Закамянелая памяць
Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец
12+
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 239с.
Мінск 2023
Акрамя гэтага народны паэт Беларусі прысвяціў камяням асобны паэтычны твор, у якім па-філасофску ўвасобіў і пераасэнсаваў ролю і значэнне валуноў для ўсёй нашай зямлі, «Маленне камянёў». I паводле гэтага верша атрымліваецца, што не ўсё, далёка не ўсё так проста і ў прывабным, на першы погляд, жыцці-існаванні валуноў. Так, яны нерухомыя і маўклівыя, але і цярплівыя, збалючаныя. Проста, яны заўсёды маўкліва пераносілі ўласныя пакуты і прыніжэнні, боль і крыўду. Іхнія скаргі мог пачуць толькі відушчы, надзвычай чуллівы чалавек, сэрцу і душы якога чутны скаргі астатніх як адухоўленых, так і неадухоўленых істот. На вялікі жаль, на той час нават сярод сялян было надзвычай мала людзей, якія маглі па-свойму (па-іншаму, а не ў традыцыйным ключы!) растлумачыць новыя надзённыя задачы і праблемы, якія паўставалі ў сувязі з развіццём і змяненнем сацыяльнага жыцця.
Мы, стрыманыя камяні, Трымаем вежы, камяніцы. Вятры ў палях, Нас памяніце, Раса, Наш цень не абміні!
Мы стомленыя валуны, Маршчыны зніклі з нашых шчокаў, Мы глухнем ад набатных крокаў, Паны
I сведкі даўніны.
3 нас кожны
Прышлыя вякі
Трымае на плячы балючым.
Мы ўсіх дарог спатканні лучым, Сціскаем цішу ў кулакі.
Без нас бы гарады даўно
Зрабіліся б забытым полем.
Вас молім -
Нас з тугою, з болем
Успамінайце заадно! [15, с. 303-304].
У іншай «казцы жыцця» «Чортаў камень» Я. Коласам ствараецца самая сапраўдная казачная сітуацыя. Аўтар пастараўся ўсё глыбока пераасэнсаваць, дайсці да вытокаў узнікнення (ці з’яўлення) каменя ў гэтым месцы. Яму падавалася, што, пераказваючы ўсё ў народна-казачным (сімвалічным) ключы, будзе значна прасцей дасягнуць пастаўленай мэты, раскрыць адвечную праблему. Нават паходжанне і размяшчэнне вялізнага валуна на самым ускрайку мясцовай бойкай дарогі, сама назва каменя падаецца Я. Коласам зыходзячы з вусна-паэтычнай традыцыі. Цяпер усім і ўсё павінна будзе зразумела: «Ніхто не памятае таго часу, калі і як папаў сюды гэты камень. Самыя старыя людзі расказваюць, што яшчэ іх дзяды і прадзеды помняць яго. I называўся ён Чортаў камень. Чаму далі яму такую назву, не ведаю. Можа за яго бязмерную
Чортаў камень у Сенненскім р-не
яПыліуй i3W3Hi5iAiv>iv£
велічыню, а можа і за тое, што гэты камень многа зла прынёс і прыносіць людзям. Колькі людскіх калёс і восей пабіта і паламана аб камень! Колькі пакалечана рук і ног! А гузоў колькі набілі тутлюдскія голавы!»
Недзе з гэтых акалічнасцей і выпадала выводзіць саму назву каменя, бо калі чалавеку собіла спатыкнуцца (самому ці з возам), то найперш ён згадваў чорта і заходзіўся ў злосным праклёне, а не звяртаўся з малітвай да якога-небудзь святога. Так у будзённым жыцці заўсёды было павязана. Выйсце было дваістае. Паводле народнай маралі выходзіла: «Усё благое на зямлі ад чорта». Продкі былі перакананы, што гэта нячысцік (нячысцікі) так пажартаваў і такую «штуку» падладзіў людзям. Той шкоднік, не ведаючы лішняга сну і стомы, толькі і рабіў, што падбіраў зручны момант для «падробкі чарговай штукі». He забываймася і пра тое, што ў адвечнай барацьбе-змаганні паміж чортам і чалавекам змаганне працягвалася з пераменным поспехам. Продак разважаў: «Калі не сёння, то заўтра ты абавязкова, нямытае рыла, трапішся ў мае рукі, і тады я ўжо навучу цябе, я табе ўсё чыста прыпомню і адплоціш ты мне крывёю, слязьмі і потам». «Каля каменя ішла дарога. Невядома, чаму людзі выбралі сабе тут дарогу, хто першы праехаў, пралажыў тут след і павёў за сабою другіх» [16, с. 517],
Самыя розныя версіі адносна размяшчэння каменя менавіта ў гэтых мясцінах прыводзіць Я. Колас. Але так і не падае пераважнай. Нібы спадзяецца на тое, што нехта яшчэ выкажа сваю, уласную, версію. Многа адказаў ёсць на гэта пытанне, многа легенд зложана людзьмі пра Чортаў камень: розум чалавечы не можа заспакоіцца, пакуль не вытлумачыць сабе цёмнага, невядомага, няяснага. Казалі, што камень прынеслі сюды нейкія старцы і налажылі на яго праклён, асудзіўшы яго на доўгія вякі ляжаць на гэтым месцы» [Тамсама]. Як бачым, дасталася ад аўтара і «старым людзям», у вобразах якіх увасобіліся Бог і святыя, што ў сівыя стагоддзі хадзілі па зямлі.
Пісьменнік стварае казачна-жыццёвую сітуацыю, калі ніхто не жадае браць на сябе першага адказнасць, прыступаць да рашучых дзеянняў, маўляў, не мною заведзена, то і не мне парушаць. Няхай лепей іншыя, а я ўжо пагляджу ды, калі што якое, потым далучуся да іх. Першых караюць, а іншых толькі дакараюць. У гэтым таксама заключалася своеасаблівая сялянская мудрасць. Менавіта з-за гэтага вяскоўцаў і характарызавалі тады заўсёды: церпялівыя і... надта маўклівыя. «Людзі добра ведалі, колькі зла і няшчасця было ім ад Чортавага каменя, але ніхто не хацеў першы прыкладаць рук, каб скінуць яго. Праўда, на гэта былі важныя прычыны: быў надта вялікі мала чым меншы за добрую хату; другая прычына не ўсе сыходзіліся на думцы, што камень трэба непрыменна
прыбраць. Адны гаварылі, што чапаць камень грэх; другія казалі, што на камень наложаны праклён і крануць яго боязна можа здарыцца якое-небудзь няшчасце. Былі і такія людзі, якія проста стаялі за тое, што камень і павінен быць тут, каб людзі вучыліся быць асцярожнымі і разумнымі, каб умелі самі абладзіць сваю бяду, сваё няшчасце, бо каб не было на свеце зла, дык кожны дурань лёгка трапіў бы ў рай.
Прычына трэцяя ніхто не давёў добрага спосабу, як узяцца за справу» [Тамсама, с. 517-518].
Як бачым, тут усё аўтарам тлумачыцца, зыходзячы з пазіцый старадаўняй прымхлівасці, з налётам нейкага цемрашальства, якое нельга было патлумачыць здаровым ладам жыцця. Магчыма, што такая задача не ставілася самімі сялянамі, якія прызвычаіліся да таго, што на ўскрайку той дарогі ляжыць здаравенная камлыга, і там выпадае быць асцярожным, каб не зачапіцца і не стаць потым аб’ектам для смеху, чарговага анекдатычнага выпадку: «А часы ішлі. Паміралі адны людзі, на змену ім з’яўляліся другія, трэція і гэтак далей. Змянялася нават само аблічча зямлі: лясы змяняліся палямі, на палях зноў раслі дрэвы; толькі Чортаў камень ляжаў і ляжаў такі ж вялікі, такі ж маўклівы, дзікі, непрытульны, абросшы густым мохам. Аднак доўгія вякі пакідалі і на ім усё ж свой след: камень, хоць і мала, асядаў у зямлю. I, казалі, будзе такі час, калі мінецца закляцце, ён сам знікне з твару зямлі, сыдзе ў яе нетры» [Тамсама, с. 518].
Многа стагоддзяў мінула, калі нехта першы спатыкнуўся аб Чортаў камень, а кардынальна нічога так і не перамянілася: «Змяняецца свет, разумнеюць людзі. Цяпер яны многа гавораць пра Чортаў камень, і думкі іх падзяліліся: адны стаяць за тое, каб справу з каменем аддаць на суд часу; другія даводзяць, што лепш адразу пакончыць з ім, парваўшы яго порахам. Чыя тут праўда, няхай мяркуе той, хто пачуе гэту казку» [Тамсама].
Нам падаецца, што А. Разанаў добра ведаў і «казку» Я. Коласа і вуснапаэтычныя творы, прысвечаныя валунам, калі ствараў свае аўтарскія «Камяні». Мяркуйце самі:
Што ты скажаш цяпер? пытаюцца ў мяне камяні, калі мяне спасцігае якая няўдача, калі здараецца са мною якая неспадзяванка.
Яны пытаюцца, яны цешацца, яны ганарацца сабой, яны цяпер адчуваюць сябе мудрэйшымі за ўсе мае аргументы, якія я ім прыводзіў, за ўсе мае ўчынкі, якімі даводзіў, што быць людзьмі лепш...
Я пастаянна казаў, што меў, я пастаянна кажу, што маю, нічога неўтойваючы, нічога не пакідаючы на чорны дзень;
ЗАКАМЯНЕЛАЯ ПАМЯЦЬ
Mae канчатковыя аргументы тут у кожнай хвіліне, у кожным дні, ва ўсім сваім існаванні.
А камяні мяркуюць, што я жабрак, што я жыўлюся чужым, што нічога свайго не маю...
Яны закрываюцца ад мяне: у іхняй закрытасці іхняя моц, у іхняй закрытасці іх каменнасць. Я вучу камяні быць людзьмі. Я іх прасвятляю сабою.
Дзень, калі яны адкрываюцца мне, мой скарб.
Дзень, калі яны закрываюцца ад мяне, чорны [28, с. 248]
Лірычны герой паэта здольны да таго, каб «вучыць камяні быць людзьмі, каб яны ўбіралі ў сябе боль і гнеў людскія...». Новае ў такой сітуацыі гэта тое, што камяні не проста «маўкліва ўбіраюць», але неўзабаве будуць распавядаць пра ўсё тое, сведкамі чаго яны сталі. У сувязі з гэтым аўтар прапануе нават сваё летазлічэнне «дзень светлы» і «дзень чорны». «Светлы» калі душы камянёў адкрытыя для ўспрыняцця, а «чорныя» калі яны закрываюцца і да іх звяртацца тады ўвогуле не выпадае.
У рамане беларускага пісьменніка Генрыха Далідовіча «Гаспадаркамень» разам з апісаннем пераменлівых сацыяльных падзей апавядаецца яшчэ і пра тое, як у цяжкія часіны жыцця вясковыя людзі, па старадаўняй завядзёнцы, прыходзілі да агромністага каменя, каб спытаць у яго парады, параіцца адносна будучыні, звярнуцца за пільнай дапамогай, але маўклівы сведка мінуўшчыны быў абыякавым да іхняга гора. Падобна на тое, што ў гэтым рамане камень сімвалізуе сабою сквапнасць, бязлітаснасць, маўклівасць, абыякавасць да людскіх клопатаў і праблем; няма ў яго ніякага жадання-імкнення дапамагаць няшчасным у іхнім горы [7, с. 214].
У. Караткевіч па-майстэрску хораша і ўмела ўплёў неад’емны атрыбут беларускіх пейзажаў россып вялікіх камянёў у дэтэктыўны раман «Чорны замак Альшанскі». Звезеныя ў свой час з вялікай прылеглай тэрыторыі сюды для будаўніцтва і далейшага драблення, камлыгі пазней парассыпаліся, бо замак пачынаў паціху рушыцца і атрымлівалася тады, што нібыта кожны паасобны камень імкнуўся заняць сваё ранейшае месца. Толькі жаданне было, а вось сілы не хапіла: «Цьмяна і таямніча стаялі ў катлавіне ў некім невядомым парадку вялікія і меншыя валуны. Гэта было месца, у якім старая народная фантазія ахвотна б змясціла пляцоўкудля ракавання рознай больш ці менш шкоднай язычніцкай нечысці. Яна вымірае, але ўсё адно ў такія вось поўневыя ночы,
калі вакол светла і толькі тут пануе паўзмрок, сюды збягаюцца на начную капу, начны суд Вадзяніцы, Балотныя Жанчыны, феі-Мятлушкі, Вогнікі з балотаў, Карчы. Лесавікі, Хахолы і Хохлікі і іншыя напаўзабытыя бажышчы.
Сталёвыя воды туманам сплываюць, Ледзь дыхаюць пасмы пажоўклай травы. Ў нізіне, дзе замак спачые сівы, Апошняя фея цяпер памірае.
Гэтая лагчына апошні куток іхняга калісьці бязмежнага каралеўства. Гэтыя ледзь бачныя камяні іхнія былыя павержаныя троны. Троны ў лагчыне, у якой густа настаялася іхняя трывога, бездамоўе і асуджанасць. Іхняя апошняя безнадзейнасцьу мёртвай пустцы бездухоўнасці» [13, с. 232-233],