• Газеты, часопісы і г.д.
  • За родную мову й праўдзівы назоў  Ян Станкевіч

    За родную мову й праўдзівы назоў

    Ян Станкевіч

    Выдавец: Інбелкульт
    Памер: 742с.
    Мінск 2013
    251.47 МБ
    Зачынена дарога да сьветла навукі, настаў зьдзек над асобай чалавека, адабрадзена воля, край абернены ў адну вялікую турму.
    Дык што-ж рабіць? I людзі заліваюць сваё гора й тугу па лепшым жыцьці гарэлкаю. А яна зроблена надта даступнаю: па мястох на кожным кроку „польскія шынкі“, а па местачках мясцовыя паны й паўпанкі паадчынялі корчмы. Гэтак борзда шырыцца польская культура.
    Ведама, што ад п’янчаньня людзі прапіваюць сваё здароўе, прапіваюць лад і супакой у хаце, прапіваюць розум.
    Але прапіваюць яшчэ свой дастатак і грошы. Што прапіў, тага не асталося. Але ня толькі што не асталося. Каб так тое прапітае згінула й не дасталося нікому, дык яшчэ было-б поўбяды. Але ўсё, што аддае наш народ на гарэлку, ідзе ў скарб чужога, ў даным прыпадку, польскага гаспадарства. Усім ведама, што сама гарэлка мала стоіць, але акцыз вялікі, а ён ідзе ў польскі скарб. На гэты акцыз удзержуецца паліцыя, жандары, раённыя начальнікі і г.п., з яга даюць падмогу польскім калёністым. Вось каму памагае беларускі гаротнік, прапіваючы свае грошы.
    Ці хочам мы, каб наш народ памагаў сваім непрыяцелям? He, ня хочам! Ня знойдзецца такога Беларуса, які адказаў-бы начай. А калі так, дык пастараймася, каб Беларусы перасталі піць. Адкіньма ад сябе прышчэпленую нам маскоўскім уплывам неактыўнасьць, пры якой адным жаданьнем усё канчаецца. Мы гэтага дапнём, калі будзем працаваць у гэтым кірунку. Бярэма прыклад з іншых народаў. Паглядзема, што робяць Індусы, каб не памагаць сваім непрыяцелям Англічанам. Яны байкатуюць добрыя англіцкія тавары, якія з любатой кожны насіў-бы. А ці-ж мы ня зможам байкатаваць польскае гары, атруты, якую нам прывозяць ажно з Пазнані?! I ці-ж Англічане так уціскаюць Індусаў, як нас Палякі? Англіцкая няволя ў прыраўнаньні з польскаю здалася-б свабодаю.
    Павінна вайну з польскім алькаголем пачаць беларуская інтэлігэнцыя, студэнты вышэйшых і сярэдніх школ, вучыцельства.
    Трэба пачаць з самых сябе. Іншы скажа, што ён ня п’янчыцца, але так у гасьцёх ці ў кампаніі вып’е чарку, другую. Але гэтай чаркаю ты так сама памагаеш Паляком.
    Апрача тага, даеш благі прыклад іншым, якія п’юць не па чарцы. Няго-ж ты дзеля Бацькаўшчыны ня можаш адрачыся гэтае чаркі? Можаш! I калі запраўды любіш свой народ, дык адрачэшся.
    Ашчаджаныя пры цьвярозасьці грошы можна будзе аддаць на духоўнае й матар’яльнае дабро нашага народу, інакш кажучы, самым сабе, на асьвету й інш.
    Зараз павінна паўстаць студэнскае беларускае таварыства цьвярозасьці, якое няхай гукне да арганізаваньня ўсюды падобных таварыстваў паміж беларускім студэнствам, вучанікамі, вучыцялямі, сялянствам і г.д.
    Цьвярозасьць павінна стаць адзнакай кожнага Беларуса.
    He памагайма нашым непрыяцелям
    Часта здараецца чуць, што якісь Беларус кажа: „Быў, купіў, вучыўся ў Польшчы або Расеі“. Папытаешся, дзе, ў якім месцы гэта было, і даведаешся, што йдзе гутарка аб Вільні, Новагарадку, Лідзе, Горадне, Віцебску, Магілеве й г.п.
    Гэткім парадкам, мы сваю Бацькаўшчыну называем чужым краем. Робіцца гэта незнароку, але так па беларускаму звычаю рабіць і казаць абы як.
    „Усё роўна“, як ні скажу, думаюць некаторыя і кажуць так, як ім надзьмухала ў вушша польская ці маскоўская адміністрацыя. А рэзультат ад гэтага казаньня „абы як“ бывае вельмі нягодны. Мы прывучаемся глядзець на свой родны край, як на чужую зямлю. Прывучаемся няўпрыцям самым сабе, але прывучаемся.
    А тымчасам належнасьць часьці ці ўсяе Беларусі да тага ці іншага чужога гаспадарства нашае Бацькаўшчыны яшчэ не касуе. Няма Беларусі як асобнага гаспадарства, але ёсьць як асобны народ, як этнічная, тэрытарыяльная й інш. цэласьць, якая астанецца назаўсёды, як бы нас не дзялілі.
    I часьць Беларусі ё так сама Беларусь.
    Дык пад якое чужое гаспадарства часьць беларускае зямлі ня лучыла, гэта ўсё будзе Беларусь.
    Беларусь ё ўся зямля нашага народу ад Дарагабужу да ракі Наравы за Беластокам. I дзе-б ты ня жыў, ці ў Вялікіх Луках у Пскоўшчыне, ці ў часьці беларускае Арлоўшчыны й г.д., ці ў местачку Ліпску Сувалскае губ., ты жывеш у сваёй Бацькаўшчыне Беларусі.
    He памагайма нашым непрыяцелям, не забівайма самі ў сабе назову й паняцьця нашае Бацькаўшчыны. I дробнае абмылкі трэба сьцерагчыся, але называць сваю Бацькаўшчыну чужым імем — гэта ня дробная абмылка.
    Дык кажэма добра самі й перасьцерагайма іншых.
    Свая дарога
    Гаспадарасьцьвены й нацыянальны ўпадак Беларускага Народу пачаўся з тага часу, як Беларусы пачалі палітычна хістацца паміж Масковіяй і Польшчай. Тая ці іншая орыентацыя, тая ці іншая апека прыносіла адны толькі шкоды й страты. У часе-ж пасьлейшае векавое нацыянальнае несьвядомасьці гэтае хістаньне перайпіло ў нейкую трасцу; інтэлігенцыя, адчасьці-ж і просты народ гаручкава перліся адны у адзін, другія ў другі бок, пагноючы сабой маскоўскае ці польскае поле.
    Ачуняваньне ад гэтае хваробы пачалося з беларускім рухам. Піонэры беларускага адраджэньня добра ўцемілі, што толькі свой, незалежны ад Масквы й Полыпчы, беларускі кірунак выведзе беларускі народ да свабоднага нацыянальнага жыцьця. „Ні Масква, ні Полыпча, а Беларусь“ — стала лёзунгам беларускага адраджэньня. Беларускаму адраджэнцу прыходзіцца на кожным кроку весьці барацьбу з палякамі й маскалямі за паняволеныя імі беларускія душы. Куды ты ня кінься, ўсюды знаходзіш перашкоды з боку польскае ці маскоўскае захопнасьці. Адгэтуль зьявіўся зразумелы антагонізм. Гэтае перакананьне ў патрэбе свайга незалежнага кірунку, сваіх беларускіх імкненьняў сталася натолькі агульным, што яно азначае нацыянальную сьвядомасьць кожнага беларуса. 3 гэтай сьвядомасьцяй прыродна лучыцца барацьба з польскай ці маскоўскай захопнасьцяй, з польскімі ці маскоўскімі ўплывамі, бо немагчыма, любячы сваё роднае, адначасна не бароцца з тым, хто над ім зьдзекуецца. Сьвядомы беларус заўсёды ведае двух непрыяцеляў; беларусы-ж аднастароньнія, тыя, што бачаць непрыяцеляў у палякох, але ня бачаць адначасна ў маскалёх ці наадварот, увесь час адлучаюцца ад справы свайга народу й гінуць.
    За некалькі гадоў акупацыі заходніх беларускіх зямель палякі зьдзекамі над беларускім народам вызвалі да сябе вялікую ненавісьць у гэтага народу. Гэтая ненавісьць, як адказ за зьдзекі, сусім прыродная й разумная. Проці гэтае ненавісьці нельга нічагусенькі сказаць. Балей навет, мы мусім пастарацца (хоць тут ляпей за нас стараюцца самі палякі), каб наш народ у кожную часіну ўсімі жыламі сваймі ненавідзеў сваіх непрыяцеляў. Гэта будзе яму падмогаю ў абароне.
    Мэтаю беларускага руху ё асвабаджэньне беларускага народу; барацьба з палякамі гэта толькі абарона і сяродак да асвабаджэньня. I калі-б палякі былі зьніштожаны, але Беларусь не адрадзілася, не асвабадзілася, дык з гэтагаўцеха была-б малая. Гэта значыла-б тое самое, што памяняць адны зялезьзі (кайданы) на другія. Дзеля гэтага, ненавідзячы палякоў, мы ня маем за што любіць маскалёў, бо ведаем, што яны такія самыя нашыя непрыяцелі, як і палякі. Маскалі захапілі ў сваю няволю 2/3 Беларусі. 3 усіх гэтых зямель толькі ў невялічкай частцы, 6-ёх паветах Меншчыны, якія складаюць т.зв. Радавую Беларускую Соцыялістычную Рэспубліку, дадзена сякая-такая магчымасьць працы беларусом. У Віцебшчыне, Магілеўшчыне, Смаленшчыне й інш. вядзецца і з нацыянальнага боку над беларусамі зьдзек ня меншы, чымся польскі зьдзек у заходняй Беларусі. Уся розьніца толькі ў тым, што маскалі ўціскаюць цэнтральную і ўсходнюю Беларусь, а палякі заходнюю.
    Аднак пад польскім уціскам многія беларусы ня толькі забываюцца аб гэтым, але выглядае, што ў іх быццам зьяўляецца навет нейкая прыязьнь да маскалёў. Апрача тых, што доляючыся з палякамі не забываюцца й аб маскоўскім непрыяцелі, ё цяпер у заходняй Беларусі дваякія беларусы. Адны, выносячы на сабе польскі ўціск, як бы забыліся аб другім непрыяцелі, маскоўскім, другія — у якіх „сьвядомасьць“ прабудзілася толькі пад польскім уціскам. Сьвядомасьць для іх — гэта тое самае, што барацьба з палякамі. Каб стаць на іхнае гледзішча, дык выглядала-б так, што беларускі рух існуе толькі дзякуючы польскаму ўціску. Няхай бы шчэзьлі палякі, дык яны ня бачылі-б ніякае мэты ў сваёй працы й барацьбе. Барацьбы з маскалямі гэткія беларусы ня цемяць і не вядуць, нягледзячы на тое, што каб яны былі запраўды сьвядомымі, дык мусілі-б весьці гэтую барацьбу з маскоўскімі ўплывамі навет у заходняй, акупаванай палякамі, Беларусі. Гэтыя апошнія беларусы яшчэ духоўна не асвабадзіліся. Няволя, што йдзе з аднага боку ім прыемна, яны толькі проці няволі, што йдзе з другога боку. Падобны чалавек зьяўляецца нявольнікам свайга пана. „Чужыя паны нягодныя, але стары добры, мой пан — гэта дасканаласьць", — думае ён. Гэткага чалавека можна прыраўнаваць да вернага свайму гаспадару сабакі. Навет, калі-б яганы гаспадар прадаў яга свайму суседу, ён будзе варочацца на сваё старое месца, лашчыцца й лізаць свайму старому гаспадару боты. Як-жа ляпей быць свабодным ваўком, што гаспадаром лічыць сябе самога!
    Е яшчэ іншая небясьпечнасьць для тых, хто зыходзіць з свае беларускае дарогі. Мэтай беларускага руху зьяўляецца ня толькі разьвіцьцё беларускае мовы й культуры, але й аканомічнае, палітычнае й інш. асвабаджэньне — усё тое, што патрэбна дзеля жыцьця й разьвіцьця беларускага народу. Дзеля гэтага ўсялякія соцыяльныя й політычныя, патрэбныя беларускаму народу ймкненьні мусяць уваходзіць у беларускую ідэю як складовыя яе часьці. Калі-ж побач з беларускай ідэяй ставяць соцыяльную й г.п. ідэю, дык зьяўляецца небясьпечнасьць замены першай другою. Небясьпечнасьць гэтая будзе вялікшая, калі новая ідэя будзе шырыцца беларускімі рукамі. Тая работа, якая вядзецца ў Зах. Беларусі некаторымі беларускімі выдавецтвамі, бяссумлеву, падкопваецца пад беларускі рух, як тымі, хто выдае, так і тымі, хто чытае. Сьвядомы просты беларус, што прывык сьвята верыць беларускаму слову, чуючы хваленьне беларускай газэтай радавае ўлады, няўпрыцям самому сабе робіцца бальшавіком. Калі-ж прымем пад увагу, што маскоўскае бальшавіцтва беларускі нацыянальны рух толькі толеруе, а то й сусім няпрыязна адносіцца да нашае нацыянальнасьці, дык пры бальшавіцтве беларускі рух слабее
    на толькі, на колькі крапчэе балыпавіцтва. Пры гэткай рабоце самі беларусы рухаюць тое, што дагэтуль ставілі.