За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
— 3 дзеўкамі прагуляў ён усё сваё багацце, не вер яму, маладзіца,— горка пажартаваў нехта з суседзяў па вагоне.
Сам жа Жмыхаў не сказаў ёй больш ні слова. Ён адвярнуўся ад акенца і больш ужо да яго не падыходзіў.
А яна, былая яго сяброўка, пастаяла яшчэ хвіліну, павярнулася і пайшла.
— А ты, Раман, гаварыў, што яму пашэнціла,— сказаў адзін зэк другому.— Вось так, браце! Зразумеў, што яна ўжо яму чужая?
Да Кармацкага ніхто не прыйшоў. Можа, гэта і лепш. А да Жмыхава, калі ўжо эшалон разгрузілі і зняволеных загналі ў зону, за калючы дрот, прыйшоў брат былой жонкі і паведаміў, што яго Ганна ўжо «замужам за друтім чалавекам». Ад яе імя ён папрасіў у Жмыхава прабачэння.
Лагерны пункт размясціўся на ўскрайку горада, сярод бярозавага ўзлеску, у часовых бараках-палатках, якія былі ўзведзены на скорую руку. Акрамя жылых памяшканняў там былі і іншыя часовыя збудаванні гаспадарчага тыпу. А непадалёку ад зоны было памяшканне і для аховы, а таксама ддя службовых, дрэсіраваных сабак, з якімі вадзілі зняволеных штодзень на работу і ў асобныя дні ў гарадскую
лазню. На адлегласці 2—3 кіламетраў ад зоны знаходзілася і новабудоўля — шынны завод, які эвакуіравалі з Яраслаўля. Для таго, каб на гэту будоўлю трапіць, не трэба было заходзіць у горад — яна была побач. Усё прадугледжвалася для больш зручнага канваіравання. Толькі для мыцця ў лазні кожная партыя зняволеных павінна была ісці праз увесь горад — да чыгуначнай станцыі.
Што ўяўляў сабой тагачасны Омск? Правінцыяльны, заштатны горад. Цагляныя пабудовы стаялі толькі ў самым цэнтры. Машын у горадзе было вельмі мала, асабліва пасажырскага транспарту.
Расці пачаў Омск з лета, а дакладней, з восені 1941 года. Туды ў той час з цэнтра краіны былі эвакуіраваны дзесяткі прадпрыемстваў.
Адным з такіх прадпрыемстваў і быў Яраслаўскі шынны завод. Утвораны асобны лагпункт з ліку зняволеных павінен быў закласці толькі падмурак, але атрымалася так, што яны і ўзводзілі сцены, і манціравалі станкі. Бо ў горадзе такіх прадпрыемстваў-навасёлаў былі дзесяткі, і ўсе патрабавалі дармовай рабочай сілы.
Працавалі на будоўлі разам і вольнанаёмныя, і зняволеныя. Такое Міхась сустрэў упершыню за ўсе чатыры гады свайго паднявольнага жыцця. Цяжка было адрозніць зэка ад астатніх рабацяг. Толькі па адзенні можна было ўлавіць розніцу паміж гэтымі катэгорыямі людзей ды яшчэ па тым, што сярод зняволеных былі толькі мужчыны, а сярод вольнанаёмных пераважалі жанчыны, таму што мужчыны ваявалі на франтах Айчыннай вайны. Што ж датычыць сытнасці, а пасля ўжо і вопраткі, дык паміж імі можна было паставіць знак роўнасці.
На будоўлі працавалі па 12 гадзін у суткі не толькі зняволеныя, але і вольнанаёмныя. А калі трэба было, дык заставаліся і на другую змену. За грошы яны здабывалі і прыносілі зэкам сяго-таго з прадуктаў і курэння, толькі з кожным днём такой магчымасці было ўсё менш і менш. У горадзе знікалі прадукты харчавання, а таксама махорка. Сталыя жыхары яго скардзіліся:
— Прыехалі з нарабаванымі грашыма. Прыхапілі з сабою цэлыя чамаданы грошай з банкаў і магазінаў пакінутых гарадоў,— гаварылі яны,— паднялі цэны, што нідзе нічога не дакупіцца. За адну курыцу даюць столькі, што нам трэба цэлы месяц працаваць! Мы празвалі іх «французамі», а ім усё роўна.
Можа быць, жанчыны і перабольшвалі ў сваіх расказах, але ж доля праўды была ў іх горкіх словах. Канечне, і
сярод эвакуіраваных былі розныя людзі — і сумленныя, і хапугі.
Разам з гэтымі салдаткамі-гаротніцамі і «забраніраванымі» мужчынамі Міхась працаваў дзень у дзень без перапынкаў на працягу амаль што двух месяцаў. Усяго хапіла, толькі вось радасці не даводзілася дзяліць з імі, таму што яе ў той суровы час не было. Кожны дзень гэтыя людзі прыносілі сумныя весткі пра адступленне часцей Чырвонай Арміі і аб здачы гарадоў і цэлых абласцей. Горка было на душы. Разам гаравалі і часам плакалі, разам працавалі да знямогі. I за гэта ні на кога не крыўдавалі. Ведалі, што інакш у той час нельга было.
I ў гэты цяжкі для краіны момант Міхась вырашыў напісаць заяву з просьбай адправіць яго на фронт. Напісаў і паслаў, але адказу не дачакаўся. Адрасат — Дзяржаўны Камітэт Абароны — маўчаў.
Праца на будоўлі часам даводзіла да знямогі. А тут яшчэ не было ніякага ратунку ад жулля. Яны, жулікі, як кажуць, на хаду рвалі падноскі. Для іх што мірны час, што вайна — аднолькава. Нават цяпер яны яшчэ больш разгарнуліся.
У пачатку верасня, калі ўжо ў паветры пачалі лятаць павуціны, а раніцай чуваць было, як ляцелі жураўлі і гусі ў цёплыя краі, насельнікаў лагернага пункта пастроілі ў шарэнгі па чатыры і з сабакамі пагналі праз увесь горад да чыгуначнай станцыі, дзе іх чакаў таварны састаў з вагонаміцяплушкамі. Бывай, Омск! Да новых сустрэч на сібірскай зямлі! Толькі, браце, каб як-небудзь без ганебных «наморднікаў»!
ЗНОЎ НА БЕРАГІ
МАГУТНАЙ РАКІ
На гэты раз цягнік узяў кірунак ужо не на захад, а на ўсход — туды, адкуль два месяцы таму назад прывёз гэтых «камсамольцаў-энтузіястаў». Зноў міналі Татарск, Барабінск, Новасібірск.
Чыгуначны маршрут закончыўся ў Краснаярску, а там перасадка на параход і ўніз па Енісеі да былога купецкага горада, які атрымаў сваю назву ад гэтай магутнай ракі,— да Енісейска. Плылі нядоўга, значна менш, чым ехалі на цягніку,— усяго адны суткі з гакам.
Ужо па дарозе з Краснаярска ў Енісейск, седзячы ў труме парахода, Міхась пачуў па радыё жахлівую вестку. Гаварыў акружаны ворагамі Кіеў: «Слухай нас, дарагая Масква,
слухай нас, гераічны Ленінград, слухай нас, сонечная Адэса! Слухайце ўсе нашы суайчыннікі! Мы з усіх бакоў акружаны заклятым, лютым ворагам — нямецкімі фашыстамі, але мы не здадзімся! Да апошняй кроплі крыві будзем абараняць наш цудоўны, старажытны горад — сталіцу старажытнай Русі, прамаці рускіх гарадоў, сталіцу Савецкай Украіны! Мы будзем змагацца на яго ўскраінах, на вуліцах, у дамах! Мы не здадзімся і не пакарымся звар’яцеламу фюрэру! Смерць нямецкаму фашызму!»
Гэта былі цяжкія дні не толькі для Кіева і яго жыхароўабаронцаў. Цяжкія дні для народаў усёй нашай краіны, у тым ліку Масквы, Ленінграда, Адэсы...
Міхась у кутку параходнага трума слухаў і думаў: «Вось бы дзе мне зараз быць, а не ў гэтай пагібельнай клетцы. I няўжо не здагадаюцца тыя, ад каго зараз залежыць лёс не толькі мой, але і ўсіх людзей неабсяжнай краіны, што яны зрабілі непапраўную памылку, загнаўшы такіх, як я, у гэтую бездань, схавалі нас ад усяго: і свабоды, і вольнай працы, і абароны краіны?»
Енісейск — адзін са старэйшых гарадоў Сібіры. Калісьці праз яго пралягаў Вялікі сібірскі шлях. Ён, як і Табольск, славіўся сваім катаржным астрогам на магутнай рацэ, якая ўмоўна раздзяляе Заходнюю і Усходнюю Сібір. У свой час Енісейск быў і цэнтрам золатаздабычы. Як і ў незабыўным 1941 годзе, ён з’яўляецца раённым цэнтрам Краснаярскага краю, ад якога знаходзіцца за 500 кіламетраў на поўнач. Ёсць у ім дрэваапрацоўчыя і рыбныя прадпрыемствы і, як у кожным райцэнтры, быткамбінат і свая аўтабаза. I, канечне ж, царква, якая размясцілася на пагорку. Цяпер там ёсць нават і педінстытут, чаго і ў паміне не было ў 1941 годзе. Але ж галоўнае, што ажыўляе горад,— гэта рачная прыстань, якая разраслася ў цэлы порт. Там, як і ў іншых партах, дзень і ноч працуюць без адпачынку партовыя краны. Тады, у 1941 годзе, іх амаль што зусім не было, усе работы па пагрузцы і выгрузцы, а таксама і перагрузцы параходаў і барж выконваліся рукамі.
Галоўная роля гэтай прыстані была ў тым, каб усе дробныя баржы і малыя параходы перагружаць на больш аб’ёмістыя, таму што ад Енісейска рака робіцца больш глыбокай і магутнай. Баржы, якія пачыналі свой шлях у Енісейску, маглі плаваць і па моры. Іх цягнулі буксірныя параходы да Дзіксана і нават да Новай Зямлі. Баржы, якія нагружаліся ў Енісейску грузамі, прызначанымі для запалярнага Нарыльска, ішлі да порта Дудзінкі.
На Енісейскай прыстані ні ўдзень, ні ўначы не заціхалі
перагрузачныя работы. Акрамя гэтага, там пагружаліся і мясцовыя тавары. Для такой работы і прывязлі туды ў верасні 1941 года цэлы параход зэкаў, сярод якіх быў і Міхась Асцёрскі.
Яшчэ на параходзе па дарозе ў Енісейск ён выпадкова пазнаёміўся з маладым мардоўскім паэтам Аляксеем Губанавым.
Ён расказваў Міхасю, што не паспеў нават з дзеўкамі пагуляць, а не тое каб ажаніцца. Губанаў быў не сказаць каб вельмі шустры і гаваркі, але і не ціхоня. I што Міхасю ў ім спадабалася, дык гэта тое, што ён заўсёды мог пастаяць за сябе і нават за свайго сябра. Па натуры ён быў лірык ясенінскага складу і вельмі цаніў сяброўства.
Да Губанава, ды і пасля яго, Міхась амаль нікому не прызнаваўся, што мае адносіны да мастацкага слова. А перад ім адкрыўся, пасля чаго яны ўжо да самай Дудзінкі не расставаліся. Як і Міхась, Губанаў паспеў неаднойчы выступіць са сваімі вершамі ў рэспубліканскім перыядычным друку і выдаць танюсенькую кніжачку лірыкі «Родннк», а па-беларуску будзе «Крыніца». Як і Міхася, яжоўская «тройка» ўзнагародзіла яго васьмю гадамі сталінскага «санаторыя».
— Трапіў я сюды амаль бязвусым, а вярнуся дамоў, калі выжыву, з барадой,— жартаваў Аляксей.
Знаёмства з Губанавым трохі аблегчыла жыццё Асцёрскага. I не толькі аблегчыла, а нават ажывіла ў ім творчыя пачуцці, і ён зноў зрэдку пачаў складаць вершаваныя радкі, якія пасля чытаў свайму новаму сябру. He заставаўся ў даўгу і Губанаў. Ён таксама чытаў Міхасю ўсё тое, што выходзіла з-пад яго пяра. Хоць яны мовы адзін аднаго і не ведалі, але сэрцамі адчувалі сэнс пачутага.
Усіх пасажыраў-нявольнікаў, а іх было каля паўтысячы чалавек, пасялілі ў клубе воднікаў, у глядзельнай зале. Ахова размясцілася ў службовых пакоях. Зала ад крэслаў была ачышчана — заставалася голая падлога. Вось тут і размясціліся, хто як мог. I гэты клуб у той час паходзіў на Ленінградскую перасыльную турму і на бурацкія дацаны ў Гусіным Возеры. Тая ж цесната, духата, анархія і той жа бруд, які пладзіў усякіх паразітаў. Было крыўдна: вакол вады — цэлае мора, лазня таксама была ў горадзе, а зняволеныя рабацягі валяліся нямытымі на бруднай падлозе. I валяліся не дзень і не два, а цэлы месяц.
Заставаліся апошнія дні навігацыі на Енісеі, а непагружаных тавараў накапілася шмат. Імі былі забіты ўсе складскія памяшканні, яны цэлымі гарамі ляжалі і на адкрытым