За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
Патрошкі пачалі адбываць у Тайшэт і Міхасёвы знаёмыя, якія раней у любы час маглі тут падтрымаць яго, дапамагчы. У адзін дзень вывезлі з лагера прараба, з якім Міхась у свой час жыў у згодзе, потым мінчаніна — нарадчыка Мароза і іншых.
Міхась адчуваў, што набліжаецца і яго чарга.
I вось аднойчы раніцай у барак завітаў адзін з лагерных «прыдуркаў» са спісам у руцэ і зачытаў прозвішчы некалькіх чалавек, у тым ліку і Асцёрскага. Ён загадаў названым збірацца з рэчамі і чакаць адпраўкі ў Тайшэт: сакрэту не рабілі.
Частка другая
Шкада маладых гадоў. Шкада волі. I за якія грахі такія пакуты? Я зусім не вінаваты. I ніколі не быў ворагам Савецкай улады.
Сымон Баранавых
«СЛАВНОЕ MOPE —
СВЯГЦЕННЫЙ БАЙКАЛ...»
Ішлі апошнія дні сакавіка 1941 года. Зямля яшчэ скрозь была пакрытая снегам. Начныя маразы даходзілі да 15— 20 градусаў. Яшчэ час ад часу мялі завеі, але ўсюды адчуваўся недалёкі прыход сапраўднай вясны. Бо сонца ўжо грэла мацней, як у лютым і нават у пачатку сакавіка. Яно з кожным днём рабілася ярчэйшым і ласкавейшым. Кожнай жывой істоце, тым больш чалавеку, яно як быццам гаварыла: «Ідзі сюды, я цябе сагрэю пасля доўгай зімовай сцюжы».
...Міхась сядзеў у цяплушцы таварнага цягніка і праз акенца з жалезнымі кратамі любаваўся непаўторнай прыродай неабдымнага сібірскага прастору. Акурат вось так ён ехаў па гэтай магістралі чатыры гады таму назад. Толькі тады ён не ведаў, куды і навошта яго вязуць, кіруючы на Далёкі Усход. Цяпер жа ён едзе ў адваротным напрамку, і яму сказалі, куды і з якой мэтай яго вязуць,— у Тайшэт, дабудоўваць чыгунку, пачатую ў 1937 годзе, але чамусьці ў свой час «замарожаную»,— чыгунку, якая павінна пралягаць праз некранутыя таежныя далі да пакуль што не ўтаймаванай чалавекам бурнай Ангары. I ўсё гэта рабілася з далёкім прыцэлам. Па-першае, трэба было ўтаймаваць Ангару, пра што яшчэ марыў Ленін; па-другое, гэтую ж самую дарогу працягнуць потым яшчэ далей, пры гэтым не на 200—300 кіламетраў, а на дзве — тры тысячы — аж да Ціхага акіяна. Бо трэба было стварыць умовы для асваення незлічоных багаццяў гэтага неабдымнага краю. Так што чыгуначнае палатно Тайшэт — Брацк з’явілася прэлюдыяй будучага БАМа. Толькі ўсё гэта рабілася нядобрасумленна, не на добраахвотных асновах, не так, як у самы разгар будаўніцтва БАМа. Так што калі разабрацца, дык Міхась Асцёрскі быў адным з першапраходцаў сённяшняга БАМа.
А пакуль ён толькі яшчэ едзе карміць брыдотную машкару, бязлітасных камароў і сярдзітых аваднёў.
Спачатку ехалі ноччу, таму і нельга было нічога раз-
гледзець у закутае ў краты акенца. А калі пачало днець, увесь цудоўны краявід быў як на далоні. Неўзабаве пад’ехалі і да Байкала, да гэтай вялізнай роўнядзі. Калі чатыры гады таму назад яго везлі на Усход, Міхась не бачыў яго: міма возера-мора ехалі ноччу. А цяпер вось яго мара збылася: Байкал ва ўсёй яго велічы ляжаў перад вачыма Міхася. Ён яшчэ быў у палоне і снегу, і лёду, але глядзеўся велічна. На сотні кіламетраў уздоўж і на дзесяткі ўшыркі ён разлёгся неабдымнай чашай перад цікаўнымі вачыма Міхася. Цэлы дзень ён ехаў па крутым, скалістым узбярэжжы і любаваўся гэтым' незабыўным відовішчам. Толькі тады адарваў свой зрок ад гэтага цуду, калі наваколле ахутала начная цемень.
Раніцай цягнік, у якім ехаў Міхась, быў ужо ў Іркуцку, былой сталіцы ўсяго сібірскага бязмежжа. Тут ужо Міхась папрасіўся ў ахоўніка выйсці з вагона (ён ехаў у гаспадарча-прадуктовым вагоне) і наведаць прывакзальны буфет. Надзіва, ахоўнік не адмовіў просьбе свайго «надзейнага пасажыра». Справа ў тым, што трапіўся знаёмы яшчэ па Заудзінску ахоўнік, з якім яны калісьці разам «загаралі» ў бульбяным сховішчы — пяклі бульбу і расказвалі адзін аднаму розныя гісторыі і анекдоты. Так што тут Міхасю пашэнціла. Акрамя розных булачак у буфеце Міхась набыў сабе і курыць на дарогу.
У Іркуцку памянялася паравозная брыгада разам з лакаматывам. Новы паравоз маркі «Сярго Арджанікідзе» «напіўся» вады, назапасіўся палівам — і зноў у дарогу. Неўзабаве былі ўжо ў Чарамхове, затым — у Зіме, Ніжнеудзінску... А ў наступную раніцу прыбыў на станцыю — Тайшэт.
Станцыя Тайшэт, як і сам горад, супраць іншых станцый, праз якія ішоў гэты цягнік, выглядала беднай, шэрай. Невялічкі вакзал нагадваў пакінутае гаспадаром гумно: паўпусты, брудны з закапцелымі і аблепленымі брудам сценамі. Ды і самі станцыйныя пуці былі не ў лепшым стане. Паасобныя станцыйныя забудовы былі занесены снегам, не кранутым рукамі чалавека.
Ды і сам горад, калі яго так можна было назваць, быў амаль увесь драўляны, з вузенькімі вулачкамі і завулкамі, якія ніколі нікім не прыбіраліся. Да ўсяго гэтага — нямошчаныя. Вясною і ўвосень там — непралазная гразёта. Тыповы правінцыйны заштатны гарадок дарэвалюцыйнага часу. Гэта не той Тайшэт, які мы ведаем сёння. Hi станцыя, ні сам горад сённяшнія ніколькі не падобныя на тыя, пра якія ідзе гаворка.
Сённяшні Тайшэт — узорны горад Усходняй Сібіры, a яго станцыя — буйны чыгуначны вузел, ад якога расходзяцца сталёвыя ніткі ў розныя бакі на ўсход, на захад, на паўночны ўсход і на паўднёвы захад. Кожны дзень праз яе праходзяць дзесяткі і сотні розных цягнікоў — і таварных, і пасажырскіх. Сам пасажырскі вакзал мае велічны выгляд. Цяпер станцыя Тайшэт звязвае паміж сабой не толькі Далёкі Усход з Цэнтрам краіны, але і Кузнецкі басейн з Ангарою.
НА НОВАЙ СЯЛІБЕ
Вызваляць вагоны ад людзей, лагернай маёмасці чамусьці не спяшаліся. Усё рабілася з нейкай «раскачкай». Раздалі снеданне будучым «піянерам» БАМа, пра які тады яшчэ адкрытай гаворкі не было, разгрузілі вагоны ад розных рэчаў і прадуктаў, абмеркавалі,што і як, і толькі пасля ўсяго гэтага была дадзена каманда пакінуць вагоны і станавіцца ў строй па чатыры. Двое сутак Міхась ехаў «свабодна»: ніхто з ахоўнікаў не стаяў над яго душой. А тут адразу адкуль толькі яны і ўзяліся, гэтыя «фараоны» з вінтоўкамі цераз плячо, з кабурамі на баку ды яшчэ і з сабакамі на павадку. Зноў, як і ў 1937—1938 гадах, іх вялі ад станцыі да баракаў, яшчэ чатыры гады таму назад пабудаваных іх папярэднікамі. Вялі, як нейкіх злых і небяспечных злачынцаў. Ад такога відовішча настрой у Міхася ўпаў.
У зону трапілі «навічкі» толькі апоўдні, у час абеду. Іх распіхалі па бараках і загадалі чакаць далейшых указанняў. Потым зноў павыганялі ўсіх на лагерны двор і зрабілі праверку па даўно падрыхтаваных спісах, размеркавалі па брыгадах і прапанавалі ісці па сваіх месцах ужо пабрыгадна.
— Сёння адпачывайце,— сказаў начальнік,— а заўтра з раніцы — на работу. Зразумела?
— Зразумела, начальнічак,— пачуўся голас смелага крымінальніка.
— А ты, Асцёрскі,— сказаў нарадчык,— зайдзі зараз да прараба, ён чамусьці хацеў цябе бачыць.
— Ёсць зайсці да прараба,— паўтарыў Міхась.
Рабочы пакой прараба знаходзіўся ў асобным домікукатушку ў заднім кутку зоны, побач з вышкай вартаўнікаахоўніка. Міхася прараб сустрэў цёпла, ветліва, як добрага і даўняга знаёмага. Гэта быў той самы Горлаў. Ён сядзеў за сталом, які быў завалены рознымі паперамі.
— Ну, здароў, даражэнькі, здароў! А ці па-сапраўднаму ты здароў? — пытаўся і адначасова сам адказваў на свае пытанні: — 0, відаць, нішто сабе. Малайчына! Чаго стаіш? Сядай. Так, даўненька мы з табой не бачыліся.
— Здаецца, вечнасць прайшла пасля апошняй нашай сустрэчы,— падаў голас і Міхась, які да гэтага часу маўчаў.
— А цяпер давай бліжэй да справы,— гаварыў далей прараб.— Вось што, даражэнькі мой, прымай расканваіраваную брыгаду,— нарэшце ён сказаў тое, для чаго запрашаў да сябе Міхася.— Спадзяюся, што ты не падвядзеш, як і там калісьці, у Заудзінску.
— А яна ўжо ёсць, такая брыгада, ці яшчэ будзе? — спытаў Міхась.
— He, пакуль няма, але да раніцы заўтрашняга дня мы яе сфарміруем.
— I што ж будзе ўваходзіць у абавязак гэтай брыгады? — не адставаў Міхась.
— Рознае, але больш пагрузка-разрузка. Адным словам, будзеце рабіць тое ж самае, што і ўсе астатнія, толькі без канваіраў і сабак-аўчарак. У асноўным будзеш мець справу з «газікамі» — грузавымі машынамі,— тлумачыў прараб.
— Я зразумеў вас: мы павінны быць на падхваце. У любы час, у любое надвор’е і ў любым месцы. Ці так?
— Прыблізна так. За людзей будзеш ты сам адказваць, бо ніякага канвою не будзе.
— А калі хто збяжыць ці накуралесіць дзе?
— Бегчы тут няма куды, вакол заслоны. I накуралесіць няма як — вакол пасты, вартавыя. А наогул мы пастараемся падабраць сумленных рабацяг з ліку так званых «контрыкаў». 3 імі больш надзейна і бяспечна. Згаджайся, Асцёрскі,— пераконваў і ўгаворваў прараб Міхася.
— Відаць, нікуды ад вас не дзенешся, прыйдзецца згадзіцца. Бо не згаджуся — прымусіце.
— Дарэмна ты так думаеш пра мяне. Я ж па-сяброўску.
— Дык не ўсё ж тут ад вас толькі і залежыць.
— Што верна, то верна. Я тут не першая скрыпка. Бо хаджу з такім жа «наморднікам», як і ты, толькі вось пасаду часова займаю. Але па капрызу хоць маленькага якога начальнічка заўтра, a то нават і сёння магу апынуцца на тваім месцы: замест прарабскага партфеля дадуць у рукі лом ці рыдлёўку і ўкалвай за будзь здароў. Ты ж не забывай, што я, як і ты, грэшны, «вораг народа».
Назаўтра раніцай, у час разводу, нарадчык зачытаў спісы людзей расканваіраванай брыгады, загадаў пастроіц-
ца па чатыры і назваў прозвішча брыгадзіра. Потым гучна аб’явіў:
— Асцёрскі, павядзеш брыгаду на чыгуначную станцыю, дзе будзеце выгружаць вагоны з прадуктамі прама на машыны і дастаўляць іх на нашу базу. Заданне зразумела?
— Зразумела,— адказаў Міхась,— будучую баланду дастаўляць на цэнтральную базу Тайшэтлага.
— Ты, Асцёрскі, жартачкі кінь, а лепш бярыся за выкананне задання.
— Ёсць выконваць заданне па выгрузцы будучай баланды,— адрапартаваў Міхась.— Брыгада, наперад шагам марш!
Да станцыі было прыблізна тры кіламетры. I паколькі ніхто з брыгады не ведаў туды дарогі, нарадчык даў ім праважатага.
Так для Міхася пачыналася тайшэцкая эпапея.
Снег патрошку пачынаў збівацца ўжо ў кашу: на выбітых машынамі каляінах дарогі сям-там сустракалася вада, перамешаная з гразёю. А дарогі ж, як і ўсе вуліцы гэтага горада, былі выключна грунтавымі, без якога-небудзь пакрыцця. Адным словам, ні бруку, а тым больш асфальту на іх не было. Яны скрозь былі на выбоінах, на ямах.