За родную мову й праўдзівы назоў
Ян Станкевіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 742с.
Мінск 2013
Але кіраўніцтва Грамады, у тым ліку цэлы пасольскі клюб Грамады, былі камуністычнымі, зн., належылі да камуністычнае партыі. Камуністычны быў і партыйны апарат Грамады, праўда, зь некаторымі выняткамі. Тое, што кіраўніцтва Грамады было камуністычнай Масквою фізычна зьнішчана, не мяняе справы. Фізычна зьнішчаныя былі й беларускія камуністыя ў БССР.
Борзды рост Грамады, што мела ўжо звыш сту тысячаў сяброў, а мо’ й цэлых 120 тысячаў, як піша аўтар, быў абумоўлены тым, што беларускія народныя масы і беларускія кіраўнічыя дзейнікі былі ўжо даросшы да магчымасьці вялікай беларускай арганізацыі. Нянавісьць да Польшчы, ведама, была, не магла яна ня быць пры тых несправядлівасьцях і перасьледаваньнях Беларусаў з боку польскай адміністрацыі, дый не аднае адміністрацыі. Але не нянавісьць да Полыпчы была прычынаю борздага пашырэньня Грамады, а беларускі нацыянальны рост. Бяз гэтага росту нянавісьць да Польшчы вылілася-б у іншыя, не беларускія хормы.
Сярод кіраўнікоў Грамады былі некаторыя людзі мне блізкія й дарагія. Сярод іх на першае месца трэба паставіць Антона Луцкевіча, запраўднага піянера беларускага адраджэнскага руху і адданага яму ўсёй душою. Другім быў здольны масавы працавень, дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі. Блізкі быў і Браніслаў Тарашкевіч, значэньне яго, адылі, у беларускім нацынальным руху станаўко перацэнююць. Гэта быў працавень у рукавічках. Як таковы і эстэт ён мала каму або й нікому (моцна напэўна нікому) не наступіў на мазоль, а дзеля таго, маючы прыяцеляў, ня меў варагоў. Ня ён быў фактьгчным кіраўніком Грамады, дарма што быў ім афіцыяльна. Фактычным кіраўніком Грамады — і не на дабро яе — быў ейны скарбнік Радаслаў Астроўскі.
Нельга было надзівіцца, што, з выняткам пары асобаў, як Астроўскі й Акінчыц, людзі ідэйныя, а некаторыя й надта цэнныя, пашлі на супрацу з камуністычнай партыяй. Першай і галоўнай прычынаю гэтага было менаванае перасьледаваньне Польшчаю Беларусаў, асабліва ідэйных і дзейных, пры каторым, дзеля нацыянальнае справы, яны мусілі шукаць нейкага выхаду і прынялі, няхай і мізэрную, але ўсё-ж такі некаторую памогу ад бальшавікоў. Другой прычынаю было тое, што ў тым часе Беларусы ў БССР маглі праводзіць і праводзілі ладную беларускую культурную работу. Найменшае значэньне мела камуністычная прапаганда; яна дзеяла на людзёў мала дазнаных і мала вырабленых палітычна і сярод іх зьбірала вялікія аброкі (ахвяры), але на галоўных кіраўнікоў грамады яна ўплыву ня мела.
3 другога боку, добра ведама, што хоць кіраўніцтва і партыйны апарат Грамады (гэты зь некаторымі выняткамі) належылі да камуністычнай партыі і мусілі яны спаўняць камуністычныя навукі (інструкцыі) й загады, але ня былі яны (адныя сьведама, другія нясьведама) камуністымі прававернымі, ня былі такімі, якіх вымагала Масква. Каб ня створаныя акалічнасьці, яны камуністымі ніколі ня былі-б. Луцкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч былі нацыянальна-ідэйнымі людзьмі, запраўднымі патрыётамі. Гэта знала Масква і ня была імі, як і цэлай грамадаўскай акцыяй здаволеная. Дзеля таго перла на радыкалізм, каб пасадзіць у турму камуністычных і некамуністычных грамадаўцаў, дзе яны маглі-б вырабляцца на камуйістых прававерных.
Як-жа ацаніць згоду кіраўніцтва Грамады на супрацу з камуністычнай партыяй? Без такое згоды і такое Грамады, якая яна была, перасьледаваньне Беларусаў з боку польскага было-б ня меншае, а можа й большае, або аброкаў (ахвяраў) з польскае рукі было-б шмат меней, а што да заходне-беларускіх аброкаў з рукі расейскай, то іх блізу сусім ня было-б, бо ня было-б масавых уцёкаў да БССР. Дырэктар Віленскай гімназіі беларускай не пасылаў-бы сваіх недакончаных абсальвэнтаў да Менску на ўнівэрсытэт, дзе яны былі ўсе фізычна зьнішчаныя, і інш. — адным чынам, тысячы а тысячы грамадаўцаў, разам із грамадаўскімі пасламі не апынуліся-б на Салоўках і на падобных іншых мясцох і не пагінулі-б там. Дык згоду кіраўніцтва Грамады на супрацу з камуністычнай партыяй трэба ўважаць за вялікую абмылку.
Гэта хіба на месцу будзе зацеміць, што з часам гаркое дазнаньне паказала камуністычным грамадаўцам, што такое камунізм, і яны адышлі ад яго.
Як-жа ставіліся да камуністычнае прапаганды ў заходняй Беларусі іншыя Беларусы, не належачыя да Грамады? Трэба наагул сказаць, што пры сыстэматычным перасьледа-
ваньню Беларусаў з боку польскага, цяжка было ходацца на два бакі — з Палякамі і з камуністымі. Справа пагаршалася яшчэ тым, іпто ходаньне з камуністычным рухам некаторыя ўважалі за памогу Польшчы, бо камуністыя ходаліся з Польшчаю. Такі пагляд быў абмыльны: камуністыя былі шкодныя Полынчы, але ў заходняй Беларусі першнаперш і больш былі шкодныя Беларусам.
Да „Кургана“ Я. Купалы
У. Гіцкі, разглядаючы паэму Янкі Купалы „Курган“ (Бацькаўшчына, № 25—26 (307— 308) з 24 чэрвеня 1956 г.), добра выясьніў Гусьляра як сымбаль беларускага народу. Добра аўтар кажа, што „падзея, апісаная ў паэме (,,Курган“), не становіць фактычнай, гістарычна дадзенай падзеі“ і што як Гусьляр ёсьць сымбаль „сілы жыцьця й вызваленьня“, так і Князь ёсьць сымбаль „няволі й сьмерці". Але чаму за гэткі сымбаль узяты беларускі князь? (Што дыкжэ паэта падаў князя беларускага, відаць із таго, што падзея адбываецца „паміж пустак, балот беларускай зямлі“, ды паэта не даець знаку, што гэта быў нейкі князь-акупант.) 3 другога боку, князь тут не падобны да іншых князёў беларускіх у таго самага Купалы; іншыя „Князь і Ганцы — князевы «другі верныя» і «дружына вольная» запраўды тварылі адну цэласьць (у Гіцкага ,,цэлае“) — нацыянальны арганізм“.
Скуль у паэты стварыўся абраз для такога князя, каторы народ „зьневажаў, катаваў... з дружынай сваей“, у каторага „брацьця корчыцца... кінуты ў гразь, чэрві точаць жывых іх, разьдзетых" і „вісельні петляў разьвіты шнурок", каторы, наапошку, загадаў Гусьляра закапаць жывым у зямлю?! Такіх князёў беларускіх гісторыя ня знае, і такіх рассудкаў Беларусы не рабілі. Але ў старой Маскоўшчыне выглядаюць досыць звычайнымі рассудкі закопваць выступніка жывога ў зямлю, там князь, цар, суд рабілі рассудкі закапаць у зямлю цэлага жывога чалавека або па шыю, каб мучыўся да сьмерці. Казацка-донскі пісьменьнік Красноў апісуе прыпадак закапаньня ў Маскве па шыю ў зямлю жанчыны. Дзеля менаванага можна быць пэўным, што абраз Князя ў паэме „Курган“ быў навеяны на Купалу маскоўскім уплывам.
Да аргумэнтаў дамаганьня незалежнасьці Беларусі
Сп. Аркадзь Будзіч у вартыкуле „Чаму незалежнасьць?" (гл.: Бацькаўшчына, № 27 (309) зь 1 ліпеня сёлета) з аргумэнтаў нашага дамаганьня незалежнасьці, якія мы маем падаваць вольнаму сьвету, адцемлівае аргумант гістарычны, даўжэй задзержваецца над аргумантам эканамічным і аргумант трэйці выказвае так: „Мы мусім давесьці вольнаму сьвету, што беларускія незалежнікі — ніякія ні шавіністы1, ні ксэнафобы, а што яны проста абаронцы1 свайго краю й народу перад расейска-маскоўскай экспляатацыяй".
Прачытаўшы трэйці аргумант, прыпомнілася мне, як 47 год таму я вёў адраджэнскую прапаганду ў Ашмянскім і (пасьлейшым) Валожынскім павеце. Тады было добра, калі ў цэлай воласьці знайшлося колькі сьвядомых Беларусаў. Людзі былі надта адпорныя на аргуманты беларускага адраджэньня. Да таго адпорныя, што найчасьцей ня верылі, што кажаш шчыра пра патрэбу беларускага нацыянальнага адраджэньня, а не жартуеш, не сьмяешся толькі з „простых" людзёў, даводзячы, што іхную „прасьціню" трэба шана-
1 Замест беларускае хор.мы „шавіністыя" і беларускагаслова „абароньнікі", аўтаружыў тутчужую хорму й слова. Перасьцерагаю перад імі.
ваць і захаваць. Іхныя аргуманты былі:
1) Як можна бараніць простую мову?
2) Яму з гэтага няма карысьці, а калі так, дык ён адно думае, а другое гамоне, сьмяецца з нас.
Дык вось, каб пераканаць, што гамоніш шчыра, даводзілася штучна напушчаць на сябе злосьць.
Хіба гэткага спосабу ўжывае і сп. Будзіч, значыць, прыкідваецца, каб іншыя паверылі таму, чаму не даюць веры. Ніхто заграніцаю ня думае, што Беларусы шавіністыя або ненавісьнікі чужнікоў, бо гэтага ў Беларусаў няма. Дык, відавочна, каб пераканаць у праціўным, ён і падае менаваны аргумант. Але нашто гэта? Калі ня гэта, дык заставалася-б думаць, што ён абарачаецца ў нейкім нездаровым серадовішчы, дзе сочаць за кажным словам Беларуса з мэтаю абвінаваціць яго ў шавінізьме й нянавісьці да чужнікоў, і ў яго зьяўляецца хваравіты страх перад такім абвінавачаньнем.
Другое, што я хачу зацеміць: аргуманты гістарычны й эканамічны вельмі важныя, але найважнейшы аргумант — гэта жаданьне самога народу беларускага быць незалежным. Бяз гэтага аргуманту ўсе іншыя аргуманты ня будуць мець у чужніка ніякае вагі. Хто ціха сядзіць, ня ўзрушае заведзенага ягоным непрыяцелем „парадку“ й супакою, таго ніхто вызваляць не парупіцца, хоць-бы як яго выкарыстоўвалі і хоць-бы які ён быў слаўны ў мінуласьці. Кажучы „ў чужніка", я пераймаю спосаб думаньня сп. Будзіча, бо ён чамусьці мае наўвеце толькі чужых, але сваіх не, як быццам чалавек урадзіўся дыпляматам або міністрам загранічных спраў. Памойму, работа сярод сваіх важнейшая за работу сярод чужых. Без сваіх чужыя нам не памогуць.
Парупмася пра дзяцей!
Пачаўся школьны год. Усюдых на чужыне, дзе ёсьць хоць найменшая групка беларускае эміграцыі, павінна быць беларуская школа, дапушчаючая да мясцовае ўрадавае. Пара, каб ужо ў такой школцы беларускай пачаліся заняткі. Пра гэта маюць парупіцца мясцовыя арганізацыі беларускія, бацькі і ўсе чыста мясцовыя Беларусы. Здараецца, што некаторыя бацькі ня рупяцца пра нацыянальнае ўзгадаваньне сваіх дзяцей і ня хочуць іх пасылаць да беларускае школкі. Іхныя дзеці на ўсё маюць час, але на навуку свайго роднага ў іх часу няма. На такіх бацькоў маюць зрабіць уплыў іхныя беларускія суседзі й знаёмыя. Такі ўплыў часта памагае. Памятайма, што дзеці кажнага Беларуса ёсьць адначасна дзяцьмі беларускага народу; хто іх не гадуе пабеларуску, той крадзець іх у свайго народу і робіць зь іх падарак чужніком.
Школка мае быць бяз увагі на тое, колькі ў яе запішацца дзяцей. Колькасьць дзяцей з часам напэўна павялічыцца, а калі-б і не павялічылася, дык і некалькі дзяцей усё роўна трэба вучыць. Школа мусіць дзеяць, як машына, без прапушчэньня лекцыяў. A кажная лекцыя йзноў мае пачынацца акуратна што да часіны ў вызначаны час. Калі-б якое дзіцё спазьнілася, дык гэта ня значыць, што лекцыя мае пазьней пачацца. Пра кажнае дзіцё, што ня прыдзе на заняткі ў школе, трэба наказаваць бацьком.