За родную мову й праўдзівы назоў
Ян Станкевіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 742с.
Мінск 2013
Да тых, хто аднолькава з намі ацэнявае цяперашняе палажэньне, мы зварачаваемся з прызывам ня кідацца з агню ды ў прысак, уцікаючы ад палякоў, ня лезьці ў горла маскоўскае гідры, але аднолькава бараніцца як ад адных, так і ад другіх і йсьці проста сваёй беларускай дарогай.
Вялікая пара, каб усе здаровыя нацыянальныя беларускія сілы цьвёрда зарганізаваліся і дзейна павялі сваю ідэйную работу.
Заданьні эміграцьгі
Нашая Бацькаўшчына Беларусь паняволена палякамі й маскалямі. Адны й другія ўціскаюць беларускі народ і надзвычайна зьдзекуюцца над ім. Маскоўшчына робіць гэта хітрэй, стараючыся прыкрыць свае пляны маскалізацыі Беларусі, ў той час як Польшча адкрыта ймкнецца да культурнага й фізычнага зьніштожаньня беларускага народу. Валасьсі тапурацца на галаве, калі чуеш аб нябывалых зьдзеках польскае адміністрацыі над беларускім насяленьнем.
Польшча зьдзекуецца гэтак, нягледзячы на тое, што яна мірнымі ўмовамі забавязалася даць свабоду і ўсе правы нацыянальным меншасьцям і ўставіла нат у сваю канстытуцыю (дзеля заграніцы) балей-меней людзкія пункты аб гэтых меншасьцях. Вось-жа Ліга Народаў мае права (а трэ’ дадаць, што й абавязак) вымагаць ад палякоў спаўненьня іх павіннасьці ў адносінах да беларусоў і іншых т.зв. нацыянальных меншасьцяў Польшчы. I хоць Ліга Народаў далёка не адпавядае тым заданьням, дзеля якіх яна створана, аднак з вымаганьнямі яе Польшча прымушана была-б лічыцца. Каб не дапусьціць да гэткае інтэрвэнцыі Лігі Народаў, палякі стараюцца, каб у Ліге Народаў не даведаліся аб запраўдным палажэньні ў заходняй Беларусі, стараюцца ўсімі сіламі ня даць беларусом зарганізаваць як належыцца свае скаргі на Польшчу перад Лігай Народаў. Дык нас, як кажа прыказ, „б’юць і плакаць не даюць“. Немагчыма беларусом вырвацца заграніцу, каб паскардзіцца на польскі ўціск. А калі-б хто і прарваўся цераз польскую граніцу, дык яга ня пусьцілі палякі вярнуцца назад у Бацькаўшчыну, і гэткім парадкам траціліся-б патрэбныя дзеля працы ў краі нацыянальныя сілы.
Але чага ня можа зрабіць нашая Бацькаўшчына, тое лёгка зможа зрабіць яе эмігрцыя. Беларуская эміграцыя, праўда, не такая вялікая, як украінская ці маскоўская, але досыць значная, каб зрабіць дзеля Бацькаўшчыны патрэбную работу. Першае заданьне кожнае эміграцыі — гэта знаёміць чужыя ўрады й чужыя грамадзянствы з ідэямі й дамаганьнямі свайга народу. Гэта само сабой разумеецца, і беларуская эміграцыя павінна наўперад паказаць чужым народам, што беларусы дамагаюцца свайга незалежнага быцьця, што яны патрабуюць і могуць маць сваё асобнае гаспадарства.
Але гэта яшчэ ня ўсё. Гэта, так сказаць, праца дзеля будучыні. Праца вельмі патрэбная, але пакуль што не конкрэтная. Мы ведаем добра, што, нягледзячы наўсе мэморыялы й ноты беларускага ўраду, ні сяганьня, ні заўтра, ні цераз месяц не дастанем незалежнае Беларусі. А тымчасам беларускія школы палякі зачыняюць, насяленьне тэрорызуюць і ніштожаць, у польскіх турмах гніюць сотні й тысячы беларускіх рабачаёў. Дык, не пакідаючы вялікае ідэі, трэба памагаць конкрэтна мучанаму народу. А памагаць яму магчыма толькі баронячы яга як нацыянальную меншасьць перад Лігай Народаў. Аб арганізацыі гэтае абароны павінна рупіцца тая часьць беларускае эміграцыі, якая так ці інакш вядзе палітычную работу. Усялякія абавязкі найляпей спаўняюцца, а мандаты заховуюцца запраўднаю працаю (а дзеля гэтага не патрэбна кожнаму беспасярэдняе выступленьне). Працы гэтае вымагае бацькаўшчына. Навет у такіх цярплівых і мала выма-
гаючых ад эміграцыі людзей, як віленскія беларусы, цярпеньне скончылася. У № 13 „Вольнага сьцягу" чытаем:
Беларуская эміграцыя ў Заходняй Эўропе павінна ўзяць на сябе абарону беларускага насяленьня ў Польшчы на грунце Лігі Народаў. Маюць-жа жыды сваіх неофіцыяльных прадстаўнікоў пры Радзе Лігі Народаў у Жэнэве, з якімі Ліга вельмі паважна лічыцца. Вось у Жэнэве павінна быць утворана такое-ж беларускае прадстаўніцтва, і гэты абавязак ляжыць на выэміграваных заграніцу сябрах Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, што сядзяць няма ведама чаго ў Коўне ці Бэрліне.
Наш абавязак
Вялікі эўропейскі пажар, разгарэўшыся ў 1914 годзе, шмат гора і мук прынёс нашаму многапакутнаму народу. Мала тага, што кожная пядзь нашае зямлі застала перакапана і аплецена калючым дротам, але вайна пакінула ў спадчыну сотні тысячаў сірат і ўдоваў, бацькі і мужыкі якіх загінулі за чужыя й сусім няведамыя ім інтарэсы.
Сотні тысячаў напіых сялян мусілі, пад прымусам казацкага бізуна, пакідаць свае родныя нівы, на якіх працавалі іх дзяды і прадзеды, і цягнуцца ў далёкую няведамую ім Маскоўшчыну.
Цяжкая была гэта дарога. Тысячы магілаў, якія заставаліся наабапал гасьцінца, сьведчаць аб тым горы, аб тых муках, якія прышлося перажыць нашаму народу.
Кончылася вайна. Ізноў пацягнуліся нашыя гаротныя сяляне назад на сваю родную зямельку. Кажнаму хацелася хоць раз яшчэ перад сьмерцяй убачыць свой родны куточак, хоць косьці схаваць у тую зямельку, якую яны, іх бацькі, дзяды і прадзеды палівалі крывёю і потам. He лягчэйшая гэта была дарога за раньнейшую. Галодныя і халодныя, з малымі дзяцьмі, ў дождж і холад мусілі цэлымі месяцамі чакаць на перасыльных пунктах, пакуль дабрацца да свае роднае вёскі. Але посьле доўгіх мук і гора вось і родны куток... Але што сталася з ім за гэты час? Там, дзе калісь шумела каласістае збожжа, вырас высокі бярэзьнік, там, дзе калісь стаяла хата, месца зарасло высокаю крапівою. Што рабіць? Як узяцца за працу, калі няма ні хлеба, ні грошай, ні жывёлы? I гіне наш бедны селянін без падмогі як матар’яльнае, так і моральнае.
Што-ж робіць тая ўлада, якая гвалтам забрала наш край? Яна, здаецца, мусіла-бы хоць чым-небудзь памагаць гэтым няшчасным людзём?
А зрабіла і робіць яна вельмі шмат. Тая зямелька, што абліта крывёю і потам нашага народу і павінна належаць яму, аддаецца тым, хто на ёй і ня ўмее і ня хоча працаваць.
Нішчачы наш народ матар’яльна, гэтая ўлада задалася мэтаю зьнішчыць яга і духова. Замест тага, каб адчыняць школы і даваць асьвету дзяцём нашага народу, яна зачыняе навет тыя школы, якія ўдалося адчыніць і ўтрымляваць самім бацьком.
Праўда, амаль што не ў кажнай вёсцы ёсьць польская школа, але апрача калечаньня душы ў гэтай школе нічога другога дзеці дастаць ня могуць.
Дый ня дзіва. Чаму можа навучыць кракаўская ці варшаўская малапісьменная дзяўчына, якім даручаюцца гэтыя школы. Наш народ добра зразумеў гэта, і школы гэтыя стаяць пустыя.
А школьнае пытаньне цяпер для нас, калі йдзе барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць, вельмі і вельмі важнае. Цяпер, калі йдзе барацьба за нашу родную школу, а гэта значыць і за нашу будучыню, мы не павінны быць вонках гэтае барацьбы. Кожная новаадчыненая школа ёсьць крок да нашае мэты. Тыя школы, а асабліва сярэднія, якія пад польскай акупацыяй, знаходзяцца ў страшэнным палажэньні. Беларускія сярэднія школы не дастаюць падмогі ад гаспадарства, а дзеля гэтага плата за навуку ў іх страшна
вялікая, а адкуль возьме заплаціць наш бедны сялінін, калі яго скубуць як тую авечку.
Пакажу як на прыклад на Новаградзкую гімназію. Калі ў 1921 годзе адчыніліся дзьве першыя беларускія клясы, то спачатку было каля 60-ёх вучняў, але пасьля болыпая палова мусіла кінуць вучыцца, бо ня мелі чым заплаціць за навуку. I гэтак робіцца ня толькі ў Новаградку, а шмат дзе, бо чым можа заплаціць той бедны сялянін, які сам сядзіць бяз куска хлеба.
I вось наш абавязак і ўсіх тых, хто вырваўся з тае турмы, з пад тага ўціску, які стварыла польская ўлада ў нашым родным краі, ўсіх тых, у кага б’ецца сэрца за наш многапакутны народ, хто хоча лепшае будучыні сваёй бацькаўшчыне, прысьці ўсім, чым хто можа, на помач роднай школе пад польскай акупацыяй.
Беларускае студэнства ў Празе, бачачы крытычнае палажэньне роднае школы пад польскай акупацыяй, зарганізавала „Таварыства Прыяцеляў Беларускае сярэдняе школы“. Кожны сябра павінен унасіць што месяц 10 кр. ч.
Праўда, цяжка адчуваюцца гэтыя дзесяць карон, але ўсе мы павінны адмовіць сабе ў чым-небудзь іншым, а прысьці на помач бедным дзяцём, каб яны маглі вучыцца ў сваёй роднай мове, бо гэта ёсьць наша будучыня, залог нашае пабеды над нашымі непрыяцелямі.
Зварочуемся з прызывам да ўсяе эміграцыі, а асабліва да Амэрыканскіх Беларусоў, закладаць падобныя камітэты. Па аднэй кароне, па адным доляру, па аднаму рублю, мы зьбяром вялізарныя сумы і гэтым уратуем нашу родную школу.
Усе як адзін павінны ўзяцца за гэтую справу, кожны павінен быць сябром падобнага камітэту, бо няхай памятуе, што сваёю падмогаю ён будуе сваю Бацькаўшчыну, будуе лепшую будчыню свайму гаротнаму народу.
Як найбаржджэй да працы, не павінен прапасьці а ніводзін дзень!
Аб закладзе падобных таварыстваў ці камітэтаў паведамляйце Праскі Камітэт, дзе дастанеце ўсе патрэбныя інформацыі.
Скурныя драбязьлівыя інстынкты
Найвялікшы гоман узьняўся, як пачалося пытаньне аб падмозе беларускім сярэднім школам. Чарнасоценная часьць АПБС была проці падмозе, бо гэта школы беларускія. „Камуністыя" Цьв., а за ім і Б., што ня трэба памагаць, бо філянтропія толькі шкодзіць. Цікаўна, як-бы гэтыя сябры вучыліся, каб не філянтропія. Аднак тут справа, відаць, неў аднэй філянтропіі. Прыпамінаем, што ўвясну 1922 г. гэтыя два сябры энэргічна дамагаліся забавязаць усіх нашых студэнтаў штомесячнай складчынай на галодных у Маскоўшчыне. Тады гэтая філянтропія была патрэбна. Як ведама, ў радавых рэспубліках філянтропія вельмі шырака ўжываецца. У Радавай Беларусі зьбіраюць жэртвы абсалютна на ўсё, пачынаючы на галодных і канчаючы на паветраны флот. Справа тут у тым, што падмога йдзе беларускім дзяцём. Роля п. Цьветкава наагул надзвычайна дзіўная. Ён увесь час круціцца паміж беларускім студэнствам і сыстэматычна дэзарганізуе. Мусіць, мала ё наіўных, якія сумляваліся-б у нацыянальна-маскоўскіх перакананьнях п. Цьветкава, але мы сумляваемся і ў яга камуністычнасьці. Гэты „левы камуністы“, што так заўзята доляецца з беларускім нацыяналізмам, адначасна зьяўляецца найлепшым прыяцелем маскоўскіх чарнасоценцаў, што так сама знайшлі сабе прыпынішча ў АПБС. Дзеля паўнае прыязьні не стае толькі, каб п. Цьв. памагаў чарнасоценцам пяяць „Боже царя хранн". I за гэткім тыпам сьлепа йдзе экзальтаваны бедны Б.!