай. Такая няўвага да дабра не даводзіць.
— А мне цяпер усё роўна,— замест «дзякуй» сказаў Міхась.
— Я цябе не разумею, Асцёрскі.
— Тым лепш для нас абодвух.
— Ты што, не збіраешся больш працаваць тут?
— He жадаю больш ні працаваць, ні жыць...
— Ты, Асцёрскі, гэтую дурноту выкінь з галавы! Працаваць у мяне ты хочаш ці не?
— He,— сказаў наадрэЗ Міхась.— Вазьміце ў мяне ўсе прылады. Больш сюды я не прыйду! — I ён тут жа аддаў яму і гаечны ключ, і лапу, і малаток.