• Газеты, часопісы і г.д.
  • За калючым дротам  Павел Пруднікаў

    За калючым дротам

    Павел Пруднікаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1993
    54.23 МБ
    А тут яшчэ камары, машкара і розны таежны гнус. Праз некаторы час выдалі накамарнікі. Але ж яны выратоўваюць толькі ад камароў. А што датычыць машкары, дык яна свабодна пралазіць праз дзірачкі гэтай няхітрай сетачкі і да крыві раз’ядае твар занятага працай чалавека. Ад бясконцых укусаў пухне твар, ажно заплываюць вочы. Чалавек перастае паходзіць на самога сябе — на разумную істоту. Зняць бы гэты абрыдлы накамарнік, выцерці твар вільготнай хустачкай і расцерці чым-небудзь, каб не свярбела, ды няма як. «Давай, давай! Чаго стаіш, быдла? Бачыш, машыны чакаюць?» — чуецца голас падганятага. А машыны і праўда падаюць свой прыкры голас: «Ту-ту-ту». I так штодзённа, штогадзінна, штомінутна.
    3 кожным днём рады брыгады радзелі: рабацягі выходзілі са строю. Хто з іх па слабасці заставаўся ў зоне, хто трапляў у лазарэт, а хто і адпраўляўся да сваіх продкаў. За кароткі час брыгада скарацілася на адну трэць. Былі ўжо на чарзе і яшчэ пяць чалавек. А колькасць машын не змяншалася. Нават паабяцалі яшчэ прыслаць — каб датэрмінова выканаць план. Ніхто не думаў і не хацеў думаць пра тое, што брыгада на вачах гіне.
    Міхась не ведаў, што і як яму рабіць, як быць. Ён да глыбіні душы шкадаваў сваіх людзей, сваіх сяброў па няшчасці. Але што ён мог зрабіць у сваім паднявольным становішчы? Адзінае, на што ён здольны — гэта адмовіцца ад брыгадзірства. Але ж гэта не выхад. Людзей гэтых і без яго будуць душыць да канца. Цяпер хоць ён закіне за іх слова, а потым? Хто ведае, што будзе потым?..
    Асцёрскага пачалі вызываць «на кавёр» і «ганяць яму ката» за тое, што яго брыгада «не хоча работаць, сабатажнічае». Яго ўшчувалі, яму пагражалі і ледзь не каралі. I як ён ні даказваў розным начальнікам, што гэта няправільна, бесчалавечна, ніхто і слухаць не хацеў, бо ім жа, начальнікам, не баліць.
    Неяк паклікаў да сябе Міхася Мароз і кажа:
    — А я, землячок, спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, толькі ты вось падводзіш мяне.
    — Дык выходзіць так, што не ты мне, а я табе свінню падклаў?
    — Я цябе, Асцёрскі, не разумею.
    — А што тут разумець: усю работу калоны ўзваліў на адну маю брыгаду. Гэта па-зямляцку?
    — Ды што ж ты хочаш, каб я пасылаў туды жулікаў, якія нідзе не хочуць працаваць? Я ж табе даручыў самых лепшых рабацяг з «контрыкаў» з тым разлікам, каб потым даручыць ім самую адказную работу. Усё гэта было ўзгоднена з начальствам калоны. I іменна табе мы даручылі гэту адказную справу як сумленнаму і спрактыкаванаму брыгадзіру.
    — He, землячок, з мяне хопіць. Калі вы тут усе разам не прымеце ніякіх тэрміновых захадаў, палова маіх людзей выйдзе са строю.
    — Другімі папоўнім брыгаду,— сказаў той холадна.
    — Тады я сам падам у адстаўку,— папярэдзіў нарадчыка Міхась.
    — Што ж, паспрабуй, табе не прывыкаць.
    На гэта Міхась нічога не адказаў свайму «дабрадзею» і моўчкі выйшаў за дзверы.
    А рабацягі і на самай справе пачалі адзін за другім выходзіць са строю. Яны трацілі прытомнасць проста ў кар’еры, і іх на гэтых жа машынах адвозілі,каго ў медпункт, а каго і ў лазарэт, адкуль яны ўжо больш у брыгаду не вярталіся...
    — Брыгадзір,— прасілі яго рабацягі,— зрабі штонебудзь, каб нас перасталі так мучыць. За што ж гэта так?
    — Стараюся, але нічога не магу зрабіць,— апраўдваўся, як мог, Асцёрскі.
    А калі ўжо брыгада пачала атрымліваць не па 500, а нават па 300 грамаў хлеба на дзень, ад чаго зусім заняпала, Міхась канчаткова вырашыў адмовіцца ад брыгадзірства. Ён прыйшоў да земляка Мароза-нарадчыка і катэгарычна заявіў яму аб сваёй адстаўцы з пасады брыгадзіра.
    — Больш на такое свавольства я глядзець не магу. Гэта ж свядомае забойства. Гэта не рабства Старажытнага Рыма, каб так здзекавацца з людзей!
    — 3 выразамі папрашу быць асцярожней! — папярэдзіў Мароз Міхася.— He забывай, хто ты і за што сюды трапіў.
    — He хвалюйся, я ведаю, што гавару. А баяцца мне няма чаго. Горшага ўжо не будзе. Брыгадзірам жа я больш не буду! Хопіць з мяне.
    — Гэта канчатковае тваё рашэнне ці ты цану сабе набіваеш?
    — Канчатковае. А наконт цаны, дык прымі яе ў свой адрас.
    — Можаш ісці! He, пачакай! За тое, што самавольна пакідаеш брыгаду, я абяцаю табе суткі карцэра і яшчэ двое сутак — за рымскае рабства! Ідзі ў барак, па цябе прыйдуць.
    Нарадчык не схлусіў: праз гадзіну па Міхася прыйшоў ахоўнік і загадаў ісці ў абяцаны нарадчыкам кандзей. Але там Міхась прасядзеў адну толькі ноч. Назаўтра раніцай, пасля разводу, у карцэр зайшоў начальнік калоны Шпілер, спытаў у Міхася, за што яго пасадзілі, пасля чаго даў каманду выпусціць.
    — Ідзіце ў барак. Сёння адпачніце, а заўтра пойдзеце ў брыгаду Аргокава, будзеце працаваць з канём — вазіць на калымазе зямлю. Нарадчык паступіў з вамі няправільна, за што будзе пакараны.
    Калі назаўтра Міхась выйшаў на работу, то здзівіўся, што ў той жа брыгадзе апынуўся і Мароз — учарашні нарадчык.
    — Ну што, землячок, вось і сустрэліся. Як я рады такой сустрэчы,— з’едліва сказаў Міхась.
    — He выхваляйся,— апраўдваўся Мароз.— Гэта тваё шчасце, што начальнік пра ўсё даведаўся і па старым знаёмстве выратаваў цябе, a то пеў бы ты там рэпку.
    — Табе таксама па знаёмстве дапамог начальнічак.
    — Што, здзекуешся? — пакрыўдзіўся Мароз.
    — Няма жадання здзекавацца. Ты проста — нікчэмны нягоднік, вось і ўсё,— сказаў Міхась. I крыкнуў на каня, на якім вазіў зямлю:
    — Но, пайшоў!
    Мароз стаяў, як апляваны, не ведаючы, што сказаць у адказ свайму калючаму земляку. Так яны і працавалі потым цэлы месяц плячо ў плячо, пакуль не адбылася непрыемная падзея, пра якую будзе расказана трошкі пазней.
    НОВЫЯ ЗНАЁМСТВЫ
    Неяк так здарылася, што Міхась застаўся без сяброў і знаёмых — адзін як перст. На гэта былі дзве прычыны. Па-першае, на новай калоне (камандзіроўцы) ён быў амаль што навічок, а па-другое, пасля адмовы ад брыгадзірства яго адразу ж перавялі ў другі барак і накіравалі працаваць у другую брыгаду. А таму адзіным сябрам у яго заставаўся Ілья Чаўчавадзе — томік выбраных вершаў гэтага паэта, які падарылі яму год назад грузіны. 3 ім ён не расставаўся ні
    7 П. Пруднікаў
    193
    днём, ні ноччу. Спрабаваў і сам нешта крэмзаць. Але ўсё напісанае ў час кожнага «шмону» (вобыску) даводзілася знішчаць. Бо займацца такою справай у лагеры строга забаранялася.
    I вось, на шчасце Міхася, з’явіўся новы сусед па нарах Мікалай Расказаў, які адбываў тэрмін па так званым артыкуле СВ, пра сэнс якога ён і сам не ведаў. Гэта быў зусім яшчэ малады чалавек, прыблізна гадоў 25, па спецыяльнасці тэхнік-сувязіст, а па схільнасці — літаратар. Яны пазнаёміліся і хутка пасябравалі. Расказаў працаваў на гэтай калоне-камандзіроўцы возчыкам: падвозіў на кухню ваду і прадукты, а таксама паліва. Калі ён убачыў у Міхася томік з вершамі Ільі Чаўчавадзе, спытаў у яго.
    — Ты, Асцёрскі, відаць любіш паэзію? — I, пачуўшы станоўчы адказ, прапанаваў Міхасю пачытаць яго любімую кніжачку паэзіі рускага сучаснага паэта Аляксандра Яшына «Северянка».
    Гэты зборнік адразу ж палюбіўся Міхасю. I не толькі палюбіўся, а больш таго — уеўся ў памяць і ўзяў у свой палон. Міхась і сам не ведаў чаму. Мо таму, што вершы гэтага зборніка былі задушэўнымі, а можа, і таму, што ён даўно ўжо не чытаў сапраўдных паэтычных радкоў. Бачачы, што новы сябар не расстаецца з «Северянкой», Мікола сказаў яму:
    — Бачу я, што кніжка гэта табе вельмі спадабалася, а таму я дару яе табе ў знак нашага знаёмства.
    Міхась падзякаваў свайму сябру і хацеў быў узамен падарыць яму свайго Чаўчавадзе, але той адмовіўся:
    — Як мне здаецца, ты і з гэтай кніжкай зжыўся, а таму і з ёю табе цяжка будзе расставацца. Чытай, дружа, абедзве, бо яны — духоўная твая страва.
    Міхась расказаў аб сваім завочным знаёмстве (больш нікому ён пра гэта не гаварыў) з начальнікам калоны Міхаілам Шпілерам.
    — Ой, Міхась, табе тут усе карты ў рукі! Пагавары з ім, і ён цябе ўладкуе так, што будзеш кум каралю і брат міністру.
    — He, Мікола, я гэтага рабіць не буду,— адказаў Міхась свайму новаму сябру.— Па-першае, я прытрымліваюся вядомай прымаўкі: «Подальше от царей — будешь целей», а па-другое, калі б ён захацеў дапамагчы мне, сам бы паклікаў мяне да сябе і зрабіў усё патрэбнае. Можа, ён ужо і забыўся пра мяне?
    — Ты не забывай і другой прымаўкі: «Не яслн к коням ходят, а конн к яслям»,— даказваў Расказаў.
    — Усё роўна такога глупства я рабіць не буду. Мне і так добра. Адказваю сам за сябе, і годзе. Абы пайку давалі,— не згаджаўся Міхась.
    — Тады вось што, зрабі такі манеўр. He выходзь на работу, скажы, што хварэеш, хоць і няма на гэта дазволу лекпома.
    — I што далей? — спытаў Міхась.
    — Такіх «зайцаў» пасля разводу выганяюць з баракаў і ставяць у шарэнгу. Кожнага з іх правярае сам начальнік. Цікава, што ён скажа адносна цябе? Ці пазнае?
    — Вось гэта зрабіць я пастараюся і заадно адпачну ў бараку ці хоць у самым кандзеі,— згадзіўся Міхась.
    Так ён і зрабіў. На другі ж дзень пасля той размовы ён аб’явіў сябе хворым і не выйшаў на работу. Пасля таго як усіх адправілі за зону, Міхася разам з іншымі «зайцамі» выгналі з барака і паставілі ў строй. Правяралі «зайцаў» (а іх назбіралася больш як дзесятак) лекпом, нарадчык і сам начальнік.
    — Ты чаго не на рабоце? — пытае ў першага начальнік.
    — Хворы я, жывот баліць.
    — Вызваленне лекпома ёсць?
    — Няма, не далі.
    — У кандзей яго, на галодны паёк!
    — А ты чаго сачкуеш?
    — Нага баліць, грамадзянін начальнік.
    — Я такі ж грамадзянін, як і ты. Дакумент ёсць, што ты хворы?
    — Няма, не далі.
    — I яго туды ж, хай падлечыцца на трыста грамах.
    — А вы чаго засталіся ў зоне? — ужо іншым голасам спытаў Шпілер у Міхася.
    — Хворы я, у баку баліць...
    — Ідзіце ў барак,— ласкава сказаў начальнік. I ўжо да лекпома: — Аказаць хвораму неабходную дапамогу.
    У барак патрапіў толькі Міхась. Усіх астатніх «зайцаў» спачатку загналі ў ізалятар, а потым пад канвоем павялі на трасу, у пясчаны кар’ер грузіць машыны.
    — Ну як? — ужо ўвечары спытаў у Міхася Мікола.
    — Ды ўсё атрымалася, як па нотах.
    — Я на тваім месцы даўно скарыстаў бы такую магчымасць. Вось так і працягвай,— раіў Расказаў.
    — He магу, не дазваляе характар.
    — Прыпячэ, дык і на характар забудзешся.
    Неяк раз Міхась спытаў у Міколы:
    — Ты вось на сваім кані ўсюды бываеш, у тым ліку і ў
    калоне механічных майстэрняў. Там часам не працуе інжынерам Уладзімір Уладзіміраў?