• Газеты, часопісы і г.д.
  • За калючым дротам  Павел Пруднікаў

    За калючым дротам

    Павел Пруднікаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1993
    54.23 МБ
    — Зробім маленькі перапынак, хачу паглядзець, што і як робяць твае хлопцы,— і хуценька пакрочыў у процілеглы канец доўгага склада-сховішча.
    He прайшло і пяці мінут, як ён прыбег адтуль узбуджаны, усхваляваны і, задыхаючыся, закрычаў:
    — Брыгадзір, твае жулікі-бандыты кавуны мае паелі. Што ж я цяпер рабіць буду, га? Я ж бярог іх да кастрычніцкіх свят для начальства. Сам начальнік лагера Баруздзін пра гэта ведаў.
    — Адкуль жа ты ведаеш, што гэта мае хлопцы зрабілі такое злачынства? А можа, яшчэ хто?
    — He абараняй іх, яны! — крычаў Худэнка.
    — Тады вось што. Давай мы іх узважым. Інакш нам не даведацца, яны ці не яны. А што датычыцца рэнтгена, дык яго ж у нас няма.
    — А калі сюды вялі, вы ж іх не ўзважвалі,— сказаў ахоўнік і зарагатаў.
    — Яшчэ і здзекуецца з мяне, гадзюка! — гледзячы ў твар Асцёрскаму, закрычаў Худэнка.— Што ж я цяпер рабіць буду? Капут мне.
    — Ой, здорава! Во д’яблы! I трэба ж было здагадацца!
    — Вам смешна, а мне...— не гаварыў, а плакаў кантралёр.
    Худэнка не памыліўся: дні праз тры яго не стала на складзе. Пасаду гэтую прапаноўвалі Міхасю, але ён адмовіўся.
    УЦЁКІ
    Хутка пасля таго ў «Брыгаду ух» прывялі яшчэ двух дахадзяг. Адзін з іх Міхасю быў добра знаёмы. Гэта Іван Чуркін, з якім ён калісьці сябраваў і збіраўся разам уцякаць, ды перашкодзіла хвароба.
    I Чуркін, і Асцёрскі вельмі ўзрадаваліся такой сустрэчы. Больш за два гады яны не бачыліся, але не забывалі ранейшую дружбу.
    — Ты выпадкова не ведаеш, куды Чумакоў падзеўся? — спытаў Чуркін у Міхася.
    — Трошкі ведаю. Месяцы тры-чатыры таму назад выпадкова бачыў яго, ехаў у цягніку у Заудзінск, вёз справаздачу ў цэнтральную бухгалтэрыю лагера. А потым чуў, што ён тады ж і ўцёк з дзяржаўнымі грашамі. Былі аб’яўлены пошукі і грашовыя прэміі таму, хто яго зловіць.
    — Малайчына, Міхаіл! — пахваліў яго Чуркін.— Усё ж такі перахітрыў лагерных босаў.
    — Скажы, Ваня, дзе ты да гэтага часу быў, у якіх месцах? Каго бачыў са знаёмых?
    — Быў я ў сотні месцаў, а гэта ўжо сто першае. I вось на вялікае шчасце зноў сустрэўся з табою. Да цябе ні з кім са знаёмых не сустракаўся. А ты дзе «загараў» увесь гэты час?
    — Я таксама памяняў добрую сотню месцаў. Толькі ў адным лазарэце разоў пяць «гасцяваў»,— гаварыў свайму даўняму сябру Міхась.— Падрабязна аб усім пагаворым як-небудзь другім разам. Часу ў нас цяпер хопіць.
    А прыблізна праз месяц Чуркін выбраў момант, калі Міхась быў адзін у складзе, ля вогнішча, дзе пяклася бульба, сеў побач і сказаў амаль шэптам, напаўголаса:
    — Ты ведаеш, Міхаська, што мне прыйшло зараз у галаву? Што мне даўно ўжо не дае спакою? Я вырашыў ажыццявіць тое, што мы не маглі зрабіць разам з табою амаль тры гады таму назад.
    — А што менавіта? — насцярожыўся Міхась.
    — Даваць дзёру з гэтай заклятай пасткі, пакуль яшчэ жывы і здаровы, як гэта зрабіў наш сябар Міша Чумакоў. Усё роўна такі тэрмін мы не вытрымаем у гэтых пагібельных месцах.
    — He, Ваня, гэта пустая задума.
    — Чаму пустая? Ты ведаеш, колькі такіх, як мы з табой, паўцякала?
    — А табе вядома, колькі іх пералавілі і зноў прыгналі туды, адкуль беглі? I ты ведаеш, кім іх потым зрабілі?
    Калекамі. А сяго-таго і шлёпнулі. Ад гэтых бясконцых заслонаў нікуды ты не пройдзеш. А калі і здолееш прабрацца, дык пасля куды ты дзенешся? Усё роўна сцапаюць. У нас кожны чалавек на ўліку. Цяпер у органах НКВД штаты разрасліся да такіх памераў, што яны перавышаюць колькасць рабочых і служачых на прадпрыемствах і ва ўстановах. I гэта толькі афіцыйных, а колькі тайных даносчыкаў-стукачоў — кожны другі жыхар. А тут яшчэ і час такі,— працягваў Міхась.— Ты бачыш, што не сціхаюць войны. А ў такі час у «дзяржаўных блюсціцеляў» і вушы чуйныя, і зрок востры. Так што выкінь з галавы сваю задуму, дарагі дружа.
    — Значыць, ты не хочаш у маю кампанію?
    — He,— сказаў Міхась,— і табе не раю.
    — Тады дапамажы мне. Арганізуй так, каб я непрыкметна знік з гэтага склада-сховішча, бо канвою тут ніякага. За канваіра тут ты.
    — Ты што, па-сяброўску хочаш свінню мне падкласці? Ты ж добра ведаеш, што не паспееш ты пакінуць Заудзінск, як мяне адразу ж возьмуць за адно месца. Я ж адказваю за цябе.
    — Дык што ты прапануеш? Бо я ўсё роўна павінен уцякаць. Гэта ў мяне даўно наспела.
    — Калі ўжо ты так вырашыў, то рабі гэта не сярод белага дня, калі я за цябе адказваю, а ноччу, з зоны калоны. Так і я змагу дапамагчы і адказнасці за цябе не буду мець. Адказваць будзе лагерная варта — ахова і адміністрацыя калоны. Згодзен ты на такі варыянт ці не?
    — Згодзен, прапанова твая слушная,— пагадзіўся Чуркін.— Толькі я папрашу цябе аб адным: дай мне свой бляшаны чамаданчык, а я табе свой — дашчаны. Мне з ім будзе зручней, асабліва калі дабяруся да цягніка. Там мяне могуць прыняць з ім за чыгуначніка. Ключы ад вагонаў я ўжо падрыхтаваў.
    — Чамаданчык бяры нават без замены, я тут і другі набуду. Мне тут лягчэй, чым табе там будзе.
    — Дзякуй табе, дружа, што не адхіляеш майго рашэння і абяцаеш нават памагчы. А што датычыць часу, дык пасля вырашым.
    Дзён праз пяць пасля гэтай гутаркі Чуркіна ў зоне не стала. Ён з дапамогай Міхася перабраўся цераз плот з калючым дротам і знік у цемені сакавіцкай ночы.
    Калі назаўтра, у час разводу, на вахце не далічыліся аднаго чалавека з брыгады Асцёрскага, адразу не паверылі, што з гэтых дахадзяг хто-небудзь можа рызыкнуць
    на такі ўчынак. Але пасля дзённага пошуку па зоне і каля яе паднялі трывогу і пачалі шукаць яго па ўсім наваколлі Заудзінска. Ды толькі дарэмна: Чуркіна ўжо і след прастыў.
    Міхася выклікалі ў аператыўны аддзел, дзе пратрымалі цэлы дзень. Але паколькі прычапіцца да яго не было як, адпусцілі. Затое брыгаду без канвою за зону больш ужо не выпускалі. Цэлы дзень, як свечка, ля склада ці ў самім складзе стаяў у салдацкай форме з вінтоўкай цераз плячо ахоўнік. I амаль кожны дзень прыходзіў у склад і цэлымі гадзінамі тырчаў там аператыўнік з наганам на баку. Адным словам, Міхасю і яго людзям перасталі давяраць.
    I нарадчык Мароз, у сваю чаргу, паклікаў да сябе Міхася і пачаў яго ўшчуваць:
    — Ну, і падвёў жа ты мяне, зямляк! Я спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, а ты...
    — Дык што ж я такога дрэннага зрабіў для цябе, што ты папракаеш мяне?
    — А ты не ведаеш? Чуркіна правароніў, а значыць, падвёў і сябе, і мяне пад дурнога хату...
    — Дык што ж ты хочаш, каб я яго пасвіў і ўдзень, і ўночы? На гэта ёсць лагерная ахова. Вось няхай яна і пасе.
    — Ахова аховай, а я ўжо атрымаў суровую вымову з папярэджаннем і страціў давер у вачах начальства. Гэта ж па маёй прапанове тваю брыгаду расканваіравалі. Цяпер і брыгадзе будзе горш — зноў канвой.
    — А пры чым тут брыгада? Ён жа не са склада ўцёк, а ноччу з зоны.
    — Усё роўна на брыгаду легла пляма і на мяне таксама — за тое, што я даверыўся табе разам з усёй брыгадай, у тым ліку і Чуркіну,— тлумачыў нарадчык Мароз.
    Адбывалася гэта вясною грознага 1941 года, пра падзеі якога ніхто яшчэ нічога не ўяўляў, але ўжо адчувалася нешта нядобрае. Бо калі б Міхась ні выходзіў са склада, дзе працавала яго брыгада, а склад размяшчаўся побач з Транссібірскай магістраллю, бачыў, як кожны дзень адзін за адным ішлі цягнікі з усходу на захад, загружаныя зброяй — танкамі, гарматамі, самалётамі, а таксама байцамі. Спачатку ўсё гэта маскіравалася, а потым ішло адкрыта. I так было штодзень на працягу вясновага часу.
    НЯЎДАЛАЕ I НЯЎДЗЯЧНАЕ НАСТАЎНІЦТВА
    Недзе ў сярэдзіне сакавіка Міхася выклікалі ў КВЧ (культурна-выхаваўчая частка) Южлага і аб’явілі:
    — 3 заўтрашняга дня будзеш працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры на курсах культпалітработнікаў лагера.
    — Як гэта раптам заўтра? Гэта ж не бульбу перабіраць і не зямлю капаць. Трэба як след падрыхтавацца. Набыць падручнікі і розныя метадычныя дапаможнікі. I праграму трэба прагледзець, на аснове якой і скласці план. Выкладчыцкая работа — складаная і адказная справа. Зразумела вам гэта ці не?
    — Ты ж педінстытут скончыў, чаго табе рыхтавацца? Прыходзь у клас і гавары сваім навучэнцам тое, чаму цябе ў інстытуце вучылі.
    — Так ніхто ніколі не робіць. Нават ні адзін прафесар без падрыхтоўкі не ідзе да студэнтаў, а не тое, што я, абалванены зэк.
    — Ну добра, заўтра за дзень падрыхтуешся, а паслязаўтра прыходзь,— пайшоў на кампраміс начальнік КВЧ.
    — Гэта што, загад ці прапанова? — не супакойваўся Міхась.
    — Разумей, як хочаш. I тое, і другое.
    — Раз абавязваеце, павінен згаджацца. Прыйду...
    — Дарэчы,— працягваў начальнік КВЧ,— плата за работу будзе складацца з павышанай пайкі і прыварку. Плюс да ўсяго гэтага атрымаеш новае адзенне і абутак. А пакуль паходзіш у гэтым. Спачатку паглядзім, як будзеш працаваць.
    На гэта Міхась нічога не адказаў. Ён стаў па камандзе «смірна!» і спытаў:
    — Можна ісці, грамадзянін начальнік?
    — Ідзі, але не забывай аб нашай дамоўленасці.
    Так Міхась раптам стаў настаўнікам, ды яшчэ дзе — на курсах культпалітасветных работнікаў лагера! Але KaHep быў нечаканы. 3 горам папалам ён папрацаваў там дзесяць дзён, а на адзінаццаты клас аказаўся пусты, не было ні душы.
    — Дзе мае студэнты? — спытаў ён у прыбіральшчыка.
    — Былі, ды сплылі. Сёння ноччу іх усіх нечакана адправілі ў Мінск,— адказаў прыбіралыпчык.
    — А чаму так раптам? — дапытваўся Міхась.
    — А хто ж яго ведае. Кажуць, што немец рыхтуецца пайсці вайной на нас,— тлумачыў той.
    Калі з такім пытаннем Міхась звярнуўся да начальніка КВЧ, той адказаў:
    — Курсы працаваць больш не будуць,— і больш нічога не тлумачыў.
    — А мне што цяпер рабіць? — не разумеў Міхась.
    — Зайдзі да памочніка начальніка калоны па працы, і ён усё табе скажа. Ты свабодны.
    А начальнік па працы адказаў на яго пытанне так:
    — Ідзі да брыгадзіра тынкоўшчыкаў, будзеш тынкаваць жылыя дамы для чыгуначнікаў. Зразумела?
    — Зразумела, буду асвойваць яшчэ адну прафесію. Але спачатку хачу атрымаць тое, што мне абяцалі — новае абмундзіраванне.
    — Я табе нічога не абяцаў, а значыць, нічога і не дам. Звярніся да таго, з кім дамаўляўся.
    — Мне гэта абяцаў начальнік КВЧ.
    — Вось ад яго і патрабуй, а я тут ні пры чым.
    Начальнік жа КВЧ не стаў і гаварыць з Міхасём пра вопратку. Ён сказаў толькі адно:
    — Многа ты захацеў за дзесяць дзён працы на незакончаных курсах. Папрацуй у брыгадзе Падменнага, заслужы сапраўднай працай, а не бяздзеллем на нейкіх там курсах.