За родную мову й праўдзівы назоў
Ян Станкевіч
Выдавец: Інбелкульт
Памер: 742с.
Мінск 2013
Думка пра неабходнасьць адчыненьня ў Беларусі ўнівэрсытэту так насьпела, й патрэба ў унівэрсытэце так войстра адчувалася, што ў 1916 г., не зважаючы на ваенныя падзеі, Магілеўскае Губэрнскае Земскае выбраньне, Віцебская Губэрнская Земская Рада, Менская Месцкая Рада і Менскае Губэрнскае Земства рабілі стараньні перад урадам пра адчыненьне ўнівэрсытэту ў вадным зь беларускіх местаў.
На ўсе гэтыя стараньні расейскі ўрад адказваў адмоваю. Расея баялася, каб унівэрсытэт у Беларусі ня стаўся цэнтрам нацыянальна-культурнага й палітычнага беларускага руху.
Расейскія чарнасоценцы, а зь імі цяпер і расейскія камуністыя, цьвердзяць, што Расея не дазваляла Беларусі мець унівэрсытэту дзеля таго, каб ня вучыліся ў ім „польскія паны“. Запраўды-ж спалячаныя беларускія паны дзякуючы свайму багацьцю мелі по-
ўную магчымасьць вучыць сваіх дзяцей на ўнівэрсытэтах у Расеі й у Ўкраіне, і імі гэтыя ўнівэрсытэты былі перапоўненыя. Беларуская засьценкавая шляхта, сялянства й мяшчанства такое магчымасьці ня мелі. Што ня дзеля „польскіх паноў“, але дзеля Беларусаў не дазваляла Расея мець Беларусі ўнівэрсытэту і іншых высокіх школаў, відаць таксама і з таго, што ў Беларусі ня была адчыненая навет праваслаўная духоўная акадэмія, хоць у ёй „польскія паны“, як каталікі, ня вучыліся-б.
Чытаньнік таксама паказаў, што адчыненьне цяперашняга ўнівэрсытэту ў Менску было ў вялікай меры прыгатавана беларускімі нацыянальнымі сіламі яшчэ да заняцьця Беларусі бальшавікамі. Бальшавіком, каб не скампрамітавацца, заставалася згадзіцца на прыгатаваную іншымі справу і канчальна ўжыцьцёвіць яе, карыстаючыся тымі-ж беларускімі нацыянальнымі сіламі, але ўжо будучы пад іхным загадам.
Вянкі ўюць
У камэнтары да твораў Максіма Багдановіча, што цяпер друкуюццаў „Бацькаўшчыне“, неадноўчы паўтараецца: „Верш ня ўплецены ў новую рэдакцыю «Вянка»“.
Плятуць рэчы грубыя, як кашы, лубкі, пляцёнкі. 3 гэтым згаджаецца й тое, што карэнь дзеяслова пляту-плесьці той самы, што й карэнь словаў плот, пярэплат (азярод), розьніца толькі ў ступені самагуку. Але ўжо пужку не плятуць, аўюць. I пагатове не плятуць, а ўюць такую мастацкую рэч, як вянок. Калі ўюць вянок із красак і пад., дык уюць яго і зь вершаў. Есьць, праўда, і вершаплёты, але Багдановіч да іх не належа. Карэнь дзеясловаўю (зь вью) — „віць“ той самы, што й карэнь слова вянок, розьніца толькі ў ступені самагуку. Гэтак, паходжаньне менаваных словаў згаджаецца зь іх ужываньнем у мове.
За адным гакам ня лішне мо’ будзе зацеміць, што паясы — ткуць. Таксама віцьцё розьніцца сваёй тэхнікай ад пляценьня. Прыклад на віцьцё вянка:
Дзевачкі йдуць, вяночкі ўюць,
Я свой разьвіваю.
Па красачцы, па васілёчку Я свой раськідаю.
Песьня запісаная ў Імглінскім павеце (Косіч, 235 II Жнвая старнна, 1901, т. II).
Падобных прыкладаў сустракаецца мноства з усіх беларускіх мясцовасьцяў.
Адноўчы здарылася мне чуць, як беларускі інтэлігент прасіў селавую дзяўчыну „сплесьці" яму пояс, тая адчула гэта як зьнявагу свайму ўменьню і адказала, што плесьці пояса яна ня будзе, але — вытча.
„Узыходзіла сонца незалежнае Беларусі“
Да абвешчаньня незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.
(Успаміны)
3 таго часу мінула ўжо 40 год. Часта здаецца, што гэта было ўчора, адылі, розныя драбнейшыя стацьці, а таксама некаторыя асобы выпалі з памяці.
На пачатку зімы 1917 году дзякуючы стараньням братоў Луцкевічаў у нямецкай акупацыйнай улады я прыехаў або, праўдзівей, мяне прывёз аўстрыяцкі ахвіцэр Чэх з аўстрыяцкага палону да Вільні. У Вільні ўжо тады Беларусы мелі некаторыя няясныя ведамкі пра тое, што дзеялася ў часе вайны ў тэй болыпай часьці Беларусі, што засталася
на ўсходзе нямецка-расейскага фронту. Прыходзілі яны кружнай дарогаю цераз Заходнюю Эўропу. Дзеля таго што я быў лучыўшы ў палон увосень 1917 г., дык мог гэтыя ведамкі ладне дапоўніць. Калі-ж на пачатку 1918 г. расейскі бок фронту перастаў існаваць і нямецкая армія пайшла наўсход, заняўшы вялікую часьць цэнтральнай Беларусі, то Беларусам у Вільні сталі ведамыя й апошнія падзеі ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі, зь іх найважнейшае тое, што адбыўся ў Менску вялікі ўсебеларскі зьезд, каторы абвесьціў Беларускую Народную Рэспубліку, што ёсьць Рада Беларускае Народнае Рэспублікі. Неўзабаве выявілася, што хоць абвешчана Беларуская Рэспубліка, але не абвешчаная яе незалежнасьць.
Да вайны 1914—1918 г. Вільня была цэнтрам нацыянальна-культурнага й палітычнага беларускага руху, зь нямецкай акупацыяй, увосень 1915 г., Вільня засталася такім цэнтрам толькі для занятай Немцамі Заходняй Беларусі. Ужо ў 1915 г. беларускія палітычныя арганізацыі ў сваёй дэклярацыі ў Вільні дамагаліся незалежнасьці Беларусі. Згодна з дэклярацыяй мела быць гэта аднаўленьне даўнейшага беларускага гаспадарства, званага Вялікім Княствам Літоўскім. Таксама ўходзіць у яго мела ня толькі этнаграфічная Беларусь, але й Летува, з тэй розьніцаю ад мінуласьці, што даўней Летува была звычайнай правінцыяй беларускай і адна часьць яе, Жмудзь, мела аўтаномію, цяпер-жа гэта мела быць гаспадарства фэдэрацыйнае, складзенае зь дзьвюх раўнапраўных часьцяў — Беларусі і Летувы.
Спачатку такога гаспадарства дамагаліся ў супольнай дэклярацыі ўсе краёвыя элемэнты, г.зн. ня толькі нацыянальна-сьвядомыя Беларусы й Летувісы, але й тыя з апалячаных Беларусаў і Летувісаў, што ўважалі сябе за Палякаў. Душою гэтае палітычнае канцэпцыі былі Беларусы зь Іванам і Антонам Луцкевічамі на чале. Такім парадкам, традыцыя беларускае гаспадарствавасьці адгукнулася нат болып за сто год пасьля зьнішчэньня беларускага гаспадарства, дарма што ранейшыя спробы яго ўзнаўленьня — у 1812 годзе, у паўстаньнях 1830—1831 г. і 1863 г. — былі крывава здушаныя Масквою.
У 1917 г., адылі, Летувісы адступілі ад менаванае канцэпцыі і пачалі дамагацца незалежнасьці аднае Летувы, робячы пры гэтым нічым не абгрунтаваныя прэтэнсіі на часьць беларускіх земляў. Гэта згаджалася з палітыкаю Нямеччыны, каторая імкнулася прылучыць Летуву да Нямеччыны ў форме аўтаномнага гаспадарства зь нямецкім князем на чале і з Расеяй пагадзіцца. Ня маючы іншага выхаду, пакуль усё залежала ад Нямеччыны, Летувісы з балцкім супакоем і выдзержанасьцяй гадзіліся й на гэта, дарма што гэта ня было іхным ідэялам.
Нацыянальна-палітычным прадстаўніцтвам акупаванай Немцамі заходняй часьці Беларусі быў Беларускі Нацыянальны Камітэт ізь сялібаю ў Вільні. Жаданьнем Камітэту было пабачыцца з прадстаўнікамі Рады БНР, каб, галоўна, прысьпяшыць абвешчаньне незалежнасьці Беларусі. Дзеля гэтага трэба было паехаць у Менск. Дзеля таго, адылі, што палітычныя канцэпцыі Беларусаў у васобе Беларускага Нацыянальнага Камітэту не згаджаліся з канцэпцыямі Нямеччыны, нямецкая акупацыйная ўладаў Вільні даўгі час не давала дазволу дэлегацыі Беларускага Нацыянальнага Камітэту на падарожжа ў Менск. Наапошку, дазвол быў атрыманы, і ў першай палавіне сакавіка 1918 году дэлегацыя Камітэту ў складзе Івана й Антона Луцкевічаў, Язэпа Туркевіча (віленскі работніксталяр), Сямашкі, начальніка гашэльнай дружыны места Вільні, і аўтара гэтьгх радкоў паехала ў Менск. Ехалі ў цяжарным адкрытым аледзянелым аўце.
У Менску дэлегацыю Заходняе Беларусі горача вітала Рада БНР, і на наступным ейным паседжаньні ўсе сябры дэлегацыі былі аднагалосна прынятыя ў сябры Рады БНР.
Спачатку былі нарады дэлегатаў із асобнымі раднымі, часта із сваймі старымі ідэялягічнымі сябрамі. Пасьлей фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады Рады БНР склікала сваіх сяброў, на каторай былі і ўсе іншыя беларускія сацыялістыя — сябры Рады БНР і некаторыя несацыялістыя Беларусы — таксама сябры Рады БНР. Зборка была
вельмі чысьленая. 3 удзельнікаў яе захаваліся ў маёй памяці адно тыя, з каторымі й пасьлей даводзілася мне сустракацца. Гэта Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Язэп Лёсік, Аляксандра Прушынскі, Заяц, Язэп Варонка, Тамаш Грыб, Палута Бадунова. Хіба былі й Серада, маршалка Рады БНР, Аляксандра Цьвікевіч, Кастусь Езавітаў, Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка, але іх ня памятую. Была ўся дэлегацыя Заходняе Беларусі. На парадку дня было адно пытаньне — безадвалочнае абвешчаньне незалежнасьці Беларусі. Удзельнікі зборкі складалі абсалютную бальшыню сяброў Рады БНР, зн., ад іх залежыла абвешчаньне незалежнасьці. Зборка цягнулася доўга, пытаньне было ўсебакова разгледжана, мноства выступала з прамовамі, наапошку аднагалосна была прынятая рэзалюцыя — безадвалочна абвесьціць незалежнасьць Беларусі.
Дзеля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі 24 сакавіка было паседжаньне Рады БНР. Пачалося адвячоркам. Вёў яго маршалка Рады вэтэрынарны доктар Серада. Спачатку ініцыятары абвешчаньня незалежнасьці выясьнілі канечную патрэбу незалежнасьці Беларусі з гледзішча нацыянальна-культурнага, палітычнага й гаспадарскага ды падчыркнулі, што беларускі народ, які ў мінуласьці на працягу прынамся дзевяцёх стагодзьдзяў меў собскае гаспадарства, здольны сам быць незалежным гаспадаром у сваёй Бацькаўшчыне.
Адылі пачалася дыскусія. У Радзе БНР былі й нацыянальныя мяншыні: Расейцы — запраўдныя, наяжджомыя й абруселыя Беларусы, Палякі — запраўды спалячаныя Беларусы й Жыды. Усе Расейцы былі супраць незалежнасьці Беларусі, часьць Палякаў і часьць Жыдоў таксама былі супраць. 3 абодвых бакоў, зн., з паміж прыхільнікаў і праціўнікаў незалежнасьці Беларусі, было шмат прамоваў, болей з боку беларускага, як вялікае бальшыні. Настрой рабіўся ўсё гарачэйшы. Калі сьвітала 25 сакавіка, быў прачытаны праект рэзалюцыі. Каб паганьбіць праціўнікаў незалежнасьці, раздаліся пасуленьні імгненнага галасаваньня над рэзалюцыяй, што й было зроблена.
Гэта была гістарычная часіна. Д агэтуль адныя фармальна-праўна, а другія й пачуцьцёва былі грамадзянамі Расеі. Цяпер яны зрывалі з Расеяй, што з гледзішча расейскага было здрадаю гаспадарства. Тыя, што не адвыклі ўважаць сябе за грамадзян Расеі, гэта добра сабе ўсьведамлялі й адчувалі. Ім асабліва гэта была пераломная часіна. Я зацеміў, што др. Серада дрыжэў пры галасаваньні. Усе Беларусы галасавалі за незалежнасьць свайго краю. Як толькі рэзалюцыя была прынята, засьвяціла ў вокны ўзыходзячае сонца. Колькі асобаў ускрыкнула: „Узыходзе сонца незалежнае Беларусі!"
Сама нямецкая акупацыя была вялікай перашкодай у дзеяльнасьці Рады БНР. Але, апрача гэтага, Немцы не рабілі адумысловых перашкодаў у дзеяльнасьці Рады; але й ані не памагалі. Прычына былаў тым, што пляны Нямеччыны, як было зацемлены вышэй, не згаджаліся зь незалежніцкімі імкненьнямі беларускімі. Некаторыя нямецкія палітычныя дзейнікі радзілі прадстаўніком Рады БНР дамовіцца з бальшавікамі што да незалежнасьці Беларусі, што, як ведама, было немагчыма.