За родную мову й праўдзівы назоў
Ян Станкевіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 742с.
Мінск 2013
В. 18—20. Учынак Набалеў выклікаў навет нездаваленьне ў собскіх слугаў ягоных. Бачачы паслоў Д авідовых, адыходзячых з пустымі рукамі і абсьміяных, яны вельмі затрывожыліся, прачуваючы смутныя рэзультаты. Адзін ізь іх сказаў аб усім пані сваёй, дабрароднасьць каторай знала служба. Вялікае шчасьце, што тая даведалася аб гэтым у пару, бо Давід зрабіў ужэ прыгатову да нападу (в. 93). Бязь ведзі мужавай выбралася яна без адкладу ў дарогу, жадаючы шчодрымі дармі, забранымі із сабой, адхінуць небясьпечнасьць, пагражаючую ўсяму дому. Падарожжа яе апісана вельмі драбязна. Скора яна ў ваднэй з далінаў наткнулася на Давіда, што быў на чале 400 узброеных чалавекаў, і патрапіла дзякуючы нязвычайнаму тахту нахінуць яго пакінуць помсту й праліцьцё крыві.
В. 32—33. Давід благаславіў Бога й Абігаіль. Бачыў ён ува ўсім руку Празору і быў нячувана ўдзячны гэтай разумнай жонцы, што асьцерагла яго ад нападу, каторы пасьлей, калі сеў ён на пасадзе, рабіў-бы яму шмат няпрыемнасьці й дакораў. Таксама ён з падзякай прыймае ад яе багатыя падаркі, што на якісь час забесьпячалі яго ад голаду. Ведама, што гэтая гісторыя мела яшчэ свой канец: калі Набаль, выцьверазіўшыся, даведаўся аб усім, ён цяжка захварэў і па 10-ёх днёх умер. Давід мусіў ізноў дзякаваць Богу за тое, што крыў яго ад зрабеньня самому сабе справядлівасьці і што Бог Сам учыніў гэта.
Г.М.
Выклад малодшым дзяцём
Хто з вас мог-бы нам паўтарыць гісторыю зь мінулае нядзелі?
Саўла йзноў вярнуўся дамоў, і Давід меў якісь час супакой; нягледзячы на гэта, ён ня важыўся паказацца на замку, баючыся за сваё жыцьцё. Ведама, што жыці заўсюды ў пячурах няпрыемна ані выгодна, і Давід, пэўне, ні раз падумаў сабе: „Ах, як гэта добра было-б, каб, напасьледак, я мог ізноў жыць у сваім собскім доме!“ Але ён ведаў, што й тут, у гэтай пустыні, Бог яму быў блізкім.
Пэўне вы цікавіцеся, што мог Давід рабіць у пустыні? Вось-жа спачатку і ён, можа, падумаў сабе, што ня будзе мець чаго рабіць, але борзда пераканаўся, што й тут навет будзе мець шмат работы. У тэй ваколіцы пасьцілі пастыры свае стады. Давід тож калісь быў пастыром і ведаў, што ня лёгкі гэта занятак. Вельмі часта прыцікаліся дзікія зьвяраты і хапалі штось із стады. Але небясьпечнасьць пагражала ня толькі ад леваў і медзьвядзёў, але яшчэ ад злодзееў і разбойнікаў. Бог крыў яго ад сьмерці, дык з удзячнасьці пастанавіў Давід заапекавацца ўсімі маладымі пастушкамі. Быў ён запраўдным героям, баронячым слабых, дык і пастушкі борзда зацемілі, што Давід быў прыяцелям іхнім. Быў ён ім быццам жывы мур, дык маглі яны спаць супакойна. Калі варочаліся дамоў, расказавалі сваім гаспадаром аб тым, як Давід апекаваўся імі і што ня зьгінула ані водная авечка. Дык з удзячнасьці за гэную помач багатыя собсьнікі стадаў і меншыя гаспадары пасылалі Давіду еміну: хлеб, мяса й садовіну.
Але сярод іх быў адзін і няўдзячны. Зваўся Набаль. Быў ён вельмі багаты. Меў 3000 авец і 1000 козаў.
Але быў гэта чалавек ліхі, каторы адно думаў заўсёды аб сабе, і навет яму ніколі ўдум
ня прыйшло, што й іншым трэ’ было-б зрабіць прыемнасьць.
Давід, даведаўшыся, што ўжэ ўсі собсьнікі стадаў, апрача скупога Набаля, прыслалі яму плату, паслаў да яго 10-ёх сваіх сяброў. „Прывітайце яго ад мяне, — сказаў ім, калі ўжэ адходзілі, — і прыпомнеце яму, што мы выгналі непрыяцелеў з краю і сьцераглі ягоных пастыроў і авечкі".
Дзяцюкі споўнілі, што ім загадаў, але борзда вярнуліся назад, вельмі ўзлаваўшыся. “Ня даў нам нічагусенькі, — сказалі яны, —ды яшчэ насьміхаўся з нас. «Хто такі Давід? — пытаўся ён. — Ці маю ўзяці хлеб мой і мяса і даць людзём, каторых зусім ня знаю?» A потым нас выгнаў".
Давід нахмурыўся. „Няўдзячны чалавек, — сказаў ён. — Хадзеце, пакараем яго за ягоную няўдзячнасьць".
Жаўнеры схапілі мячы і крануліся ў дарогу. Набаль меў умерці, а дом ягоны згарэць.
Калі ўжэ прайшлі з палавіну дарогі, заступіла ім дарогу якаясь жонка, каторая, падыйшоўшы да Давіда, уклякла перад ім. Хто-ж бы гэта мог быць? Давід адразу пазнаў, што мусіла быць яна асьвячоная й багатая, ды яшчэ вельмі харошая. Давід ня мог адарваць ад яе вачоў. Хмарныя жаўнеры, што яшчэ перад часіной пагражаюча глядзелі, цяпер супакоіліся і зь цікавасьцяй ждалі, што яна скажа.
„Я Абігаіль, — сказала яна, — жонка Набалева. Як прыйшлі твае людзі, мяне, нажаль, ня было дома, бо я як га дала-б ім еміны. Але я чула, што мой муж насьміхаўся зь іх, дык маеш за што на яго злавацца. Але хіба дзеля гэтага не заб’еш Набаля і ўсіх слугаў ягоных? Падумай толькі, якое меў-бы потым несупакойнае сумленьне. Гэта-ж ты Божы муж і ведаеш, што гэта грэх. Дык выбач майму мужу. А вось гэтта прывезла я вам крыху з нашых багатых прыбыткаў. Некалі будзеш каралём, дык не рабі цяперака нічога ліхога“.
Давід стаўся сур’ёзным. „Дзякуй Богу, што ты мяне прасьцерагла, — сказаў ён узварушаны. — За малым не зрабіў я несправядлівасьці".
Абігаіль кіўнула сваім слугам. Ах, чаго там ня было: 100 пучкоў разынкаў і г.д. Адыходзячы, пакланілася яму яшчэ раз нізка і ад’ехала дамоў на сваім асьле. Давід доўга глядзеў яшчэ за ёй. „Вось малайчына жанчына", — сказаў ён сабе. Навет і ў наступных днёх мусіў яшчэ часта думаць аб ёй. За няпоўныя два тыдні прыйшла весьць, што Набаль умер.
„Што яму было?“ — папытаўся ён, на што ад слугаў сваіх дастаў адказ: „Калі Набаль даведаўся, што ты блізка быў ад яго дому і што хацеў яго забіць, так перапалохаўся, што ажно потым умер“.
“Гэта была кара Божая, — сказаў Давід, — так бывае з тымі, каторыя няўдзячныя".
Давід помнеў аб Абігаілі. Муж ейны ўмер. Як ёй цяпер жывецца? Якогась дня Давід паслаў да яе свайго прыяцеля і казаў папытацца, ці не захацела-б выйсьці за яго замуж. Абігаіль згадзілася, бо таксама вельмі ўпадабала Давіда. Нязадаўга было вясельле іхняе, і жылі яны абое вельмі шчасьліве.
Лекцыя 22
Сьмерць Саўлава
1 Сам. 31, 1—13.
Залаты верш: „Ня мылецеся, Бог ня дасьць насьміхацца ізь сябе; бо што-бы чалавек ня сееў, тое й жаціме". Гал. 6, 7.
Выясьненьні
Гісторыя Саўлава ё запраўднай трагедыяй. Чалавек, каторага Бог надарыў новым сэрцам (1 Сам. 10, 9—10), лучыў пасьлей пад уплыў сілы цемні, што чыста зацямніла
розум і сумленьне ягонае. Чалавек, што ў моладасьці сваёй праракаваў сярод прарокаў у імені Божым, на сходзе жыцьця свайго шукае рады ў варажбіткі й чарадзейкі (разьдз. 28). Чалавек, што зрабіў такі слаўны пачатак, канчае смутна, бо адыйшоў ад Бога, дык і Бог яго пакінуў.
В. 1—2. Апрача непатрэбных перасьледаваньнеў Давіда, гаспадараньне Саўлава было запоўнена войнамі зь Філістымлянмі. Нягледзячы на ўсю яго энэргію і ваенную спраўнасьць, не ўдалося яму забясьпечыць сабе трывалага міру. Апошняя бітва была трагічнай для Саўлы; дзеля таго што Філістымляне сталі перамагаць, Жыды пусьціліся ўцекі на ўзвышша Гельбоэ, дзе гінулі масамі ад атакуючых Філістымлянаў; разам зь іншымі знайшлі тут сабе сьмерць тры сыны Саўлавы. Тут таксама 16 красавіка 1799 г. Наполеон Бонапарт і генэрал Клебэн пабілі на галаву дзесяць разоў вялікшую армію турэцкую. Гельбоэм завецца горнае пасма ўвышкі 518 мэтраў, што цягнецца з поўначы на паўдня пераз прастор племені Ізашар, калісь лясістае, а цяпер голае й пустое.
В. 3—6. Філістынскія стралцы, згледзіўшы Саўлу, каторага лёгка было пазнаць па яго каралеўскіх уборах, ранілі яго цяжка. Ня бачучы выхаду і ня хочучы лучыць у рукі сьмяротных варагоў, Саўла крыкнуў слузе, каб яго дабіў. Але хлапец адмовіўся, ня маючы адвагі падняць рукі на асобу свайго караля. Тады Саўла ў безнадзеяньню сам кідаецца на меч і гіне, а слута, баючыся, што яго будуць вінаваціць у ўбістве, робіць із сабой тое самое. Саўла гіне із собскае рукі. У гэтым факце праяўляецца трагедыя чалавека, што сваім самадумам угнявіў Бога і, напасьледак, завяршыў гэта собскай згубаю (Штутгардзкая Бібля).
В. 7. Гутарка тут, пэўне, аб даўнейшых мястох — Магеддо, Тэнах і іншых, ізваяваных Ізраільцянмі, каторыя месты, аднак, прыялі Філістымлянам і ахвотна ім паддаліся, што, відавочна, змусіла Ізраільцян да ўцекаў. Цяперашняе палажэньне Жыдоў прыпамінала пачатак гаспадараньня Саўлы, калі Ізраіль быў безбаронны перад Філістымлянмі.
В. 8—10. Зброю й галаву Саўлаву ўнесьлі Філістымляне ўрачыста ў сьвятыню багіні Астарот, што была адначасна багіняй вайны. Асабліва яны гардзіліся з панцыра Саўлавага як відомага знаку перамогі над сьмяротным ворагам, каторую дасталі па даўгіх, цяжкіх войнах. Затое цела ягонае, як труп злачынцаў, павесілі на мурох места Бэтсан на страх Ізраільцянам, жывучым за Ерданам.
В. 11—13. Хоць страшны быў канец Саўлы, аднак удзячныя й адданыя яму сэрцы аказалі яму яшчэ па сьмерці міласэрдзе, што кідае крыху ясных касулькаў на гэтую надзвычайна смутную гісторыю. Мяшчане места Ябэс Галяад захавалі ў памяці помач, зь якой калісь прыйшоў ім Саўла (1 Сам. 11, 1—11). Борзда прыйшоўшы ўночы ў Бэтсан, яны забралі целы, вярнуліся ў Ябэс, дзе спалілі іх, а попелы пахавалі пад сьвятым дзеравам. Ізраільцяне не палілі трупоў, але гэты раз спалілі дзеля таго, што целы былі пасечаныя і ўжэ гнілі. Учынак мяшчанаў места Ябэс Ізраільцяне вельмі ўдзячне прынялі. Боль, каторы чуў Давід з прычыны сьмерці Саўлы й Ёнатана, ён выказаў у сваіх псальмах (2 Сам. 1, 17—-27). Пасьлей косьці іхнія ён загадаў перанесьці ў сямейную магілу Цысаў у Сэлі ў зямлю Беньямінаву (2 Сам. 21, 12—14).
Г.М.
Выклад малодшым дзяпём
Прайшоў ужэ цэлы сьцяг год. Давід яшчэ мусіў жыць у пустыні. Як гэта было нягодна! У места ня мог ён паказацца, баючыся караля, каторы загадаў яго злавіць і забіць. Меў ён у месьце харошы дом, але што-ж, калі ня мог у ім быць, ён мусіў жыць у будане. Чаму? Ці-ж ён быў ліхім чалавекам, што зрабіў каму крыўду? Ці мо’ быў разбойнікам альбо злодзеям? Нічагусенькі падобнага! Рабіў ён заўсёды людзём дабро. Дык няго-ж толькі дзеля гэтага яго кароль перасьледаваў? Кароль ведаў добра, што Давід быў добрым чалавекам, і дыкжэ дзеля таго перасьледаваў яго.
Адзін малец вырваў сабе некалькі яблыкаў. Бачачы гэта, сястра ягоная глянула на яго з дакорам і сказала: „Вінцулю, ты-ж добра ведаеш, што ня можна ірваці яблыкаў, бо яшчэ ня сьпелыя“. I прадстаўце сабе, што Вінцуль вельмі зазлаваўся, тупнуў нагою і сказаў: „Што ты мне будзеш зацемкі рабіць? Глядзі свайго носу!“ Меў ён несупакойнае сумленьне, ведаў, што праўда сястрына, і дзеля таго злаваўся на яе.