• Часопісы
  • Залацістыя саломкі снапкі  Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    Залацістыя саломкі снапкі

    Аляксей Ненадавец, Ягор Ненадавец

    12+
    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 261с.
    Мінск 2021
    78.29 МБ
    Наступны “развод" ля калгаснай хаткі пачаўся з запытання брыгадзіра: «Бачылі, што ўчора рабілася?». Жанчыны весела загаманілі ў адказ. Мужчыны няўцямна круцілі галовамі, маўляў, нам не давялося бачыць, бо падкошвалі жытнёвую далінку: «Цяпер Алёшка будзе вяршыць сцірту, а вы, торкнуў пальцам на дзядоў Пятра і Сцяпана, будзеце яму дапамагаць па краях. Хлапчынка працуе шчыра. Калі недзе не ведае, то падкажыце. Гэтага трэба навучаць, з гэтага толк будзе. Яшчэ вам дам у падмогу дваіх чалавек, якія стануць падаваць салому».
    Вось так я і стаў “саламяным” начальнікам. Дзяды, светлая ім памяць і мая вечная падзяка, вельмі дапамагалі: і словам, і недзе фізічна. Але менавіта тады я навучыўся, як правільна ў любой сітуацыі трымаць вілы, як імі ўколваць, каб браць патрэбную масу саломы, як яе пераварочваць, каб яна клалася з першага разу, і многае іншае. Мы з імі і з працы заўсёды ішлі разам. Нас і звалі ўжо “сціртнікамі”. Я потым і на пахаванні сваіх старэйшых сяброў хадзіў, каб правесці іх у апошні зямны шлях. Добрае яно ўсё роўна не забываецца. Яно выплыве з тваёй памяці, нагадвае пра сябе.
    У тое лета мне давялося ўбачыць і іншую “саламяную навуку”. Нам у дапамогу дзядзька Валодзя даў двух хлопцаў. Дарослыя ўжо дзецюкі. Ім выпадала восенню ісці ў войска. Адзін з іх то працаваў так сабе. Можна было трываць ягоную неахайнасць і ляноту. А вось другі... Другі ўвогуле не хацеў нічога рабіць. Сядзеў сабе сярод саломы і ўсё на тым. Ці абапіраўся на вілы і пачынаў драмаць. Мог, стаяўшы, і заснуць. Я нічога не мог яму ўчыніць, бо быў намнога слабейшы, але затое Hex­Ta з дзядоў сказаў брыгадзіру, што нам такі “памочнік" не трэба. Тое, што зроблена за дзень, дзеліцца на ўсіх, а ён жа, атрымліваецца, нічога не робіць. Лайдакоў то ўсюды хапае, але ў такі спякотлівы ды адказны час хацелася б, каб поруч з намі быў нехта больш увішлівы: на якога ні глядзець з дакорам не трэба было б, ні словам падганяць. Той хлопец, дарэчы, прыходзіўся нашаму брыгадзіру родным пляменнікам. Ён і дома нікога слухаць не жадаў, нічым не дапамагаў, то і ў калгасе на надта рваўся. Вось ягоная маці і звярнулася да дзядзькі Валодзі, каб той паспрыяў і яе сына ўзялі на сціртоўку, а ён ужо там “хоць сабе на вечар праводзінаў у войска заробіць...”. “Зарабіў”, бэйбас, не толькі на праводзіны, але адначасова займеў яшчэ і добрую навуку, як яно можа ў жыцці здарацца. Каб і наперад запомніў: сабе ў памяці адклаў і іншым нагадваць таксама незабываўся.
    Недзе пасля паўдня брыгадзіраў вазок спыніўся непадалёку ад сцірты. Але дзядзька Валодзя не злазіў з яго, а сядзеў і пільна назіраў, як “працуе” прыгаданы лайдак. Потым паклікаў свайго памочніка і нешта ціхенька таму прамовіў. Праз пару хвілін магутны голас паклікаў нашага “адстаючага” на зямлю. Той весела сасклізнуў па саломе ўніз. А яшчэ праз пару хвілін на ўсё поле загучаў дзікі голас-верашчанне. Дзяды, унурыўшыся ў працу, ці то не чулі, ці то не звярталі ўвагі. Я перайшоў на другі бок сцірты і ўбачыў выключную сцэну калгаснага “выхавання”. Выключную, але затое, як потым аказалася, надзвычай эфектыўную! Наш “памочнік” ляжаў прама на ржышчы і адсвечваў голым азадкам. На ягоных плячах сядзеў памочнік брыгадзіра, а сам
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    дзядзька Валодзя хвацка “рэзаў” сваёю леваю рукою лазовым дубцом (відаць, прыпасеным зараней) у тое месца, адкуль ва ўсіх ногі растуць. Я паклікаў дзядоў, каб і яны дух перавялі. Тыя стаялі моўчкі, толькі галовамі ўхвальна пакручвалі ды потым адзін з іх прамовіў: “Але ж і ўжраўся!". Калі “ўрок” закончыўся, то брыгадзір толькі рукою паказаў і ягоны “вучань” быў ужо ля нас на сцірце. Здаецца, што і штаны ўжо на версе нацягваў. Затое да канца таго летняга сезона ён адпрацаваў ужо без нейкіх там заўваг і без дадатковага “фізічнага выхавання”.
    Толькі ўсё тут зразумела, бо грунтаваліся гэтыя ўспаміны на ўласным вопыце, на практычных здабытках маіх продкаў, якія яшчэ тады актыўна працавалі побач са мною. А вось як тая самая салома пачала прыходзіцца чалавеку неабходнай падмогай, адназначна адказаць цяжка. Калі гэта звязваць з тым, што салома доўгі час выкарыстоўвалася ў якасці своеасаблівага (таннага і празмерна даступнага) матэрыялу, то тут можна ўявіць сабе, што тысячагоддзі назад, заспеты недзе непагаддзю, здагадаўся ж нехта ўскінуць над галавою (ці і на галаву) жменю ці ўжо і тады сноп зжатых злакаў. Так і заўважыў, што пры пэўным размяшчэнні (пад нахілам) салома не надта “ахвотна" прапускае вільгаць і што ёю лёгка замяніць галіны ды якое зелле, сабранае і пакладзенае на часовае (няхай бы сабе і так!) жытло. Яна ж і лягчэйшая намнога, і зручнейшая пры ўкладцы (асабліва калі гэта робяць умелыя рукі). Незамянімай яна стала тады, калі лясы пачалі адступаць перад
    Палеская хата з саламянай страхой
    знішчальнаю сякераю чалавека. Гэта быў не аднадзённы, а надзвычай працяглы перыяд практычнага накаплення вопыту, які паступова перарастаў у навыкі, якімі карысталіся пры выкананні розных гаспадарчых прац і промыслаў.
    А на заранку чалавецтва салому спачатку не ўмелі выкарыстоўваць, не знайшлі для яе належнага ўжытку. Нават у беларускай народнай легендзе пра гэта згадваецца, праўда, даволі своеасабліва, бо вынікала, што нават жыта з'явілася на зямлі не па маленнях людзей, а па просьбе ... сабак: «Больш усяго галадалі сабакі. Таму яны, узняўшы свае морды ўверх, страшна завылі, просячы ў Бога хлеба. Бог пачуў іх просьбу і кінуў ім з неба адзін жытні колас. Але сабак было вельмі многа, дык адзін колас не мог накарміць іх усіх, таму яны сталі яго адбіраць адзін ад аднаго і рваць у розныя бакі, пакуль нарэшце не разарвалі яго на шматкі і не патапталі нагамі» (“Адкуль жыта”) [11, с. 74]. У іншай легендзе звяртаецца ўвага на тое, што сам Усявышні займаўся першым севам жыта на зямлі: «Як Бог першы раз сваёю рукою пасеяў жыта, то такое было харашо! Зярняты, як боб, каласы то так, як сейрукі ў гаросе, ад самага нашня ўверх раслі, а расло на салому высокае, аж у трубу вілося...» [11, с. 75]. Як бачым, зыходзячы са згаданых прыкладаў, нашы продкі не саромеліся ўказваць на тое, што і іхнія дзяды-прадзеды таксама доўга не разумелі, “не маглі дацяміць”, як там ды што да чаго будзе прыходзіцца.
    He выключана, што з самага пачатку салому проста спальвалі на палетках і попел служыў угнаеннем. Тым болей, што салому тады палілі не адну, а куды больш старанна расчышчаючы сваё новае ляда, разам з суччам ды з каранямі, якія ці не згарэлі ці не былі выкарчаваны (прапушчаны) з першага разу. Таксама прадумана: і прыбіраць нічога лішні раз не выпадала, і мышам асаблівага раздолля не было, і з’яўлялася нейкая, няхай сабе самая кволая, надзея на тое, што будучы ўраджай на такім шляхам угноенай ніве будзе крыху спарнейшы, чым леташні. Прыручанай, свойскай жывёлы ў продкаў яшчэ не існавала, таму на гной ніякіх спадзяванняў не было. Ды і тое, што арганічныя адходы жывёл і звяроў прыдатныя для ўгнаенняў, не адразу ўбілася ў галаву.
    Тое, што салома лёгка гарэла (сухая ўспыхвала імгненна і агонь пажыраў яе так сквапна і так хутка, што не паспявалі азірнуцца, як на месцы заставалася толькі гурбачка попелу), добра ведалі, таму здаўна лічылі, што салому тушыць лепей не трэба. Усё роўна справа гэта безнадзейная. Лепей глядзець, каб полымя не перакінулася і не шухнула потым на якім іншым гаспадарчым будынку, а ў час небывалай засухі, то і на палеткі і на лес, і на «ўсё тое, што ўвогуле можа гарэць...». Таму
    ЗАЛАЦІСТЫЯ САЛОМКІ СНАПКІ
    невядома, колькі хацін згарэла, а цяпер ужо такую статыстыку ніхто ўвогуле не здолее даць, бо салома як дахавы матэрыял болей не выкарыстоўваецца. Нават у музейных комплексах яе замянілі больш трывалымі і вогнеахоўнымі матэрыяламі. А ў даўнія стагоддзі «не паспела хмара выйсці, а ўжо крычыцца (нават не галосіцца, бо справа была надта ж будзённая), што нечыя хата гарыць. Значыцца, ужо ляснула маланка. Страху, значыцца, салому, і сам будынак не вельмі ўжо шкадавалі. Найбольш убіваліся над нажытай маёмасцю. Нейкае ж дабро ўсё роўна збіралася ў хаце, было паказчыкам заможнасці канкрэтнай сям’і. Гавораць, што даўней нават вопратку ды жанчынамі прадзенае не хавалі. А вывешвалі на шастках, каб было бачна, што і ў гэтай хаціне жывуць не самыя бедныя. Потым ужо папрыдумвалі ўсялякія «бодні» ды «куфры».
    Галоўнае заключалася заўсёды ў тым, каб захаваць чалавечыя жыцці, зберагчы людзей. А ўжо астатняе... Ніколі не забудуся, як гарэлі спякотным днём дзве вялізныя сцірты (здагадаліся ж іх паставіць яшчэ амаль упрытык!) у суседняй брыгадзе. Навальніцы не было. Маланка жахнуць не магла. Падумалася, што нехта няўдала закурыў. Але на самой справе атрымалася яшчэ куды празаічней: з выхлапной трубы праязджаючага з валакушай гусенічнага трактара вылецела ўсяго толькі невялічкая іскрынка. Наш брыгадзір не сваім голасам крычаў, каб адводзілі тэхніку і людзей! Людзей! На салому ніхто і ўвагі асаблівай не звяртаў. Гэтага дабра яшчэ насціртуем! Мне чамусьці тады падавалася, што гэта ж згарэла значная сума грошай. Толькі калі даведаўся, што па калгасных расцэнках тона саломы каштуе ... дванаццаць капеек, то быў яшчэ больш загнаны ў кут, бо не мог зразумець: а чаму ж гэтак танна?
    Маланка маланкай, а неасцярожнае абыходжанне з агнём? Аднаму пану Богу вядома, колькі разоў з-за разяватых гаспадароў (хапала і жанчын, не саступалі і мужчыны!) гарэлі хаціны, падворкі, выгаралі цэлыя вёскі. Добра, калі абыходзілася без чалавечых ахвяр, то такая падзея гадоў праз колькі, калі ўжо па-новаму адбудоўваліся, прыгадвалася як цікава-займальная гісторыя. А хіба не даводзілася некаму з нас чуць, як пакрыўджаны ці зняслаўлены некім чалавек пагражаў, ужо нават не асцерагаючыся і не хаваючыся, што «я яму яшчэ чырвонага пеўня пад страху абавязкова пушчу, нікуды ён ад мяне не дзенецца!». Такім чынам не толькі пастаянна палохалі, але і здзяйснялі. Потым цягнулася адвечная варагнеча, сваркі, спрэчкі, зрэдчас здараліся і забойствы. Усё з-за доўгіх языкоў ды з-за злых намераў. Hi тая языкатасць, ні прага помсты ніколі не прыціхалі.
    А дурных i дурноты хапала ўсюды і заўсёды на беларускіх абшарах. У вёсцы Новы Двор, што на Піншчыне, да гэтага часу параготваюць з мясцовых жыхароў. Дакладней, з таго, як падпітыя мужчыны (а можа, яны і ўвогуле не ўжывалі спіртнога, а дурноты і так хапіла!) у нядзельку, седзячы на прызбе адной з мясцовых хацін і пра ўсё, што ўжо можна было, перагаварыўшы, заўважылі нечыю сучку, якая сноўдалася непадалёку ад іх. Спачатку не звярнулі асаблівай увагі. Вось якая яшчэ навіна: сучка па вуліцы шнырыць. Ды такога і ў дзень, і ўночы нагледзішся. У сабак ніколі работы пільнай няма. Яны і пабегаць могуць. А потым некаму ўсё ж прыйшла ў галаву адмысловая думка і ён падзяліўся ёю з іншымі: