За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
Прайшоў дзень, другі, трэці... Усіх «вызваленых» кормяць, пояць, а далей ніякіх захадаў не прымаюць. На работу таксама не шлюць. Так яны пражылі не дні, а тыдні — ужо пераваліла на другі месяц. «Вызваленыя» спачатку пачалі хвалявацца, а потым і абурацца. Іх непакоіла невядомасць. Яны ўжо пачалі прасіцца на работу, ці каб адпраўлялі куды-небудзь у іншае месца, дзе патрабуюцца рабочыя рукі.
— He маем права, вы на ўліку вышэйшага начальства, а ў нас знаходзіцеся часова, да асобага распараджэння,— гаварылі ім у адказ.— Вас, можа, хутка выпусцяць.
I каб людзі не хваляваліся і паверылі ў хуткае сваё вызваленне, іх сфатаграфавалі, нібыта для пашпартоў.
Гэта была сярэдзіна лета 1940 года, калі да СССР далучаліся Прыбалтыйскія рэспублікі і Бесарабія, а менш як год назад былі ўз’яднаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна са сваімі ўсходнімі братамі, адгрымелі баі на ХалхінГоле і на Карэльскім перашыйку.
Адным словам, час для лепшага будучага не спрыяў. Пры такой сітуацыі трэба было быць дурнем, каб паверыць у нейкае вызваленне. А такіх, на жаль, было шмат. Яны верылі і спадзяваліся.
— Таварышы, ніхто не збіраецца выпускаць нас адгэтуль,— сказаў Міхась.— Нам проста пускаюць пыл у вочы. Пэўна, кудысьці ў другое месца збіраліся накіраваць, ды, відаць, з-за міжнародных абставін «замарозілі» будоўлю. I цяпер будуць трымаць нас да таго часу, пакуль не знойдуць дзюрку, якую пасля заткнуць намі.
— Правільна сказаў таварышок — мы кролікі.
— Марскія свінкі,— паправіў яго нехта.
— Пойдзем заўтра ўсім кагалам і запатрабуем у начальства яснасці: ці дамоў, ці яшчэ куды.
Калі яны зрабілі такія захады, ім зноў паўтарылі тое ж самае:
— Мы не маем права кранаць вас з месца, таму што знаходзіцеся да асобага распараджэння.
— Тады знайдзіце нам тут які-небудзь занятак, а інакш мы можам звар’яцець.
I толькі ўжо аж праз тры месяцы, у жніўні, іх пачалі выводзіць на сякую-такую працу. Спачатку прымусілі чысціць чыгуначныя пуці на станцыі Заудзінск, а пасля пачалі прывучаць да малярных работ (фарбавалі франтоны, дзверы і вокны чыгуначных памяшканняў).
Новую прафесію Міхась асвоіў хутка: праз які тыдзень ён лічыўся ўжо адным з лепшых маляроў брыгады «вызваленых». Як і ўсе іншыя зэкі, яны хадзілі пад канвоем.
Праз месяц іх пачалі ганяць у Улан-Удэ на аддзелачныя работы службовых памяшканняў. Галоўнымі з такіх аб’ектаў было памяшканне абкома партыі Бурацкай АССР, a таксама памяшканне энкавэдэ з унутранай круглай турмой.
Калі Міхасю прапанавалі выконваць малярныя работы ў турэмным памяшканні, ён катэгарычна адмовіўся.
— У турму працаваць не пайду. Хопіць з мяне ленінградскіх «Крыжоў». Самі рукі мае не падымуцца на такую работу,— заявіў ён адкрыта.
— А ў абком? — спытаў прараб.
— У абком пайду.
Сёй-той з гэтай брыгады па прыкладу Асцёрскага таксама адмовіўся дабудоўваць турэмнае памяшканне, за што ўсе яны атрымалі па трое сутак кандзею.
«БРЫГАДА УХ»
Хутка лагернае начальства зусім «забылася» на тых, каго не так даўно лічыла «вызваленымі». Калі малярныя работы былі закончаны, была ўтворана брыгада паўштрафнікоў, у якую ў асноўным увайшлі «непакорлівыя асобы» накшталт Міхася Асцёрскага. I ўзначаліць яе завочна выбралі менавіта Міхася. Калі праходзіла камедыя выбараў, ён знаходзіўся ў медпункце з выпадку апёку ў лазні. Яму сказалі, што так захацелі члены брыгады. Спачатку Міхась быў запратэставаў, а потым згадзіўся — яго ўгаварылі самі рабацягі.
— He бойся, Асцёрскі, мы табе будзем памагаць,— угаворвалі яго сябры па няшчасці.— Мы ведаем, што толькі ты можаш адстаяць нашы правы, абараніць нас ад лагерных прыдуркаў.
— Якія ж гэта такія правы вашы я буду абараняць? — пытаўся ён у «выбаршчыкаў».
— Можа, мы не так сказалі, прабач, калі ласка. Будзеш нас абараняць ад наскокаў несумленных начальнікаў.
— Адзін я нічога не змагу зрабіць. Будзем працаваць і абараняцца разам.
— Ну, разам, дык разам,— пагаджаліся людзі.
Вось так і пачалася брыгадзірская дзейнасць Міхася. Хоць і без асаблівага жадання і энтузіязму, але брыгадай ён кіраваў, і кіраваў нядрэнна. Сам ён мог і не працаваць, але гэта было не ў характары Міхася. Ён рабіў усё тое, што і члены яго брыгады, як кажуць, ішоў з імі плячо ў плячо, за што яго і паважалі рабацягі. Ды і клапаціўся ён аб сваіх падапечных не так, як іншыя брыгадзіры. Стаяў гарою за кожнага свайго рабацягу. А таму людзей, якія не выконвалі б нормы, у брыгадзе не было. А значыць, менш як кілаграм хлеба ніхто не атрымліваў. Ён стараўся забяспечыць рабацяг і адзеннем, а таксама абуткам. Гэта падабалася не толькі ім самім, але таксама і начальству. А таму яно падкідвала яму ўсіх адпетых жулікаў і слабасілкаў, мяркуючы, што, маўляў, Асцёрскі прымусіць працаваць любога. I, трэба сказаць, працавалі. Працавалі нават тыя, якія ніколі нідзе нічога не хацелі рабіць. Былі выпадкі,
калі ён выводзіў нормы тым асобам, якія за тры дні палец аб палец не ўдарылі. I вось адзін з такіх «рабацяг» неяк сказаў:
— Слухай, брыгадзір, за што ты мне пайку выпісваеш, я ж які дзень ужо нічога не раблю?
— А я гэта раблю авансам, ведаю, што ты адпрацуеш за атрыманае.
— Гром мяне забі, першага чалавека сустракаю ў такім месцы, што паверыў мне. Дзякую табе, дарагі! — і ён сам пачаў зарабляць пайку.
А гэта ж быў адпеты жулік-прафесіянал. I гэта не адзіны такі выпадак. Такіх выпадкаў было дзесяткі.
Пра брыгаду Асцёрскага хадзілі розныя чуткі-легенды: адны яе хвалілі, другія лаялі, трэція ёю палохалі тых, хто дзе-небудзь правініўся.
— A то заганю ў брыгаду Асцёрскага, там ты запяеш рэпку! — гаварылі брыгадзіры ці нарадчыкі сяму-таму з рабацяг.
Спачатку брыгада Асцёрскага выконвала самыя цяжкія работы: штабялёўка рэйкаў і шпал, пагрузка і выгрузка вагонаў з піламатэрыяламі і друзам. А таму яе ўсе баяліся і празвалі «Брыгадай ух».
Калі ж усе гэтыя цяжкія работы былі закончаны, «Брыгаду ух» паслалі на бульбяна-гародніны склад: перабіраць бульбу, буракі, маркоўку, цыбулю, часнок і інш. Вялікі склад быў запоўнены да адказу. Так што работы хапала да самай вясны.
Трэба сказаць, што за ўвесь тэрмін свайго лагернага жыцця, калі яго можна так назваць, Міхась ніколі яшчэ не адчуваў сябе такім незалежным, сытым і адносна свабодным. Па-першае, брыгада была расканваіраванай, а падругое, ён меў адносны давер з боку начальства. Тут ужо ён сам не працаваў, а толькі назіраў за працай іншых. Затое еў бульбу, моркву і цыбулю (усё гэта ў прыгатаваным выглядзе), колькі хацеў. Ніхто за ім ні з вінтоўкай, ні з пісталетам не хадзіў. Брыгаду ён сам і на работу вадзіў, і з работы прыводзіў. Праўда, ахоўнікі правяралі, але над душой не стаялі. Яны прыходзілі туды толькі тады, калі ім трэба было пажывіцца на гэтым складзе — набраць бульбы ці гародніны. А за гэта Міхась не адказваў, таму што акрамя яго там былі яшчэ два чалавекі, якія адказвалі за гэтыя прадукты: загадчык склада і кантралёр, з якімі Міхась быў у поўным кантакце. Яны разам і бульбу, і гародніну выменьвалі на прадукты харчавання з іншых складоў.
3 нарадчыкам мінчанінам Марозам і з прарабам Top-
лавым Міхась таксама быў у кантакце. Іх таксама даводзілася падкормліваць. Адным словам, і ваўкі былі сытымі, і авечкі цэлымі. Інакш у лагеры не пражывеш — сатруць, затопчуць.
Неяк аднойчы ў час справаздачы за дзень прараб Горлаў і кажа Міхасю:
— Слухай, Асцёрскі, з сённяшняга дня ты будзеш адчытвацца не за трыццаць чалавек, а за трыццаць аднаго. У брыгадзе яго не будзе,і ты ніколі яго не ўбачыш, але пайку яму ты павінен будзеш выпісваць. Ніхто пра гэта не павінен ведаць, акрамя нас двух. Зразумеў ты ці не?
— He, не зразумеў,— адказаў яму Міхась.— Як жа гэта так, не ведаючы чалавека, я павінен адрываць ад іншых і карміць нейкага невідзімку. Так я не згодзен,— запярэчыў Міхась.
— Ад іншых ты адрываць не будзеш,— пераконваў яго прараб,— гэта я бяру на сябе. Мне трэба толькі адно, каб ты трымаў яго ў спіску сваёй брыгады. Гэты чалавек калісьці мяне ад смерці выратаваў і потым на ногі паставіў, а цяпер сам трапіў у бяду — у апалу. Я яму абавязаны ўсім сваім жыццём. Можа, калі-небудзь ён і табе прыдасца. У жыцці ўсякае бывае. Падумай добра і пагаджайся.
— He ведаю, як мне тут зрабіць,— разважаў Міхась.— Ну, добра, я згодзен, але каб гэта было толькі паміж намі. Бо я не хачу, каб мяне яшчэ раз судзілі.
— He хвалюйся, я не падвяду.
Такім чынам, брыгада Асцёрскага «вырасла» яшчэ на аднаго чалавека, які лічыўся ў ёй да апошняга дня існавання самой брыгады — да сакавіка 1941 года. А такім чалавекам-невідзімкам быў Міхаіл Іосіфавіч Шпілер. Пабачыць яго нават самому брыгадзіру давялося пазней.
Неяк раз ля вогнішча, якое палала ў сярэдзіне самога склада, сядзелі ўпяцёх — загадчык склада Наздроў, кантралёр Худэнка, брыгадзір Асцёрскі, дзяжурны-ахоўнік Груздоў і сучка Мушка. Каб не было маркотна, як кажуць, часалі языкі — расказвалі анекдоты і розныя гісторыі са свайго і чужога жыцця. Па чарзе малолі языкамі. Праўда, Міхась гаварыў мала, больш слухаў. Маўчала і Мушка. Асабліва любіў малоць языком кантралёр Худэнка — украінец з Палтаўшчыны, былы старшыня райспажыўсаюза. I вось ён расказаў сваёй кампаніі пра тое, як да рэвалюцыі на Манетным двары ў Петраградзе правяралі рабочых, якія пасля працоўнага дня вярталіся дамоў. Ён расказваў пра гэта так цікава, што нават Мушка слухала ўважліва, не варушыла хвастом. А што датычыць ахоўніка, дык ён толькі гаварыў словы захаплення:
—Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! I трэба ж дадумацца!
Апавядальнік нетаропка, з усмешкай на твары расказваў:
-— Дык вось значыць, як толькі гэты рабочы ці служачы падыходзіць да прахадной, яго адразу ж — на вагу. Калі яго вага перавышае тую, з якой ён прыходзіў на работу, яго за каўнер і адразу ж — у паліцэйскі ўчастак.
— Адкуль жа ім вядома яго папярэдняя вага?
— Дык яго ж узважваюць і тады, калі ён ідзе на работу. Розніца ў вазе і ёсць тое золата, якое ён праглынуў.
— Так, мудрона прыдумана,— сказаў Асцёрскі і спытаў у апавядальніка: — I цяпер так жа правяраюць?
— He, цяпер рэнтгенам,— з тонам знаўцы адказаў той.
А ахоўнік усё паўтараў:
— Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! I трэба ж дадумацца!
Праз нейкую паўзу апавядальнік падняўся і сказаў, гледзячы на Асцёрскага: