За родную мову й праўдзівы назоў
Ян Станкевіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 742с.
Мінск 2013
Аднак ёсьць яшчэ шмат у нас людзей, каторыя гэтага ня хочуць зразумець. Гэта або людзі, каторым яшчэ не даволі выясьнена карысьць быць самім гаспадарамі ў сваёй хаце, або людзі, каторых гэтак атуманіла і потым настрашыла полёнізацыйнае або русыфікацыйнае духавенства, што яны навет без загаду ксяндза ці папа баяцца падумаць аб сваёй назалежнасьці, каб не папасьці за гэта ў пекла ці чысьцец. Або, яшчэ гарэй, людзі (як паны, часьць інтэлігенцыі), каторыя сьвядома прадаюць беларускі народ, каторыя хочуць зробіць наш харошы, з багатай душой народ гноем, на каторым пасадзіць суседзкую краску, бо яна ім лепш падабаецца, чымся беларуская. Гэтыя людзі, не задумваючыся, хочуць колёнізаваць Беларусь сялянамі суседзкіх старонак. Ёсьць яшчэ частка ў нас людзей, каторыя зусім ня цікавяцца доляй роднага краю. Што для іх родны край? „Як будзе, так няхай будзе, абы нам было добра“, — кажуць яны. Гэтыя апошнія цяпер пачынаюць адчуваць, што не заўсёды ім будзе добра. Напрыклад, згодна з апошнімі весткамі, уся вышэйшая начыгунках адміністрацыя прысылаецца з Варшавы і ўжо едзе ці мо прыехала да нас. Гэты ясны прыклад павінен, наканец, адчыніць вочы тым, каторыя дагэтуль ня бачаць шкоднасьці быць прыдаткам да чагось дужэйшага.
Наагул, тая ці іншая залежнасьць ад другога народу ці гаспадарства робіць тое, што з краю залежнага цягнуцца ўсе сокі для краю дужэйшага, ад каторага ён залежыць.
t С.п. Тэкля Станішэўская
Тэкля Станішэўская радзілася ў 1898 г. У 1914 гаду мы яе застаём сярод сьвядомага беларускага грамадзянства м. Вільні, дзе шчырым патрыатызмам і ахвотнай працай адразу здабыла сабе агульную сымпатыю. Адгэтуль яна ўвесь час актыўна працуе ў беларускім руху.
У 1916 г. як сябра Беларускае Музычна-Драматычнае Дружыны прыймае вельмі жывое ўчасьце ў беларускім тэатры; яна часта гуляе (іграе) на сцэне і асабліва вельмі хораша дэклямуе.
Паступіўшы ў 1916 г. на Беларускія Вучыцельскія Курсы ў Вільні і скончыўшы іх, едзе за вучыцельку ў Горадзень (Гродну).
Горадзень у той час з беларускага боку быў пустыняю. Сьвядомая беларуская маладзеж з надыходам немцаў была або вывезена, або сама выехала і рассыпалася па ўсходняй Беларусі і Маскоўшчыне. У Горадні бушавала польская чорная сотня, каторая, карыстаючыся з прыходу немцаў, захацела спалянізаваць гэтае спрадвечнае беларускае
места і з гэтай мэтаю натужала ўсе свае сілы. Над усім беларускім быў зьдзек. 3 другога боку, праваслаўная царкоўная служба (псаломшчыкі і інш.), што асталася пасьля выехаўшых у Маскоўшчыну праваслаўных сьвяшчэньнікаў, пры сваім фанатызьме і цемнаце была найвялікшым прыяцелем усяго маскоўскага і непрыяцелем беларускага, што пры тым уплыве на народ, які гэная служба мела падчас нямецкай окупацыі, перадавалася і самому народу. I вось на долю маладой беларускай вучыцелькі-патрыоткі прышлося зламаць першы лёд і непрыязьнь людзей, каторыя былі пад уплывам чужых нацыянальнасьцей.
Аднак гарачая, шчырая і сыстэматычная праца Тэклі Станішэўшчынкі робіла сваё. Як запраўды сьвядомая беларуска яна адносілася аднолькава як да беларусаў праваслаўных, так і да беларусаў-каталікоў, і дзеля гэтага, будучы сама каталічкай, здабыла агульную сымпатыю і сярод праваслаўнага горадзенскага насяленьня. Вачучы, у якім загоне жывуць праваслаўныя ў Горадні і што дзеля гэтага яны ў безнадзеяньні, ня шукаючы ратунку ў саміх сябе, у беларускім руху, чакаюць спасеньня ад далёкай і чужой Маскоўшчыны, яна выстаралася для іх сьвяшчэньніка, чым яшчэ болей прыцягнула да сябе мясцовае праваслаўнае насяленьне.
Праца Тэклі Станішэўскай у Горадні была бязупыннай барацьбой за беларускае адраджэньне і за беларускую школу. Прышлося вясьці барацьбу ня толькі з русыфікацыяй і полёнізацыяй, але і з нямецкай уладаю. Немцы стараліся як найбалей увесьці ў школу нямецкіх прадметаў. 3 гэтым ходалася Т. Станішэўская, і ходалася ўдачна. I за яе абарону нацыянальных і народных правоў, хоць-бы ад нямецкай окупацыйнай улады, і немцы яе паважалі.
Скора Тэклі Станішэўскай прышоў на помач малады і энэргічны вучыцель Аляксандра Грыкоўскі. Усьвядомлены ёю Грыкоўскі горача прыняўся за працу, і работа ўдваіх пайшла спарней.
Маладым беларускім адраджэнцам-вучыцялём прыходзілася кожны крок здабываць упорнай, даўгой і сыстэматычнай працаю. Перашкоды былі нязвычайныя. Усе іх пералічаваць няма тут ніякай магчымасьці. Праціўнікі беларускага адраджэньня ня грэбавалі ніякімі спосабамі барацьбы проціў беларускіх дзеячоў, і ўсё імі ўжывалася ад звычайнай агітацыі да абвінавачаньня перад нямецкай уладаю ў расейскім шпіонстве.
Але сьмелая і энэргічная праца беларускіх працаўнікоў зробіла сваё. Школа стала на цьвёрды грунт, дзяцей хадзіла шмат, бацькі пасылалі ахвотна. Скрануўся з вялікай сілай беларускі рух у Горадні. Зазіхацелі бліскучыя гарызонты. Лічба беларускіх рабачаёў павялічылася. Пачалася шырокая грамадзкая праца, учасьця ў каторай ня здолела ўжо прыняць так заўсёды рупная Тэкля Станішэўская. Кволае здароўе маладое дзяўчыны ня выдзержала, і яна бязмална адначасна з сваім сябрам па працы вуч. А. Грыкоўскім захварэла на сухоты. Улетку 1918 г. Тэкля Станішэўская прыехала ў Вільню і ўжо болей не варочалася ў Горадзень. У Вільні яна лячылася ад сухот і працавала, колькі магла, у беларускім прытулку „Золак“ і ў „Беларускай кнігарні".
У сакавіку 1919 году яна зьлягла ў літоўскай клініцы. У сераду 21 мая Тэкля Станішэўская ўмерла на два месяцы пазьней за Аляксандру Грыкоўскага. 23 мая пахавана на Росе побач з сваім бацькам. Сябры Беларускага Вучыцельскага Саюзу занясьлі яе цела на могільнік. На могілку яе ўзложаны ад Беларускага Вучыцельскага Саюзу вянок з жывых красак з надпісам: „Шчырай працаўніцы народнай ніве“.
Жыцьцё Тэклі Станішэўскае было аднэй працаю, аднэй барацьбою за Беларускую Справу. Зломленая непамернай працаю, яна, як і многа і іншых, без пары згасла. Але вер, дарагая сяброўка, што ідэя, для каторай Ты жыла і за каторую памерла, не загіне. Твае сяброўкі і сябры патрапяць павесьці далей Тваю працу. Вер, што сьмерцяй сваёю Ты яшчэ болей узрыхліла ніву, каторую ўрабляла і засявала ў жыцьці, „бо вялікіх дум сьвет адно толькі на зломе ўзрастае".
Беларускі звон
Паважаны Гаспадару Рэдактару!
У газэтах было выказана зьдзіўленьне, чаму на беларускай вечарыне 21 красавіка пяялі не беларускія песьні. Дзеля выясьненьня гэтага прашу надрукаваць вось гэткіх некалькі слоў.
Арганізатары вечарыны пастанавілі зьвярнуцца да т.зв. „Славянскага хору“ з просьбай сьпяяць на вечарыне некалькі беларускіх песьняў. Лічылі зусім нормальным, што на беларускай вечарыне будуць пяяць адны беларускія песьні, таксама, як гэта лічаць нормальным ліцьвіны, палякі, жыды і інш., ставячы звычайна на сваіх вечарынах толькі свой нацыянальны рэпэртуар. Гэтаму не перашкаджае й тое, што на беларускай вечарыне можа быць і не адна толькі беларуская публіка, бо кожны, хто йдзе на беларускую вечарыну, хоча чуць там беларускае, а не інтэрнацыянальнае. Калі-ж гэты інтэрнацыяналізм толькі ў маштабе б. Расейскае імпэрыі, дык і пагатове. Аднак „Славянскі хор“ пяяць адны беларускія песьні адмовіўся. Арганізатары аб гэтым даведаліся толькі пасьля концэртнага аддзелу на вечарыне і дзеля гэтага не маглі адмовіцца ад запросін „Славянскага хору“.
Ня ведаючы такжа нічога аб гэтым, я як адзін з загадчыкаў пасьля таго, як хор на вечарыне прапяяў небеларускую песьню, у корэктнай форме зьвярнуўся да старшыні хору з просьбай пяяць далей беларускія песьні. Адказам на гэта была дэмонстрацыя хору (закрыцьцё завесы і інш.) і непяяньне потым зусім беларускіх песьняў.
Дзіўна, што з паміж харыстаў і харыстак, якія адмовіліся пяяць беларускія песьні і прымалі ўчасьце ў антыбеларускай дэмонстрацыі хору, некаторыя навет называюць сябе сьвядомымі беларусамі.
3 пашанаю Я. Станкевіч 24.04.1921 г.
II
Паважаны Грамадзяніне Рэдактару!
Дзеля таго што рэдакцыя „Беларускіх ведамасьцяў" адмовілася надрукаваць, зрабеце ласку, надрукуйце ніжэйпісанае ў вашай паважанай газэце.
У № 6 „Беларускіх ведамасьцяў" надрукавана гэткая заметка!
„У новы склад Літоўскай Епархіяльнай Рады, ўжо зацьверджанай патрыярхам, уваходзяць ад духавенства пратаярэй А. Сасноўскі (беларус) і сьвяшчэньнік М. Кушнёў (беларус, прадстаўнік праваслаўнага духавенства ў Віленскім Беларускім Нацыянальным Камітэце); ад міран: В. Нядзельскі (беларус) і В. Прадцечанскі (масковец)“.
Як рабачай на беларускай ніве, якому дорага, каб беларускае грамадзянства ня ўводзілася ў абмылку, лічу патрэбным заявіць ніжэйпісанае.
Там, дзе справа не аб навуковай праўдзівасьці, але аб грамадзкай працы — прыймаецца пад увагу, пры азначэньні нацыянальнасьці — не зоолёгія чалавека, але яго ідэолёгія, яго грамадзкія перакананьні і праца. I з гэтага пагляду ня можна называць беларусамі прат. Сасноўскага, сьвяшч. М. Кушнёва і В. Нядзельскага.
Прат. Сасноўскі ня толькі нічагусенькі не рабіў і ня робіць для беларускае справы, але на’т ніколі і аднаго слаўца не прамовіў у абарону гэтае справы. Што да сьвяшч. М.
Кушнёва, дык ён хоць мо’ і лічыцца яшчэ ў паперах сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту, але мне як сябру гэтага Камітэту ведама, што ўжо 3/4 году як ніколі на зборках Камітэту ён ня бывае. Затое сьвяшч. М. Кушнёў закладае рускую школу ля Астрабрамскае вул., ёсьць пісарам рускае гімназіі п. Пасьпелавае і ад Рускага праваслаўнага камітэту ў Вільні быў пасланы адным з трох прадстаўнікоў у „Русскую обьеднннтельную органнзацню". Што за беларус В. Нядзельскі, відаць хоць-бы з таго, што калі сёлета на епархіяльным зьезьдзе Вяч. Багдановіч заявіў, што беларусы дзеля таго часта адносяцца няпрыязна да праваслаўнага духавенства, што яно борацца з беларускім рухам і радзіў, не паддзержуючы беларускага руху, толераваць яго там, дзе немагчыма задушыць, то В. Нядзельскі востра выступіў проці гэтага, дамагаючыся барацьбы з беларускім рухам навет там, дзе яго пабароць немагчыма.
Гэткія „беларусы" ўвайшлі ў склад Епархіяльнае Рады ў епархіі, выключна беларускай па нацыянальнасьці сваіх верных. Гэта — „тоже белорусы“, і, памяшчаючы заметку, рэдакцыя павінна была гэта адзначыць. Падобная заметка падрывае веру ў орган беларускага друку як у сваіх, так і ў чужых.