• Часопісы
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    У хаце яму было пра што запытаць і пра што сказаць. У выразах стары не стрымліваўся: “Што, ужо дарваліся?! Ужо панажыраліся, як жабы глею?! Хутка самі, як свінні, поўзаць будзеце! А ты, гаспадар, дзе твой кабан?! Што, дасмаліць яго за адзін раз саломы ў цябе не хапіла?! Што, як сава, вылупіўся на мяне?! Дзе твой кабан, пытаюся?! Вы тут сядзіце, а суседскія сабакі свінню па вёсцы валочаць!”.
    Гаспадар, пахістваючыся, устаў і пачаў было даводзіць, што кабан, як і мае быць, заколаты і яго пачалі смаліць... Толькі вось хлопцы захацелі перакусіць, то ён і паклікаў іх за стол. A то потым будуць усім плявузгаць, што старэйшы брат пашкадаваў есці. Ды яны толькі і прыселі.
    Ад пачутага ў апраўданне стары ўзвіўся яшчэ болей: “Браты яму выказваць стануць, што іх не накарміў?! Ой, людцы, паглядзіце на гэтага барана кашлатага! 3 вас цяпер не толькі вёска смяяцца будзе, а ўсё наваколле на гады вам будзе прыгадваць, як вы свінню смалілі! У вас жа свіння, пакуль вы тут балюеце, з двара ўцекла! Вы хоць бы здагадаліся, зады свае па чарзе ад зэдіка адрываць ды за дзверы выглядваць, каб пераканацца, што ўсё ў вас на месцы! Божачка, за што ты
    ўзнагародзіў мяне гэтакімі дурнямі?! Ды ўсе, як адзін. Ад старэйшага і да самага малодшага!”.
    Пачуўшы пра прапажу, браты рванулі ў двор. Сапраўды, кабана на месцы не было! Крутнуліся туды-сюды, выляцелі за вароты, а ніхто не здагадаўся па снезе дарожку свіных слядоў прасачыць, ажно пакуль бацька зноў не раўнуў, ужо не саромеючыся і не хаваючыся, бо да гэтага моманту палова вялізнай вёскі ведала, яку гэтым падворку кабана смалілі: “Што круціцеся?! На горку бяжыце! Туды, дзе людзі стаяць! Там ваш смех, а мой сорам ляжыць!”.
    От ужо давялося братам выслухаць ад вяскоўцаў усялякіх кпінаў і кепікаў! Мне запомнілася, як дзед Пятрок раіў ім: "Вы болей свінню без пашпарта не выпускайце, а то ж людзі і ведаць не будуць, у каго яна жыла!". Самае цікавае, што кабанчыка адтуль яны прыперлі на руках, не выкарыстаўшы нават саначак, хоцьда гэтага, пахваляючы гаспадара, «“ацэньвалі” свіную вагу на дзвесце пяцьдзесят, а то і на ўсе трыста кілаграмаў!». Перлі так хвацка, што і патрэбны ім двор, спачатку, мінулі ды пранесліся метраў за сто лішніх.
    Увечары ў нашай хацінцы бабуля Хрысця, якая жыла ў сям’і нашага суседа, пасмейваючыся, гаварыла: “Навесялілі мае ўнукі ўсю вёску... Пра іх і так нідзе добра не згадвалі, а тут... Гэта, няйнакш, як нечыя вочы так жывяць... He чула і не бачыла за ўсё сваё доўгае жыццё, каб нежывая свіння ды па вёсцы бегала... Вось ужо праславіліся, дык праславіліся...".
    Салому кемлівыя палешукі навучыліся выкарыстоўваць і ў якасці своеасаблівых уцяпляльных матэрыялаў. Часта доўгімі зімовымі вечарамі мой тата, прысунуўшы ў хату адразу некалькі снапоў саломы, браўся выплятаць з іх саламяныя маты. Так ён мне адказваў на мае шматлікія пытанні. Спачатку ўсё роўна не разумелася, што гэта такое, але калі першы раз убачыў, як гэтыя вырабы чапляюцца знадворку паверх вокнаў і дзвярэй, а потым яшчэ старанна мацуюцца ліштвачкамі-рэйкамі, тады і дайшло, што салома, сціснутая і спрасаваная, добра прыкрывае гэтыя праёмы ад марозу і ўсюдыпранікальнага сівернага ветру, ад якога, здавалася, не было ратунку ў нашай маленькай і дазвання струхлелай хацінцы. Таму і ратаваліся, як маглі. Такія ж маты гаспадар выплеў і павесіў на шырокія вароты ў хляве, каб каровам і свінням было цяплей, бо “ў іх у тыя маразы і вушы абмярзалі...”.
    Мама потым гаварыла, што, здавалася б, простая салома, а так выдатна трымае цяпло. У хляве, калі раніцай ішла даіць кароў, было так цёпла, “як на печы, у першыя хвіліны то з-за пару і не відно было нічога, колькі часутрэба было пастаяць, каб вочы прызвычаіліся. Мала гэтага,
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    і вецер не свістаў, не дзьмуў так, што, седзячы на зэдліку над даёнкай, пастаянна баялася застудзіць спіну. Малайчына, тата, што даўмеўся (а з вышыні сённяшніх гадоў, то мне яшчэ абавязкова хочацца дадаць: і не паленаваўся, не палічыў за лепшае прабавіць доўгія вечары дзе-небудзь у мужчынскай кампаніі, гуляючы ў карты)”.
    Саламяныя маты выручалі ў тыя маразы. Памятаю аднойчы тата прынёс з панадворка трох замерзлых снігіроў. Няшчасныя птушачкі не знайшлі сабе цёплай схованкі і ледзьве не паплаціліся за гэта ўласнымі жыццямі. He натрапіў бы на іх гаспадар і ўсё. Пакладзеныя на чарэнь, яны прыйшлі ў сябе і неўзабаве спачатку нясмела, а потым усё больш упэўнена пачалі высвістваць нейкія свае песенькі.
    Зімы тады былі надзвычай снежныя, завірушныя і марозныя. Нездарма ж гаварылі, што “калі мароз прыцісне, то і сырое дрэва стрэльне”. Страляла, вымярзалі сады, асабліва маладыя. Мы з татам абгортвалі кволыя яшчэ стволікі саломай. Ухутвалі іх і абкручвалі вяровачкай, каб неяк перазімавалі дрэўцы. На верх яшчэ прымацоўвалі і яловы лапнік, бо надта ж вынішчалі саджанцы зайцы. Пакідалі пасля сябе адно нейкія цурбалкі, якія вясною самотна і сіратліва выглядвалі з-пад расталага снегу. Звяркоў з лесу гнаў голад бліжэй да людскога жылля, там яны знаходзілі сабе пэўны паратунак, але саджанцаў мне, малому, было асабліва шкада.
    Вяскоўцы і сабе знаходзілі ў зіму паратунак, асабліва ў ваенныя гады ды і ў першыя пасляваенныя таксама. На свой недарэчны абутак (у асноўным лапці ці гумовыя “рэзгіны”, як у нас называлі нешта падобнае на абутак, бо быў ён выразаны з аўтамабільных шын і неяк мацаваўся да ног, а то і на валёнкі) зверху выпляталі яшчэ і саламяныя “чуні-саламяны”. Калі ўпершыню знайшоў іх на дзедавым гарышчы, то доўга не мог зразумець, што перада мною. Круціў і так, і гэтак, а ўсё роўна не кеміў. Выручыла бабуля, якая здзівілася спачатку: навошта мне гэтае “смецце". Бойка адрэзаў ёй, што панясу ў школьны музей, але там жа настаўніку (дарэчы, гарадскому нараджэнцу) трэба будзе патлумачыць, што я такое прывалок, бо ён ужо ад нас і гэтак пра многае неверагоднае пачуў.
    Аказваецца, гэтыя “чуні-саламяны” прадбачлівыя гаспадары рыхтавалі з восені, а то і з лета, калі вырывалася вольная хвілінка. Плялі іх па агульным узоры, паўтараючы форму нагі і абутку, толькі што большага (значна большага) памеру. Рабілася так, бо разлічвалі, што імі стане карыстацца не адзін чалавек, а ўся чыста сям’я, у прыватнасці дарослыя, калі выпадзе, напрыклад, ехаць па сена на балота. Тады ўсунуў ногі ў лапцях у “саламяны” і падаўся на працу. Ужо потым дзед па-
    цвердзіў, што калі ішлі то лютыя маразы, то адліга і ўтвараліся паўсюдна па балоце лужыны-азярцы, дык наўмысна бралі і зверху тыя “чуні” аблівалі вадою. На марозе яны хутка скоўваліся лядком і тады ўжо ніякая вада іх не прапітвала, ніякі скразняк не прабіраў. Хадзіць хутка ў іх было не надта зручна, а вось працаваць, калі трэба было грузіць сена ці дровы ў лесе, то тут асаблівай нязручнасці не паўставала. Адзінае, што склізгацелі па снезе, калі ён быў ужо да гэтага ўтаптаны. Атрымалася, што ў той жа час адкрылася перада мною цэлая самабытная навука! Так бы і не ведаў нічога пра "саламяны”, каб не шчырае жаданне прынесці настаўніку гісторыі нешта старое ды парадаваць ягоную шчырую краязнаўчую душу.
    Спачатку прыцягнуў парэшткі “чуняў” (з праедзенымі, відаць, мышамі ступакамі, а, магчыма, што і сцертымі падчас карыстання) і ўзяўся іх выбіваць на падворку, ад чаго мае “экспанаты” амаль зусім разляцеліся. У стане ціхага адчаю мяне і заспеў тата. Убачыўшы, чым я займаюся і які ў мяне выгляд, гаспадар і без слоў усё чыста зразумеў. Як заўсёды, спакойна ўсміхнуўся і, абняўшы сына за плечы, пакіравалі мы з ім у прыстаронак. Там выбраў гаспадар два снапы саломы (у яго ва ўсім быўузорны парадак, асабліваўтым, чым ён займаўся, ці што было падрыхтавана для нейкіх рамёстваў), якая была акуратненька “сціртавана” ўздоўж сцяны, і пакіраваў з імі ў хату. За татам папёрся і я. Першае, што ён зрабіў падкінуў рэшткі маіх знаходак да грубкі, што азначала: іх вечарам спалім. Мне нічога іншага, як чакаць, не заставалася. Пасля вячэры, прысеўшы насупраць печы, тата ўзяўся за працу. Ад сына патрабавалася адно: падбіраць і ачышчаць да бляску салому. Гэты працэс мне быў выдатна знаёмы, бо не раз і не два мы з татам за такім заняткам бавілі доўгія восеньскія ды зімовыя вечары. Недзе праз паўгадзіны ўжо быў гатовы першы "ступак” (падэшва для “чуняў”), а потым і другі. Бацька нешта мурлыкаў сабе пад нос, я таксама быў заспакоены, бо ён не адчэпіцца ад распачатай справы. Такая ўжо ў яго была натура.
    За гэты час я паспеў выслухаць цэлую адметную гісторыю пра тое, як раней плялі "саламяны”. Іх асабліва не адштукоўвалі, «ат, каб толькі паверх абутку ўсперці і ўсё на тым... Якая ўжо там прыгажосць ды стараннасць?.. Адно, што хутчэй трэба закончыць і ўсё... Здаралася, што нават новыя “чуні” адразу ж і распаўзаліся, бо гэтак ужо недарэчна іх сплёў “майстра”... Асаблівага смеху гэта не выклікала ў людзей... Толькі тае бяды: за вечар-другі яшчэ пару зробім... Саломы на гэта хопіць... А табе, сынок, я спляту надзейныя “чуні”... Зраблю пад твой абутак... Ніхто болей іх не насуне... Ды і не карыстаюцца ўжо нашы вяскоўцы
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    болей імі... Скажы свайму настаўніку, жартуючы, што гэта “чахол" для сякеры, то ён і паверыць... Во ўжо смеху будзе, калі яму потым праўду давядуць... Няхай ведае, што такое і нашыя “гэрцы”... He ўсё ж гарадскім з нас насміхацца... На самой справе: заляпі яму на поўным сур’ёзе...”.
    За вечар тата выплеў адзін “чунь” і “ступак” для другога. Ясная справа, што мне карцела, каб ён ужо завяршыў усю справу, бо не цярпелася назаўтра занесці ў школу гатовыя “саламяны”. Але гаспадар папярэдзіў, што ўсё давядзе да ладу ранкам, а зараз нам выпадае ісці і класціся спаць. Так яно і атрымалася: калі я прахапіўся раніцою, каб збірацца ў школу, то ля грубкі стаяла пара “чуняў-саламянаў". Яны былі такія прыгожыя, акуратненькія, здавалася, што нават саломка пахла летнім палеткам, рамонкамі ды валошкай.
    Падчас перапынку настаўнік гісторыі памчаўся ў настаўніцкую з “саламянамі" і там усіх агарошыў, што вось якія палешукі былі ашчадныя і ўмелыя, што нават для сваіх сякерак рабілі спецыяльныя саламяныя “чахлы”. Для маладзенькіх настаўніц ды і для сталых таксама гэтакае арыгінальнае паведамленне прайшло б “за мілую душу”, але якраз у настаўніцкай быў дырэктар школы, які перад гэтым "выхоўваў” настаўніка фізкультуры за ўчарашні “грэх”, звязаны з моцнай выпіўкай апошняга. Пачуўшы такую навіну, бывалы дырэктар узяў у рукі "чуні”, крутнуў іх, ледзьве прыкметна ўсіміхнуўся і коратка адрэзаў: «Ага! Чахлы! Адзін для такога ёлупня, як ты! А другі вось для гэтага “знішчальніка”!».