За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
целя. Той зразумеў, што зваршчык не жартуе, давай уцякаць цераз колавыя пары, якія падрыхтаваў Міхась, і розныя іншыя жалязякі. А Міця — за ім. Так яны бегалі мінут дзесяць, пакуль не ўмяшаўся ахоўнік.
— Я табе пакажу «контрыка», падонак, шакал! — крычаў зваршчык.— Патрыёт знайшоўся. Вырадак роду чалавечага!
— Міця, кінь свае цацкі, я гэта так, а ты і за сур’ёз прыняў,— прасіў яго крыўдзіцель.
— Я пакажу табе жартачкі, паразіт, гніда! — не супакойваўся Гарбуноў.
Усім калектывам, разам з ахоўнікам, яны ледзь-ледзь супакоілі раз’юшанага электразваршчыка.
— Дзмітрый Мітрафанавіч,— звярнуўся да яго Міхась,— кінь ты гэтага неразумнага байструка. He пэцкай аб яго свае чыстыя рукі. Гэта ж неразумная істота.
— Ад такіх істот трэба ачышчаць зямлю! Ці не з-за іх мы і пакутуем тут з ярлыкамі «контрыкаў» і «ворагаў народа». Бачыш, друг народа знайшоўся!
I калі ўжо той супакоіўся, Міхась падсеў бліжэй да яго і асцярожна спытаў:
— Скажы, Міця, што табе прыпісвалі, калі ўзялі ў «вожыкавы рукавіцы?»
— Нават прызнацца сорамна,— адказаў той.— Мая сястра была замужам за сакратаром Свярдлоўскага абкома партыі Кабаковым. Кабакова ўзялі і, кажуць, расстралялі, а сястры далі 10 гадоў, як жонцы «ворага народа». Пасля ўзялі і мяне, прама з завода. I таксама дзесяткай узнагародзілі. Ну, няхай сабе жонка,— гэта, як кажуць, «муж я жена — одна сатана». А мяне, патомнага рабочага, за што? Я гэтага Кабакова адзін раз за ўвесь час і бачыў, ды і то толькі на вяселлі. Яны жылі ў Свярдлоўску, а я ў Алапаеўску. Ніводнага разу ні я ў іх, ні яны ў мяне нават у гасцях не былі. I вось я «па-сваяцку» апынуўся ў ліку «контрыкаў», ці «ворагаў народа». Ты разумееш, крыўдна да слёз, а ён яшчэ, гэты «друг народа», абзывае мяне «контрыкам». I дзед, і бацька, і я працавалі на гэтым заводзе, а цяпер піша жонка, што і сын мой пайшоў туды ж. А ён «контрыкам» абзывае мяне, погань!
— Пабольш бы такіх «контрыкаў», як ты, Міця, дык даўно ўжо не толькі сацыялізм, але і камунізм пабудавалі б,— супакойваў яго, як мог, Міхась.
А Міхасёва слава расла. Аднойчы ён выпадкова трапіў у канцылярыю дэпо па нейкім пытанні і чуе, як начальнік дэпо з кімсьці гутарыць па тэлефоне і называе яго проз-
вішча. Міхась насцярожыўся і пачаў прыслухоўвацца. — Вагоны глядзелі? — нехта пытаўся ў начальніка.
— Глядзелі,— адказвае начальнік.
— А колы?
— Таксама глядзелі.
— Асцёрскі глядзеў?
— Глядзеў.
— Ну, тады ўсё будзе ў парадку,— сказаў той.
А вагоны, пра якія ішла гутарка, былі ўрадавыя. Іх было два. У той час якраз чакалася ўрадавая дэлегацыя з удзелам замежных гасцей.
— Бачыш, Асцёрскі, якую ты славу займеў? Сам начальнік дарогі ведае цябе і верыць табе.
— Гэта мяне не радуе, паверце мне, грэшнаму,— адказаў яму Міхась.— Ёсць такая руская прымаўка: «Дальше от царей — будешь целей». Вось такой думкі прытрымліваюся і я.
Можа б, такая пахвала з боку начальства каго-небудзь і ўзрадавала, але толькі не Міхася. Па-першае, яму не пахвала трэба была за калючым дротам, а свабода — тая свабода, для якой ён нарадзіўся на свет; па-другое, яго прафесія — не вагонныя колы і не буксы, а выхаванне школьнага пакалення і само мастацкае слова.
Па натуры і па прызванні Міхась — паэт і настаўніквыхавацель. А з іншымі прафесіямі ён сутыкаўся і сутыкаецца толькі для таго, каб не памерці з голаду. Ды і не сам ён іх выбірае. Яго вымушаюць мець справу з імі. А працаваць жа ён прывык з дзіцячых гадоў. Любоў да працы, якой бы яна ні была, прышчапіў яшчэ яму — падлетку — бацька. I з таго далёкага часу ён не цураўся ніякай працы, толькі б яна прыносіла карысць чалавеку. Ці гэта на лесапавале, ці на землякопцы, ці з сякерай на цяслярных работах, на слясарным верстаку, ці ў кузні, ці за такарным станком — усюды працаваў ён сумленна і самааддана, акрамя тых момантаў, калі па стане здароўя выходзіў са строю.
Яшчэ мучыла Міхася тое, што родныя мясціны з бацькамі заставаліся ад яго адрэзанымі. I ён другі раз вырашыў напісаць заяву ў Дзяржаўны Камітэт Абароны з просьбай накіраваць яго на фронт. Пасля гэтага ён з дня на дзень чакаў выкліку, але не дачакаўся. Замест выкліку ён месяцы праз тры атрымаў афіцыйны лаканічны адказ: «У просьбе адмовіць». Такі адказ для Міхася быў яшчэ адным цяжкім ударам. «Ну, няхай сабе пазбавілі мяне правоў свабодна жыць і працаваць, дык нават і абараняць краіну ад фашысцкіх захопнікаў...» — думаў ён, лежачы на нарах лагернага барака.
На першую сваю заяву-просьбу, якую ён пісаў яшчэ аж у жніўні 1941 года, ён наогул не атрымаў ніякага адказу. I гэта, можа, было для яго лягчэй. Думаў, што яна не дайшла да адрасата — згубілася недзе ў дарозе. Бо гэта было на пачатку вайны. А цяпер жа ўсё было па-іншаму. Першыя месяцы разгубленасці даўно ўжо мінуліся, ішоў 1943 пераломны год, Як-ніяк, а настрой у Міхася быў панылы.
ЮНЫ СЯБАР
Неяк улетку 1942 года, калі Міхась ужо працаваў самастойна і карыстаўся сякой-такой рэпутацыяй сярод кіраўніцтва дэпо і наогул чыгуначнага начальства, майстар прывёў да яго зусім яшчэ юнага, шаснаццацігадовага хлапчука і сказаў:
— Міхась, я вось памочніка табе прывёў. А дакладней — вучня. Гэта сын нашага паважанага цесляра-столяра Ступнікава Івана Васілевіча. Зрабі з яго калёснага токара. Ён — хлопец кемлівы.
— Рыгор Сцяпанавіч, няўжо вы для гэтага хлопца не знайшлі лягчэйшага чаго-небудзь? — не згаджаўся Міхась з майстрам.— Гэта ж рабацёнка не па яго сіле. Вы ж бачыце, што ён зусім яшчэ дзіця.
— Дык што, не згаджаешся браць у свае памочнікі?
— Ды не ў гэтым рэч, Рыгор Сцяпанавіч. Калі ўжо вам пажадалася ўладкаваць гэтага хлапчука на шыечны станок, я не ў сілах адмовіцца,— тлумачыў Міхась майстру.— Справа ў тым, што ён не пацягне такой фізічнай нагрузкі. Калі ўжо вам так хочацца зрабіць з яго токара, то пастаўце яго вучыцца такарнай справе на універсальны станок. Даручыце гэту справу спрактыкаванаму токару Паўлу Крысіну, у яго якраз і вучняў няма.
Майстар пастаяў з мінуту, падумаў і пагадзіўся з прапановай Міхася.
— Праўду кажаш, Асцёрскі. Так я, пэўна, і зраблю. Замест свайго Шуркі пастаўлю вучыцца яго на універсальным. Толькі пайду ўзгадню з начальнікам дэпо.
Назаўтра гэты хлапчук, якога звалі Міколам, як і малодшага брата Міхася, ужо стаяў ля універсальнага станка і ўстаўляў у патрон дэталь, замацоўваў яе і нясмела пачынаў абрабляць. А кіраваў працэсам яго вучобы спрактыкаваны токар Павел Крысін.
Хлопец і сапраўды аказаўся кемлівы. Праз пару дзён ён пачаў ужо сам выконваць нескладаныя такарныя работы,
як, напрыклад, апрацоўка і нарэзка звычайных балтоў. А пасля настаўнік пачаў даручаць свайму вучню і большменш складаныя работы. За тры месяцы ён у асноўным засвоіў усе працэсы такарнай працы на гэтым станку і пачаў працаваць самастойна.
Яшчэ вучнем Мікола падыходзіў да Міхася, і яны гутарылі аб розным. Ён даведаўся пра тое, што Міхась па прафесіі настаўнік, ды яшчэ і славеснік. А Мікола якраз рыхтаваўся паступіць у сёмы клас вячэрняй школы. Яго бацька забраў з шостага класа дзённай школы, каб пасадзіць сына на ўласны хлеб. Міхась паабяцаў яму дапамагчы ў падрыхтоўцы і, трэба сказаць, абяцанне сваё выконваў.
Цяпер Мікола і працаваў, і вучыўся. Калі з чым не спраўляўся ў вучобе, заўсёды звяртаўся да Міхася, і ён ніколі не адмаўляў яму ў яго просьбе. Асабліва гэта датычылася такіх прадметаў, як мова, літаратура, гісторыя, геаграфія. Мікола ж, у сваю чаргу, прыносіў Міхасю свежыя газеты, часопісы, а таксама і кнігі. I ў дадатак да ўсяго гэтага — навіны з волі. Так і пачыналі яны жыць спдрша як настаўнік з вучнем, а потым ужо і як бацька з сынам. Бо да роднага бацькі ён адносіўся з нейкім халадком і недаверам. I гэта не выпадкова. Тут былі важкія прычыны: той у свой час пакідаў сям’ю — уцякаў ад жонкі і дзяцей, спачатку ў Кузнецк, а потым і ў Нарыльск, дзе яны ледзь знайшлі яго і самі прыехалі да яго са сваёй роднай вёскі Канскага раёна Краснаярскага краю. Нават калі яны зноў і ўз’ядналіся, усё роўна жыцця не было. Ад такога няскладнага, пакутніцкага жыцця маці захварэла на сухоты і хутка памерла, пасля чаго бацька прывёў у хату, якую сам, сваімі рукамі зрабіў, другую жанчыну. Дзеці — сын і дачка — неўзлюбілі мачыху і яшчэ халаднейшымі зрабіліся ў адносінах да бацькі. I вось Мікола быў вельмі рады, што Міхась цяпер мог замяніць яму не толькі настаўніка, але і роднага бацьку. Ён убачыў у ім чалавека, на якога заўсёды можна абаперціся і якому заўсёды можна верыць.
Неяк раз у начную змену яны разгаварыліся, і Міхась спытаў у Міколы:
— А ты, Міколка, камсамолец ці не?
— He, не было калі ўступаць.
— У тваім узросце трэба быць у гэтай маладзёжнай арганізацыі...
— Пагавару з сакратаром. Толькі ж да гэтага трэба рыхтавацца. Могуць яшчэ і не прыняць.
— Я, былы камсамолец са стажам, памагу табе.
Праз нейкі час Мікола прыйшоў у цэх вясёлы, з усмешкай на твары.
— Во ён,— паказаў на камсамольскі білет у чырвонай вокладцы Мікола.
— Віншую, дружа! — паціснуў яму руку Міхась.— А ты баяўся. Пачакай, яшчэ і ў партыю падрыхтуемся.
— Куды мне ў партыю! Туды прымаюць не такіх.
— А якіх жа?
— Ну, як табе сказаць? Асаблівых.
— Вось ты і будзеш асаблівым.
Як і раней, у няволі Міхась нікому, акрамя як мардоўскаму паэту, не прызнаваўся, што піша вершы. А Міколу недзе праз год асмеліўся прачытаць некалькі сваіх вершаў.
— Як здорава! — гаварыў з захапленнем Мікола.— Шкада, што я не магу чытаць па-беларуску. Але ж галоўны сэнс усіх гэтых вершаў я разумею. Калі можаш, перакладзі для мяне на рускую мову хоць парачку з гэтых вершаў,— папрасіў ён.
Міхась паспрабаваў зрабіць пераклад, толькі адчуў, што атрымалася не тое.
— А цяпер ты пішаш ці не? — пытаўся Мікола.
— Амаль што не. Ты ж ведаеш, што нам забараняюць. Баюся, каб яшчэ раз не прышылі контррэвалюцыю. Тым больш што пішу па-беларуску. У час шмону знойдуць, і мне — крышка,— тлумачыў, як мог, Міхась свайму юнаму сябру.
— А ты напішы, дай мне, і я зберагу.
— He, Міколка, не хачу я ўблытваць і цябе ў сваю справу. Бо ты толькі яшчэ пачынаеш жыць. He трэба яшчэ адной ахвяры. Хопіць і тых, што ўжо ёсць. У цябе яшчэ ўсё наперадзе.
Праз нейкі час, а гэта было ўзімку 1944 года, Мікола прыйшоў да Міхася і сказаў: