За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
Дастаткова будзе расказаць пра адзін толькі выпадак, каб чытач уявіў сабе малюнак той жудаснай бесчалавечнасці.
ЗАБОЙСТВА
На зямлю Бураціі і ўсяго Забайкалля прыйшоў няўрымслівы чэрвень. Ярка свяціла сонца. Свяціла так, што наваколле дыхала гарачынёй. Пелі на розныя галасы птушкі, гудзелі пчолы і авадні. Луг і поле пакрыліся рознакаляровымі кветкамі. Паміж прыземістых траў і кветак бачны былі высокія, пруткія і заманлівыя сцяблінкі палявога часнаку — адзінага ратавальніка ад цынгі. Як быццам ён, часнок гэты, сам прасіўся ў рукі, але... Але ўзяць яго не было як — няма дазволу ад канваіра-ахоўніка. А канваір жа, як на грэх, трапіўся службіст. Дарэчы, ён быў ці то калмык, ці то казах — па-руску гаварыў слаба, у выразах дапускаў памылкі.
У час перакуру, а было гэта на беразе хуткаплыннай празрыстай Селенгі, суровы і негаваркі канваір-ахоўнік нечакана для дахадзяг улічыў просьбу брыгадзіра і дазволіў брыгадзе пабоўтацца ў водах гэтай ракі. Дазволіў, але папярэдзіў:
— Далёка не заплываць і не тапіцца, інакш страляць буду.
— А навошта ж тады страляць, калі ўтопімся? — падкалоў хтосьці з дахадзяг.
— Усё роўна страляць буду,— не разумеючы кпіны, накіраванай у яго адрас, паўтарыў пільны канваір.
А калі купанне. закончылася і той-сёй пачаў на месцы перакуру рваць палявы часнок і адпраўляць яго ў рот, канваір папярэдзіў:
— Тры крокі наперад, тры крокі назад, столькі ж направа і налева — страляць буду! Апраўляцца прама на мяне.. Зразумела?
— Зразумела — апраўляцца прама на цябе,— у канваіра зноў паляцела новая кпіна.
Цяжка сказаць, зразумеў канваір яе сэнс ці не, але,
моцна трымаючы вінтоўку, стаяў, як прыбіты да зямлі.
А забароненае зелле прыцягвала позірк зняволеных дахадзяг, ды толькі кожны з іх баяўся маўклівага вартавога. I ўсё ж такі знайшоўся адзін смяльчак, які паўзком перасягнуў забаронену.ю зону і пачаў збіраць у жменю часнок. Але не Паспеў ён разагнуцца і пакаштаваць яго, як прагучаў стрэл, і збіральнік зелля адразу ж упаў галавой на зямлю. Яшчэ не ўсе зразумелі, што адбылося, а грозны, азвярэлы вартавы закрычаў на ўсю моц:
— Лажыцца! Усе лажыцца! Інакш страляць будзеш! Галавой да зямлі. Лажыцца!
Хоць яшчэ і не ўсе паспелі зразумець, што адбылося, але загад выканалі: усе ляглі тварам да зямлі.
— Брыгадзір! — скамандаваў вартавы.— Хутка ідзі на вахту і далажы дзяжурнаму аб тым, што тут здарылася.
Зона была недалёка ад месца здарэння, а таму праз паўгадзіны прыбылі туды аператыўнік, следчы і ўрач-эксперт. Яны пакраталі, павярнулі нябожчыка на другі бок, памералі рулеткай адлегласць, якую перасягнуў нябожчык, склалі акт і падпісалі яго. Усім загадалі сесці і чакаць далейшых загадаў. Так яны прасядзелі з гадзіну. За гэты час двое ўзброеных ахоўнікаў і адзін зняволены — возчык — прыехалі на кані, запрэжаным у звычайныя калёсы, паклалі нябожчыка і павезлі на могілкі для зняволеных. Адначасова быў заменены і канваір-забойца. Як пасля высветлілася, яго перавялі на другую камандзіроўку, каб ён тут больш «не мазоліў вочы».
Пасля ўсіх гэтых працэдур брыгадзе загадалі падняцца і прадаўжаць работу. Але з месца ніхто не скрануўся. Гэта быў аднадушны пратэст супраць свавольства пільных ахоўнікаў-забойцаў.
— Ідзіце працаваць! — камандаваў новы канваір.
— Няхай забойца працуе,— пачуліся дружныя галасы ў адказ.
— Вінаваты будзе пакараны, калі ён сапраўды вінаваты,— тлумачыў новы канваір.— Але вы павінны працаваць!
Аднак намаганні канваіра былі дарэмнымі. Тое ж самае пачуў і прараб, які прыйшоў на выручку новаму канваіру. Да канца рабочага дня ніхто не зрушыўся з месца і не варухнуў рукой. Ніхто за гэта не быў пакараны, акрамя брыгадзіра: яго знялі з брыгадзірскай пасады.
Хто ж стаў ахвярай гэтага службіста-кар’ерыста, тупога забойцы? To быў рабочы, токар з Гомсельмаша, якога следчыя абвінавачвалі ў падрыхтоўцы дыверсійных актаў на родным заводзе. Сапраўднай жа прычынай арышту
было тое, што яго, прыгажуна, прыраўнаваў да сваёй жонкі майстар. Сам жа Пятро Камянюк да свайго арышту не паспеў нават ажаніцца, ён меў усяго 22 гады.
НЯСПРАЎДЖАНЫЯ ЎЦЁКІ
Тое, што адбылося сярод цёплага чэрвеньскага дня, недаяданне і звязаныя з ім хваробы цяжкім каменем асядала на сэрцы Міхася і яго сяброў. Яны цяпер падоўгу гаварылі між сабою, раячыся, што рабіць далей.
— Пэўна, не дажыць нам да зімы,— гаварыў Міхась сваім сябрам,— а калі і дажывём, дык зіма нас даканае.
— Дык што ж, браточкі, рабіць будзем, га? — пытаўся ў сяброў Іван Чуркін.
— Што? — перапытаў Міхаіл Чумакоў.— А вось што: трэба даваць цягу, пакуль яшчэ ходзяць ногі.
— Куды даваць цягу? — не разумеючы гэтых слоў, спытаў Міхась Асцёрскі.
— Хоць куды, а адгэтуль трэба даваць драла,— гаварыў Чумакоў.— Я пра гэта даўно ўжо думаў, толькі ўсё неяк не адважваўся гаварыць вам.
— Калі ўжо гаварыць шчыра, дык і я ўжо не раз пра гэта думаў,— прызнаўся Чуркін.
— Што праўда, то праўда, цяжка нам тут,— як быццам згадзіўся з сябрамі Асцёрскі,— толькі вось уцякаць няма куды. У нас і пад зямлёй знойдуць. Гэта вам не Афрыка, не Паўднёвая Амерыка і нават не Азія. У нас цяпер — шпік на шпіку і шпікам паганяе. Улічылі вы гэта, казакі, ці не?
— У вас на Беларусі ці ў Ленінградзе, дзе ты ў апошнія гады жыў, можа, і так, а ў нас, на Доне, схавацца і часова замаскіравацца можна,— пераконваў яго Чумакоў.— Нам бы толькі дабрацца туды, а там дапамогуць.
— Я такой жа думкі,— пагадзіўся Чуркін.
— Ведаеце што, хлопцы? — зноў загаварыў Міхась.— Каб рызыкнуць на такую справу, трэба мець сродкі і яшчэ нешта. Ну, хоць на 2—3 дні харчавання якога. А шлях жа доўгі і цяжкі. Нам прыйдзецца пераходзіць праз адгор’е Саянаў, а можа, і цераз іх вяршыні. Акрамя гэтага, тайга, рэкі і іншыя перашкоды.
— Дык што ты прапануеш? — спытаў Чумакоў.
— А вось што. Мне хутка павінна прыйсці пасылка і грошы ў яе таемніках. Пра гэта мне паведамілі ў пісьме. Як толькі атрымаю, так адразу ж і пойдзем. Згодны?
— Няхай будзе па-твойму,— у адзін голас заявілі «казакі».— Трошкі пачакаем. А можа, хто-небудзь і нам што падкіне.
На гэтым і пагадзіліся.
Прыблізна праз тыдзень пасылку сваю Міхась атрымаў. У пасылцы, як ён і гаварыў сваім сябрам, былі і грошы.
Ад вялікай радасці ён паклікаў да сябе сяброў, і яны ўтрох пачалі ўмінаць сала з сухарамі, якія размочвалі ў сырой вадзе. Гэтай жа вадой яны і запівалі смачную ежу. Прайшло некалькі гадзін, і ў Міхася спачатку забалеў жывот, а потым адкрыўся страшэнны панос. I яго зноў адправілі ў лазарэт, хоць ён і супраціўляўся.
Міхась так раззлаваўся на прысланае сала, што ўсё раздаў сябрам і суседзям па нарах. А як пасля высветлілася, сала не было вінаватым. Міхасёва памылка была ў тым, што ён запіваў ежу сырою і не зусім чыстай вадою. Доказам таму з’явіўся кавалачак сала, які ён пакінуў на ўсякі выпадак і які потым дапамог яму вьілечыцца ад гэтай праклятай хваробы.
3 лазарэта Міхась ужо не трапіў на ранейшую калону, а значыць, і да сваіх сяброў, з якімі збіраўся ў далёкую дарогу. Ён прасіў дактароў пайсці яму насустрач, але дарэмна. Яны былі незнаёмыя. А раз так, то ідзі туды, куды скажуць. Там ты — рабочае быдла, якому не дазволена ні думаць, ні распараджацца сабой. Дзе больш патрабуецца рабочага цягла, туды цябе і піхнуць. He здольны працаваць-хабаціць, як гэта хочацца гаспадару — на звалку. Дарэмна карміць ніхто цябе не будзе. Адным словам, там ты — не чалавек, а рабочая жывёліна.
«Было б за што,— думаў Міхась,— a то ні за нюх табакі. Вунь яны, крымінальнікі — зладзеі, забойцы, рабаўнікі, бандзюгі,— яны ведаюць, за што іх сюды прывезлі. Яны і тут ходзяць па галовах, гэтыя «бытавічкі», а ты вось і канцы аддасі ў невядомасці».
Ішоў жнівень 1939 года. Мінула роўна два гады, як Міхась пазбавіўся волі, перастаў быць чалавекам. Ён яшчэ ў лазарэце пачуў, што Яжова не толькі знялі з пасады, але аб’явілі «ворагам народа».
— Вось гэты тыпус сапраўды заслужыў такога звання,— удумліва сказаў адзін сусед Міхася па бальнічным ложку.— Гэту гадзіну мала расстраляць — чацвертаваць трэба!
— He хвалюйся, гэта і без нас з табой зробяць,— умяшаўся другі.— Цяпер Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя навядзе
парадак. Нас, невінаватых, павыпускае, а на наша месца пасадзіць тых, хто нас саджаў.
— А па-мойму,— не стрымаўся Міхась,— і мы будзем тут і яшчэ прыгоняць тых, хто нас саджаў.
— Такога не можа быць,— не згадзіўся сусед.
— Што ж, пажывём — пабачым.
I на самой справе, пайшлі чуткі, што сяго-таго пачалі выклікаць для адпраўкі дамоў. Каго па скарзе, а каго і проста так. Міхась падумаў: «А што, калі і мне напісаць новую скаргу, толькі ўжо на імя Берыі? Можа, і разбяруцца». Ён тут жа набыў два лісты паперы і адразу ж напісаў на імя новага наркома новую скаргу. Ён паверыў у яго справядлівасць і сумленнасць. Бо яшчэ ў інстытуце, на палітзанятках, вывучаў яго працу па гісторыі ВКП (б) — «Некоторые вопросы нсторнн болыпевнзма в Закавказье».
ЖОРСТКАСЦЬ
Праз нейкі час, не дачакаўшыся адказу, ён пасылае яшчэ адну, ужо дзесятую па ліку скаргу, толькі ўжо на імя Сталіна. Адначасова ён піша і жонцы Таісе. Дарэчы, ён пісаў ёй кожны месяц, але ад яе — ні слова. Думаў, можа, цяпер, калі памяняліся наркомы і адкрыта на партканферэнцыі былі асуджаны дзеянні Яжова і яго хеўры, перастане маўчаць і Таіса. Але дарэмна — і на гэтыя пісьмы адказу не было. Міхась думаў: «У чым прычына?»
А з Таісай адбывалася вось што.
He прайшло і года пасля арышту Міхася, як у доме, дзе жылі Асцёрскія, памяняўся домакіраўнік. Новым кіраўніком стаў былы работнік органаў унутраных спраў, маёр у адстаўцы Рэдзькін Андрэй Мітрафанавіч. Яго звольнілі з органаў тады, калі быў зняты з паста наркома сам Яжоў і пакончыў жыццё самагубствам начальнік Ленінградскага аддзялення НКВД Закоўскі. Новы нарком ачышчаў сваё ведамства ад яжоўцаў і на месца іх уладкоўваў сваіх людзй. Рэдзькін адрабіўся лёгкім спалохам: яго выпіхнулі з органаў і выключылі з радоў ВКП(б). Калі пра ўсё гэта даведалася жонка, то адразу ж пакінула яго. Навошта ён такі цяпер? Яна знайшла сабе другога са званнем і пасадай, а яго папрасіла вызваліць кватэру. Пасля некалькіх месяцаў жыцця без кватэры і без працы ён уладкаваўся домакіраўніком, дзе меў маленькі службовы пакойчык, у якім і жыў.