• Газеты, часопісы і г.д.
  • За смугою часу  Васіль Супрун

    За смугою часу

    Васіль Супрун

    Выдавец: Полымя
    Памер: 144с.
    Мінск 1994
    221.72 МБ
    
    75
    
    радзіўся ў фальварку Мерачоўшчына, ля Косава, што ў Слонімскім павеце), задушанае расійскай арміяй, якую ўзначальваў Сувораў. Слонімшчына брала не вельмі актыўны ўдзел у паўстанні, але адна з бітваў здарылася ў прадмесці Слоніма. Гэта адбылося 2 жніўня 1794 года, войскам Часовай рады Вялікага княства Літоўскага каман-давалі генерал Серакоўскі і Беляк.
      У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай пад уладу Расійскай імперыі трапіла і Слонімшчына.
    
    
            У складзе Расійскай імперыі
    
      Указам імператрыцы Кацярыны II ад 14 снежня 1795 года з частак колішніх Віленскага, Гродзенскага, Наваг-радскага і Брэсцкага ваяводстваў была ўтворана Слонімская губерня з цэнтрам у Слоніме. У склад яе ўвайшлі Слонімскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Наваградскі, Ваўкавыскі, Лідскі, Пружанскі і Кобрынскі паветы. Аднак губернскім цэнтрам Слонім заставаўся нядоўга.
      Паводле ўказа новага імператара Паўла I ад 12 снежня 1796 года, Слонімская і Віленская губерні аб’ядналіся ў адну Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні. Слонім стаў у ёй павятовым горадам, а пасля чарговага перадзелу ў 1801 годзе — цэнтрам Слонімскага павета ў складзе Гродзенскай губерні. Нарэшце адміністрацыйная чахарда закончылася, губерні вызначыліся. Жыццё паступова на-стройвалася на новы лад, уводзіліся новыя законы і парадкі. У краі раскватароўваліся значныя вайсковыя гарнізоны, a губернатарам даваліся амаль неабмежаваныя правы ваен-нага часу.
      Слонімшчына з нядаўняга цэнтра культуры і грамадскага жыцця ператваралася ў далёкую ўскраіну Расійскай імперыі, прытым лічылася не надта надзейнай у палітычных адносінах. Заігрываючы з памешчыкамі, царскія ўлады ўвесь цяжар новай кабалы ўзвалілі на плечы сялян і мяшчан. 3 1797 года былі ўведзены новыя паборы і павіннасці. Мясцовым жыхарам належала ўтрымліваць вайсковыя гарнізоны, што размяшчаліся тут для застраш-вання. Але, нягледзячы на значныя палітычныя перамены, Слонімшчына ў сваім эканамічным жыцці і традыцыйным укладзе прытрымлівалася ранейшага рытму. Межы павета заставаліся нязменнымі, а насельніцтва ў 1797 годзе складала 38 594 чалавекі. У 1781 годзе ў горадзе налічвалася 2516 жыхароў. У 1794 годзе тут мелася 5 мураваных каталіцкіх касцёлаў і кляштараў, парафіяльны касцёл св. Андрэя, драўляны жаночы кляштар, драўляная
    
    
    76
    
    уніяцкая царква (згарэла ў 1848 годзе), мураваная яўрэйская сінагога, 6 малітоўных дамоў-школ, 6 іншых мураваных дамоў (у тым ліку чатыры — М. Агінскага) і 666 драўляных дамоў мяшчан.
       Далучэнне краю да Расійскай імперыі значна змяніла яго гандлёвыя перспектывы, расшырыла рынак за кошт агромністых прастораў дзяржавы, якія ў прамысловых адносінах былі развіты значна слабей. На гэтай аснове павялічваліся вытворчыя магутнасці найбольш перспек-тыўных слонімскіх фабрык, адкрываліся новыя цэхі. Паступова актывізаваўся яўрэйскі прадпрымальніцкі і гандлёвы патэнцыял і за кошт яго ўзрасла колькасць насельніцтва горада. Тым не менш пераарыентацыя гандлёвых сувязей ішла стрымана, бо ў ёй малую зацікаўленасць меў сам урад царскай Расіі, які апасаўся, што разам з гандлем з так званых заходніх губерняў мог пранікаць у цэнтральныя і дэмакратычны, бунтарскі заходні ўплыў.
       Геаграфічнае становішча Слоніма — на скрыжаванні важнейшых гандлёвых шляхоў — рабіла яго бойкім месцам. Праз горад праязджала мноства людзей, правозіліся разнастайныя грузы. Адсюль разыходзіліся вядомыя ганд-лёвыя і паштовыя тракты на Вільню, Менск, Брэст, Гродна, тут праходзіў і шлях, што злучаў Маскву з Захадам. Усё гэта ў значнай ступені прычынялася да развіцця харчовай вытворчасці. Так, у 1810 годзе на 2940 гарадскіх жыхароў было 58 кавярняў, корчмаў і гарэлачных крамаў. У горадзе існавала 26 бровараў (у тым ліку 25 яўрэйскіх), якія штогод выраблялі 4057 вёдраў гарэлкі.
       Штотыднёвыя базары сцягвалі ў Слонім нямала сялян з суседніх і аддаленых вёсак і мястэчак. Некалькі разоў на год наладжваліся вялікія кірмашы, якія доўжыліся не адзін дзень, і туды з’язджаліся купцы і сяляне з далёкіх мясцін. Гандаль ішоў не толькі коньмі, быдлам і сельскагаспадарчай прадукцыяй, але і прамысловымі тава-рамі, ганчарнымі, кавальскімі і іншымі вырабамі. Горад у такія дні ператвараўся ў многагалосы вулей, а пасля кірмашу ў розных напрамках расцякаліся фурманкі сялян, фаэтоны купцоў, брычкі багатых землеўладальнікаў і босая галота.
       Слонім з’яўляўся і важным паштовым вузлом. Тут (пры скрыжаванні сучасных вуліц Студэнцкай і Камуністычнай) мелася вялікая паштовая станцыя. Былі ў горадзе заезныя дамы, гасціныя двары з коннымі дыліжансамі і фаэтонамі.
       У XIX стагоддзі жыхары горада актыўна пераходзілі ад сельскагаспадарчых заняткаў да розных промыслаў, ра-месніцкіх спраў і гандлю, а рамеснікі пачыналі аб’яд-
    
    77
    
    План Слоніма 1795 г.: 7 — палац Агінскага; 2 — гандлёвая плошча; 3 — тэатр; 4 — касцёл; 5 — уніяцкая царква; 6 — жаночы бернардзінскі манастыр; 7 — касцёл езуітаў; 8 — манастыр бенедыкцінак; 9 — мужчынскі манастыр бернардзінцаў; 10 — сінагога
    
    ноўвацца ў суполкі і цэхі. Сельская гаспадарка станавілася дапаможнай галіной, і ёю ў асноўным займалася карэннае беларускае насельніцтва. Спецыялізавалася яно і ў ганчар-най, ткацкай, кавальскай і цяслярскай справе. Гандаль жа трымалі ў руках яўрэі.
       Палітычная сітуацыя ў краі заставалася не зусім спакойнай. Было нямала незадаволеных новымі парадкамі і ўладамі. Погляды іх скіроўваліся на Захад, дзе ўсё велічней вырысоўвалася постаць Напалеона Банапарта. Чакалі і спадзяваліся на яго прыход пераважна прапольскія элементы, якія і вялі нелегальную прапаганду на карысць французскага імператара. Расійскі цар Аляксандр I у сваю чаргу абяцаннямі ствараў надзеі на ўваскрашэнне неак-рэсленай аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі. Над распрацоўкай будучай канстытуцыі ўзнёсла працаваў Міхал Клеафас Агінскі. Аднак як адзін, так і другі імператар толькі ігралі на патрыятычных пачуццях мясцовага насельніцтва.
    
            Год 1812-ы
    
       Вайна праглядвалася ўсё выразней, і гэта накладвала свой адбітак на эканоміку краю. Да таго ж страшная засуха 1811 года выклікала няўрод. Насельніцтву пагражаў голад.
       Аляксандр I, адчуваючы, што ваяваць з Напалеонам прыйдзецца ў асноўным на беларускіх землях, канцэнтра-ваў тут вайсковыя сілы, а губернатарам даў адпаведныя загады аб заўчаснай эвакуацыі рэзерваў і архіваў і аб пільным наглядзе за палітычным жыццём заходніх губер-няў. 17 красавіка 1812 года гродзенскі губернатар у сваю чаргу направіў слонімскаму спраўніку ліст, дзе патрабаваў звяртаць асаблівую ўвагу на палітычны рух на тэрыторыі павета і пры выяўленні важных фактаў уласнаручным данясеннем паведамляць яму. Другім лістом ад той самай даты спраўнік папярэджваў аб магчымай засылцы ў Слонім двух французскіх разведчыкаў, называліся іх прозвішчы. Пазней губернатар цікавіўся, ці не знойдзены на тэрыторыі павета замежныя лістоўкі і адозвы. У краі сапраўды шырока дзейнгчала французская разведка, актыўна пра-водзілася прапаганда, чаму ў многім дапамагалі каталіцкія ксяндзы і прапольскі настроеныя памешчыкі.
       22 чэрвеня губернатар патрабаваў тэрмінова эва-куіраваць у Пскоў дзяржаўныя ўстановы, банк і слонімскія архівы. Пры гэтым падкрэслівалася неабходнасць вывазу планаў, карт, статыстычных даных, усіх інвентароў і інш.
    
    
    79
    
    (Магчыма, таму і цяпер архівы тыя ў большасці невядо-мыя.)
       У ноч на 24 чэрвеня Напалеон Банапарт з арміяй у 600 тысяч салдат пераправіўся цераз пагранічны Нёман. Пачалася руска-французская вайна. Дзве Заходнія рускія арміі — супраць іх быў скіраваны ўдар французаў — з баямі адступалі: 1-ая армія генерала М. Барклая-дэ-Толі (каля 127 тысяч чалавек) на Вільню, а 2-ая армія генерала П. Баграціёна (каля 45 тысяч чалавек) на Ваўкавыск — Слонім.
       30 чэрвеня праз Слонім амаль без затрымкі прайіііла на Наваградак армія П. Баграціёна ў надзеі на злучэнне з 1-ай арміяй. Аднак сітуацыя змянялася вельмі хутка, і даводзілася мяняць напрамак адступлення.
       3 Беластока на Слонім рухалася саксонская армія пад камандаваннем генерала Рэгнера, а з Драгічына ішла аўстрыйская армія на чале з генералам Шварцэнбергам. 1 ліпеня тыя два напалеонаўскія патокі зліліся ў Слоніме. Частка армейскіх злучэнняў накіроўвалася на ўсход, у напрамку Менска, некаторыя — на Кобрын, астатнія рас-кватароўваліся на месцы. Горад быў набіты войскамі. Пачалася жорсткая і спусташальная акупацыя.
       Мінулагодняя засуха і вялікі недарод збожжа і без таго выбілі Слонімшчыну з эканамічнай раўнавагі, дык цяпер прыбавілася яшчэ і ўтрыманне вялізарнага кантынгенту войск, якія выграбалі ўсё не толькі для ўласнага спажывання, але і для папаўнення харчовых і фуражных запасаў усёй арміі Напалеона. Да таго ж на горад напалеонаўскі камендант генерал Шварцэнберг налажыў кантрыбуцыю ў 1000 чырвонцаў. Але мяшчане катэгарычна адмовіліся ад выплат, бо і так ўсё было вымецена пад венік. Краю пагражаў голад. Спынілася вытворчасць як прамысловая, так і рамесніцкая, гандаль таксама аказаўся паралізаваны.
       У такой катастрафічна складанай эканамічнай і палітычнай сітуацыі прапольскі настроеная частка на-сельніцтва, акрыленая абяцаннямі Напалеона, павяла актыўную дзейнасць па стварэнні сваіх органаў мясцовай улады і фарміраванні ўзброеных атрадаў. Яны перацягвалі на свой бок тых мяшчан і шляхту, што варожа ставіліся, да расійскіх улад. Тутэйшага земскага чыноўніка Фелікса Бронскага абвясцілі на французскі лад прэфэктам горада. Ен хутка ўзяўся аднаўляць адміністрацыйныя ўстановы і колішнія парадкі. Польская мова ў беларускім горадзе стала афіцыйнай.
       Паколькі ўся дзейнасць акупацыйных і цывільных улад у асноўным скіроўвалася супраць мясцовага насельніцтва,
    
    80
    
    на яго аграбленне і нацыянальнае прыніжэнне, то жыхары павета не падтрымлівалі іх і не выконвалі загадаў. Прыхоўвалася ўсё, што можна было схаваць. Людзі з недаверам ставіліся да ўсіх мерапрыемстваў, выключэннем былі толькі некаторыя памешчыкі і частка гарадской знаці, якая лічыла сябе палякамі.
       3 удзелам напалеонаўскага генерала, ураджэнца Слоніма Яна Канопкі, паспешна фарміраваўся, пераважна са шляхты, конны полк уланаў, куды ўваходзілі ўжо праслаўленыя ў бітвах эскадроны віленскіх добраах-вотнікаў. Адначасова стваралася і так званая слонімская жандармерыя на чале з капітанам Юргашкам. Ар-ганізавалася таксама народная гвардыя з 54 асоб. Акрамя таго, загадам Напалеона абвяшчаўся рэкруцкі набор, у французскую армію набіраліся мясцовыя сяляне, мяшчане і шляхта. Аднак насельніцтва Слонімшчыны не выяўляла жадання ваяваць за чужыя інтарэсы і хавалася ў лясах.