За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— Што ж, давай працягвай у такім жа духу, толькі потым на мяне не крыўдуй, калі ўсё табе абрыдне.
— Пажывём — пабачым,— усміхнуўся Міхась.
Калі праз колькі дзён Уладзіміраў спытаў у Беленькага, як працуе навічок, той з усмешкай адказаў:
— Прысылайце мне пабольш такіх «слесараў». Я баюся толькі аднаго: каб ён не перасіліў сябе, бо бярэ не толькі на пуп, але і цераз пуп.
— Ну, нічога, гэта пакуль ахвоту згоніць, а потым усё стане на месца. А наогул ён працавіты чалавек. Я калісьці працаваў з ім разам.
Так Міхась хутка ўвайшоў у давер да свайго непасрэднага начальства.
Дні праз два ці тры пасля таго, як ён пакінуў земляныя работы разам з вашывым баракам-дацанам, праходзячы з ключамі міма той траншэі, дзе калісьці «загараў» сам, Міхась сустрэўся з былымі суседзямі. Калі ён па-сяброўску павітаўся з імі, адзін з іх сказаў другому:
— Глядзі, Іван, як Асцёрскі наш прыадзеўся, быццам перарадзіўся.— I ўжо да Міхася: — Дзе ты зараз і што робіш?
— У калоне механічных майстэрняў. Цяпер вось манцірую будучую электрастанцыю. А што заўтра будзе, не ведаю.
— А мы грэшнай справай думалі, што цябе ў кандзей загналі. Шкадавалі. Толькі дарэмна: ты вунь які спраўненькі,— не пераставаў гаварыць былы сусед па траншэі, які ўсё хваліўся, што добра ўмее капаць.
— Я і сам спадзяваўся на горшае.
— А мы тут па-ранейшаму капаемся, як тыя чарвякі,— сказаў ён з нейкай зайздрасцю.
— Вы ж добра ўмееце капаць, а таму і ніхто вас не трывожыць,— ужо трошкі падкусіў гаваркога субяседніка Міхась, але той не зразумеў кпіны.
Міхась развітаўся са сваімі былымі суседзямі.
— Ты не забывай нас, заходзь,— прасілі былыя суседзі.
— Ды ўжо ж буду наведвацца.
А другім разам ад сваіх былых суседзяў ён пачуў горкую навіну: у іх дацаны ўкінуўся тыфус.
— Ну, браце, у час вырваўся з нашага пекла,— гаварылі былыя сябры па няшчасці.— Страшная хвароба апанавала нас. Яна косіць усіх не разбіраючы. Як мухі гінуць нашы няшчасныя зэкі.
Калі ж Міхась прыйшоў да гэтай траншэі яшчэ праз пару дзён, то былых суседзяў ужо не застаў. Дзе яны і што з імі, так ён ні ад каго не дазнаўся. Ведаў толькі, што на іх зону быў накладзены каранцін. Пазней даведаўся, што гэтая страшная хвароба скасіла тады не адну сотню зняволеных. Адбывалася нешта падобнае на лета 1938 года, калі
як мухі гінулі няшчасныя зэкі ад дызентэрыі. Дадаткова выраслі сотні, а можа, і тысячы магіл абяздоленых, ні ў чым не вінаватых людзей.
Ужо недзе на пачатку мая Міхась, стоячы на пероне новай станцыі новай чыгункі, глядзеў, як прыбываў рабочы цягнік, да якога заўсёды чапляліся адзін-два пасажырскія вагоны. Так было і на гэты раз.
Міхась з маленства любіў глядзець на цягнікі, слухаць іх поклічныя гудкі-свісткі.
Калі ж цягнік спыніўся, то на падножцы аднаго з вагонаў ён нечакана ўбачыў знаёмага чалавека. Гэта быў Чумакоў Міхаіл. Пазнаўшы Міхася, той крыкнуў:
— Здароў, цёзка!
Спачатку Міхась ажно вачам не паверыў:
— Міхась Чумакоў? Адкуль цябе бог прынёс? Дзе ты цяпер? Во нечаканая сустрэча!
— 3 таго свету,— пажартаваў той.
— Дык дзе ж ты цяпер? — не адставаў Міхась.
— На сельгаскалоне, што ля Джыды. Працую галоўбухам. Можа, хочаш у напарнікі? Нам аграном патрэбны. Пойдзеш?
— Які я аграном? Ты ж ведаеш, хто я.
— Ніхто цябе правяраць не будзе. Скажаш, што аграном са стажам — і ўсё. Тут табе павераць, што ты і прафесар, бо нідзе гэтага ні ў якіх дакументах не значыцца. У лагеры ўсе так працуюць,— гаварыў і гаварыў Чумакоў.— А ты ж вырас у вёсцы, сёе-тое ў сельскай гаспадарцы петрыш. Ячмень ад пшаніцы і бульбу ад буракоў адрозніць можаш?
— Ну, канечне, у гэтым я мастак.
— Вось і ўсё. Болып нічога і не трэба.
— А куды ты цяпер едзеш? — спытаў Міхась.
— У Заудзінск, у цэнтральную бухгалтэрыю са справаздачай.
— А калі будзеш вяртацца?
— Ой, не скора, не раней, як праз месяц.
— А як жа з выклікам на агранома?
— Ты напішы на імя начальніка калоны, і ён без мяне гэта зробіць. А хочаш — чакай. Толькі, калі без мяне будзеш пісаць, не прызнавайся, што ведаеш мяне,— папярэдзіў ён.
— А я тут на калоне МЧ, ведаеш такую? — сказаў Міхась.
— Ведаю. Жадаю поспехаў! Бывай, дружа!
Цягнік крануўся з месца і паціху пайшоў далей, у напрамку Заўдзінска.
Міхась так і не сабраўся напісаць заяву на агранома. А недзе праз тыдні два пасля таго па ўсім лагеры пайшла чутка, што ўцёк галоўны бухгалтар сельгаскалоны Чумакоў з буйнаю сумай дзяржаўных грошай. Аб’яўляліся пошукі і грашовая ўзнагарода таму, хто яго зловіць.
Неўзабаве пасля таго здарэння Уладзіміраў паклікаў да сябе Міхася і сказаў яму:
— Ведаеш што, Міша, я хачу прапанаваць табе адну заманлівую пасаду — рахункаводам у нашу кантору. Як ты на гэта глядзіш? Можа, гэта будзе лепш, чым штодзень дзёўбаць у сценах дзіркі?
— Мне і самому надакучыла гэтае дзёўбанне,— разважліва гаварыў Міхась,— але і рахункаводства не выхад з майго становішча. Шчыра кажучы, я хачу авалодаць прафесіяй кваліфікаванага рабочага. Калі ты хочаш мне памагчы, то ўладкуй на пасаду слесара механічных майстэрняў тут, у цэху. Можа, у далейшым яна, гэтая прафесія, і будзе маёй карміцелькай. Бо наперадзе яшчэ больш як пяць гадоў.
— Калі ласка, гэта я зраблю без ніякіх эксцэсаў.
— Дзякую, дарагі дружа!
I Міхась пачаў асвойваць слясарную справу. Яго прымацавалі да лепшага, спрактыкаванага майстра, які адразу ж пачаў па-сапраўднаму вучыць свайго падапечнага, пачынаючы з азоў. Спачатку навучыў яго разбірацца ў інструментах, потым паказаў, як наразаць балты і гайкі, пасля падвёў да свідравальнага станка і наглядна паказаў, як ён працуе. Праз нейкі час яго навучылі, як трэба працаваць з пілой, рашпілем, нажоўкай і гэтак далей. Навучылі нават кацельнай справе. За ўсе віды работы Міхась браўся з вялікай ахвотай, бо ведаў, што ўсё гэта яму вельмі і вельмі спатрэбіцца. Лагеру не патрэбны пісьменнікі, кампазітары, мастакі, настаўнікі. Яму патрэбны былі цесляры, слесары, токары, муляры, сталяры, землякопы, тынкоўшчыкі, лесарубы, чыгуначнікі і гэтак далей. А таму ён свядома імкнуўся авалодаць такімі прафесіямі, якія ў далейшым гарантавалі б яму пайку хлеба, а значыць, і жыццё.
ПАДМАНЛІВАЯ СВАБОДА
Зноў, як і год назад, пачалася гульня ў свабоду. TaTaft заманлівай гульнёй дражнілі зняволеных. Зрэдку пачалі выклікаць па адным гэтых, што страцілі чалавечае аблічча, няшчасных і гаварыць, каб усе чулі, што іх вызва-
ляюць, як няправільна асуджаных. Маўляў, Лаўрэнцій Паўлавіч разабраўся, гэта не Яжоў. 3 надзеяй, што нарэшце разбяруцца, пачалі пісаць скаргі амаль пагалоўна ўсе зняволеныя. Хто сам не мог, а такіх было многа — прасілі іншых. Пісьменным людзям не было спакою: іх прасілі і ўдзень і ўночы займацца гэтай пісанінай. He заставаўся ўбаку ад падзей і Міхась. Яго літаральна атакавалі. Прапаноўвалі апошнія свае пайкі, каб толькі ён напісаў Лаўрэнцію Паўлавічу. Трэба прызнацца, што былі такія «грамацеі», якія карысталіся выпадкам — і абіралі «прасіцеляў». Міхась жа ні з каго не браў і ломанага граша, а адмовіць нікому не мог. Толькі адзін раз ён прыняў нешта накшталт платы за сваю працу — маленькі бляшаны самаробны чамаданчык, і то ў якасці сувеніра на памяць, пасля таго, як «прасіцеля» выклікалі па такой паперцы «на свабоду». А куды яго адправілі, ніхто не ведаў. Бо часта рабілася так, што пад выглядам вызвалення зняволеных адпраўлялі на Калыму, на Таймыр і нават на востраў Вайгач.
Але як бы там ні было, а людзі спадзяваліся на нейкую справядлівасць і пісалі. Напісаў ад сябе і Міхась, і не адну, а адразу тры скаргі ў розныя месцы: на імя Сталіна, Калініна і Берыі. Хоць сам сябе і падманваеш такой надзеяй, і то ўжо неяк лягчэй. Напісаў, значыць, ёсць чаго чакаць. А таго не ведалі няшчасныя зэкі, што «дабрэйшы з дабрэйшых нарком» са згоды «мудрэйшага з мудрэйшых правадыра» штодзённа папаўняў іх праклятую богам і людзьмі сям’ю зэкаў. Бо яму трэба было пакрыць тыя страты, якія панеслі лагеры за два гады — сотні тысяч загінулі ад холаду, голаду і здзекаў. А тым часам на Поўначы і на Паўночным Усходзе адкрываліся будаўнічыя аб’екты. Трэба было заграбаць жар чужымі рукамі, бо сваіх шкода. Мільёны ні ў чым не вінаватых паднявольных у іх паняцці былі накшталт рабоў, а сябе яны ўяўлялі рабаўласнікамі.
I вось недзе ў канцы мая 1940 года, раніцай, перад разводам на аб’екты, у барак, у якім жыў Міхась, увайшоў з паперкай у руцэ памочнік начальніка калоны-майстэрні па працы і гучна спытаўся:
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?
— Я Асцёрскі,— саскочыў са сваіх нараў Міхась.
— Збірайцеся з рэчамі.
— Куды мяне пасылаеце? — неяк механічна спытаўся Міхась.
— На свабоду,— адказаў той.— Снедалі ці не?
— Паснедаў.
— Як збярэцеся, прыходзьце на вахту, толькі хутчэй.
— Я зараз, толькі развітаюся з сябрамі.
— Добра, толькі не затрымлівайцеся.
Міхась хуценька сабраў свае манаткі і накіраваўся да Уладзімірава, каб падзяліцца з ім сваёй радасцю і ўзяць у сябра яго дамашні адрас.
— Ну, Уладзімір Рыгоравіч, прыйшла і да мяне чарга. Можаш павіншаваць: мяне вызваляюць, зараз будуць адпраўляць. Давай адрас жонкі. Пісьма пісаць ужо няма часу — мяне чакаюць на вахце,— Міхась выпаліў усё гэта яшчэ з парога.
— Якая радасць! Радасць не толькі твая, але і мая,— узбуджана гаварыў Уладзіміраў.— Ад усяго сэрца віншую цябе, дружа! А наконт пісьма, дык я хоць некалькі слоў напішу. Ты скажы там, на вахце, што я затрымліваю, і яны з адпраўкай пачакаюць. Я зараз.
Так Міхась і зрабіў. Калі сказаў, што яго затрымлівае Уладзіміраў, начальства пайшло насустрач — пачакала. Акрамя Міхася на вахце стаялі з такой жа радасцю яшчэ два чалавекі.
Мінут праз трыццаць іх вывелі за зону і скіравалі на новую чыгуначную станцыю, пабудаваную рукамі паднявольных зэкаў. А яшчэ праз колькі хвілін падышоў таварнапасажырскі цягнік, ці, як яго называлі, «рабочы поезд», і Міхась апынуўся ў вагоне-цяплушцы з кратамі на вокнах.
Адвячоркам таго ж самага дня яны прыбылі на месца прызначэння — станцыю Заудзінск. Іх, як і раней, пад канвоем адвялі ў барак перасыльнай калоны і загадалі чакаць далейшых указанняў і распараджэнняў. Такіх, як Міхась, там назбіраўся вялізны барак.
«Нешта не падобна на свабоду,— думаў Міхась.— Вызваленнем тут і не пахне». I так падумаў, пэўна, не адзін толькі ён.