За родную мову й праўдзівы назоў
Ян Станкевіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 742с.
Мінск 2013
Усі маю думку ўпадабалі, і мы не пайшлі таго дня палоць.
Назаўтрае нараніцы ўляцеў, зьмяніўшыся ад злосьці, собсьнік і з крыкам а лаенкаю і, вылаіўшы нас „швайнамі“ і „заўгундамі", загадаў, што ад заўтра мы мусім ісьці палоць тыя краскі, але ўжо дарма. Зараз па працы, па 5-цёх гадзінах, мы мусім ісьці ад звычайнае работы да „прымусовае".
Назаўтрае адна часьць, да каторай я належыў, зараз проста ад аднае работы пайшла на другую, а другая часьць, да каторай належыў Хведзька, пайшла, скончыўшы звычайную работу, у барак, каб кавалачкам хлеба прагнаць першы голад, а Хведзька, каб заграць — і тады думалі ісьці палоць градкі.
Але ня ўсьпелі яны яшчэ ўкусіць па разу, як у барак ускочылі SS-ы, адзін із дручком, а другі із штыхом у руках, і пачалі ўсіх тых, што былі ў бараку, біць. Ведама, што кажны, дастаўшы дручком або дзяржаньнем штыха, як га выскакаваў з барака і бег да гэнае работы. Адно Хведзька, аддаўшыся як заўсёды ўсёй душою ігры на дудцы, сьпярша не зацеміў, што дзеяцца ў бараку. I як усі дзяцюкі былі ўжо вонках, а адзін станявы вырваў у яго дудку з вуснаў і разьбіў яе на трэскі на ягонай галаве — ажно тады Хведзька зразумеў, пра што йдзе. Ен хацеў таксама выскачыць з барака, але было ўжо позна: абодва станявыя кінуліся на яго аднаго і пачалі біць. Адзін біў дручком па галаве і па чым папала, а другі калоў штыхом у сьпіну. Білі датуль, пакуль Хведзька, замлеўшы, не паваліўся на землю.
Калі мы прыйшлі ўвечары з работы, дык засьпелі Хведзьку яшчэ на памосьце замлелага ў крыві. Мы паднялі яго, паклалі на ложак, змылі кроў ды пазавязвалі, як умелі й чым маглі, раны. Ночы ён дастаў вЯлікую гарачку, што часіны зрываўся і крычэў:
— Дзе мая дудка... Дзе мая дудка...
Назаўтрае нараніцы Хведзьку забралі. Куды яго павезьлі — ня ведаю.
Казалі, што ў лячэльню. Што зь ім сталася — таксама ня ведаю, бо ён болей да нас на работу не зьвярнуўся.
Мабыць, тады памер бедны ад ранаў.
Бацькаўшчына
Зьезд Крывіцкага Навуковага Таварыства Пранціша Скарыны
2 студзеня сёлета ў Остэргофэне адбыўся зьезд Крывіцкага Навуковага Таварыства Пранціша Скарыны. Рэфэрат на тэму „3 часоў «Нашае нівы», людзі й іхная дзейнасьць“ прачытаў на зьезьдзе праф. др. Я. Станкевіч. У дыскусіі рэфэрат дапоўнілі ўчасьнікі зьезду некаторымі цікавымі ведамкамі. Пасьля справаздачы з працы Т-ва за мінулы год быў разгледжаны й прыняты плян працы на наступны год. Кажны ўчасьнік зьезду заявіў — і гэта было запратакулавана — якую тэму ён апрацуе сёлета. Зацемім, што згодна із статутам заданьнем Т-ва ёсьць як навуковыя дасьледаваньні, так і папулярызацыя веды. Зьезд пастанавіў зьвярнуцца да ня прыбылых на зьезд сяброў Т-ва, каб яны прыслалі прэзыдыюму тэмы сваіх сёлетніх працаў. Зьезд пастанавіў заняцца зьбіраньнем матэрыялаў этнаграфічных, зь беларускага адраджэнскага руху й зь беларускага мучаніцтва. Дзеля гэтага будуць апрацаваныя й выданыя адпаведныя апытальнікі. У сувязі зь менаваным зьезд даручыў прэзыдыюму Т-ва зьвярнуцца да старшых выдатнейшых грамадзян беларусаў, каб яны пісалі свае жыцьцяпісы — успаміны, у якіх-бы апісалі як сваё собскае жыцьцё, так і падзеі, у якіх прыймалі ўдзел — усё маючае якое-колечы значаньне для гісторыі беларусага адраджэнскага руху й цікавае для будучых пакаленьняў. На заканчэньне зьезд прыняў у Таварыства некалькі новых сяброў.
„Літоўская плынь“ у нацьіянальным адраджэньш беларускага народу
Беларуская гаспадарствавасьць ведамая не пазьней, як із IX ст. па Хрысту. Да палавіны XIII стагодзьдзя было колькі беларускіх гаспадарстваў, зь іх найважнейшыя Полацкае, Смаленскае, Северскае й Пскоўскае, а з пал. XIII ст. ёсьць адно задзіночанае гаспадарства нашага народу, ведамае на ўвесь сьвет пад назовам Вялікага Княства Літоўскага або Літвы, што трывала да канца XVIII ст. Гэткім парадкам, на 11 з палавінаю стагодзьдзяў гістарычнага быцьця нашага народу 10 стагодзьдзяў прыпадае на ягонае жыцьцё гаспадарствавае і толькі апошніх 150 год на быцьцё безгаспадарствавае. 3 усіх народаў, паняволеных маскоўскай дэспотыяй, гаспадарствавасьць беларускага народу была найвыдатнейшая. Казацкая гаспадарствавасьць украінцаў XVII—XVIII ст. ня можа раўняцца зь ёю. Польская гаспадарствавасьць можа раўняцца да гаспадарствавасьці беларускай, але ёсьць мамэнты, калі гэная ўступае нашай. Прыкладам, папулярнага „ад мора да мора“ ў палякаў ніколі ня было, але беларускае гаспадарства ад пал. XIV да XVI ст. прасьцягалася ад Балтыцкага да Чорнага мора.
Няма дзіва, што такая доўгая гаспадарствавая традыцыя мусіла адбіцца на жыцьці й імкненьнях беларускага народу пасьля ўтраты ім свайго гаспадарства, дарма што гэтая ўтрата прыпала ў пару нашага палітычнага й культурнага ўпадку. Але гэны ўпадак ня быў такі вялікі, як шмат каму цяпер здаецца. Быў ён вялікі, калі прыраўнаваць жыцьцё нашага народу часу сходу ў XVIII ст. да красуючага жыцьця ягонага ў ст. XVII; аднак ня
толькі палітычнае, але й нацыянальна-культурнае жыцьцё беларусаў у XVIII ст. было паўнейшае й багатшае за жыцьцё пасьлей, у тым ліку й цяперака. Замена беларускай мовы як урадавай моваю польскай у 1697 г. была рэзультатам культурнага, галоўна моўнага, апалячаньня вялікіх беларускіх паноў, магнатаў, але ані ня сьветчыла пра падобнае апалячаньне паноў малых і шляхты засьцянковай, духавенства й мяшчанства, ня кажучы ўжо пра сялянства, — усе гэтыя клясы захавалі й далей беларускую мову. Апрача таго, пастановаю 1697 г. была беларуская мова аддалена з урадаў, але ў літаратуры й астальньгм жыцьці беларусаў яна й далей заставалася безь перашкоды. Асабліва беларуская мова й культура панавала далей у жыцьці рэлігійна-царкоўным усіх трох беларускіх цэркваў — праваслаўнай, вуніяцкай і рымска-каталіцкай. I толькі з прылучэньнем Беларусі да Расеі спачатку была забаронена мова ў праваслаўнай царкве, a пазьней із скасаваньнем вуніі ў 1839 г. спынілася панаваньне беларускай мовы ў царкве вуніяцкай. Адначасна была беларуская мова забароненая расейскім урадам у царкве рымска-каталіцкай, замест яе там запанавала полыпчына. Дзеля таго час ад 1839 г. дагэтуль ёсьць найгоршым, найчарнейшым у нашай гісторыі, горшым за татарскае ярмо ў нашых суседзяў.
Пасьля ўтраты беларускім народам свайго гаспадарства ніколі ня было такога часу, каб хоцьчастка беларусаў ня была сьведамая свае нацыянальнасьці — іхнай ідэяй стала нацыянальна-культурнае й нацыянальна-палітычнае адраджэньне свайго народу. Падставы для гэтага адраджэньня былі дзьве: а) культурная апрычонасьць беларускага народу, а галоўна мова, як тое, што найболей кідаецца ў вочы, і б) гаспадарствавая традыцыя. Дзе ніводнае з гэтых падставаў ня было, там і немагчымым было нацыянальнае адраджэньне. Дзеля таго й варагі беларускага народу з Усходу й Захаду ськіравалі свае атакі на гэтыя дзьве асновы беларускага нацыянальнага адраджэньня. Забаронаю беларускае мовы ў гаспадарствавым і царкоўным жыцьці, а з 1864 г. і ў друку ды асыміляцыяй інтэлігенцыі яны дапялі таго, што мову беларускую сталі ўважаць за простую, мужыцкую, брыдкую. А каб аддаліць дзеяньне гаспадарствавай традыцыі, дык хвальшавалі нашую гісторыю, як кажа паэта, мінуласьць і тую адбіралі, і не дазвалялі беларусам ніводнагаўнівэрсытэту. Пры гэтым характэрна, што маскалі ня толькі не дазвалялі ўнівэрсытэту на беларускіх землях із захаванай беларускай моваю, але й там, дзе здавалася, няма чаго баяцца, дзе мова беларуская шчэзла, абрусела, бо ня толькі ня было ўнівэрсытэту ў Вільні, Віцебску, Гомелі, Смаленску, Пскове й іншых, але ня было таксамаў Калузе, Арле, Курску й Разані. Было гэта дзеля нашай моцнай гаспадарствавасьці ў мінуласьці. Народ, што меў у палавіне XVI ст. свой — першы на Усходзе Эўропы — унівэрсытэт у Вільні, а пазьней і ў Полацку, што ад 1517 г. меў першы на Усходзе Эўропы друкарства, за Расеі на ўсей сваей вялікай прасторы ніводнага ўнівэрсытэту ня меў. Масква ня толькі зачыніла Віленскі ўнівэрсытэт, але ніводнага не адчыніла, дарма што беларускія месты ня раз прасілі дазволу адчыніць унівэрсытэт у іх за іх кошт.
Ведама, што менаванае хвальшаваньне беларускае гісторыі, праводжанае шырака пры помачы вялізарных сродкаў, рабіла сваё, і нашая традыцыя аказвалася слабей, чымся-б тады, калі-б гэных перашкодаў ня было. Але запыніць беларускае гаспадарствавае традыцыі нельга было, і яна адчувалася ткі даволі моцна ў пару паняволеньня беларускага народу.
Ведама, гэта магла быць традыцыя не асобных беларускіх гаспадарстваў, што былі вельмі даўно, але задзіночанага гаспадарства — нядаўна існуючага Вялікага Княства Літоўскага. Аднак з прычыны нябыцьця ў Беларусі высокіх школаў із гістарычнымі студыямі традыцыя гэтая ўсё балей і балей заціралася, задзержуючыся найдаўжэй, нярэдка дагэтуль, у родаў, што прымалі дзейнае ўчасьце ў жыцьці даўнейшага Вялікага Княства Літоўскага.
Першай вялікай палітычна-ваеннай спробаю беларусаў зьвярнуць гаспадарстваваю
незалежнасьць свайму народу было паўстаньне 1812 г. і — пры помачы Наполеона — арганізаваньне незалежнага беларускага гаспадарства. Спроба гэтая была па няпоўных 20 гадох пасьля ўтраты незалежнасьці. Дзеля таго традыцыя беларускае гаспадарствавасьці адбілася тут на 100%. Паміж беларускімі гаспадарствавымі дзеячамі 1812 г. і дзеячамі Вялікага Княства Літоўскага няма ніякае розьніцы. Згодна з традыцыяй, тарнаванай уперад да сваіх Вялікіх Князёў і цяпер на польска-беларускай граніцы, заміж польскіх, прыступаюць да Наполеона высокія дастойнікі беларускія. Новаадбудаванае гаспадарства завецца Літвою, а сталіцаю яго была Вільня. Жамойць і Аўкштота, што цяпер ад 1918 г. складаюць Летуву, да гэтае Літвы не належаць; яны належаць да ўтворанага Наполеонам гэрцагства Курляндзкага. Але беларусы дамагаюцца ў Наполеона прылучэньня іх да свайго гаспадарства. У мэмарыяле, паданым Наполеону князем Міхалам Агінскім, што стаяў тады на чале беларускага ўраду, кажацца, што хоць у Жамойціі й Аўкштоты насельніцтва „ня літоўскае і не гаворыць палітоўску, то, аднак, маюць яны быць прылучаныя да Літвы, бо заўсёды да Літвы належылі, і звычаі там такія, як у нас“. На гэта адказаў Наполеон: „Хаця яны й былі ў вашым гаспадарстве, але яны накшыя, чымся вы“.
3 Наполеонам, што быў вялікім беларускім хаўрусьнікам, ваявала не адна Расея, але ўся Эўропа. Дзеля таго ён быў разьбіты, а зь ім упала й адноўленае беларускае гаспадарства; яно было зруйнаванае Маскоўшчынаю. Маскоўскі цар Аляксандар I, што перад вайною з Наполеонам схіляўся да ўзнаўленьня беларускага гаспадарства, пасьля разьбіцьця Наполеона на гэта не згадзіўся. Беларускае войска адыйшло разам із Наполеонам на Захад, і дагэтуль аб ім сьветчаць могілкі ў Францыі. Разам із Наполеонам адыйшлі таксама віленскія й полацкія студэнты, што тварылі асабістую гвардыю Наполеона.