За родную мову й праўдзівы назоў
Ян Станкевіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 742с.
Мінск 2013
Пан Сідарук гукаў пра ўсё чыста, але найменей пра мову Палесься. Гэтак ён казаў, што тыя Беларусы, каторыя перасяліліся да іхнае мясцовасьці, былі камуністыя, што Беларусаў быццам толькі восем мільёнаў і што Украінцы іх перамогуць, нападаў на мяне за тое, што ў сваім гістарычным артыкуле ў „Ведзе“ я прывёў цытату з украінскага гісторыка Кастамарава пра тое, што й цяперака Украінцу Паляшук альбо чараўнік, альбо дурань. Злаваўся ён на мяне таксама за маю зацемку ў „Ведзе“, што ў XI—XII стг. Беларусы рабілі супроць Украінцаў хаўрусы з турка-татарскімі плямёнамі — ведамка, таксама падаваная ўкраінскімі гісторыкамі. I г.д-
„Моваведны" рэфэрат Сідарукоў быў запраўды хаотычным спосабам пасьвячаны ўсім маім пісаньням, так ці інакш датыкаючым Украінцаў. Дасталося й цытаваным мною аўтарам. Гэтак, ён выказаў поўны недавер украінскаму антрополёгу й этнографу Хв. Ваўку. Сідарук пры гэтым заявіў, што на Палесьсі блёндынаў „сусім няма“ (тымчасам адзіны Паляшук, што быў тады ў залі, быў блёндын!). Дасталося таксама ад п. Сідарука аднаму выдатнаму ўкраінскаму лінгвістаму (няпрытымбыламу як не запрошанаму!).
Затое рэфэрэнт вельмі выхваляў Карскага (гэты, як ведама, сотні кілёмэтраў не залічаў да прасторы беларускае, калі толькі там была ня чыстая беларуская мова) ды Шахматава (апошні, як ведама, утварыў фантастычную тэорыю пра паходжаньне беларускага народу, цяпер у навуковым сьвеце не прызнаваную).
Пасьля рэфэрату ўзяў слова сп. Кісялеўскі. Ён заявіў, што як украінскі дыялектолёг, ён высака цэне Сідаруковы запісы асаблівасьцяў мовы Палесься, радзіў мне шанаваць аўторытэт Карскага, бо „ён-жа й Беларус", і зьвярнуўся да мяне із заклікам „дзеля супольных інтарэсаў" перастаць так пісаць пра Украінцаў, як я пішу дагэтуль. Гэта было мне чыстай неспадзеўкаю. Я заўсёды пішу, кіруючыся навукова сьцьверджанай праўдаю, думаю што й найгарчэйшая праўда лепшая за салодкую ману, буду заўсёды ўдзяч-
ны таму, хто давядзець мне магчымыя ў мяне абмылы, і ніколі не паверу, каб нашы, беларуска-ўкраінскія супольныя інтарэсы вымагалі праўды сьцерагчыся. Проф. Яр. Рудніцкі (украінскі мовавед) зацеміў, што ён цэне моўныя факты, радзіў др. Сідаруку й мне іх запісаваць, але дадаў, што з вывадамі Сідаруковымі ён не згаджаецца. Ня буду адзначаць выступленьняў іншых, немоваведаў, яны нат гэтулькі ня мелі супольнага з моваю, колькі рэфэрат Сідарукоў.
На такі рэфэрат нельга было адказываць, і я абмежыўся тым, што задаў др. Сідаруку сьцяг пытаньняў, на каторыя адказы мусілі-б сьцьвярдзіць асноўныя асаблівасьці беларускае мовы Палесься, але ён на іх не адказаў.
Нельга не зьвярнуць увагі, што ў заходнім Палесьсі беларуская мова болей падпала пад украінскі ўплыў, чымся ў павеце Столінскім, у належачых да савецкай Украіны павеце Аўруцкім і ў Чарнігаўшчыне (Горадненскі павет і некаторыя іншыя мясцовасьці), і калі-б якія Ўкраінцы хацелі, у сувязі зь беларуска-ўкраінскім моўным разгранічэньнем, разглядаць мову ўсіх гэтых мясцовасьцяў, то нельга было-б ня прызнаць у іх добрай веры і добрай волі, але ў выступленьнях Сідаруковых нічагусенькі падобнага ня відаць, маем у іх несправядлівыя палітычныя імкненьні.
Наагул, імпрэза зь менаваным рэфэратам Сідаруковым выглядала адумысьля арганізаванай, каб зрабіць на мяне даймо. I яна яго зрабіла, але не такое даймо, якога спадзяваліся арганізатары.
Наапошку хачу зацеміць, што я ў сваёй адумысловасьці, і напэўна Беларусы наагул, гатовы разгледзіць нашы беларуска-ўкраінскія дачыненьні ў галіне гуманістычнае навукі і ў грамадзкай а палітычнай дзейнасьцях і я пэўны, што ўсюдых мы, калі не акажамся справядлівымі, то напэўна меней грэшнымі за Ўкраінцаў.
Да бакалаўраў, магістраў і інш.
Справа прыгатовы новае, маладое беларускае інтэлігенцыі ёсьць справай надта важнай. Пра гэтую справу я хачу сказаць колькі словаў. У нас як у народу паняволенага інтэлігенцыі мала, а добрых навуковых спэцыялістых яшчэ шмат меней, проста скажу — іх вялікая нястача. Прычына гэтага тая, што дзеці паняволенага народу маюць цяжкія ўмовы вучыцца, а, другое, беларускія інтэлігенты, нацыянальна нясьведамыя, адыходзяць да нашых суседзяў-чужнікоў, звычайна нашых ворагаў. Дзеля таго мы ўсюдых і заўсёды маем асабліва рупіцца, каб нашая моладзеж вучылася, студыявала.
Будучы вонках Бацькаўшчыны, мы маем магчымасьць старацца толькі пра беларускую моладзеж эміграцыйную, і яе я маю наўвеце. Нацыянальная карысьць із асьветы не аднолькавая ў Бацькаўшчыне й на чужыне. У Бацькаўшчыне чалавек із кажнай асьветаю згодзіцца да чагось нацыянальна патрэбнага. Прыкладам, магістар будзе вучыцелем у сярэдняй школе і будзе карысны свайму народу як узгадавальнік маладога пакаленьня ў нацыянальным духу. Ня тое на чужыне. Тут нацыянальнай справе інтэлігенты карысныя толькі з высокай асьветаю ды адно высокакваліфікаваныя зь іх. Пра бакалаўраў — тытул даваны на амэрыканскіх каледжах — і казаць няма чаго. Гэта яшчэ ня высокая асьвета, а толькі першая ступень да яе. Бакалаўра запраўды недавучка. (Калі я казаў гэта аднаму бакалаўру, дык ён мне запярэчыў. Ведама, залежа ад мэты: чалавек, каторага мэтаю ёсьць мець пачатную асьвету, ня будзе недавучкам і скончыўшы толькі пачатную школу, але хто хоча мець штось супольнае з навукаю, таму й ступені магістра мала.)
Дыкжэ пра магістраў. Што можа рабіць эмігрант магістар? У такіх краёх, як Задзіночаныя Штаты, ён можа вучыць у сярэдняй школе, але гэтым ён ня прычыніцца да свае нацыянальнае справы. У іншых краёх, да якіх хіба належаць усе эўрапэйскія, яго, як
чужніка, ня прымуць за вучыцеля і да сярэдняе школы. Дык там ён ня толькі ня можа здавальняць нацыянальных патрэбаў із свае асьветы, але й самому яму яна мала згодзіцца.
Хто канчае ўнівэрсытэт або іншую высокую школу на Захадзе, таго толькі тады ўважаюць за прыгатаванага да навуковае працы, калі ён мае дактарат. Гэта тарнуецца да ўсіх чыста адумысловасьцяў, ня вылучаючы інжынерных і мэдыцыны. Працуючы навукова, высокакваліфікаваныя вучоныя эмігранты будуць заўсёды карысныя беларускай справе, і асабліва карысныя, калі яны гуманістыя.
Пякуча патрэбныя беларускія моваведы, значыцца, навуковыя адумыслоўцы ў беларускай мове. Такая вялізарная нястача навуковых адумыслоўцаў у беларускай мове пагражае ёй вялікай небясьпечнасьцяй. Памруць цяперашнія, і нікога не застанецца, мы із сваёй моваю будзем зданыя на ласку тэндэнцыйных нашых суседзяў. Ды справа не ў ваднэй тэндэнцыі, а і ў тым, што найляпей навукова можа пазнаць беларускую мову прыроджаны Беларус, асабліва той, што яшчэ ня страціў сувязі зь беларускай народнай мовай. Пра гэта ўжо пісаў Чачот. Дзеля таго трэба сьпяшацца, каб выбірала славістыку з мэтаю студыяваньня беларускае мовы моладзеж, пасьля гэтае вайны прыехалая з Бацькаўшчыны, бо наступнае пакаленьне, а нат тыя, што прыехалі дзяцьмі, народнае беларускае мовы знаць ня будуць. Таксама надта важна, каб навуковымі адумыслоўцамі ў беларускай мове сталіся паходзячыя ізь сярэдняга беларускага дыялекту, каторы стаўся асноваю беларускае літаратурнае мовы.
Але й іншыя навуковыя адумыслоўцы гуманістыя — літаратураведы, гісторыкі права, мастацтва, археалёгіі, этнаграфіі і інш. — нам вельмі патрэбныя. Пры гэтым кажную галіну навукі ня ўсюдых аднолькава карысна студыяваць. Навука гісторыі ў Амэрыцы, як у маладых краёх, наагул пастаўлена слаба; дзеля таго на гісторыю маюць запісвацца тыя, што вучацца ў Эўропе.
Некаторыя з нашых людзей маюць абмыльны пагляд, што вучонымі могуць быць толькі мужчыны. Такі пагляд трэба станоўча адкінуць. Ня толькі дзяцюкі, мужчыны, але й жанкі могуць зусім добра студыяваць і быць вучонымі ў кажнай адумысловасьці. На гэта мы ня толькі маем прыклады, але й бачым гэта ўсюдых.
Есьць адна справа ў сувязі з высокімі студыямі. Гэта — арганізацыя памогі студэнтам. Тут я маю наўвеце Задзіночаныя Штаты, у якіх найлепей арыентуюся. Дагэтуль патрэба такое арганізацыі блізу не адчувалася, бо добра зараблялі бацькі, мог зарабіць і сам студэнт, а некаторыя — і гэта было найпрыямней — атрымлівалі стыпэндыі ад амэрыканскіх арганізацыяў. Але ў наступным школьным годзе будзе гарэй. Усходня-Эўрапэйскі Фонд, ад каторага найболей можна было спадзявацца стыпэндыі, абвесьціў, што болей выдаваць стыпэндыяў ня будзе. 3 работаю таксама пагоршала. Дзеля таго трэба парупіцца пра стварэньне беларускае крэдытнае арганізацыі, каторая-бы пазычала грошы патрабуючым студэнтам. Іншыя нацыянальныя групы ў Амэрыцы маюць адумысловыя студэнцкія фонды, з каторых пазычаюць студэнтам грошы на малы працэнт (звычайна 4% у год). Дзеля таго што ў нас няма ніякае пазычальнае арганізацыі, дык такую ролю магла-б ладны час спаўняць агульная каса ўзаемнае памогі, каторую трэба закласьці. Ня маючы лепшае магчымасьці, студэнты будуць удзячныя за такую памогу.
PS. Спадзяюся, што некаторыя з чытачоў мне ўпікнуць, скажуць, што той а той ня мае прыгатовы да навуковае працы, а карысьць ізь яго ў нацыянальнай рабоце на эміграцыі большая, як із вашэцявых дактароў. Напэўна так здараецца, але гэта ня дзеля таго, што такія людзі не прыгатаваўшыся да навуковае працы, а дзякуючы іхнай нацыянальнай ідэйнасьці й актыўнасьці. Калі-б яны мелі навуковую падгатову, дык карысьць ізь іх была-б яшчэ большая. Ды ёсьць людзі розных здольнасьцяў, адныя здольныя да навукі, другія да адміністрацыйнае й арганізацыйнае дзейнасьці, але лепшая навуковая прыгатова ўсім памагае.
He шануйма русыфікацыі!
У1933 годзе маскоўскія камуністыя зьмянілі практычную граматыку й правапіс беларускае мовы, русыфікуючы іх. Нідзе, дзе няма НКВД, Беларусы іхнае зьмены ня прынялі. Але вось некаторыя Беларусы, незалежныя ад НКВД, у цытатах із савецкіх беларускай моваю выданьнях заховуюць гэныя русыфікацыйныя зьмены. Чаму й нашто гэта робіцца? Ці дзеля прышчапленьня гэных зьменаў?1 Ці каб псаваць кроў чытачом? Ці каб паказаць нягоднасьць гэных зьменаў? Першыя дзьве мэты сусім непатрэбныя, a дзеля трэйцяе даволі напісаць артыкул, каб раз і назаўсёды паказаць нягоднасьць гэных зьменаў. Гэта ў сваім часе й было зроблена аўтарам гэтых радкоў. Каму здаецца гэнага недаволі, няхай напіша яшчэ, але няхай не паскудзе нашае мовы гэнымі зьменамі. Цытаты із савецкага беларускай моваю друку трэба падаваць зьмяніўшы іхныя русыфікацыйныя зьмены ў граматыцы й правапісе на хормы беларускія.