За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
БРЫГАДА ГРУЗЧЫКАЎ
Брыгада, якой кіраваў Міхась, складалася з 25 чалавек разам з брыгадзірам. Для большай зручнасці і эфектыўнасці ў працы яна была разбіта на пяць груп. Кожная з гэтых груп была замацавана за асобнай машынай. Як толькі падыходзілі вагоны з грузам для лагера, машыны са сваімі грузчыкамі былі тут як тут. У адрозненне ад іншых брыгадзіраў, Міхась не даваў сабе патачкі. Ён пеклаваў так жа, як і ўсе астатнія члены яго брыгады, нават уключыў сябе ў пяцёрку. Выкарыстоўваў толькі адну прывілею: ад чыгуначнай станцыі да складаў ехаў у кабіне побач з шафёрам. А калі часам буксавала машына, ён таксама разам з шафёрам выцягваў яе.
Брыгадзе даводзілася нялёгка. Мала таго што ёй даручалі варочаць розныя грузы па 12 гадзін запар на жабрацкіх лагерных харчах, дык яшчэ часта турбавалі і ноччу. А раніцай зноў запрагалі ў ярмо. I гэта здаралася часта. Людзі пачалі слабець. Мала таго — на такой рабоце людзі абнасіліся. На іх плячах разлазіліся бушлаты і целагрэйкі, а на нагах развальваліся самаробныя чаравікі. Міхась неаднойчы
гаварыў пра гэта прарабу і пампабыту начальніка калоны, неяк гаварыў і самому начальніку. Усе абяцалі, але ніхто нічога не рабіў — не прымаў ніякіх захадаў, каб апрануць і абуць брыгаду. Пампабыт сказаў Міхасю:
— Як толысі паступіць партыя новага абутку і адзення, мы ў першую чаргу забяспечым тваю брыгаду.
Міхась паведаміў пра гэта сваім падапечным, і яны з нецярпеннем і радасцю чакалі.
Хутка пасля той размовы з пампабытам і сапраўды прывезлі новую партыю адзення і абутку, але... Чамусьці забяспечылі іншыя брыгады і лагерных «прыдуркаў», а грузчыкі па-ранейшаму трэслі лахманамі і разбітымі гумавымі чаравікамі. Яны пачалі крыўдаваць на свайго брыгадзіра, што ён не можа ці не хоча дбаць пра сваіх падначаленых.
— Хлопцы, вы не крыўдуйце на мяне,— звярнуўся Міхась да сваіх людзей.— Я раблю ўсё, што магу, але нічога ў мяне не атрымліваецца.
— А калі не атрымліваецца, не можаш адстаяць нашы правы, адкажыся ад брыгадзірства,— папракаў яго Іван Фаменка, ураджэнец Жытомірскай вобласці.
— Хоць сёння магу перадаць табе гэту нікчэмную пасаду, якая, акрамя непрыемнасцей, нічога мне не прыносіць.
— Гэта ты толькі так гаворыш, а сам нябось баішся, каб не страціць яе, гэтую пасаду.
— А ці ж не разам з табой падстаўляем свае плечы пад мяшкі, ці ж не разам трасём лахманамі?
— Яно так, ды ўсё ж такі пасада. А гэта многа значыць.
— Хопіць табе малоць языком, што памялом,— умяшаўся яго зямляк Максім Зарэмба.— Асцёрскі такі ж самы ішак, як і мы з табой. Траціць яму няма чаго. I тое, што нас абышлі з вопраткай і абуткам, ён не вінаваты. He можа лізаць начальству зад, вось і ўся тут прычына.
— А не можа, дык няхай адмаўляецца ад брыгадзірства,— не здаваўся Фаменка.
— А калі і адмовіцца, дык усё роўна, Іван, цябе не паставяць на яго месца.
— А я і не рвуся на такую пасаду, мне і так добра,— няўпэўнена гаварыў Фаменка, а сам думаў, напэўна, не тое: яго ўвесь час заядала, што Асцёрскі карыстаецца аўтарытэтам у членаў брыгады.
— Вось што, хлопцы, кінем спрачацца, лепш давайце дамовімся так: як толькі зноў патрывожаць нас ноччу, адмовімся ісці на выгрузку у знак пратэсту, што падманулі нас з адзеннем і абуткам,— прапанаваў Міхась.— Можа, тады знойдуцца і вінаватыя, а для нас — адзенне і абутак.
— Правільна сказаў брыгадзір,— першым азваўся Фаменка,— я за гэта.
— Іван, гэта ты толькі так, для выгляду мелеш языком, а на самай справе не падтрымаеш брыгадзіра,— кінуў рэпліку яму зямляк.— Пры першым жа выпадку шуснеш у кусты.
— Дрэнна ты, Максім, ведаеш мяне.
— He, браце, я цябе добра ведаю.
— Хопіць дыскуціраваць, лепш пойдзем адпачываць,— прымірэнча сказаў Міхась,— a то хутка і на самай справе могуць патрывожыць нас нястомныя начальнікі.
Брыгадзір не памыліўся. He прайшло 2—3 гадзін пасля той размовы, як у бараку прагучаў голас нарадчыка:
— Асцёрскі, падымай брыгаду, трэба тэрмінова выгружаць вагоны.
Міхась падняў галаву і спакойна адказаў:
— He буду падымаць!
— Гэта чаму?
— А таму, па-першае, што людзі мае яшчэ не паспелі адпачыць ад дзённай змены. Машынам і тым даюць час на адпачынаік, а гэта ж жывыя людзі. Па-другое, у іх няма ў чым працаваць па цэлых сутках: знасілася і вопратка, і абутак. Прапануйце гэта тым, каго вы паспелі ўжо апрануць і абуць. А мы будзем адпачываць, як гэта і належыць рабочаму чалавеку.
— Ты што, Асцёрскі, шуткуеш ці на самай справе займаешся сабатажам? — разгубіўся бравы нарадчык.
— Я сказаў вам рускаю мовай, што не буду падымаць брыгаду і сам не пайду.
— Тады мы падымем яе без твайго дазволу,— грозна сказаў той.
I нарадчык разам з ахоўнікам пачалі самі падыходзіць да кожнага рабацягі і падымаць яго. Хоць і без ахвоты, але ўсе, акрамя брыгадзіра і Зарэмбы, паслухмяна падымаліся і апраналіся ў свае лахманы. А што датычыць Фаменкі, дык той, не чакаючы асабістай прапановы нарадчыка, першым усхапіўся, апрануўся і ўголас сказаў, каб усе, разам з падганяламі, чулі:
— Сябры, навошта нам гэтыя фокусы? Раз трэба, значыць, трэба. Гэтага патрабуе ад нас партыя і народ. Мы ж адбываем тэрмін пакарання. I толькі сумленнай працай мы зможам зняць з сябе гэтую ганебную пляму.
— Вось гэта голас патрыёта! — пахваліў яго ахоўнік і ўжо, звяртаючыся да нарадчыка, прапанаваў: — Вось яму і даручым сёння брыгаду.
— Фаменка, павядзеш брыгаду,— распарадзіўся нарадчык.
— Ёсць павесці брыгаду,— адказаў па-салдацку Фаменка.
Атрымалася так, што ўся брыгада, акрамя самога брыгадзіра і радавога Зарэмбы, пайшла выгружаць вагоны з рознымі грузамі для новабудоўлі. Кожны з рабацяг ведаў, што не паспее ён вярнуцца і паснедаць, як яго зноў пагоняць на такі ж самы занятак.
Міхась добра разумеў, што рабіў. Ведаў, што яго за гэта не пагладзяць па галоўцы. Але ён быў вельмі задаволены тым, што яго пазбавяць адказнасці за лёс 25 чалавек — пазбавяць ад брыгадзірства, чаго ён чакаў усе гэтыя два тыдні. Яно было не чым іншым, як путамі на сэрцы і душы.
АРЫШТ
Міхась не памыліўся ў сваім прадчуванні: раніцай наступнага дня, перад разводам, у барак прыйшоў нарадчык і аб’явіў:
— Асцёрскі і Зарэмба пойдуць у брыгаду Зверава. Зразумела?
— Зразумела, у брыгаду звера,— падкусіў яго Міхась.
— He звера, а Зверава,— паправіў Міхася нарадчык.
Брыгада Зверава выконвала амаль такія ж самыя работы: выгружала грузы з вагонаў, а потым загружала вагоны і машыны, якія накіроўваліся на трасу будаўніцтва самой чыгункі Тайшэт — Ангара.
Дваццаць кіламетраў гэтай лініі ўжо дзейнічала. Дык вось, па іх і адпраўлялі грузы і людзей у глыб тайгі.
Розніца была ў тым, што цяпер яго разам з іншымі зэкамі вадзілі да месца працы пад канвоем і з сабакамі. Канвой як канвой, а вось сабакі даводзілі да шаленства, асабліва пасля таго, як яны на яго вачах загрызлі да смерці аднаго рабацягу, які без дазволу асмеліўся быў заскочыць у магазін, каб чаго-небудзь прыкупіць да свайго жабрацкага пайка. На рабацягу ахоўнікі-сабакаводы пусцілі двух аўчароў, і яны за лічаныя мінуты аднялі ў яго жыццё. I гэта адбылося ў самым цэнтры Тайшэта. 3 таго моманту ён і ўзненавідзеў сабак і сабачнікаў — тых, хто іх вадзіў на павадку. Праўда, працаваць у такіх умовах Міхасю давялося нядоўга — усяго толькі пяць дзён, але і гэтага было дастаткова.
Неяк пасля рабочага дня, калі Міхась, седзячы ля грубкі, аплятаў заробленую цяжкай працай магаравую Kam-
ку, у барак завітаў узброены аператыўнік і гучна спытаў:
— Асцёрскі Міхаіл тут размяшчаецца?
— Я Асцёрскі,— адказаў Міхась,— чым магу служыць?
— Дзе ваша месца? — зноў спытаўся той.
Міхась паказаў яму на нары другога паверха.
— Бярыце вашы рэчы разам з матрацам і падушкай і пойдзем са мной.
— Куды і навошта? — звярнуўся Міхась да опера.
— Пасля будзеце ведаць. Збірайцеся хутчэй. Усё, што ў вас ёсць, паўтараю, бярыце з сабой,— катэгарычна заявіў опер.
Міхась добра ведаў, што ў такіх выпадках не жартуюць. Гэта не нарадчык і нават не прараб, з якімі можна было і паспрачацца. Бо яны самі такія ж зэкі, як і ён. Тым болып што гэта не звычайны ахоўнік, а аператыўнік. А таму ён хуценька пазбіраў усе свае манаткі і ў суправаджэнні таго ж самага аператыўніка скіраваў на вахту. Там яго абшукалі, перамацалі кожны рубчык на вопратцы, вытраслі салому з матраца і падушкі, потым загадалі зняць боты, у якіх адарвалі падэшвы і ўсцілкі. Затым загадалі зняць і бялізну, якую таксама дасканала перагледзелі, перамацалі.
Пасля ўсяго гэтага прапанавалі сесці на табурэтку і адказаць на пытанні:
— Калі, куды і з кім вы збіраліся ўцякаць?
— Нікуды і ні з кім я не збіраўся і не збіраюся ўцякаць, гэта паклёп.
— Дзе вашы грошы, якія вы збіралі на дарогу?
— Няма ў мяне і капейкі за душой.
— 3 чыёй дапамогай вы збіраліся адгэтуль уцякаць?
— Я ўжо сказаў вам, што нікуды я не збіраўся ўцякаць, а значыць, і дапамога мне была не патрэбна.
— Пасадзіце пакуль што ў ізалятар, а заўтра мы дапытаем яго, як трэба,— звярнуўся ён да вахцёра, таксама ўзброенага.
— Забірай свае лахманы,— сказаў Міхасю ўжо вахцёр,— пойдзеш на свежае паветра — у цёмны катух. Там ужо адзін такі, як ты, ёсць.
Ён тут жа адчыніў дзверы ізалятара, і Міхась апынуўся ў ім, як у магіле.
Намацаў рукамі нары і хацеў толькі паслаць матрац, каб прылегчы, як адчуў пад рукамі нешта мяккае. Ён адразу ж здагадаўся, што гэта той «адзін такі», пра якога гаварыў яму вахцёр. Значыць, гэта быў жывы чалавек. «Будзе трошкі весялей»,— думаў Міхась.
— Ану пасунься бліжэй да сцяны, разлёгся, як дома! — прамовіў Міхась.
— Гэта ты, Асцёрскі?
— А хто ж, калі не я? А ты хто?
— Ці ж не пазнаеш? Максім Зарэмба.
— Вось сустрэча, дык сустрэча! Як жа гэта ты трапіў сюды?
— А вось так жа, як і ты. Абодвух нас «упёк» сюды мой землячок Фаменка, бо яму ў любых умовах трэба кар’ера.
— Дык ён жа ўжо дабіўся свайго — стаў брыгадзірам.
— Брыгадзірства для яго мала. Яму хочацца чагосьці большага, цікавейшага ці цяплейшага. Хто-хто, а я дык яго, падлюку, ведаю.
— Падонак, шакал,— дадаў Міхась.— Я яго зразумеў ужо тады, калі ён драў глотку наконт амуніцыі і абвінавачваў мяне ў нерашучасці, а сам першы пайшоў на здзелку з нарадчыкам і са сваім сумленнем.
— Ён даўно чакаў гэтага канфлікту,— зноў загаварыў Зарэмба.— А цяпер яшчэ баіцца, што ты вернешся на сваё месца. I мяне ён не любіць за тое, што я ведаю яго паганую душу. У брыгадзе сам ён працаваць не будзе, як гэта рабіў ты.