За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
паветры. Трохі раней такога не назіралася, таму што была цэлая армія штатных партовых грузчыкаў. А ў гэты час ужо не было: яны ўсе пайшлі на фронт.
Хтосьці здагадаўся, што ёсць яшчэ «рэзервная армія», якую ў любы час можна выкарыстаць у гэтых мэтах. Такой «арміяй» і сталі зняволеныя, якіх у Сібіры ніколі не адчувалася недахопу. Вось і прывязлі «салдат» гэтай «арміі» ў старажытны Енісейск на тэрмін да канца навігацыі на паўночных рэках.
Ад цямна да цямна не спыняліся пагрузачныя работы. Спачатку скарыстоўвалі толькі дзённае святло, а потым пачалі працаваць і пры капцілках — набліжаўся кастрычнік, вось-вось можа скаваць Енісей у ніжнім яго цячэнні. Толькі і чулася: «Давай, давай! Чаго марудзіш? Бачыш — баржы прастойваюць?» Людзі ў поце, абяссіленыя, падалі разам з мяшкамі і цюкамі. 3 ліку крымінальнікаў-рэцыдывістаў былі спецыяльна падабраныя падганятыя, якія не саромеліся пацягнуць цераз спіну палкай стомленага грузчыка. Яны абражалі брыдкімі словамі аслабелых рабацяг, здзекаваліся з іх, як толькі хацелі. А начальства і ахова стаялі збоку, назіраючы за ўсім гэтым спектаклем, і пасмейваліся. Як і паўгода таму назад у Тайшэтлагу ў час загрузкі машын у пясчана-гравійным кар’еры, абяссіленыя грузчыкі падалі і выходзілі са строю, але на гэта ніхто не звяртаў ніякай увагі. Замест саслабелых падганялі новых. Тым болып што праз нейкі час туды прывязлі на параходзе новую партыю такіх жа рабацяг. Іх размясцілі ў мясцовай царкве, якая не працавала з-за адсутнасці бацюшкі. Ён таксама трапіў пад «рэкруцкі набор» 1937 года і недзе вось так жа цягаў на сабе грузы. Так што пасля колькіх гадоў пуставання і яна цяпер прыгадзілася — стала інтэрнатам для грузчыкаў-нявольнікаў.
— Якое варварства і якое кашчунства! — абураўся Губанаў.— I гэта ў наш дваццаты, цывілізаваны век!
— He абурайся, дружа, бо ў гісторыі некаторыя моманты паўтараюцца. Вось і гэты раз так. Толькі паўтараецца яно трохі ўскладнёна: тут адразу мы бачым і рабства перыяду праўлення Цэзара, і варварства разбуральных паходаў Ацілы. Адным словам, перапляліся паміж сабою тыранія і вандалізм,— сказаў свайму новаму сябру Міхась.
У час пагрузкі адной з барж пад’ехалі да яе на лодцы тры жанчыны са сваёй бульбай. Яны прывязлі свой тавар аж з другога берага Енісея, каб здаць у лік планавых паставак дзяржаве. Жанчыны гэтыя былі ўзбуджаныя, крыклівыя і абураныя.
— А божа наш, божачка! А што ж гэта такое робіцца на белым свеце? Мужыкоў нашых пазабіралі — каго ў турму, каго на вайну. Царкву закрылі, апаганілі, а з нас тры шкуры дзяруць,— гаварылі яны прычытаючы.
— Нічога, жанчынкі,— супакойваў іх Міхась,—гэта ўсё часова. Вось разаб’ём фашыстаў, і ўсё наладзіцца.
— Тут і свае фашысты горш за нямецкіх,— сказала другая.— Заходзяць у хату, як рабаўнікі, і крычаць: «Давай мяса, давай малако, давай бульбу, давай яйкі, давай грошы!» А дзе ж я ўсяго гэтага набяруся? Ну, няхай сабе ці агародніна якая там. Гэтага я магу даць. Малака і яек таксама. А вось дзе ўзяць мяса, калі ў мяне адзіная кароўка? Што я, нагу ў яе адсяку ці галаву адрэжу? Як вы думаеце, даражэнькія?
— А цяля, цётка, ёсць у цябе? — спытаў Губанаў.
— Цялём я выплаціла мяса за першы і другі квартал, а за трэці і чацвёрты дзе ўзяць?
— Так, цяжкае ваша становішча,— пагадзіўся Губанаў,— але ж цяпер усім цяжка.
— Усім, ды не ўсім,— не згаджалася жанчына.— Ты, таварышок, не ўсё яшчэ ведаеш. У гэтым лагеры адстаў ад жывога жыцця.
— Гэй вы, чаго стаіце і вушы развесілі? — здаля закрычаў дзесятнік, убачыўшы Аляксея і Міхася.— Жыва пад мяшкі!
— Вось тут ваша і ўся праўда! — сказала трэцяя жанчына, што дагэтуль увесь час маўчала.
Толькі трапы рыпелі ад цяжкіх крокаў Асцёрскага, Губанава і іншых зэкаў, што цягнулі на худых плячах мяшкі з бульбай, якую толькі што здалі жанчыны з другога берага Енісея.
А час, як кажуць, падпіраў. Пачалі дзьмуць вятры з поўначы, ад якіх дабра не чакай. Канечне, да зімы было яшчэ далёка, але дыханне яе адчувалася асабліва тады, калі падыдзеш бліжэй да ракі. Неяк ледзянелі ўжо рукі. Яны прасіліся ў рукавіцы. А тым часам набліжаліся да канца і пагрузачныя работы. Заставалася загрузіць апошні параход рознай гароднінай. А значыць, набліжаўся канец гэтай своеасаблівай «камандзіроўкі».
САМАСУД
Калі ў асноўным пагрузачныя работы былі скончаны, грузчыкам-нявольнікам далі дзень адпачынку. Цэлы дзень яны маглі займацца, хто чым хоча, не дазвалялася толькі выходзіць з былога клуба воднікаў. Паснедалі і кожны пачаў займацца нечым сваім: хто зашываў дзіркі ў сваёй вопратцы, хто рамантаваў разбітыя боты, хто чытаў старую газету, а хто і вышукваў у сваёй бялізне няпрошаных гасцей — паразітаў. I такіх было большасць.
Міхась з Губанавым гаварылі нешта пра літаратуру, не звяртаючы ўвагі на тое, што рабілася вакол іх. Раптам пачулі брудны мат, які перапыніў іх гутарку. Яны ўбачылі непадалёку двух чалавек, якія тузалі адзін аднаго, нешта вырывалі і лаяліся брыдкімі словамі. Аказваецца, зняволеныя адымалі адзін у аднаго яшчэ зусім новы бушлат. Яны так яго цягнулі кожны да сябе, што той аж трашчаў па швах.
— Хлопцы, перастаньце дурыць,— умяшаўся Міхась і паспрабаваў быў разняць іх, але дзе там! У адказ ён пачуў нецэнзурныя словы ад маладзейшага:
— Закрый халяву, а то я сам заткну яе! — тут жа моцна рвануў бушлат да сябе. Праціўнік не ўтрымаў яго, выпусціў з рук.
— Памажыце, рабуюць! — закрычаў да ўсіх пераможаны.
На крык прыбег ахоўнік і, спытаўшы, чаго шум, прапанаваў маладому вярнуць бушлат яго ўладальніку. Той наадрэз адмовіўся, сказаў, што бушлат гэты яго, а не таго, хто прасіў паратунку. Тады ахоўнік сказаў аднаму і другому назваць прыкметы на бушлаце, пасля чаго высветлілася, што вопратка гэта належала старэйшаму.
— Аддай чужы бушлат, блатняк! — закрычаў ахоўнік і паспрабаваў сілай вырваць вопратку.
Той упарта стаяў на сваім — не выпускаў з рук здабычу.
— Бандзюга, аддай бушлат! — паўтарыў ахоўнік, зноў спрабуючы сілай вырваць з яго рук вопратку.
— Фашыст! — закрычаў малады.
На дапамогу ахоўніку прыбег другі.
— Ах так, я табе зараз пакажу фашыста! — закрычаў ахоўнік.— Разыдзіся! — загадаў ён прысутным зняволеным і ў гэты ж момант расшпіліў кабур і дастаў пісталет.
Малады зэк кінуў бушлат і спрабаваў шмыгнуць у гушчу людзей. Але ахоўнікі ўдвух схапілі яго за рукі і выцягнулі на вольную ад людзей мясціну. Імгненна прагучаў стрэл.
Малады зэк раптам упаў ніцма, быццам мёртвы, хоць куля закранула толькі яго верхняе адзенне — куртку. Ахоўнік падышоў да яго бліжэй і тут жа выпусціў у яго яшчэ тры кулі. 3 усіх трох адтулін на целе маладога зэка пырснула кроў, а сам ён нават не падаў і гуку, а толькі раз варухнуў рукамі — і на гэтым канец.
Сотні чалавек глядзелі на забойства і маўчалі.
Праз некалькі хвілін падаспелі яшчэ два ахоўнікі. Яны ўчатырох узялі нябожчыка за рукі і ногі і вынеслі ў асобны пакой.
Пасля гэтага здарэння доўга ў клубе воднікаў стаяла мёртвая цішыня. Ніхто ні з кім не хацеў гаварыць. Кожны маўчаў і думаў сам сабе. А пра што думаў, было вядома толькі яму аднаму.
Вось бачыш, як усё проста і хутка робіцца — як на вайне,— сказаў задуменна Аляксей да Міхася.
— Канечне, ён вінаваты,— прадоўжыў яго думку Міхась,— але ж навошта так жорстка і бязлітасна? Ёсць жа і іншыя, больш чалавечныя спосабы пакарання. А гэта проста забойства, самасуд...
ПА ВАДЗЕ 1500 КІЛАМЕТРАЎ
Адвячоркам Міхась разам з Губанавым сядзелі ўжо ў труме парахода «Уладзімір Маякоўскі», які трымаў курс на поўнач. Ляжаць не было дзе: параход быў набіты людзьмі, быццам бочка селядцамі. Тут было яшчэ цясней, чым у клубе воднікаў. А як вядома, дзе цесната, там і бруд, а дзе бруд, там і розныя паразіты.
Куды вязуць, ніхто не ведае. Адны гавораць — у Ігарку, другія — у Курэйку будаваць гідраэлектрастанцыю, якую ўжо тады праектавалі, трэція — на Дзіксан ці Вайгач. Але ніхто не здагадваўся, што іх высадзяць у Дудзінцы, пра якую тады яшчэ мала хто чуў.
I трэба ж было так здарыцца, што іх, двух паэтаў, у якасці зняволеных у сваім чэраве вёз «Уладзімір Маякоўскі».
— Ты падумай толькі, Міхась,— гаварыў Губанаў,— вязе паэт паэтаў-рабоў. Паэт, які заўсёды змагаўся за свабоду і справядлівасць.
— У жыцці сустраюцца розныя парадоксы, яшчэ горшыя за гэты,— адказваў яму Міхась.
— Хоць бы ведаць, дзе зараз знаходзімся,— разважаў Аляксей.
— На параходзе «Уладзімір Маякоўскі»,— жартаваў Міхась.
— Я маю на ўвазе мясцовасць,— не разумеючы жарту, тлумачыў Аляксей.— Ці далёка мы ад’ехалі ад Краснаярска і Енісейска? Пэўна, ужо тундра хутка будзе. Загналі, як мышэй у сутарэнне, і любуйся цяпер мутнай вадой.
— А ты, можа, хацеў, каб нас памясцілі ў каюту першага класа і частавалі каньяком?
— He, хачу каб усё было па-чалавечы, каб мы сядзелі не пад вадой, а над вадой. A то як вугаль ці цэмент — пагрузілі ў глухі трум, сядзі і не рыпайся. Дзе ж тут элементарная справядлівасць?
— Ну што ж, хтосьці павінен ехаць і ў труме. Ездзіў сёй-той і да нас, а цяпер прыйшла наша чарга. Пасля нас акурат вось так жа будуць плысці і так жа ў душы будуць крыўдаваць і абурацца.
— Так, ты маеш рацыю, Міхась, жыццё ёсць жыццё,— разважыў Аляксей.
А параход плыў і плыў. Людзі, нічога не робячы, пачалі стамляцца. Ніякая жывёліна ў такіх умовах не вытрымала б — аддала б канцы. А вось людзі жывуць і яіпчэ могуць мысліць, разважаць.
— Грамадзянін дзяжурны, скажыце, калі ласка, дзе зараз знаходзімся? — звярнуўся да свайго «пастуха» Міхась недзе на трэція суткі.
— Прышвартаваліся да прыстані пасёлка Курэйкі,— адказаў той.
— Якой Курэйкі? Той, адкуль таварыш Сталін уцякаў?
— Той самай,— з нейкай ганарлівасццю адказаў вартавы.
— А колькі кіламетраў адсюль да Краснаярска? — ужо пытаўся Губанаў.
— Прыкладна тысяча.
— I ён адолеў гэту адлегласць у зімовы час?
— Для Іосіфа Вісарыёнавіча няма нічога такога, чаго б ён не мог адолець,— зноў ганарліва сказаў дзяжурны ахоўнік.— Дарэчы, навошта табе гэта ведаць, га? Ці не думаеш паўтарыць яго подзвіг?
— Ці ж я такі дурны, што пайду на такое глупства?
— Дык што, выходзіць — Сталін рабіў глупства?
— Я так не думаю, не трэба скажаць маю думку і мае словы.
Ахоўнік змоўк і накіраваўся да выхаду.
Параход пайшоў. Прыблізна праз суткі ён прычаліў у Ігарцы — горадзе партовым і выключна драўляным. Тут ужо